Акадэмікі бяз працы

У Інстытуце гісторыі АН Беларусі працягваюцца скарачэньні. Годам раней пазвальнялі тых, хто працаваў на паўстаўкі. Цяпер скарачаюць лябарантаў, а астатнія навуковыя супрацоўнікі пішуць справаздачы. У каго будзе найгоршы паказьнік — могуць звольніць. Плянуецца скараціць 15% супрацоўнікаў.

 

Перад тымі, хто застанецца, паўстане дылема: ісьці ў адпачынак на два месяцы ці працаваць на паўстаўкі да восені. А там ці фінансаваньне раптам знойдзецца, ці будуць скарачаць далей. На сёньня ў Інстытуце працуюць 130 чалавек. Большасьць падпрацоўваюць у ВНУ, але й там плянуюцца скарачэньні. Кажуць, яны закрануць тых, хто працаваў на паўстаўкі ці пагадзінна.

У Менску чакаецца ўзьлёт беспрацоўя. Вялікія скарачэньні заплянаваныя на аўтарамонтным, гадзіньнікавым і трактарным заводах. Сёлета могуць страціць працу каля 170 тыс. менчукоў (усяго насельніцтва сталіцы — 1700 тыс. чалавек).

 

Пагрозы беспрацоўя няма, але працу лепш шукаць самому

Міхаіл Кавалёў, дэкан эканамічнага факультэту БДУ: Відавочна, што зьмены формы ўласнасьці пацягнуць і зьмены ў колькасьці занятых. Разам з тым, істотнага росту беспрацоўя ў Беларусі не прадбачыцца, бо ў Беларусі рэзка скарачаецца доля актыўнага насельніцтва. Часова могуць быць беспрацоўныя, і колькасьць іх павялічыцца, але толькі часова. У пэрспэктыве ў Беларусі наадварот будзе не хапаць працоўнай сілы. Гэта відаць з дэмаграфічных прагнозаў. Відавочна, патрэбныя высілкі, каб працоўная сіла, што вызваляецца на дзяржаўных прадпрыемствах, хутка знаходзіла месца ў недзяржаўным сэктары. Неабходна, каб ён разьвіваўся дынамічнымі тэмпамі. А ў цэлым насельніцтва дастаткова істотна скарачаецца, асабліва яго актыўная частка. Непазьбежна павялічыцца пэнсійны век з мэтай закрыць недахоп працоўнай сілы.

“НН”: Ці пад сілу прыватнаму сэктару ў кароткія тэрміны стварыць належную колькасьць працоўных месцаў?

М.К.: Гэта залежыць ад дзяржавы — наколькі спрыяльныя ўмовы яна створыць для прыватнага сэктару.

“НН”: Дык а што Вы раіце простым людзям, якім пагражае скарачэньне?

М.К.: Калі чалавек бачыць, што там, дзе ён лічыцца, працы няма і не прадбачыцца, дык лепей не марудзіць, а ісьці самому і шукаць працу.

“НН”: І супрацоўнікам Акадэміі навук, дзе скарачэньні цяпер найбольш істотныя?

М.К.: Акадэмію добра было б ператварыць у Нацыянальны ўнівэрсытэт, які стаўся бы канкурэнтам БДУ.

Запісаў Э.Л.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0