Мая Маскавіяда

 

Напісаны амаль дзесяць год таму раман Юр’я Андруховіча “Маскавіяда” нарэшце перакладзены на “братнія” ўсходнеславянскія мовы. Прычым на абедзьве бадай адначасова (па-беларуску — у часопісе “ARCHE”).

Камэнтуючы ў прыватнай размове расейскае выданьне, маскоўскі крытык Ільля Кукулін засумняваўся наконт таго, што гэтая кніга станецца бэстсэлерам. Але, незважаючы на ягоны скепсыс, людзі яе чытаюць актыўна ды з радасьцю, і таму можна меркаваць, што неўзабаве раман зойме месца на палічцы “калясавецкіх” артэфактаў — зусім недалёка ад “Масквы—Петушкоў”.

Вызначаць, колькі ды якіх прыёмаў у “Маскавіядзе” было ўжыта і што твор мае супольнага з усімі гэтымі постмадэрновымі дактрынамі, мне падалося заняткам нявартым. Момант непаразуменьня, які ўзьнікае з-за таго, што той ці іншы тэкст знаходзіцца акурат на мяжы паміж проста рэальнасьцю і рэальнасьцю кніжнай, трэба вырашаць на карысьць рэальнай рэальнасьці. Я паехаў ў Маскву. Па мясьцінах Ота фон Ф.

 

* * *

“Выходзячы зь цягніка “Масква—Менск”, адчуваеш, нібыта ты патрапіў у нейкае іншае вымярэньне…” Гэта не цытата, гэта шаблён. Прыблізна так пачынаюцца артыкулы расейскіх журналістаў, якіх шчыры клопат пра “меншых братоў” раз-пораз заносіць да нас.

Выходзячы зь цягніка “Менск—Масква”, я не адчуў, што патрапіў у іншае вымярэньне. Убачанае можна акрэсьліць як сымбіёз таго, што цяпер не без гідлівасьці называюць “саўком”, і не нашмат больш любай для мяне атрыбутыкі грамадзтва спажываньня.

Узоры старой культуры паступова блякнуць. Сьціраецца фарба, абсыпаюцца “сярпастамалаткастыя” барэльефы, а ў будынках, спрэс завешаных вялізарнымі рэклямнымі плякатамі, не адразу адчуваецца прыналежнасьць да савецкай архітэктуры.

Наколькі арганічна яны спалучаюцца з рознымі там “уінстанамі й сымэнсамі”! Шырокія маскоўскія вуліцы нібыта адмыслова былі створаныя для таго, каб “правільныя рабяты” маглі расьсякаць іх на джыпах.

Так што ня трэба казаць. Карані новай рэальнасьці адназначна былі ў старой.

* * *

Зорка, што асьвятляе шлях усяму прагрэсіўнаму чалавецтву, таксама паблякла. Прычым у літаральным сэнсе. Ці гэта мэрыя ашчаджае грошы, ці “сьветач” вымагае капітальнага рамонту, але здалёк зорку на Спаскай вежы, бадай, і не заўважыш. Асабліва на тле ўпрыгожанай, бы ёлка, “первопрестольной”. Зорка здаецца агеньчыкам цыгарэты ў параўнаньні зь недалёкімі цыкляпічнага памеру “бігбордамі”, што нікуды нас ня клічуць, а проста намаўляюць купіць кававарку “LG”.

* * *

Шпацыруючы па брудных, мокрых, поўных спрадвечна незадаволеных людзей маскоўскіх вуліцах, я згадваў, як адзін сябрук надоечы казаў, нібы Ўсход пасьля падзеньня жалезнай заслоны запазычыў у заходняй культуры самае горшае. І ня мог зь ім не пагадзіцца.

Не, я не шкадаваў тады, што сярод запазычанага не было звычкі чытаць Эліята ці гадаваць прыгожанькіх дэкаратыўных парсючкоў.

А вось наконт заходняй чысьціні… Па-савецку брудныя вуліцы разам з тыпова заходнімі хваробамі накшталт наркаманіі — вось яна, квінтэсэнцыя цяперашняга маскоўскага жыцьця.

Наагул, занадта шмат хваробаў.

* * *

Інтэрнат літінстытуту, у якім жыў Ота фон Ф., за ўсе гэтыя гады, відаць, не зьмяніўся. Зьніклі спарторг Яша ды беларускі пісьменьнік Ермалайчык, які сябраваў з паненкай, што мела вельмі спэцыфічны цялесны недахоп. Вызваленыя імі месцы былі імкліва заселеныя новымі заваёўнікамі сталіцы. Але ўсё засталося такім самым. “Тутэйшыя сюжэты настолькі аднастайныя й паўтаральныя, што мы, відавочна, маем стасункі зь мітам”, — пісаў аўтар “Маскавіяды”.

Так што можна было і не “завісаць” у тым інтэрнаце ў сябрука, задаволіўшыся Андруховічавым апісаньнем гэтага так і не адрамантаванага з тых часоў будынку. Пагатоў, ён нічым ня розьніцца ад якой-кольвечы іншай нерамантаванай “абшчагі”.

А той устаноўлены экспэрымэнтальным чынам факт, што, мыючыся ў мужчынскім душы, аніяк не пачуеш мяккага сьпеву з жаночага і, адпаведна, сцэна каханьня Ота фон Ф. з прывабнай малаазійкай ёсьць папросту аўтарскай фантазіяй, таксама ня дужа цешыць.

Зрэшты, да галерэі вобразаў “Маскавіяды” маімі стараньнямі можна далучыць яшчэ аднаго яскравага пэрсанажа. Які, дарэчы, цалкам дапасуецца да ўжо існых. Гэта пра яго “цытаваў” Андруховіч верш аднога генія:

Замри, Эстонь! Литва, дрожи!

Ты русский х… еще увидишь!

Ня так даўно ў Латвіі колькі “лімонаўцаў” вырашылі паказаць “русский х…” — з муляжом гранаты і захопам будынку. Тугія на жарты прыбалты ўспрынялі ўсё ўсур’ёз ды ўпяклі “стрыптызёраў” на пятнаццаць год за тэрарызм.

У тых месцах, куды гэтыя хлопцы патрапілі, ім было вельмі кепска — бо расейскіх фашыстаў і там ня любяць. Але праз пару год “лімонаўцаў” адпусьцілі, адразу дэпартаваўшы за межы краіны.

І вось адзін зь іх пасьля ўсіх выпрабаваньняў прыехаў у Маскву, паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ды сьпіць цяпер, можа, на ложку Ота фон Ф. Ён ходзіць па “абшчазе” ў спэцназаўскім строі ды моцна нэрвуецца, сустракаючы на калідоры свайго суседа — беларуса Зьмітра Вішнёва.

Зьміцер, як тарэадор, дражніць яго парай-тройкай бел-чырвона-белых тырадаў ды адразу хаваецца ў свой пакой. Хоць кажа, што ворагаў не баіцца.

* * *

Калярыт кніжцы Андруховіча надаюць ягоныя апэляцыі ня толькі да праяваў маскоўскай рэчаіснасьці (піўнякі, куды трэба ісьці са сваімі слоікамі), але таксама і да “прапісаных” у тым самым часе мітаў. Акурат у тыя часы, калі Ота фон Ф. сноўдаўся па ўсё яшчэ сталіцы, пайшла пагалоска, нібыта ў маскоўскім мэтро зьявіліся мэтровай даўжыні пацукі, што харчуюцца чалавечынай. Вельмі этапны момант, які кожны з нас перажыў, але, бадай, ніхто не запомніў. Бо калі ў Савецкім Саюзе магчымае такое — значыць, гэтаму Саюзу сапраўды прысьніўся Кабзон.

Пацукоў я ў Маскве ня бачыў. Затое былі сабакі.

…Яны спачывалі ля самага выхаду з мэтро — там, дзе шкляныя дзьверы з надпісам “Входа нет”. Дванаццаць (!) братоў, сястрычак, мамаў, татаў, а таксама сваякоў ды знаёмцаў, памеры якіх не перавышалі “рэквізытаў” сярэднестатыстычнага рызэншнаўцэра, мірна глядзелі свае сабачыя сны.

Непадалёк ад іх, на такой самай бруднай падлозе, спалі людзі — пара-тройка бамжоў. Здаецца, сярод усёй гэтай “пераходнай” папуляцыі даўно і назаўсёды былі ўсталяваныя спакой ды роўнасьць у правох. І аніякага сацыяльнага дарвінізму.

* * *

Адаптуючы атрыбуты заходняга сьвету да сваіх патрэбаў, постсавецкае грамадзтва выявілася даволі пераборлівым. І разам з “МакДональдзамі” ды “бігбордамі” чамусьці не запазычыла такіх неад’емных для эўрапейскіх гарадоў інстытуцыяў, як начлежкі. У выніку вуліцы абсалютна ўсіх сталіцаў “СНД і краінаў Балтыі” ўпрыгожылі постаці, нібы з экранаў агітацыйных фільмаў пра “сьвет кантрастаў”.

Незважаючы на ўсе рэпрэсіўныя лужкоўскія меры, у Маскве гэтага народу шматкроць больш, чым дзе-кольвечы. І выглядае ён больш калярытна.

У людзей на вуліцах яны выклікаюць неймавернае раздражненьне. Быць жабраком у “чульлівай” Расеі нашмат горш, чым у “пэдантычнай” Нямеччыне ці якой Францыі. І ня толькі таму, што народ бяднейшы.

На Захадзе ёсьць ня толькі заможнасьць, але й стабільнасьць. На постсавецкай прасторы — ані першага, ані другога. І ёсьць страх страціць нават гэтую апошнюю “чарку ды скварку” — страх настолькі моцны, што пры дапамозе яго нават можна перамагаць на прэзыдэнцкіх выбарах.

Гледзячы на гэтыя жудасныя твары, мы міжволі бачым адзін з варыянтаў таго, што можа стацца з намі. Ненавідзячы бамжоў (а гэтае пачуцьцё распаўсюджваецца ўсё больш і больш), мы ненавідзім саміх сябе — у самым зьненавідным варыянце сваёй будучыні.

…Гэткія думкі мне прыйшлі ў галаву ў атмасфэры татальнае суладнасьці ды любові, што панавала ў агульным вагоне цягніка “Масква—Менск”, бітма забітым “працоўнымі мігрантамі” зь беларускіх мястэчак. Яны вярталіся дахаты, да жонак зь дзецьмі, везьлі грошы й пачастункі. Усе пілі, мы таксама. Нейкі дзядзька з Воршы ветліва пацікавіўся адносна мовы, на якой мы размаўляем. Мы зь ім выпілі, і я сказаў прамову…

* * *

…Андруховічаў Ота фон Ф., колькі б алькаголю ён у сябе ні заліваў, — гэта зусім ня тое, што “аўтагерой” Венечкі зь ягонымі “Петушкамі”. На навакольны сьвет ён глядзіць хутчэй вачыма аўтара “Тропіку Рака”, які замест Парыжу апынуўся ў Маскве.

Аналёгіі зь ім тут у любым выпадку непазьбежныя. Мілер паказаў усяму сьвету, што пісьменьнік можа быць “нехарошым” і беспакарана грашыць супраць усіх нормаў, матывуючы гэта тым, што ён чалавек. Дрэнны прыклад заразьлівы, і індывідуальны жыцьцёва-літаратурны досьвед (досыць спрэчны з маральнага пункту гледжаньня) выглядае цяпер на сапраўдны архетып, зьвяртацца да якога лічаць за гонар дзясяткі творцаў.

* * *

Калі, зь вялікай цяжкасьцю абуджанае добразычліўцамі, маё цела перасягнула межы цягніка ды ўрэшце кранулася роднай зямлі, я не адчуў, што вярнуўся дахаты з-за мяжы. Не адчуў ані наканаванай мне, згодна са школьнай праграмай па беларускай літаратуры, радасьці, ані смутку, якога я, дарэчы, не адчуваю нават па вяртаньні з самых далёкіх і ўдалых вандровак. Увогуле анічога не адчуў — апроч жаданьня спаць.

Як быццам цягнік прывёз мяне зь нейкага там Урупінску, Жытоміру, Арэхава-Зуева, Новалукомлю… З таго месца, куды езьдзяць толькі ў камандзіроўку “па настойлівай просьбе” шэфа.

* * *

Але ж Масква (прынамсі, у сьвядомасьці) — гэта не які-небудзь Урупінск ці Грубахапырск. Масква — гэта сымбаль. Гэта знак. Памятаеце вялікую зорачку на мапе ў кабінэце геаграфіі?

Аднак сымбаль чаго? Ці засталося яму што сымбалізаваць?

Адзін вядомы польскі мастак сказаў мне, што ня дужа мае ахвоту рабіць нейкія праекты ў Маскве. “Ведаеш, кепскія ў нас наконт гэтага ўспаміны”, — патлумачыў ён.

Масква яшчэ няхутка стане для беларусаў (украінцаў, палякаў…) тым, чым яна сапраўды ёсьць. Горадам, дзе прадаюцца досыць смачныя францускія гот-догі, а ў пераходзе каля Рыскага нейкі падобны да састарэлага Пушкіна мужчына прапануе абыякавай публіцы “электрычны ачышчальнік біяполя”.

Сымон д’А. з-пад Бялынічаў


Юры Андруховіч

Маскавіяда

Гэта горад тысячы й адной катавальні. Высокі фарпост Усходу перад заваяваньнем Захаду. Апошні горад Азіі, ад п’яных жахаў якога панічна ўцякалі зьнякроўленыя й германізаваныя манархі. Горад сыфілісу й хуліганаў, улюбёная казка ўзброеных галадранцаў. Горад бальшавіцкага ампіру з высознымі пачварамі наркаматаў, з таемнымі пад’ездамі, забароненымі прысадамі, горад канцлягераў, нацэлены ў неба сьпічакамі скамянелых гігантаў. Насельнікі тутэйшых вязьніцаў маглі б скласьці адну з эўрапейскіх нацыяў. Горад гранітных вэнзэляў ды мармуровага калосься й пяцікутных зорак памерам з сонца. Ён умее адно пажыраць, гэты горад загаджаных ванітамі падворкаў і перакошаных дашчаных платоў у засыпаных таполевым пухам завулках з дэспатычнымі назовамі — Садова-Чалабіцьцеўскі, Кутузава-Тарханны, Нова-Палачоўскі, Дубінава-Зашыбееўскі, Мала-Акцябрска-Кладбішчанскі…

Гэта горад стратаў. Добра было б зраўнаваць яго зь зямлёю. Насадзіць ізноў глухія фінскія лясы, якія былі тут раней, разьвесьці мядзьведзяў, ласёў, казуляў — хай пасьвяцца вакол парослых імхамі крамлёўскіх абломкаў, хай плаваюць акуні ў ажылых маскоўскіх водах, дзікія пчолы хай засяроджана зьбіраюць мёд у пахкіх глыбачэзных дуплах. Трэба даць гэтай зямлі адпачынак ад яе злачыннай сталіцы. Можа, тады яна выявіццца здольнаю на нешта добрае. Бо ня вечна ж ёй атручваць сьвет бацыламі зла, прыгнёту й агрэсіўнага тупога руйнаваньня!

І ў гэтым, мае спадары й спадарыні, палягае задача задач, неабходная перадумова для выжываньня чалавецтва, і на гэтым хай засяродзіць свой патас уся цывілізацыя вялікіх народаў сучаснасьці — бяз кроплі пралітай крыві, бязь ценю гвалту, выкарыстоўваючы адно гуманныя парлямэнцкія мэтады, зраўнаваць Маскву, за выняткам, магчыма, пары цэркваў ды манастыроў, зь зямлёю, і на яе месцы стварыць зялёны запаведнік кіслароду, сьвятла й адраджэньня. Адно ў такім выпадку можа ісьці гаворка пра нейкую будучыню для ўсіх нас на гэтай плянэце, майнэ дамэн унд герэн! Дзякую за ўвагу. (Агульныя воплескі, усе ўстаюць і сьпяваюць “Оду да радасьці” Бэтховэна, словы Шылера.)

Але гэта адно толькі твая асабістая п’яная думка, фон Ф. І яна можа зусім не супадаць. То бок фатальна не супадаць ані з чым. І стратам людзкім ня будзе канца на гэтай зямлі.

 

Пераклад Андрэя Хадановіча, часопіс “Arche” — “Украінскі нумар”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0