Віктар Шніп

Храмы

На вуліцы разводзьдзе. На падыржавелым за зіму возе мяне і сястру Валю бацькі вязуць у Дубравы ў царкву хрысьціць. Нашы будучыя хрышчоныя — бацькаў брат Славік і маміна сястра Аля — трымаюць нас на руках, як жывых лялек. Мне пайшоў ужо другі год, але я раву як рэзаны. Бацька злуецца: “Вот ты, Ніна, выдумала нейкую язду ў царкву. Прывезьлі б дахаты папа — і ўсё было б як трэба…” Усе маўчаць, а я раву. Недзе там, за гарою, царква…

 

На Радаўніцу з бабуляй Ганнай адведалі ў Крывічах магілку майго дзеда Міхася. Я, як толькі можа пяцігадовы хлапчук, дапамог бабулі вырваць з грудка траву і пасыпаць яго жоўтым пясочкам. Падфарбавалі абгародку, паклалі каля крыжа некалькі велікодных яек. Дачакаліся бацюшку, які хадзіў па могілках і маліўся за памерлых. Калі сабраліся ісьці дахаты, наляцеў моцны вецер, наўкол пацямнела. Загрымеў першы вясновы гром, узьляцелі з дрэваў, як сухое чорнае лісьце, вароны. “Пабеглі хутчэй дамоў!..” — занепакоіўся я, але бабуля ўзяла мяне за руку і хуценька павяла ў царкву. У Храме было шмат людзей і сьветла…

З бацькам на возе едзем у Гарадок да жыда, здаваць агрэст. Па дарозе распытваю, дзе што і чаму ўсё так, а не іначай. Бацька ў добрым настроі і расказвае мне з ахвотай пра ўсё на сьвеце. Едзем каля могілак. Бацька спыняе каня і вядзе мяне на могілкі паказваць, дзе і хто пахаваны. У самім Гарадку спыняемся каля рэшткаў царквы, бацька мяне заводзіць у сьцены і кажа: “Паглядзі ў неба…” Я гляджу, а ён пытаецца: “Што бачыш?” — “Неба…” — адказваю я. — “А ў небе?” Я маўчу, а бацька кажа: “А там Бог…”

У школе я добра бегаў, і мяне павезьлі на спаборніцтвы ў Ракаў. Прабег нядрэнна. Да аўтобуса дахаты было яшчэ шмат часу, і нам дазволілі пабадзяцца па мястэчку. Наш фізрук некуды сышоў, старэйшыя хлопцы пайшлі піць чарніла, а я застаўся адзін. Куды пайсьці? І я пайшоў у царкву, каб, як мяне вучыла бабуля, паслухаць Божаньку. Зачынена. Далей за хатамі бачыўся высокі прыгожы касьцёл. Падышоў да яго. Дзьверы адчыненыя. Заходжу, а там змрочна і конь з возам, зь якога людзі згружаюць нейкія вялізныя мяшкі. Едучы дамоў, пра сваю вандроўку па Ракаве я расказаў фізруку. А той усьміхнуўся і сказаў: “У касьцёл у мяшках прывезьлі новых грэшнікаў, і цяпер усю ноч будуць зь іх малоць муку. Будзеш грашыць — і цябе зьмелюць…”

У сярэдзіне 80-х, калі людзі перасталі баяцца хадзіць у Храмы, мая сястра Валя папрасіла мяне быць хрышчоным бацькам ейнага сына. Я згадзіўся, і мы паехалі ў Ракаў у царкву. Людзей у Храме не было. І бацюшка, атрымаўшы, што яму на той дзень Бог паслаў, пацікавіўся: “Як будзем хрысьціць младзенца: па поўнай праграме ці па скарочанай?” Майму швагру якраз не выпадала расьцягваць сьвятую працэдуру, і ён згадзіўся на “кароткую праграму”. Гадавалы Сярожа роў у мяне на руках, а я кусаў вусны, каб не засьмяяцца, успомніўшы недзе вычытанае: “Харашо гарланіць. Відаць, камсамольскім важаком будзе…”

Аднойчы ў інтэрнат Літінстытуту да мяне зайшоў Валеры Казакоў, расейскі паэт, які нарадзіўся ў Беларусі. Пагаварыўшы пра жыцьцё-быцьцё, ён прапанаваў: “Паехалі да мяне ў госьці. Я цябе хоць пакармлю нармальнай ежай…” Жыў Валера далёка, на ўскрайку Масквы. Перш чым ехаць да яго, мы вырашылі прайсьціся па вуліцах вячэрняга гораду. Ішлі доўга, і я думаў, што Валера мяне вядзе ў нейкі рэстаран. А прыйшлі ў царкву. Зямляк купіў сьвечкі, і мы іх запалілі за нашу Беларусь. Дома, пачаставаўшы, Валера даў мне пачытаць перад сном Біблію. На той час сьвятыя кніжкі былі рэдкасьцю, і я зачытаўся гадзіны да другой ночы. Хацеў пасьля заснуць, але ня змог — у галаве круціліся словы: “И всё это суета сует и томление духа под солнцем…” У пяць гадзінаў раніцы я апрануўся і, нічога не сказаўшы Валеру, паехаў да сябе ў інтэрнат…

У падмаскоўны Загорск, у Сергіеву лаўру, я езьдзіў на вялікія сьвяты. Апошнім разам паехаў зь Людмілай. Трапілі мы туды якраз празь некалькі дзён пасьля вялікага пажару — гарэлі кельлі манахаў. Залатыя купалы Храмаў, пачарнелыя ад дыму сьцены манаскага будынку, чорныя вялікія вароны на яшчэ чорных голых дрэвах, манахі ў чорным, як цені зь мінулага, і мая Людміла сярод усяго гэтага, як Рагнеда…

У які горад ці мястэчка ні прыеду, першае, што хочацца ўбачыць і куды схадзіць, — гэта Храм. Пасьля чарговага “Сьвята паэзіі ў Ракуцёўшчыне” госьці са сталіцы, у тым ліку і я, ідучы па дарозе да электрычкі, зайшлі ў царкву, каб паставіць сьвечкі па Максіме Багдановічу. Сьледам за намі заляцела сінічка і, пакуль мы былі ў Храме, лётала пад купалам...

Калі жыў у цешчы каля Кальварыйскіх могілак, часта хадзіў зь Людмілай да магілы Янкі Лучыны. Час ад часу заглядалі і ў касьцёл. Не маліліся, бо праваслаўныя, а проста стаялі і слухалі малітвы. Цяпер на Кальварыйскія могілкі ходзім і да Вячаслава Адамчыка зь Яўгенам Куліком…

У Дубравах на руінах Храму ў канцы 80-х, відаць, каб прыцягнуць увагу да разбуранай сьвятыні, нехта фарбай напісаў: “Тут хрысьцілі Янку Купалу!” Але і гэты сьвяты падман не ўратаваў сьценаў Храму…


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0