Гульня па расейскіх правілах

Эканамічныя пагадненьні 12 красавіка могуць мець для Беларусі больш фатальныя наступствы, чым усе красавіцкія палітычныя цырымоніі папярэдніх гадоў

Праз тыдзень на пасяджэньні “вышэйшае дзяржрады саюзнай дзяржавы” беларускі і расейскі бакі зьбіраюцца падпісаць дамоўленасьці аб выраўноўваньні ўмоваў гаспадараньня для прадпрыемстваў Расеі й Беларусі.

Мэта расейцаў — дабіцца, каб Беларусь мела ня большую эканамічную самастойнасьць, чым іхныя рэгіёны. Калі эканамічныя пагадненьні, падпісаньне якіх заплянаванае на 12 красавіка, набудуць моц, расейскі ўрад зможа лічыць сваю стратэгічную задачу напалову выкананай. За згоду Беларусі Расея гатовая нават плаціць: мы атрымаем газ і нафту па тых самых цэнах, што й Смаленская вобласьць, а ў дачыненьні да беларускіх экспарцёраў будуць дзейнічаць унутрырасейскія тарыфы на чыгуначныя перавозкі.

Расея ж патрабуе, каб Беларусь адмяніла льготы сваім прадпрыемствам, што павялічвае шанцы расейскіх вытворцаў на эканамічную экспансію ў Беларусь. Урад гэта разумее, але разумее й неабходнасьць такога рашэньня: няма сродкаў, каб ільгатаваць прадпрыемствы. Таму ў прынцыпе непазьбежнае рашэньне аб скасаваньні льготаў хоча правесьці пад соўсам “расейскага дыктату”. Цяпер дзяржава падтрымлівае толькі 5—6 зь іх, а адмена льготаў азначае фактычнае спыненьне вытворчасьці. Гэтым прадпрыемствам захаваюць ільготы, як мяркуецца, толькі да пачатку 2003 г. Ёсьць спадзяваньне, што за гэты час зьніжэньне цэнаў на энэрганосьбіты дазволіць палепшыць фінансавы стан прадпрыемстваў.

Найбольш прынцыповае для Расеі і раздражняльнае для Беларусі пытаньне — урэгуляваньне збору падаткаў на дабаўленую вартасьць. Расея настойвае на прынцыпе “краіны паходжаньня” (г.зн., экспартуючы сваю прадукцыю ў Беларусь, яна будзе сама зьбіраць падатак на яе). Сёньня расейскі экспарт у Беларусь значна перавышае беларускі ў Расею: адмоўнае замежнагандлёвае сальда складае 180 млн. даляраў. Таму Беларусь ад такога спосабу збору мае значныя страты. У якасьці кампэнсацыі нашыя ўлады патрабуюць тыя 180 млн. даляраў. Расея нібыта гатовая даць гэтыя грошы, але спрабуе адцягнуць выплаты на наступны ці нават на 2005 г. Падобна, што, атрымаўшы згоду Беларусі, Расея з часам спыніць выплату кампэнсацыі, абумовіўшы гэта нейкімі палітычнымі ці эканамічнымі прычынамі.

Шанцы на тое, што эканамічныя дакумэнты, якія можна лічыць першым дзейсным крокам інтэграцыі, будуць падпісаныя 12 красавіка, даволі высокія. Прэм’ер-міністры Генадзь Навіцкі й Міхаіл Касьянаў ухвалілі праекты чатырох пагадненьняў, што тычацца стварэньня роўных умоваў гаспадараньня для беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў. Няма згоды пакуль толькі па пытаньнях, што тычацца ўскосных падаткаў і мэханізму іхнага спагнаньня. Верагодна, да 12 красавіка будзе падрыхтавана некалькі варыянтаў пагадненьня, таму даведацца, які зь іх пройдзе, можна будзе толькі пасьля размовы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі.

Гэтыя дакумэнты могуць даць кароткатэрміновую карысьць беларускай эканоміцы. Але далейшае яе завязваньне на расейскую ставіць шматлікія палітычныя і культурныя пытаньні , бо дае Расеі магчымасьць дыктаваць свае ўмовы яшчэ больш пасьпяхова і бескампрамісна. І сёлетняе падпісаньне эканамічных пагадненьняў можа мець для Беларусі больш фатальныя наступствы, чым усе красавіцкія палітычныя цырымоніі папярэдніх гадоў.

Лагоднае стаўленьне беларускай апазыцыі да хуткага падпісаньня дакумэнтаў паказальнае. Па-першае, моцна ўкараніўся стэрэатып, што праз эканоміку Расея нібыта можа (асабліва наіўныя вераць, што і хоча) дапамагчы Беларусі стаць на шлях лібэралізацыі грамадзкага жыцьця. Па-другое, апазыцыі цяжка ўпэўніць насельніцтва ў згубных баках эканамічнай інтэграцыі, бо яны стануць бачныя толькі праз дастаткова працяглы час. А палітыка ўлады пабудаваная на адваротным: яна пэрыядычна паказвае свае посьпехі “ўжо сёньня”, ня маючы акрэсьленай стратэгіі на заўтра.

Раўнапраўных саюзаў паміж дзяржавамі з рознымі патэнцыяламі ня можа быць. Гэта добра ўсьведамляюць і Беларусь, і Расея. Калі для першай гульня ў інтэграцыю можа стацца лёсавызначальнай, дык для апошняй яна параўнальная з праблемай аднаго з рэгіёнаў: пытаньне ёсьць, але яно можа і пачакаць. Менавіта таму Расея цярпліва навязвае Беларусі інтэграцыю па сваіх правілах.

Валянцін Паўлоўскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0