Бібліятэка

 

Запісы: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва.Т. 25. — New York—Менск, 2001.

“Запісы” — акадэмічнае, выглядам і зьместам строгае выданьне Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Як пазначана на тытульным аркушы, гэты том прысьвечаны 50-м угодкам Інстытуту, заснаванага ў 1951 г. Цудоўная, здавалася б, нагода азірнуцца назад і падвесьці вынікі. Але рэдактары ”Запісаў” ані пра юбілей, ані пра свой Інстытут не прыгадалі. Ні віншавальных лістоў, ні сьвяточнай справаздачы пра навуковую дзейнасьць, ні плянаў на будучыню. Дзе Інстытут цяпер, чым займаецца? Інфармацыі да Беларусі даходзіць замала. Здаецца, ён дзее ўжо і ў нас. Так, у гэтым томе “Запісаў” як працаўнікі Інстытуту пазначаны Ванкарэм Нікіфаровіч (Чыкага) і Зьміцер Саўка (Менск). Астатнія 9 аўтараў артыкулаў — з розных беларускіх установаў: Інстытуту гісторыі, Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук, унівэрсытэту культуры, — а таксама з Прагі, Лёндану, Варшавы, Нью-Ёрку. Увесь сьвет цікавіцца беларусістыкай і жывіць “Запісы”.

Том адкрываецца вялікім аглядным артыкулам Галіны Сяргеевай “Беларуская дыяспара ў нацыянальнай гістарыяграфіі ХХ ст.”. Ян Максімюк аглядае паваенныя ўзаемаадносіны Рады БНР і Беларускай цэнтральнай рады. Гэта зроблена як бы збоку, бяз лаянкі, што выгодна розьніць гэты матэрыял ад твораў шчырых прыхільнікаў абедзьвюх Радаў. Генадзь Сагановіч зь вялікай павагай піша пра значэньне прац беларускага гісторыка на эміграцыі Вітаўта Тумаша. Настасься Гулак без асаблівай павагі друкуе вы-трымкі з запісак Пятра Бяссонава — вядомага славянафіла і русіфікатара Беларусі ў 1860-я. Запіскі ўтрымліваюць так многа тагачасных тонкіх намёкаў, што бывае цяжка ўнікнуць у іхны зьмест. З архіваў БІНіМу друкуюцца праца Кветкі Вітан-Дубейкаўскай пра даваенную Вільню і апавяданьне Ўладзімера Глыбіннага “Тэстамэнт” (пра часы “Вялікага пералому”).

Завяршаюць 25-ы том “Запісаў” рэцэнзіі і хроніка навукова-культурнага жыцьця ў замежжы. Цікава, што “замежжа” для гэтага амэрыканскага часопісу — гэта Амэрыка і ёсьць.

Валеры Пазьнякоў

Замовіць альманах “Запісы БІНіМ” можна праз т. 237-44-58 (20.00—22.00) або пэйдж. 289-12-12, аб.77327 (у любы час). Нядорага.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0