Сьвята няспраўджаных надзеяў

 

23-га на ОРТ паказвалі “Адважнае сэрца” — прыгожую гісторыю пра спробу шатляндцаў адстаяць сваю незалежнасьць. Я ніяк не магу даглядзець гэты фільм да канца. Іхная гісторыя шмат у чым перагукаецца з нашай. І калі справа даходзіць да здрады адных шатляндцаў другім дзеля ўласных прывілеяў і выгодаў, я выключаю тэлевізар. Што там “Адважнае сэрца”... Схадзі на Дзень Волі — і ўбачыш, як адны беларусы лупяць другіх. Вось ужо каторы год ён не праходзіць без сутычак зь міліцыяй і затрыманьняў. І гэта нездарма.

Пазалетась на вуліцы Менску былі выведзеныя амонаўцы, сабакі і БТРы. Затрымлівалі ўсіх без разбору — і журналістаў, і дыпляматаў, і замежных дэпутатаў.

Летась сам міністар Навумаў кінуўся амаль без аховы наперарэз сьвяточнай калёне, спрабаваў вырваць у мяне мэгафон. Мэгафона я, натуральна, не аддаў, сказаўшы яму, што ён мне не начальнік, і параіўшы ў не зусім прыстойнай форме адысьці. У выніку тузаніны ён падрапаў мне палец. І зноў былі затрыманьні.

Сёлета ўсё паўтарылася. Каля помніка Купалу было даволі весела. Людзі прыйшлі з кветкамі, са сьцягамі. Я бачыў лідэраў партыяў, пісьменьнікаў, выкладчыкаў, мастакоў. Справа ад помніка сьпявалі Лявон Вольскі зь Пітам Паўлавым, зьлева ў паветра ўзьлятаў бубен і быў чуваць гармонік.

Хтосьці яшчэ не адышоў ад леташняй кампаніі, хтосьці паасьцярогся, ведаючы сумны досьвед мінулых сьвяткаваньняў. Але я бачыў выкладчыцу, у якой на заўтра была прызначаная пераатэстацыя і якая пры затрыманьні не прайшла б яе, я бачыў студэнта, якога пасьля лютаўскага Дня сьвятога Валянціна прарэктар папярэдзіў: яшчэ раз пападзешся — і ўсё… Кожны сам вырашае для сябе, прыходзіць на такія сьвяты ці не.

Будзённай лёгікі ў затрыманьнях у гэты Дзень Волі не было. Пасьля таго як адсьпявалі “Магутны Божа”, людзі пайшлі па ходніку ў адваротны ад Жоўтага дому бок, да помніка Коласу. Каму гэта магло перашкодзіць, якую небясьпечную для ўлады сытуацыю стварыць?.. Аж не. Каля “Крышталю” на рагу Варвашэні і праспэкту Скарыны ходнік быў перагароджаны “касманаўтамі”, якія па ўказцы палкоўніка Русака, апранутага ў цывільнае, пачалі жорсткія затрыманьні. Таго Русака, які сядзеў у свой час у Вярхоўным Савеце разам з Лукашэнкам і Пазьняком.

Нейкаму апэратару, які патрапіў пад зачыстку, заехалі з размаху дубінкай па камэры, аж шкляныя пырскі паляцелі ў розныя бакі, сталую жанчыну стукнулі галавой аб рэклямны шчыт, і яна на нейкі час зьнепрытомнела. Карэ “касманаўтаў” заціснула да “Крышталю” тых, хто не пасьпеў адбегчыся, і пачало ўсіх загружаць. У аўтобусы запіхнулі больш за 50 чалавек, у тым ліку і пяць журналістаў.

Шкада, што побач не было Сяргея Дубаўца зь ягонымі развагамі пра абеларушваньне і абнезалежваньне сёньняшняй улады. Хай бы калі не паўдзельнічаў, дык хоць паглядзеў. Можа, тады ягоныя прытупленыя сонным шматгадовым жыцьцём у Літве рэцэптары зноў атрымалі б ранейшую чуйнасьць.

Да помніка Коласу “прасачылася” чалавек 20, у асноўным сталых людзей, якія і там паспрабавалі штосьці пасьпяваць. Доўга гэтага ім рабіць не далі. Хутка пад’ехалі “касманаўты” і забралі ўсіх.

У Горадні таксама прайшлі масавыя затрыманьні тых, хто прыйшоў сьвяткаваць Дзень Волі. Арыштавалі больш за трыццаць чалавек, у тым ліку і Юрася Хадыку, які прыехаў у Горадню выступіць на мітынгу.

Лёгіка ў такіх дзеяньнях уладаў адна — ніякай вам незалежнасьці, ніякага вам Дня Волі. Мяркую, гэтая пазыцыя беларускіх уладаў узгодненая з расейскімі. Але ці ёсьць яшчэ большае сьвята ў нас, у беларусаў? Што іншае можа хоць раз на год аб’яднаць усіх нас, нагадаць пра тое, што мы маглі мець і ня маем і што яшчэ можам займець? І таму ў гэты дзень, колькі б людзей ні выйшла, — я на вуліцы.

Алесь Бяляцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0