Беларусь праз сто гадоў

 

Гісторыя драбніцаў

Гэтай публікацыяй сканчаецца праект “Нашай Нівы” “Беларусь праз сто гадоў”, распачаты летась у сакавіку. Ніводная, відаць, нашаніў-ская рубрыка (калі ня браць пад увагу бясплатных прыватных абвестак) не выклікала гэткае колькасьці допісаў. Адгукаліся студэнты і пісьменьнікі, фэрмэры і палітыкі. Пісалі зь вераю ў будучыню, з аптымізмам. Дарэшты пэсымістычных допісаў з прадказаньнем хуткае гібелі Беларусі было ўсяго два-тры.

На працягу году мы марылі й загадвалі, намагаючыся ўявіць будучыню нашай краіны, але адысьці цалкам ад леташніх рэаліяў так і ня здолелі. Таму было так багата ў нашых развагах палітыкі: падахвочвалі прэзыдэнцкія выбары. Хто-ніхто выводзіў нават простую залежнасьць паміж іхным вынікам і лёсам нашай краіны праз сто гадоў. Мы часам не здавалі сабе справу, што гэтыя падзеі будуць значыць для нашых нашчадкаў гэтулькі сама, колькі для нас — выбары ў Думу, пра якія пісала “Наша Ніва” пачатку ХХ стагодзьдзя, і ведаць пра іх будуць хіба спэцыялісты-гісторыкі... Але беларусы — нацыя экзыстэнцыялістаў. Мы звыклі жыць “на пераломным гістарычным моманце”, чакаць раю альбо пекла за кожным паваротам гісторыі. Таму й заангажаваныя ў сёньняшні дзень, таму й атрымліваецца ў нас Беларусь не праз сто, а ў найлепшым выпадку праз 30 гадоў — яшчэ пры жыцьці сёньняшняга пакаленьня. У свае разважаньні пра будучыню мы закладаем альгарытм, запазычаны з штодзённых газэтаў ды партыйных праграмаў. Пішам пра ўваходжаньне ў NATO, Эўразьвяз, інтэграцыю ў вольнае эўрапейскае грамадзтва. Найчасьцей абстаўляецца гэта так: Эўропа прыйдзе ды адбярэ Беларусь у Расеі. І на гэтым моманце зазвычай мы ставім кропку, бо пасьля яго мусіць надысьці вечнае шчасьце, здабытае нам кімсьці, нечымі чужымі рукамі.

Нам яшчэ цяжка думаць маштабамі нашае дзяржавы. Таму шмат хто часьцяком зьбіваецца ў сваіх допісах на геапалітыку плянэтарнага маштабу, піша пра перападзелы сьвету, глябальныя войны, перасяленьне народаў, нашэсьце кітайцаў, смакуе канчатковы развал Расеі або затапленьне Амэрыкі. Беларусь жа згадвае двума радкамі пры канцы — як аб’ект чыйгосьці ўзьдзеяньня, як цацку ў руках лёсу і абставінаў. Глядзіць на яе збоку, як на чужое. Абыякава ставіць у шэраг краінаў, зьмеценых у працэсе змаганьня “звышдзяржаваў” (хоць, ізноў жа, якая зь сёньняшняй Расеі звышдзяржава? Хто браў у разьлік Амэрыку да першай сусьветнай вайны?).

А часам, стомленыя палітыкай, мы зьвярталіся да навуковай фантастыкі, капіюючы колісь прачытаныя кніжкі Яфрэмава ды сучасныя амэрыканскія фільмы. Але за зоркавымі войнамі, касьмічнымі падарожжамі ды марсіянскімі калёніямі новае думкі таксама не відаць.

Таму гэтак многа чытацкіх лістоў “Наша Ніва” не надрукавала.

А пішучы пра Беларусь, багата хто з нас імкнуўся ахапіць усё адразу — і палітыку, і эканоміку, і культуру, і рэлігію. Таму рэдакцыя час ад часу атрымлівала лісты-блізьняты, у кожным зь якіх былі і “Пагоня”, і талер, і унія, і гіганцкія наклады Караткевіча ды “NRM”, і эканамічны росквіт. Цешыла гэткае адзінства ў разуменьні нацыянальных каштоўнасьцяў, аптымізм аўтараў, але друкаваць з нумару ў нумар аднолькавыя матэрыялы не выпадала. Дый навошта расьцягваць на сто гадоў падзеі, якія могуць адбыцца нашмат хутчэй?

Імкнучыся разважаць глябальна, нашы дапісчыкі амаль не зьвярталі ўвагі на рэчы надзённыя, хатнія. Мала які бацька, рамантуючы дзіцяці паламаную цацку, задумаўся: а з чым будуць гуляць беларускія дзеткі ў ХХІІ ст.? Кухары й хатнія гаспадыні не напісалі нам пра харчаваньне, будаўнікі — пра архітэктуру, мадэльеры ды краўцы — пра адзеньне, афіцэры — пра войска праз 100 гадоў. Берасьцейцы не напісалі пра Берасьце, а жыхары Аталезі — пра разбудову іхнай вёскі праз 100 гадоў. Між тым, гэтыя драбніцы будуць уяўляць найбольшую цікавасьць нашым наступнікам праз стагодзьдзе. Хоць бы для зьверкі.

Мала было гэтых надзённых драбніцаў, бо мала хто ў Беларусі пакуль засяроджаны на дробязях — на такой працы, каб і праз сто гадоў адчуваліся ейныя вынікі і каб нашчадкі цешыліся ёю.

Рубрыка скончылася, але яна вечная. Бо кожны вольны штодзень працаваць над такімі рэчамі, якія і за 100 год ня страцяць сваёй вартасьці. Вольны пасадзіць не таполю, а дуб, збудаваць цагляны дом, а ня фінскі домік. А паколькі “НН” — гэта люстра дзён нашага жыцьця, дык допісам пра “Беларусь праз 100 гадоў” будзе месца на старонках і ў будучыні.

Андрэй Скурко

Нарэшце!

Беларусь у 2101 г. нарэшце абярэ нармальнага, 20-га па ліку прэзыдэнта ад шырокай дэмакратычнай кааліцыі з 30 магчымых кандыдатаў. Ім стане дэмакрат, найвялікшы ў гісторыі незалежнай Беларусі вязень сумленьня і нацыяналіст, барацьбіт за правы працоўнага народу Рыгор Пятровіч Лукашэнка.

Праз 100 гадоў мы нарэшце аб’яднаемся з дашчэнту зьбяднелай Расеяй у саюзную дзяржаву са сталіцай у Менску і адзінай дзяржаўнай мовай – беларускай. У выніку апошнія карысныя выкапні на плянэце стануцца нашымі.

Урад БНР нарэшце вернецца з эміграцыі і ва ўрачыстай абстаноўцы перадасьць свае паўнамоцтвы чатырохпалатнаму беларускаму парлямэнту.

На Палесьсі знойдуць невычарпальнае радовішча золата і каштоўных камянёў.

Супольны наклад альбомаў “NRM” у 10 разоў пераўзыдзе адпаведны наклад “The Beatles”.

Касьмічныя караблі, спадарожнікі і робаты былых МТЗ і “Інтэгралу” будуць асвойваць Марс. Дый першы кантакт зь іншаплянэтнай цывілізацыяй зьдзейсьняць беларускія астранаўты, якія ў той час якраз пачнуць дасьледаваць суседнюю галяктыку.

Перад канцом сьвету другое прышэсьце Ісуса Хрыста на Зямлю адбудзецца менавіта ў Беларусі.

Андрусь Белавокі, Менск

Берасьцейская фартэцыя

Дзяўчыну клікалі Рогні. Яна ішла побач. Была ноч. Цемра ахутвала навакольле, але цемра незвычайная – нейкая матавая, напоўненая, нібы малаком, сьвятлом поўні ў бясхмарным небе. Зрэшты, неба мы амаль ня бачылі за галінамі дрэваў. Здавалася, што навокал віетнамскія джунглі, ліяны, бактэрыі тыфусу й суцэльная невядомасьць. Потым вочы адаптава-ліся да цемры, і я ўбачыў, што навокал звычайныя ялінкі, ядловец, мох, дрыгва, беларуская пушча. Сьцежка была штучная й недзе на мэтар узвышалася над зямлёй. Здавалася, што яна, як кіндэрсюрпрыз, зробленая з тонкага слою файнай чакаляды й кожны момант можа абваліцца пад нашай вагой. Мэтраў праз сто наперадзе стаяў вялікі стары дуб. Недалёка ад яго, з правага боку, я заўважыў нейкі дзіўны цень. Спачатку здавалася, што гэта папросту нейкая дэфармацыя ляснога рэльефу. Падышоўшы бліжэй, мы пабачылі, што гэта нямецкі танк “Пантэра”, абгорнуты зялёнай маск-сеткай і абкладзены галінкамі дрэваў. “Што будзем рабіць?” – шэптам спыталася Рогні, ейныя вусны амаль краналіся майго вуха. Адказаць я не пасьпеў, бо ў тое імгненьне неба перакрэсьліла чырвоная сыгнальная ракета й непадалёк пачуліся аўтаматныя чэргі. Мы ўпалі на зямлю й схаваліся за карані старога дуба. Урэшце цікаўнасьць перамагла пераляк. Я трохі высунуўся са сховішча.

Наперадзе, мэтраў за 200 ад нас… партызаны атакавалі немцаў. Здавалася, што я ўсё гэта бачу на запаволенай відэастужцы. Ашалелыя твары нямецкіх жаўнераў, стрэлы, гранаты, кулямёт. Крыкі і скрыгатаньне. Сэрца грукае ў скронях... Мэталёвыя каскі фашыстаў, чорныя палосы на тварах партызанаў. Свастыкі, зоркі... Танк павярнуў вежу ў бок партызанскіх пазыцыяў і стрэліў. Грымнуў аглушальны выбух. Мяне адкінула пад самае дрэва. Ламаючы гальлё, танк пачаў павольна рухацца ў бок партызанаў. Раптам у сьвятле чарговай сыгнальнай ракеты я пабачыў, як на адным з каранёў мільгнуў нейкі агеньчык. Прыгледзеўшыся, я ўбачыў невялічкую галяграмную налепку з надпісам: “Тэматычны парк “Берасьцейская фартэцыя”, дуб, ідэнтыфікатар віртуальнага аб’екту 220619410023”. У левай частцы галяграмкі зіхацеў усімі колерамі вясёлкі лягатып – стылізаваная выява брамы Берасьцейскай фартэцыі. Я схапіў Рогні за плячо й паказаў на галяграму:

– Ты бачыш?! Гэта віртуальная рэчаіснасьць. Ці ёсьць выйсьце?

– Ёсьць, і мы адшукаем яго. Гэта толькі першы ўзровень, – запэўніла яна мяне.

Бяз подпісу

Краіна прыгожых
і шчасьлівых

З-за глябальнага пацяпленьня на плянэце лета ў Беларусі сталася даўжэйшае і цяплейшае. Рэкі, азёры, вадасховішчы даўно ўжо чыстыя, вабяць да сябе і старых, і малых. Усе беларусы – цудоўныя плыўцы, могуць плысьці гадзінамі бяз стомы. Гэта прывяло да зьяўленьня новага кшталту воднага турызму – плавальнага. Групы турыстаў самых розных узростаў гадзінамі плывуць па чысьцюткіх рэках, штурхаючы перад сабою невялікія плыты-пакункі з празрыстага плястыку з рыштункам. Хто жадае адпачываць толькі ў сваім коле, маюць большыя плыты зь бівачным рыштункам, іншыя спыняюцца ў цудоўна абсталяваных ля вады месцах адпачынку ў лёгкіх, прыгожых летніх дамках. Шмат хто з вандроўнікаў аддае перавагу традыцыйным відам водных вандровак – плывуць на плытах, катамаранах, байдарках.

Людзі праводзяць ля вады шмат вольнага часу. Нанова адроджаныя ў Беларусі традыцыі антычнай Грэцыі. Здаровыя, прыгожыя, шчасьлівыя людзі на пляжах і ў водных вандроўках даўно не карыстаюцца купальнікамі. Чароўныя целы жанчынаў і магутныя, дужыя – мужчынаў цалкам адкрытыя, нікога гэта не бянтэжыць, да такога ўсе даўно прывыклі. Зьнікла з ужытку парнаграфія, адышлі ў нябыт згвалтаваньні.

Замежны турызм прыносіць Беларусі значныя прыбыткі. Мільёны замежнікаў едуць у нашу краіну, каб на свае вочы пабачыць старажытныя замкі, храмы, палацы, адрэстаўраваныя ці нанова адбудаваныя найлепшымі дойлідамі сьвету. Беларусь, як і ў XVI ст., завецца “Краінаю замкаў”.

А найболей людзей, беларусаў і замежнікаў, зьбіраецца ў “Дні Памяці” каля трох велічных “Храмаў Памяці”. На Дзяды ў Курапатах, 26 красавіка ў Ветцы і 8 траўня ў Трасьцянцы. Сьвет ведае гэтыя памятныя для Беларусі даты і смуткуе разам зь беларусамі.

Вадзім Болбас, Сьветлагорск

Краіна навукі

Хацелася б убачыць праз 100 год нас, нарэшце, уласьнікамі сваёй зямлі, вялікіх і малых прадпрыемстваў, прыватных школаў і мэдычных салёнаў. Адпаведна, калгасны лад будзе зьменены на фэрмэрскі. Пракарміць шэсьць абласьцей ня вельмі складана, калі справу павесьці пісьменна. Лішкі зямлі будуць засаджвацца лесам, як гэта робіцца цяпер у Прыбалтыцы, і Беларусь верне сабе свой лясны запас. Асушэньне балотаў забароняць эколягі, і наш край будзе лічыцца амаль некранутым у параўнаньні з Эўропай.

Што ж будзе з буйнымі гарадамі? Яны ператворацца ў месца працы для жыхароў, якія будуць выбіраць сьвежае паветра ў родных вёсках. Туды падвядуць сетку газаправодаў, і ўсе праблемы сялянства вырашацца адным махам. Паколькі ў Менск і так лёгка дабрацца, мо замежныя інвэстары ды дзяржава паклапоцяцца правесьці чыгунку ў мядзельскім напрамку. І адпачынак на мядзельскіх азёрах будзе лічыцца ня горшым, чым на Міжземным моры.

Менск праз 100 год хацелася б бачыць сталіцай навукі і студэнцтва ва ўсім сьвеце. Няхай нашыя дыплёмы будуць самымі прэстыжнымі, а веды, атрыманыя ў Беларусі, – самымі трывалымі і дакладнымі. Гэта не запатрабуе ад дзяржавы вялікіх затрат, бо амаль усе навучальныя ўстановы будуць рэнтабэльнымі за кошт студэнтаў зь іншых краінаў. Свае ж будуць атрымліваць веды бясплатна, хаця б таму, што яны жыхары гэтай краіны.

Марыць можна доўга. Але ёсьць сярод гэтага галоўная мая мара – каб хоць праз 100 год Беларусь пайшла па дарозе здаровага сэнсу. На карысьць сабе і сваім грамадзянам. Бо бяз гэтага можна пражыць і 100 год, але больш – немагчыма. Таму, даражэнькія мае суродзічы, супляменьнікі, сябры, давайце ў сваіх учынках кіравацца толькі здаровым сэнсам. І, вядома, думаць пра заўтрашні дзень. І рабіць усё, каб ён быў лепшым за сёньняшні. Мы зможам, дый вартыя гэтага. Хаця б таму, што мы – Беларусы.

Вангор Вушацкі, Маладэчна

Далёкая радзіма

“Беларусь 100 гадоў таму. Якой яна была? Чым беларусы карысталіся? Як яны жылі?” – такія думкі ўсхвалявалі дзесяцігадовага хлопчыка пасьля звычайных заняткаў па інтэрактыўным Інтэрнэце. Ён сядзеў за кампутарам у сваім пакоі і зьбіраўся ўжо ісьці спаць, як нечакана яго спынілі гэтыя думкі. Са словаў дзеда ды з заняткаў ён крыху ведаў пра тыя часы. Ведаў, што раней людзі жылі толькі на Зямлі, а цяпер – яшчэ на Месяцы і Марсе. Ведаў, што беларусы ціснуліся на маленькім шматку зямлі ў цэнтры Эўропы, цяпер жа Беларусь – асноўны калянізатар Месяца і кожны тысячны беларус – “незямны” жыхар, а кожны мільённы нарадзіўся па-за межамі Зямлі, да ліку якіх адносіўся і хлапчук. Ведаў ён і тое, што ў пачатку ХХІ ст. толькі-толькі пачаўся беларускі рух Адраджэньня. Ведаў, што шэсьць пальцаў на левай назе неяк зьвязаныя зь нейкім чарнобыльскім выбухам і што бацькаў дом знаходзіцца ў былой “зоне адсяленьня”… Ведаў, што Беларусь стала вядучай краінай у асваеньні космасу пасьля таго, як беларускія навукоўцы вынайшлі шлях мірнага карыстаньня тэрмаядзерным сынтэзам…

Паразважаўшы крыху, хлопчык пайшоў прымаць канцэнтраты. Тут ён успомніў, што ў той час яшчэ ўжывалі розныя стравы, прыгатаваныя з дапамогай агню. Цяпер такое можна паспытаць толькі ў дарагіх рэстаранах, простыя ж людзі ядуць канцэнтраты з рознымі хімічнымі дабаўкамі. Пад’еўшы, ён пайшоў глядзець інтэрвію аб першым палёце на суседнюю зорку: адным зь пілётаў быў яго бацька. А ў душы засталося прыемнае пачуцьцё гонару за сваю далёкую радзіму.

Алесь Вольны, Менск

Ружанец гуайкуру

На беразе бурлівага мора ў плеценым фатэлі сядзеў малады дасьледчык амэрыканскіх цывілізацыяў Сяржук Талер. Ён з асалодай пацягваў з фужэра аксамітны пяцізоркавы каньяк “Зянон” і перабіраў ружанец. Раптам жоўты ад тытуню палец саскочыў з пацеркі, пачуўся грукат, марскія хвалі расступіліся і навокал ня стала нічога бачна...

Маладзён апынуўся на высокім пагорку перад натоўпам, што гарлаў:

“Крыві, наш браце! Сын усяіснага Роду, ня дай зьнікнуць нашай зямлі, разам зь сіламі продкаў абарані ад сьмяротнае навалы!..”

Кола часу рушыла далей.

Сяржук адчуў на сабе жаночы подых. У цёмнай хаце на мядзьведжай скуры зь ім ляжала маладая дзеўка ў ільняной кашулі:

– Ой, які хлопец, але дзіўны нейкі: шляхцюк мо?

– Ды ніякі я не шляхцюк... – сказаў быў Талер.

– Вось і добра, – распусьніца падсунулася бліжэй, абняла, але вандроўнік у часе выкруціўся, як цмок, зь яе адбымкаў і апынуўся на плошчы...

Ты что, деревенщина, перед его превосходительством картуз не снимаешь?” – крыкнуў афіцэр зь дзьвюхгаловым арлом на кашкеце і ўдарыў хлопца так, што іскры з вачэй пасыпаліся…

Цяпер Талер ляжаў на ложку. За акном грукатала знаёмае яму мора, але буйныя кроплі поту й цяжкі, сухотны кашаль здаліся яму незвычайнымі. Слабая, нібы не свая рука міжволі пацягнулася па паперу, на якой накідала чужыя, але знаёмыя словы:

У краіне сьветлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты

Я не самотны...

Імгненьне – і сьмяротны ложак ператварыўся ў жвір. Тысячы ног імкнуліся па ім у невядомым напрамку. Удар збоку. Сяржук упаў, але ня змог устаць. Чыйсьці падкаваны абцас трапіў акурат у плячо. Талер паспрабаваў абараніцца, але марна. Вынік быў прадказальны… Раптам зьверху пачулася:

– Сяржук, уставай! Час зьбірацца.

Малады дасьледчык прачнуўся і ўбачыў сваю жонку Насту, зь якой сёньня мусіў ехаць у Буэнас-Айрэс. Зь яе дапамогай апрануўся, бо шнар ад індзейскай дзіды яшчэ балеў. Прыхапіўшы матэрыял для слоўніка мовы гуайкуру, Сяржук з Настаю рушылі на поўнач. У сталіцы Аргентыны іх ужо чакалі. На Авэніда Сан-Мартын, дзе сем год дзейнічала сетка кавярняў “Дон Лявон”, адчыняўся беларускі ўнівэрсытэт.

Арцём Арашонак

Пеўнева кукарэканьне
зь Вільні

2101 год. Ліцьвіны жывуць не ў цагляных шматпавярховіках, а ў нізенькіх хатах, зробленых, што праўда, з сучасных матэрыялаў па найноўшых тэхналёгіях. Таму гарады пазбаўленыя вялікіх гмахаў і, быццам соты, скла-дзеныя ў вышыню зь сямейных пляцовак, забудаваных згодна з архітэктурнымі стылямі, уласьцівымі гэтай мясцовасьці. Жытло праектуецца на кампутары, што дазваляе пазьбягаць паўтораў.

Помнікі мінулых стагодзьдзяў адноўленыя не па-музэйнаму дакладна, а з прыцэлам для выкарыстаньня ў сучасным жыцьці, бо людзі праз агульнаадукацыйныя школы праграмаваньня мозгу авалодваюць навыкамі старажытных рамёстваў, мастацтваў, традыцыяў, звычаяў і г.д.

Жывуць людзі на выбар: несьмяротна целам ці інтэлектуальна альбо адразу і адно, і другое. Што праўда, ад гэтага зьнікае смак жыцьця. І найвышэйшым шыкам сярод інтэлігенцыі лічыцца застацца сьмяротным.

Сэнсам жыцьця даўно ўжо перастаў быць заробак і спажываньне рэчаў. Служэньне ідэям грамадзтва – вось што падтрымлівае дух найлепшых зь несьмяротных. Таму пасьля школы людзі звычайна выпраўляюцца ў рызыкоўныя вандроўкі ў космас – асвойваць новыя землі.

Паколькі этычныя падваліны грамадзтва (дабрыня, сяброўства, любоў, каханьне, вернасьць і г.д.) захаваліся ў нязьменным выглядзе, а “радзімыя плямы” розных “-ізмаў” зьніклі, ізноў стала магчымым су-стрэць, як калісьці, непаўторную гасьціннасьць у беларускай хаце.

Таму ліцьвіны, якія прыяжджаюць з космасу адпачыць, пакорпацца ў гародзе, дабіраюцца да лецішча не паветралётам, як звычайна, а на кані – каб патрапіць на начоўку да кагосьці з тутэйшых.

Улада выбарная, умовы для бюракратыі зьліквідаваныя заканадаўчымі і тэхналягічнымі новаўвядзеньнямі. А па-над уладай – рада з самых паважаных людзей краіны.

Кожны дзень пачынаецца трансьляцыяй пеўневага кукарэканьня зь Вільні. А гімн “Магутны Божа” заканчваецца ня словамі “Зрабі...”, а “Трымай свабоднай, трымай шчасьлівай Краіну нашу і наш народ”.

Алесь Катлянік

 

Выбранае

На беларускіх палетках амаль ня будзе бульбы. Апантаныя клопатам пра здароўе, людзі выкрасьляць яе са штодзённага рацыёну (як і гарэлку, тытунь ды наркотыкі) і толькі ў сьвяты будуць ласавацца дранікамі, тлустымі кілбасамі, салам ды мачанкай.

Юлія Андрэева (№14, 2 красавіка 2001 г.)

У рухавікі будуць заліваць алей, рапсавы ці льняны. Дым ад іх будзе пахнуць блінцамі. Праз стагодзьдзе над Беларусяй будзе разьлягацца адно пах бліновы.

Сяргей Харэўскі (№15, 9 красавіка 2001 г.)

...Пачатак ХХІІ ст. Людзі на Беларусі яшчэ ёсьць, і ня толькі за Гомелем. Праўда, абарыгенаў няшмат, больш афрабеларусаў і каўказабеларусаў, што запаланілі постіндустрыйныя “джунглі”. Тутэйшыя ж аўтахтоны зноў вярнуліся ў лясы і балоты, якіх значна паболела пасьля рэалізацыі міжнароднай праграмы “Беларусь — лёгкія й ныркі Эўропы”.

Васіль Аўраменка (№16, 16 красавіка 2001 г.)

На экране маніфэстанты палілі пудзілы беларуса й украінца ў нацыянальных строях. Гэта палешукі дамагаюцца аўтаноміяў у складзе Беларусі і Ўкраіны і большых гарантыяў ад прарыву акіянскіх водаў у палескія нізіны.

Руслан Равяка (№17, 25 красавіка 2001 году)

Віленскі канцэрн “Наша Ніва” будзе валодаць тузінам забаўляльных і культурніцкіх спадарожнікавых каналаў і дзесяцьцю друкаванымі выданьнямі (Віктар Шніп, ганаровы прэзыдэнт Акадэміі Навук, на гэта некалі пажартуе: “У нашыя часы была адна “НН” накладам 4000, і ўсё для сабакаў, а цяпер маеце 300 тысяч, ды ўсё для гражданоў”). Вельмі папулярны будзе часоспіс ARCHE і дадатак да яго ARCHE-PORNO.

Ільля Канавалаў (№19, 7 траўня 2001 г.)

Таварыства беларускай культуры імя Зянона Пазьняка займаецца прамоцыяй беларускай мовы і культуры ў сьвеце. Гэта дзякуючы яму баскі пераклалі на сваю мову “Палескую хроніку” Мележа, у кубінскія дзіцячыя хрэстаматыі ўвайшла “Песьня пра камэнданта Чэ” Генадзя Бураўкіна, у Мантэвідэо ўсталявалі памятную шыльду Карлясу Шэрману, а ў Менску — бронзавага сабаку Шніпа.

Арцём Арашонак (№21, 21 траўня 2001 г.)

У рэлігійнай сфэры... аб’ектамі ўшанаваньня стануцца энэргія ды інфармацыя... Цэрквы ж... аб’яднаюцца ці будуць суіснаваць ціха-мірна: абы хоць якія вернікі прыходзілі.

Lupus Est (№ 23, 4 чэрвеня 2001 г.)

Канцлерка БНР Юнэля Абуховіч разводзіцца са сваім мужам Юр’ем, дасьледнікам марсіянскага наскальнага жывапісу. Гэта выкліча істотнае ваганьне курсу беларускае капы на найбуйнейшых біржах Зямлі, Месяца і Марсу.

Сяргей Балахонаў (№ 24, 11 чэрвеня 2001 г.)

З робатаў-хатнічкаў найбольш папулярная мадэль — Кот Баюн. Ён і ў доме прыбярэ, і малых дагледзіць-нагадуе, збае ім казачку, змурлыкае калыханку.

Рагнеда Аляхновіч (№25, 18 чэрвеня 2001 г.)

Беларускамоўныя рэміксы “Бітлз” пачалі выцясьняць арыгінальнае выкананьне.

Раман Станкевіч (№26, 25 чэрвеня 2001 г.)

З кватэры на Млынавым завулку, дзе ў тым самым ціхім Запалоцьці пражыў свае найлепшыя гады А.Мінкін, нарэшце адселены ягоны нашчадак, сквапнасьць і абыякавасьць якога да літаратуры абуджаюць заслужаны сумнеў у сваяцтве зь незабыўным мэтрам. Намаганьні навуковых і судовых інстанцыяў неадкладна далі свой плён: на самым пачатку рэстаўрацыйных захадаў пад канапай, дзе паэт спаў і абдумваў свае вершы і антыўтопіі, знойдзены скарб — літровы слоік з-пад салянкі з 100 савецкімі чырвонцамі, акуратна загорнутымі ў літаратурную старонку полацкай раённай газэты “Сьцяг камунізму” за 25 сакавіка 1981 г.

Уладзімер Арлоў (№27, 4 ліпеня 2001 г.)

Помнік... Валер’ю Шчукіну... будзе стаяць на цяперашняй вуліцы Акрэсьціна ў Менску, якую... назавуць у гонар Шчукіна.

Янка Мірон (№31, 30 ліпеня 2001 году)

“Увага! ...З 1 чэрвеня 2101 г. паленьне тытуню тут забароненае ў сувязі з пагаршэньнем экалягічнай сытуацыі”.

Ян Мацур (№33, 13 жніўня 2001 году)

Ад былой беларускай літаратуры застанецца толькі перакладзены на ангельскую мову Алесь Разанаў (Alex Razanaw).

Уладзь Бараніч (№35, 27 жніўня 2001 г.)

У Горадні футбалістаў прыме Папа Рымскі, першы Папа — беларус па нацыянальнасьці, які спэцыяльна дзеля гэтага адведае Радзіму. Гэты Папа — вялікі прыхільнік футболу.

Зьміцер Панкавец (№36, 3 верасьня 2001 году)

Парлямэнт будзе невялікі па колькасьці, бо практыка сьведчыць: чым большы кагал, тым менш ладу.

Зьміцер Падбярэскі (№38, 17 верасьня 2001 году)

Праз 100 гадоў у пашпартах грамадзянаў Беларусі ня будзе даты нараджэньня. Яе зьменіць дата сьмерці (генная інжынэрыя дасьць магчымасьць дакладна гэта вызначыць пры зьяўленьні немаўляці на сьвет).

Усевалад зь Вялейкі (№39, 24 верасьня 2001 году)

Пачуць творы Скрабіна альбо Шастаковіча на Залатой горцы будзе немагчыма. На тое будуць шматлікія FM-станцыі ды сьвецкія залі.

Віталь Стахіевіч (№40, 1 кастрычніка 2001 г.)

Спробы кланаваць вядомых людзей скончацца расчараваньнем — двайнік Максіма Багдановіча не захварэе на сухоты, аднак і не напіша чагосьці значнага.

Людміла Рублеўская (№43, 22 кастрычніка 2001 г.)

Ты не ўяўляеш, колькі тут навюткіх самаходаў!.. Файная ўсё-ткі ў нас сталіца, найлепшая ў сьвеце Мар’іна Горка!

S.B. (№45, 5 лістапада 2001 г.)

Пішчалаўскі замак станецца музэем-гатэлем. На ягонай сьцяне зьявіцца памятная дошка з імёнамі ўсіх знакамітых вязьняў-патрыётаў — ад філяматаў зь філярэтамі ды першых нашаніўцаў да маладафронтаўцаў. Любы ахвотны зможа пажыць у камэры Якуба Коласа або Масея Сяднёва, правесьці велікодны пост на нарах Юрася Хадыкі і г.д.

Літвак Крывейта (№ 18, 4 студзеня 2002 г.)

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0