ад рэдакцыі з нагоды Дня Волі

Дзесяціна

Напярэдадні Дня Волі вастрэй адчуваюцца грамадзкія клопаты. Згадваюцца леташні і пазалеташні Дні незалежнасьці, і міжволі параўноўваеш, у чым Беларусь і беларушчына за гэты час умацаваліся, а ў чым саслаблі. Працягвалася разбудова дзяржавы — Рэспублікі Беларусі. Адначасова мы працягвалі будаваць незалежнае беларускае грамадзтва — больш справядлівае, нацыянальнае і культурнае, чым існая дзяржава.

Калі што і страцілася за апошні год канчаткова, дык гэта надзеі “на дзядзьку” — “на дзяржаву” або “на заграніцу”, якія “нам дапамогуць” або “ад якіх усё залежыць”. Калі мы зьменім этыку сваёй працы, культуру побыту, станемся цывілізацыйна, побытава вышэйшымі за сваіх суседзяў, тады нашая дзяржава, культура, гаспадарка выявяцца больш прыцягальнымі для сьвету, будуць перамагаць у канкурэнцыі з суседнімі.

Яшчэ адно мы зразумелі пэўна: для разбудовы незалежнага беларускага грамадзтва патрэбныя грошы — вялікія, стабільныя. Бяз грошай ня выдасі кнігі, ня знойдзеш памяшканьня для трэніроўкі, ня зробіш кампаніі свайму кандыдату на выбарах.

Такія грошы ёсьць.

Калі кожны з нас у адпаведнасьці з старадаўнім законам дзесяціну ад усіх сваіх заробкаў і зыскаў будзе аддаваць на супольную духоўную справу, справа не загіне. Адзін аддасьць на сваю партыю, другі — на царкву, трэці аддасьць пісьменьніку, каб той мог год спакойна пісаць сваю новую кнігу, чацьверты — на пераклад дзіцячых відэафільмаў, а пяты — на сваю газэту. Дзевяць частак — сабе ў даход, а дзясятую аддай на тое, што прыбытку само даваць ня можа. Затое пасьля гэтага партыя будзе рабіць сваю палітыку, зыходзячы з інтарэсаў тых, хто на яе ахвяруе, царква перастане служыць кесару, пісьменьнік будзе пісаць у разьліку на айчыннага, а не замежнага чытача, а газэта будзе кіравацца меркаваньнямі не абстрактнае “аўдыторыі”, а канкрэтных ахвярадаўцаў.

Як выявілі леташнія сацыялягічныя дасьледаваньні, адна “НН” мае 30 тысяч заўсёдных і 130 тысяч нерэгулярных чытачоў. Адных іх дастаткова, каб стварыць умовы для тварэньня не аднаму Рэмбранту, Шэксьпіру і Трыеру.

Так ствараліся ўсе “меншыя” эўрапейскія нацыі ад галяндзкае да літоўскае. Багацелі людзі — багацелі грамады, каб лепш бараніць сваіх людзей. А інакш нічога ня будзе. Што толькі гэткім чынам можна выжыць, даказалі і эміграцыйныя асяродкі розных народаў — тыя, якія здолелі захавацца, не загубіцца ў чужым атачэньні. Аддаючы — набываем. Паадзіночна мы нішто, у грамадзе — сіла. Бо нават індывідуаліст можа захавацца толькі ў грамадзе.

Наступнага 25 Сакавіка за сьвяточным сталом, узьнімаючы чарку за беларускую птушку бусла, згадайма, калі ласка, што кожны з нас зрабіў за мінулы год для свае грамады.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0