Калёнка Алеся Бяляцкага

 

Выбары ва Ўкраіне

Цікава было паназіраць за ўкраінскімі выбарамі. Хай сабе і празь мяжу. Зрэшты, якая гэта мяжа. Ня ведаю, як цяпер, а, будучы школьнікам, седзячы ў бабулі ў Нараўлянскім раёне, я зьбіраў грыбы ўжо на ўкраінскім баку.

Украінцы — найбліжэйшы да нас народ. І па мэнтальнасьці, і па саўковасьці, і па зацятасьці, і па гісторыі, і па культуры, і, урэшце, па мове. Але ў апошнія дзесяць гадоў мы, як тыя дзьве крыгі ў возеры, расплываемся ўсё далей.

Яшчэ шмат чаго знаёмага можна ўбачыць там. І зьнікненьне журналістаў, і гандаль зброяй, і карупцыя ў найвышэйшых колах улады, і малыя заробкі ды пэнсіі, і вылегчаная расейшчына ў Харкаве й Адэсе — гэта ўсё як нашае, роднае. Але зь іншага боку — нацыянальная ўкраінскамоўная адукацыя, магутныя дзяржаватворчыя працэсы, вольная прэса — тое, што выклікае апошнім часам непрыхаваную гістэрыю па расейскіх тэлеканалах, — гэтага ў нас няма.

Іхны Кучма на выгляд падобны да нашага Чыгіра. Дарэчы, абодва былі прэм’ерамі. Абодва паспрабавалі супрацьстаяць сваім прэзыдэнтам. Для Кучмы гэта скончылася перамогай і падвойным тэрмінам прэзыдэнцтва, а для Чыгіра — турмой. Вось у чым розьніца між палітыкай і прававым бязьмежжам.

Кожны нармальны чалавек думае пра сваё заўтра, гэтак і Кучма. Небясьпечна сёньня зьдзекавацца зь людзей, сярод якіх табе давядзецца жыць заўтра. Так робяць толькі “бязьмежнікі”. І таму ва Ўкраіне нармальны парлямэнт са значнымі паўнамоцтвамі, нармальнае выбарчае заканадаўства, нармальныя выбарчыя камісіі, сфармаваныя з прадстаўнікоў розных партыяў. А гэта — галоўная ўмова для правядзеньня больш-менш аб’ектыўных выбараў.

Нічога дзіўнага, што найбольшую колькасьць галасоў атрымаў блёк Юшчанкі. Правыя, нацыянальна сьвядомыя, арыентаваныя на Эўропу палітыкі ўпершыню ва Ўкраіне будуць гэтак сур’ёзна ўплываць на яе далейшы лёс.

Не за гарамі й беларускія выбары ў мясцовыя саветы. Сёлета ў сьнежні пачнецца фармаваньне выбарчых камісіяў. Перад дэпутатамі адкрыецца шэраг дадатковых магчымасьцяў, якія можна будзе выкарыстоўваць дзеля разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў і пераадоленьня шматгадовага крызысу ды паступовага здрабненьня нашага палітычнага жыцьця. Нам як паветра неабходныя хоць бы невялікія перамогі, але дасягнутыя ня шляхам палітычнага згодніцтва й капітуляцыі, а шляхам барацьбы і прынцыповага адстойваньня сваіх пазыцыяў ды інтарэсаў. Выбары ў мясцовыя саветы дадуць такую магчымасьць. Ці хопіць у дэмакратычных, народных партыяў палітычнай волі дамовіцца паміж сабой, ці хопіць у іх разуменьня сытуацыі, ці здолеюць яны зацугляць свае амбіцыі дзеля агульнай перамогі ў шэрагах адзінага блёку, ці дапаможа ім пераможны досьвед Юшчанкі — пра гэта мы з вамі даведаемся яшчэ сёлета.

Падаецца, з гэтымі выбарамі Ўкраіна перажыла гістарычны пералом ад саўковасьці й камуняцтва да дэмакратычнасьці і эўрапейскасьці. У нас усё яшчэ наперадзе.

Алесь Бяляцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0