ліст у рэдакцыю

Тлён, Укбар, Арлоў

Той, для каго нешта значыць імя Хорхе Люіса Борхеса, павінен памятаць трывожнае мігценьне люстэрка ў глыбіні калідору летняга дому на вуліцы Гаона ў Рамос-Мэхія, зь цёплага прыцемку якога выплыў сюжэт навэлі пра стварэньне фантастычнага Тлёну – сьвету са сваёй гісторыяй, літаратурай, філязофіяй etc., што неўзабаве пачалі дыфузіяваць у рэальнасьць, пасьпяхова захінаючы яе мітамі, народжанымі розумам таемнага брацтва таленавітых вучоных і геніяльных авантурнікаў.

Шчасьлівую магчымасьць апынуцца ва ўтульным палоне літаратурных рэмінісцэнцыяў падарыў мне сьвежы нумар часопісу “Крыніца”, якому, карыстаючыся нагодай, выказваю шчырую ўдзячнасьць за ўвагу да маёй сьціплай пэрсоны, што адлюстравалася як у шэрагу літаратуразнаўчых тэкстаў, так і ў публікацыі майго апавяданьня “Ордэн Белай Мышы” – твору з кароткім, але ўжо даволі пакручастым лёсам.

Ці трэба казаць, што ў такіх выпадках аб’ект дасьледаваньня зазвычай даведваецца пра сябе і калегаў шмат новага і нават прыемнага (напрыклад, што ўжо прафэсійна прачытаная ягоная апошняя кніга “Сны імпэратара”). Зрэшты, як заўважыў некалі Сальвадор Далі, галоўнае – каб пра цябе згадвалі, няхай нават і добра.

Але некаторыя зь літаратуразнаўцаў, якім ласкава аддала свае старонкі “Крыніца”, пайшлі значна далей, лішні раз пацьвердзіўшы, што не літаратура насьледуе жыцьцю, а якраз наадварот.

У навэлі славутага аргентынца “Тлён, Укбар, Orbis Tertius” усё пачыналася зь бібліяграфіі, а менавіта з кнігаў і асобных твораў, што так і не ўдалося адшукаць, што ніколі й не былі напісаныя, аднак, тым ня менш, мелі велізарны ўплыў на будучыню. Уявіце маё радаснае зьдзіўленьне й натуральны гонар, калі я знайшоў у “Крыніцы” ледзь не дзясятак назваў твораў, якія нібыта выйшлі з-пад майго пяра, але пра існаваньне якіх я дагэтуль часам і не падазраваў. Да прыкладу, пра шыкоўна ілюстраванае выданьне “Ў пошуках украдзенага скарбу” ці пра кнігі “Крыж Ефрасіньні Полацкай” і “Таямніцы Полацкай зямлі”. Усьцешлівым адкрыцьцём сталася й наяўнасьць сярод маёй творчай спадчыны апавяданьня “Каханак імпэратрыцы” або верша “Бабачка зь Пятай авэню”, прычым гэтыя тэксты ня проста згадваліся, а грунтоўна аналізаваліся – у прыватнасьці, на прадмет “падсьвядомага імкненьня травэстыцыі збэшчваньня сакральнага”.

Выказваючы захапленьне адвагаю асобных літаратуразнаўцаў, я выдатна ўсьведамляю, на які доўгі й складаны шлях яны ступілі. На гэтым шляху, дарэчы, свой плён можа прынесьці і такая, на першы погляд, дробязь, як сыстэматычныя заняткі роднай мовай, бо некаторыя з назваў прапанаванай чытачу “паралельнай” бібліяграфіі яўна вымагаюць карэктаваньня з гледзішча лексыкі. (Як адзін з варыянтаў, прапаную “Бабачку зь Пятай авэню” замяніць на такога ж няіснага, але, прынамсі, больш пісьменнага “Матылька…”)

Сама ж веліч задуманага не падлягае сумневу. Застаецца выказаць поўнае глыбокай самапавагі спадзяваньне, што ў арбіту гэтай стваральнай працы будуць уцягвацца ўсё новыя й новыя прафэсіяналы й аматары. Першыя прыклады да-зваляюць глядзець наперад з аптымізмам: найбольш паважанае з айчынных інфармацыйных агенцтваў ужо другі раз паведамляе пра новую кнігу Ўладзімера Арлова, прапаноўваючы чытачам на выбар дзьве назвы – “Сын імпэратара” або “Сон імпэратара”, а юная журналістка (відавочна, захопленая згаданай вышэй травэстыцыяй збэшчваньня сакральнага) віртуозна мяняе парачку літараў і замілавана піша пра апошняе надрукаванае “Крыніцаю” апавяданьне У.Арлова “Орган белай мышы”.

Уладзімер Арлоў

Укбар, Тлён

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0