Сяргей Дубавец

Красавіцкія тэзы

Беларускі палітычны клімат усё яшчэ мала адрозьніваецца ад стыхіі. Самахоць настае вясна, і маразы зьмяняюцца адлігамі без заўважнага ўплыву на тое кіраўнікоў ці іхных апанэнтаў. Нашы палітыкі ні за што ня хочуць разьвітвацца зь цяжкімі футрамі ды шапкамі — быццам галоўнымі сваімі пазнавальнымі прыкметамі. Прасьцей у гэтым сэнсе газэтам, якія першымі заўважаюць перамены клімату.

Пасьля публікацыі ў “Нашай Ніве” нататкі “Нехаця насустрач” (“НН” №7 за 2002 г.) размова выйшла за межы выданьня, зьявіліся публікацыі на гэтую тэму ў іншых газэтах і на радыё. Паспрабую падкарэктаваць пэўныя свае выказваньні, якія ў тэзысным выглядзе маглі быць або былі зразуметыя няслушна.

 

1. Пачну з гісторыі, з таго, каб мінулыя сем гадоў разглядаць як гісторыю. Калегі зьвярнулі ўвагу, што некалі я пісаў пра “пятую калёну” як апірышча ўладаў, а сёньня заклікаю падтрымаць гэтыя самыя ўлады ў іх незалежніцкай пазыцыі.

У 96-м я сапраўды казаў пра пятую калёну, і яна сапраўды фармавалася дзеля паходу ППРБ на Крэмль. Але той паход не дасягнуў мэты, месца ў Крамлі заняў іншы, і афіцыйны Менск паступова перастаў саромецца незалежнасьці Беларусі. Гэта калі не эвалюцыя, дык відавочная перамена вэктару. Цяжка сёньня ўявіць сабе выказваньне Лукашэнкі ў духу таго, што ён “перарос Беларусь”, або пра “дзьве вялікія мовы”. Акурат і рэсурс шклоўскіх мігрантаў з братняе Русі, кшталту спадарыні Ярмошынай, вычарпаны. На месцы пакліканых было з Расеі службістаў зноў прыходзяць тутэйшыя людзі, а “інтэрфронтаўскія” настроі сярод электарату, бадай, пераможаныя самім жыцьцём. Сем гадоў найноўшае гісторыі былі для ППРБ, апазыцыі і краіны зусім не аднастайнымі. Шмат чаго зьмянілася з часоў “Менскае вясны”, калі міліцыі даводзілася стрымліваць трыццаці- і пяцідзесяцітысячныя маршы. Цяпер разганяюць у дзесяць разоў меншыя дэманстрацыі.

 

2. Разгоны, пасадкі, штрафы... Навошта гэта робіцца — асобная тэма. Тут ППРБ застаецца верным абранай зь першых дзён прэзыдэнцтва тактыцы “паўрэпрэсіяў”. За 5—10 сутак, якія апазыцыянэр праводзіць за кратамі, сур’ёзнай кампаніі пратэсту не разгорнеш. Толькі ўзяліся падымаць грамадзкасьць, а ён ужо і выйшаў. Штрафы і змушаная эміграцыя ў змаганьні з рэжымам — яшчэ менш эфэктыўныя аргумэнты. Народ іх папросту не заўважае, а ўжо нават і раздражняецца на іх. Затое вельмі крытычна на іх рэагуе Захад. Такім чынам “паўрэпрэсіі” аўтаматычна збліжаюць апазыцыю з Захадам і аддаляюць яе ад электарату. У выніку ўплыў апазыцыі на народ робіцца ўсё менш значным. Вось што мае на ўвазе ППРБ, калі кажа, што такая апазыцыя яму трэба: ён трымае яе на кароткім ланцугу, і яна яму ў гэтым падыгрывае. Што пяцідзесяці-, што пяцітысячныя акцыі з разгонамі і пасадкамі — сыходзяць у пясок. Затое, да прыкладу, непараўнальна менш людная вахта ў Курапатах стала бясспрэчным набыткам нацыянальнага станаўленьня.

 

3. Пра “супрацоўніцтва з уладамі”. Такая “мая прапанова” настолькі зьдзівіла, што журналісты нават зьвярнуліся былі да Рыгора Барадуліна з пытаньнем: ці трэба супрацоўнічаць? Ясна, што народны паэт адказаў — не. Нельга супрацоўнічаць з аўтарытарным рэжымам. А вось спыталіся б у яго — ці трэба спаборнічаць? Думаю, адказ быў бы — так. Гэта значыць, што мы ня мусім падмяняць два нібыта блізкія, але насамрэч процілеглыя паняцьці: спаборніцтва і супрацоўніцтва. Няма размовы пра ляяльнасьць, партыю ўлады і г.д. Гаворка ідзе пра спаборніцтва з ППРБ на тым самым палітычным полі. Не з Брусэлю рукамі АБСЭ і не з Масквы рукамі СПС, а тут, у Беларусі.

 

4. Намэнклятура. Ужо колькі часу ў нас дыскутуецца ўдзел у палітыцы нейкага маналіту пад назваю “намэнклятура”. Што гэта — кляса ці клан? Ці “праслойка”? Слушна заўважана — гэта вэртыкаль, у якой кожны сам па сабе. Калі там і ёсьць прыкметы сям’і, дык амаль незаўважныя. Непераканаўча гучыць і ўжываньне да іх сталінскага “памры ты сёньня, а я заўтра”. І зусім не відаць у іх вызначальных рысаў намэнклятуры расейскай або ўкраінскай.

Для нашай намэнклятуры (як і для дырэктарату, прадпрымальнікаў) “кароткі ланцуг” зроблены ў выглядзе заканадаўства. У цяперашняй Беларусі ня красьці немагчыма. Як у калгасе. І таму кожны, хто мае дачыненьне да ўлады, вытворчасьці і грошай, проста мусіць парушаць закон, а нават калі не парушае, на яго ўсё адно знойдзецца артыкул. Пасадзілі цэлую гронку буйных кіраўнікоў вытворчасьці, і на кожнага знайшоўся артыкул. Хто паверыць, што гэткія аўтарытэтныя людзі — кралі? Павераць, бо, як у калгасе, красьці вымушаныя ўсе. Гэта — закон, норма.

Як пераадолець такое становішча? Людзі ў нас, як правіла, шукаюць любую магчымасьць, каб ня быць злачынцамі. Найлепей гэта ўдаецца на нізавым узроўні. У прынцыпе няма і ня можа быць ніякага “памры ты, памру я”. У масе ёсьць нармальнае жаданьне працаваць, зарабляць ды жыць, а не паміраць. Ніякага “экстрыму” ў настроях. Ёсьць таксама ўжо постсавецкае жаданьне неяк уплываць на сытуацыю, таму зьмяняецца погляд людзей і на ўдзел у палітыцы. Магчыма, вынікі мы пабачым на гэтых мясцовых выбарах. Ясны мэханізм “выключэньня” апазыцыі з гэтага спаборніцтва. Ці ня вартая задача — адказаць на яго мэханізмам “уключэньня”? Трэба толькі сысьці з кароткага ланцуга, якім насамрэч ёсьць тая дэкляраваная непрымірымасьць.

Слушна, ППРБ найбольш асьцерагаецца самаарганізацыі самых блізкіх да яго людзей — у вэртыкалі. Чым ты ад яго (а значыць, і ад ягонага палітычнага поля) далейшы, тым ты менш небясьпечны супернік. Менавіта набліжэньне да яго зьмяншае сілу ягонага ўплыву на электарат. Старшыня калгасу ніколі не палемізуе з шараговым калгасьнікам. Інакш які гэта будзе калгас і які старшыня? Усё адразу ж разваліцца, або старшыню заменяць. Прыблізна такія парадкі і ў РБ. Вось толькі РБ — гэта зусім не калгаснага маштабу і кшталту “гаспадарка”. Гэта — Краіна. І магчымасьцяў для спаборніцтва тут шмат.

Пад набліжэньнем у спаборніцтве я ня маю на ўвазе “гульні былых” кшталту Васіля Лявонава. Ягоная “гульня” адразу пачалася не на жыцьцё, а на сьмерць, што спрасьціла інтрыгу і пазбавіла яе посьпеху. Лявонаў завіс паміж кволым заходнім фінансаваньнем і недаверам былых ды новых паплечнікаў. Каму ж тады “гуляць”? Менавіта апазыцыі — аслабленай і маргіналізаванай. Бо й сёньня толькі ў ейным асяродку можа нарадзіцца новая практыка — спаборніцтва.

Намэнклятуршчыкі ня будуць ствараць палітычную арганізацыю, але ім сапраўды патрэбнае заплечча. Бо яны — не ваўкі, а хутчэй “шаблязубыя зайцы”. Яны хочуць жыць — камфортна, сытна, а часам і працаваць дзеля Беларусі. Ня тыя часы на дварэ, ня тая краіна і ня той народ, каб адзін чалавек ператварыў тысячы сваіх падначаленых у ваўкоў.

 

5. Што да Кангрэсу ў падтрымку лініі ўраду на незалежнасьць з крытыкай іншых, непрымальных бакоў дзейнасьці, а таксама наконт таго, што такія публічныя акцыі ні да чога не прыводзяць, дык прэцэдэнтаў няма. Я не зьбіраўся разьвіваць гэтую тэзу, але, калі зайшла гаворка, паспрабую “фантазіяваць” далей.

Верагодна, такі Кангрэс магло б зладзіць ТБМ разам з роднаснымі арганізацыямі. Ясна, што ў гэтым выпадку не было б разбуральных для вобразу палітыкі і палітыкаў у масавай сьведамасьці расейскамоўных улётак, і гаворка, апроч ухвалы незалежнасьці, ішла б пра стан мовы, найперш у заканадаўстве і адукацыі, пра выхаваньне гістарычнае сьвядомасьці ды пра дзяржаўную ідэалёгію, якую мусяць праводзіць, у прыватнасьці, дзяржаўныя тэлеканалы. Гэтага ж сёньня патрабуе ППРБ, прычым пад словам “ідэалёгія” ягоныя падначаленыя па-ранейшаму разумеюць найперш ляяльнасьць да кіраўніка. Уласна ідэалёгіі няма.

Паказальная нядаўняя гісторыя з гімнам. У нас свая Беларусь — у вас свая. Гэткі прыблізна быў унутраны матыў сходу, які ў халоднай залі Палацу мастацтваў пастанавіў, што “пасьля Лукашэнкі” гімнам будзе “Магутны Божа”. І тое “пасьля Лукашэнкі” абсалютна прэвалявала над “для Беларусі”. Для Беларусі сёньняшняй (а можа, і заўтрашняй) зь яе палітычнай разрозьненасьцю, шматканфэсійнасьцю ды іншай шматстайнасьцю найлепш было б увесьці некалькі гімнаў адначасова — тры ці пяць, функцыі кожнага зь якіх былі б выразна прапісаныя ў законе — калі й які выконваць. Рэлігійны, нацыянальны, гістарычны... Толькі такая сукупнасьць сталася б аб’яднаўчым матывам для ўсіх. Ну, што рабіць, калі няма ў нас у гэтай справе аб’ектыўнага адзінства? Трэба ісьці на кампраміс. І міжсобку, і зь дзяржаўнай камісіяй. Цяпер скажыце, дзе яшчэ можна сабраць разам тых людзей з Палацу мастацтваў і тых зь дзяржаўнае камісіі, як не на падобным Кангрэсе? Па інстанцыях кампрамісу ня выхадзіш і ў прэсе ня выпатрабуеш.

Скажаце, што за нагода — гімн! На маю думку, гэта менавіта нагода — каб пачаць адзін аднаго слухаць. Хто скажа, што ў гэтым не зацікаўленыя міністры, дэпутаты і спадар Фінбэрг?

 

6. Цяпер пра апазыцыю. Уявіце сабе круглы стол цяперашняй апазыцыі на тэму стратэгіі будаваньня Беларусі. Вось далася ім улада — адна на ўсіх, — і заселі яны абмяркоўваць, як той уладай распарадзіцца. Кожны будзе казаць сваё. Сыдуцца, можа быць, у адносінах з Захадам (сваім слабым пункце ў вачох электарату) і разыдуцца ў дачыненьнях з Расеяй (моцным пункце ППРБ). Але ніякага супольнага бачаньня беларускай стратэгіі не прадэманструюць. Хоць бы ўжо таму, што ў нас, да прыкладу, ёсьць апазыцыя расейскамоўная. Гадоў пятнаццаць назіраю за яе ўпартасьцю і не разумею, што ёй тая расейская мова дае і што ў яе беларуская адымае. Як тыя “марыністы” ў Саюзе пісьменьнікаў: усё, што могуць, — гэта разваліць СП — так і гэтыя адно развальваюць і апазыцыю, і Беларусь. Але апазыцыя ў нас церпіць сярод сябе тых “марыністаў” і ня робіць з мовы прынцыпу, свае галоўнае пазнавальнае адзнакі. Адныя толькі расейскамоўныя ўлёткі эсдэкаў і графіці “зуброў” прыносяць беларускаму палітычнаму клімату нашмат болей шкоды і блытаніны, чым, скажам, публічнае братаньне Статкевіча з Лукашэнкам.

Апазыцыя ў нас запанела зусім як арыстакратыя другой паловы XVIII ст. Маю на ўвазе нават не ганарары, а стаўленьне да нацыянальнае культуры і прэсы — як да прыслугі.

 

7. Пішучы пра тое, што апазыцыя мусіла б забыць пра зьніклых паплечнікаў ППРБ, я меў на ўвазе вось што. Апазыцыя ня можа адказаць, куды дзеліся зьніклыя, а таму ня мусіць і рытарычна пытацца “где Гончар?” Бо гэта амаральна. Гэта чыстае вады спэкуляцыя на пачуцьцях блізкіх і здольнае да спачуваньня публікі. Такая спэкуляцыя нібыта пакрываецца тым, што Лукашэнка — дыктатар і супастат. Дык жа не пакрываецца! Уявіце сабе, што не Лукашэнка скраў Ганчара і Завадзкага. Паспрабуйце сабе такое ўявіць. А тады перавядзіце погляд на тых, хто казырае імёнамі зьніклых як сваімі галоўнымі сьцягамі ў барацьбе з Лукашэнкам (які — мы дапусьцілі — іх ня краў)? Ці хоць крыху наблізілі нас да ісьціны гэтыя графіці — “Где Захаренко?” Ці хоць трохі паспрыяла гэта справе раскрыцьця? Вось жа ніколі апазыцыя сваімі “ланцугамі неабыякавых людзей” — у сілу прыроды сваёй — не паспрыяе раскрыцьцю. Наадварот, яна працягвае страчваць сваю вагу ў грамадзтве, пры тым замыльваючы раскрыцьцё ісьціны ды зноў і зноў выпрабоўваючы пачуцьці блізкіх.

Выстаўляючы ў якасьці аднаго з пунктаў для перамоваў з уладамі раскрыцьцё справаў зьніклых, апазыцыя падштурхоўвае ўлады да правядзеньня працэсаў кшталту суду над групай Ігнатовіча, вынікі якога жонка Завадзкага аспрэчвае. Вось што выходзіць, калі палітычныя рацыі апазыцыі і ўладаў зблытваюцца з рацыямі крыміналістыкі. Цяпер ППРБ скажа электарату, што абяцаў знайсьці забойцаў Завадзкага і знайшоў іх. Заўтра ён такім самым чынам знойдзе выкрадальнікаў Захаранкі і Ганчара. Электарат будзе спаць спакойна, а надакучлівае “где Гончар?” канчаткова адверне яго ад апанэнтаў рэжыму.

Любы опэр зь любога аддзелу па ўсёй Беларусі скажа вам — не замінайце працаваць. А калі хочаце дапамагчы — нармалізуйце палітычную сытуацыю ў краіне, калі гэта ў вашых сілах. Бо толькі гэта і можа быць рэальна ў вашых сілах.

Аднак не ператварайце трагедыі ў фарс. Адзін калега прапанаваў выйсьці “ланцугом неабыякавых людзей” з плякатамі “Где Шарецкий, где Пазьняк?” Другі заўважыў — а чаму б ім не пачаць зь Мікалуцкага?.. Вось гэта і ёсьць ператварэньне трагедыі ў фарс.

Ясна, што “гучнасьць” справаў тут нічога не вырашае. Нават калі сп.Ганчарык дастаў свае козыры — Лапаціка і Алкаева, — гэта было зроблена выключна дзеля “цынізму палітыкі” і не атрымала працягу ані ў выглядзе незалежнага сьледзтва, ані ў выглядзе журналісцкага расьсьледаваньня. А самае галоўнае — так і засталося цынічным жэстам палітычнае барацьбы.

Дапускаю, што і гэтыя словы пададуцца некаму непераканаўчымі. Але давайце арыентавацца на аб’ектыўны стан рэчаў. Ці ўся крытыка ППРБ за гэтыя сем гадоў з боку апазыцыі хоць неяк пахіснула пазыцыі Лукашэнкі сярод беларусаў? Не пахіснула. Што заўгодна іх пахіснула, толькі не апазыцыйная крытыка. А чаму? Бо яна не назапашваецца, не вырастае да крытычнае масы, каб скалануць народ, як у польскім прыкладзе з ксяндзом Папялушкам. Крытыка набягае хвалямі — усё драбнейшымі — і адкатваецца ў пясок. Скажыце, а ці ставіла апазыцыя за мэту сфармаваць тую масу крытыкі? Ня ставіла. Спарадычныя зьнішчальныя выпады забясьпечвалі апазыцыі існаваньне. Падазраю, што і сёньня шмат каму тое фармаваньне крытычнае масы ўяўляецца немэтазгодным. І слушна. Бо зьмяніліся часы, і гэтыя новыя часы патрабуюць зусім іншых мэтадаў і іншага ўзроўню палітычнага спаборніцтва. Ня сьценка на сьценку ды глотка на глотку, а дзеля ўплыву ў народзе і будучыні краіны.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0