З усёй краіны

 

Пагроза ратавірусу

“НН” паведамляла пра ўспышку віруснае інфэкцыі невядомага паходжаньня ў Магілёве, дзе ад яе пацярпелі 250 дзяцей. І вось выпадак аналягічнага захворваньня зафіксаваны ў Заслаўі, паведамляе наш карэспандэнт. У дзіцяці трымаецца высокая тэмпэратура, яго ванітавала. Дактары мяркуюць, што дзіця магло заразіцца ад бацькоў, у арганізьме якіх меўся гэты невядомы вірус, але ніяк не праяўляўся. Заслаўскія дактары раяць гэтымі днямі пільней сачыць за асабістай гігіенай.

“Полымя” ледзь курэе

№3—4 часопісу “Полымя” выйдзе здвоеным, як і №5—6. Аўтарам часопісу ганарараў не плацілі ад верасьня мінулага году.

Б.Т.

Новыя сябры АГП

Міхаіл Чыгір і Павал Казлоўскі ўступілі ў рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У АГП пачынаецца “працэс гуртаваньня прафэсіяналаў”, канстатаваў лідэр партыі Анатоль Лябедзька. Трэба адзначыць, што Казлоўскі ўступае ў АГП ужо ня першы раз.

Справа спынена

Суд Цэнтральнага раёну Менску спыніў крымінальную справу ў дачыненьні да намесьніка начальніка менскай міліцыі грамадзкай бясьпекі Віктара Русака і былога начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіла Кандраціна (цяпер працуе ў Акадэміі міліцыі) па справе трагедыі на “Нямізе” ў траўні 1999-га. Справу закрылі ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўнасьці. Сваякі ахвяраў абураныя гэтым рашэньнем.

Зьмены ў Інстытуце сацыялёгіі

Інстытут сацыялёгіі ператвораны ў Інстытут сацыялёгіі і сацыяльных тэхналёгій. Яго дырэктарам прызначаны расейскі доктар сацыяльна-эканамічных навук Георгій Явелькін, які два гады выконваў абавязкі дырэктара. Замест ранейшых сямі навуковых аддзелаў у інстытуце будуць два аддзелы і два цэнтры.

Б.Т.

 

Праблемы ў “Белавія”

Толькі чатыры самалёты Ту-154М нацыянальнага авіяпарку адпавядаюць патрабаваньням Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) паводле ўзроўню шумоў і экалягічнай бясьпекі, якія набылі сілу з 1 красавіка. Цяпер “Белавіі” давядзецца шчыльней супрацоўнічаць з замежнымі авіякампаніямі (найперш расейскімі ды польскімі), якія маюць “Боінгі”, “Аэробусы” ды іншыя сучасныя самалёты. Гэта пацягне за сабой павышэньне цэнаў на білеты. І хоць Вадзім Мельнік, першы намесьнік кіраўніка Дзяржкамавіяцыі, выказаўся за набыцьцё амэрыканскіх самалётаў, невядома, ці падтрымае яго ўрад, які аддае перавагу расейскім авіявытворцам.

Пэрспэктывы “Ждановіч”

На ўнівэрсальным рынку “Ждановічы” ў Менску вядзецца будаўніцтва шасьціпавярховага гіпэрмаркету гандлёвай плошчай каля 25 тыс. м2. У яго склад увойдуць аўтастаянка, вялікі прадуктовы аддзел, некалькі аддзелаў па продажы прамысловых тавараў, адзеньня, побытавай тэхнікі, а таксама павільён мэблі. Мяркуецца, што ўладальнікі гандлёвых месцаў на адкрытым рэчавым і закрытым прадуктовым рынках будуць пераяжджаць у гіпэрмаркет толькі па жаданьні. Збудаваць яго маюць за два гады. А ўжо ў траўні ў “Ждановічах” будзе ўведзеная ў эксплюатацыю другая крама адзеньня “Сьвет моды-2”. Улетку пачнецца будаўніцтва “Сьвету моды-3”. У пэрспэктыве ўсе будынкі мусяць утварыць адзіны комплекс.

Б.Т.

БУДАВАЦЬ ПРЫВАТНЫЯ ДАМЫ ў межах Менску цяпер нельга. Але рэканструкцыю прыватнага сэктару ніхто забараняць ня будзе, бо няма грошай на знос.

ПЕРШЫ БЕЛАРУСКІ СУХАГРУЗ клясу “рака-мора” дабудуюць у красавіку. З пачаткам навігацыі ён будзе хадзіць па Дняпры ў парты Чорнага мора. Перавозіць ім мяркуюць прадукцыю “Беларуськалію”.

МАРОЗАЎСТОЙЛІВУЮ ЦЭГЛУ пачалі вырабляць на Менскім заводзе будматэрыялаў. Яна не раскрышыцца за 60 гадоў і каштуе ў 4 разы таньней за замежныя аналягі.

ЦЭНЫ НА КВІТКІ ў міжгародных аўтобусах падвысіліся на 25%. У прыгарадных — скокнулі адразу ў паўтара разу.

НА 10% ПАДАРАЖЭЕ ТЭЛЕФОН у красавіку. Тлумачыцца гэта малым прыбыткам “Белтэлекаму” — з пачатку году ён склаў усяго 1,7 млн. даляраў.

КАНТРАБАНДА ЦЫГАРЭТАЎ з Украіны і Расеі за студзень-сакавік зьменшыла даход бюджэту ад акцызаў на імпартныя цыгарэты на 60% (700 тыс. даляраў).

КАЛЯ 1000 КРАМАЎ зьліквідавана з пачатку году ў невялікіх вёсках — цяпер іх абслугоўваюць аўтакрамы. Летась страты ад гандлю ў вёсках склалі за 7 млн. даляраў.

40 ДРОБНЫХ МАЛАКАЗАВОДАЎ будуць зачыненыя. Сёньня яны ёсьць амаль у кожным раёне, аднак працуюць толькі напаўсілы, бо прадукцыя занадта дарагая і ня мае попыту. За мінулы год непрададзеныя запасы масла павялічыліся на 22%, сыру — удвая, а малочных кансэрваў — у 4 разы.

РАДОВІШЧЫ НАФТЫ на 400 тыс. тонаў знайшлі беларускія геолягі летась. Гэта прыкладна 1/27 частка ад гадавой патрэбы краіны.

КРЭДЫТЫ НА 40 МЛН. ДАЛЯРАЎ павінны выдаткаваць банкі сельскай гаспадарцы на сяўбу. Ці не палова калгасаў і саўгасаў дагэтуль не сплаціла леташніх пазыкаў, а таму ня можа атрымаць новых. У “Белнафтахіме” кажуць, што сёлета паліва на запраўках колькі хочаш, але прадаваць яго будуць толькі тым, хто ў стане заплаціць грашыма.

ПРЫВАТЫЗУЕЦЦА Магілёўскі завод штучнага валакна. Самі магілёўцы хочуць, каб яго купілі швайцарцы — кампанія “United Technology Corporation”. Кантрольны пакет акцыяў застанецца ў дзяржавы. Лукашэнка падчас наведаньня прадпрыемства рэзка раскрытыкаваў яго мэнэджэраў, бо, абходзячы памяшканьні, пабачыў пацукоў. “Паловіце шчуроў — тады прыходзьце”, — злосна заявіў ён дырэктару.

НОВЫ “Міжнародны рэзэрвовы банк” створаны ў вольнай эканамічнай зоне “Менск”. Яго заснавалі некалькі швайцарскіх і расейскіх фірмаў. Напачатку ён будзе працаваць толькі з прадпрыемствамі.

Сяржук Іваноўскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0