З усёй краіны

 

БПСМ сядзіць без заробкаў

Cуд загадаў БПСМ на працягу 10 дзён выплаціць скарочанай супрацоўніцы Гарадоцкага райкаму гэтай арганізацыі Алене Паршонак затрыманы заробак, належную па скарачэньні дапамогу і кампэнсацыю за пратэрмінаваны плацеж. Супрацоўнікі апарату БПСМ на Віцебшчыне ўжо 4 месяцы не атрымліваюць заробкаў. Фінансавыя праблемы пачаліся пасьля перарэгістрацыі, калі БПСМ была дазволеная камэрцыйная дзейнасьць. Тым, хто “быў за бацьку” на апошніх выбарах, прапанавалі зарабляць самастойна. Кіраўніцтва БПСМ накіравала праект рашэньня аб фінансаваньні арганізацыі празь Мінфін з сродкаў рэзэрвовага прэзыдэнцкага фонду, але “бацька” не сьпяшаецца падпісваць дакумэнт. У структурах БПСМ рыхтуюцца да далейшых скарачэньняў.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

Другі тур конкурсу гімнаў

9 красавіка ў канцэртнай зале Белдзяржфілярмоніі адбыўся другі тур конкурсу на Дзяржаўны гімн РБ. У выкананьні духавога аркестру, а таксама аркестру і хору камісія праслухоўвала 3 варыянты музыкі і 4 — тэксту, бо на мэлёдыю Несьцера Сакалоўскага працягваюць прэтэндаваць два варыянты словаў — Уладзімера Карызны і Зьмітрака Марозава. Яны ня дужа розьняцца адзін ад аднаго. У варыянце Карызны знакаміта-рабскае “з братняю Русьсю” захавалася ў першым радку, а Марозаў пераносіць згадку пра Русь у прыпеў: “Веліч братэрства, поступ адзіны / З намі адвеку магутная Русь”. Разам зь імі разглядаюцца “Радзіма мая дарагая” і “Красуй, Беларусь”. Конкурс працягваецца.

Б.Т.

Памерла найстарэйшая жыхарка Зямлі

У сакавіку памёр самы стары чалавек Зямлі — жыхарка Пінску Ўсьціньня Жарнасек (“НН” пісала пра яе сёлета ў № 8 ад 22 лютага). Ёй было 116 гадоў. На сёньня ў Пінску жывуць чатыры кабеты, старэйшыя за 100 гадоў. Праз тыдзень да іх далучыцца яшчэ адна.

Цяпер самай старой жыхаркай плянэты засталася 114-гадовая японка Камата Хонга. Горад Кагасыма — радзіма Камата Хонга — славіцца доўгім векам сваіх насельнікаў. Сама ж Камата Хонга перакананая, што прычына ейнага доўгажыхарства — тое, як яна харчуецца. Улюбёныя стравы японкі — сасымі (тонка нарэзаная сырая рыба), рысавае віно й зялёная гарбата. Вызначаецца Камата Хонга й адмысловым рэжымам: двое сутак запар яна сьпіць, а потым двое сутак ня сьпіць.

Цікава, што наагул самым старым мужчынам Зямлі быў таксама японец — Сігесіё Ідзумі, народжаны ў 1865 г. Ён сканаў у 120-гадовым веку ад запаленьня лёгкіх. А сярод кабетаў найдаўжэй пражыла на сьвеце францужанка Жанна Кальман: яна памерла ў 1997 г., пражыўшы 122 гады і 8 месяцаў.

Герантолягі (навукоўцы, што займаюцца праблемамі старэньня жывых арганізмаў) кажуць, што ў ХХІІ ст. сярэдняя працягласьць чалавечага жыцьця дасягне 150 гадоў. Навукоўцы цьвердзяць, што асноўныя праблемы, якія перашкаджаюць сёньняшнім пэнсіянэрам гэтак доўга жыць, — гэта паленьне, схільнасьць да тлустае ежы й недастаткова актыўны лад жыцьця.

Аркадзь Шанскі

Перасядзем на “Боінгі”

Ужо сёлета ў беларускім авіяпарку могуць зьявіцца сучасныя самалёты заходняй вытворчасьці, кажа старшыня Дзяржкамітэту па авіяцыі Фёдар Іваноў. Такія лайнэры адпавядалі б новым патрабаваньням Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі па ўзроўні шуму. Самалёты (хутчэй за ўсё — “Боінгі- 737-500”) будуць набывацца ў лізынг, з прыцягненьнем інвэстыцыяў. Пары-тройкі лайнэраў хопіць, каб аднавіць неабходныя рэйсы. А пакуль што “Белавія” вымушана спыніла палёты ў шэраг эўрапейскіх сталіцаў, у прыватнасьці Парыж і Вену.

Сафію не аддалі праваслаўным

Полацкая Сафія ня будзе перададзеная праваслаўнай царкве. Паводле словаў дырэктара Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка Мікалая Ільніцкага, сабор цудоўна функцыянуе і ў цяперашнім статусе: музэй летась наведалі 273 тысячы турыстаў, і гэтая лічба штогод узрастае на 15—20 тыс. У найбліжэйшы час тут мае адкрыцца XVI Міжнародны фэстываль старажытнай і сучаснай камэрнай музыкі. Праваслаўныя ж службы ў Сафіі будуць ладзіцца толькі ў вялікія рэлігійныя сьвяты.

Будзе помнік партызанам

Помнік беларускім партызанам паўстане на скрыжаваньні Партызанскага праспэкту й вуліцы Енісейскай у Менску. Ён будзе мець выгляд калёны, завершанай сымбалічнай скульптурай Беларусі-партызанкі.

Злавілі рабаўніка

Затрыманы адзін з рабаўнікоў офісу Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. 15 лютага двое бандытаў уварваліся ў офіс ЗБС, зьбілі супрацоўнікаў ды скралі кампутарную тэхніку. Міліцыянты, якія расьсьледуюць гэтае злачынства, кажуць, што затрыманьне другога бандыта — толькі справа часу.

Б.Т.

У “Крыніцы” апісалі прынтэр

У мінулы чацьвер у рэдакцыі часопісу “Крыніца” зьявіўся падатковы інспэктар, каб апісаць маёмасьць за пазыкі. На 1 красавіка “Крыніца” завінавацілася дзяржаве 63 тысячы рублёў. За гэтую мізэрную суму быў апісаны рэдакцыйны прынтэр. Цяпер ён фармальна належыць падатковым органам, хоць і знаходзіцца ў рэдакцыі: супрацоўнікі могуць ім карыстацца, але ня могуць прадаць.

Галоўная рэдактарка “Крыніцы” Ала Канапелька кажа, што грашовыя праблемы ўзьніклі таму, што рэдакцыя дагэтуль не атрымала абяцанае дзяржаўнае датацыі. Фінансаваньня, якое атрымлівае “Крыніца”, ледзь стае на выданьне нумароў часопісу. Самі супрацоўнікі заробку не атрымліваюць. “Мы маем абавязкі перад чытачамі, таму працуем зусім без зарплаты”, — зазначыла спн.Канапелька.

Аркадзь Шанскі

БУРЫ ВУГАЛЬ пачнуць здабываць у Петрыкаўскім раёне — мільён тонаў у год. Запасы тамтэйшага радовішча геолягі ацэньваюць недзе ў 35 млн. тонаў.

ТАТАЛЬНУЮ ПРАВЕРКУ КВАТЭРАЎ ладзяць улады Гомелю. Выяўляюць, ці не здаюцца памяшканьні кватарантам. Сёньня афіцыйна здаюць свае кватэры толькі 299 гомельцаў, тады як насамрэч гэтым займаюцца 3—4 тыс. чалавек. Уласьнікаў “лішніх” кватэраў абмінаць рэгістрацыю прымушаюць вялікія падаткі — па 1 базавай велічыні (цяпер 10 тыс. руб.) за кожны пакой.

3-МІЛЬЁННЫ ТЭЛЕФОННЫ АБАНЭНТ зьявіўся на гэтым тыдні ў Беларусі. Усталяваньня тэлефону чакаюць яшчэ каля 440 тыс. беларусаў.

НА 25% БОЛЕЙ давядзецца плаціць за сьвятло. Цяпер кіляват-гадзіна электраэнэргіі ў дамах з газавымі плітамі каштуе 30, а ў дамах з электраплітамі — 21,8 руб. Адначасова ў зьвязку з інфляцыяй праіндэксаваныя камунальныя тарыфы, таму ў красавіку ацяпленьне, ліфты, гарачая вада і вываз сьмецьця падаражэлі на 4%.

СПРАВУ АБ БАНКРУЦТВЕ “Беларускага біржавога банку” рыхтуе гаспадарчы суд. У “БББ” замала ўласнага капіталу, што супярэчыць заканадаўству. Месяц таму банку забаранілі прымаць новыя ўклады ад насельніцтва, а на мінулым тыдні пад забарону патрапілі таксама апэрацыі з прадпрыемствамі.

АД 50 ДА 100 ТЫС. РУБЛЁЎ ШТРАФУ будуць даваць кіраўнікам калгасаў і саўгасаў, у якіх на сельгасмашынах няма сьпідомэтраў. Ад 50 да 200 тыс. рублёў “сьвеціць” гаспадаркам, што ня здолеюць даць справаздачу, колькі паліва і як яны выкарысталі. Гэтак дзяржкантроль і міліцыя спрабуюць спыніць крадзяжы бэнзыну і саляркі падчас пасяўной.

ЖЫХАРАМ МАЛЫХ ВЁСАК (да 10 чалавек) у “чарнобыльскай” зоне хутка прапануюць зьехаць у буйнейшыя населеныя пункты, каб скараціць сацыяльныя выдаткі. Апроч таго, урад мае даць ільготы па падатках усім інвэстарам у забруджаныя раёны, каб стварыць новыя прадпрыемствы і папоўніць мясцовыя бюджэты.

НОВЫЯ МАРШРУТЫ прапануе беларуская чыгунка. З красавіка пачаў хадзіць цягнік Менск—Талін, нашчадак знакамітай “Чайкі”, з 3 чэрвеня ствараецца рэйс вагону Горадня—Пецярбург, а з 5 чэрвеня — цягніка Берасьце—Менск—Баку.

НА 2,5% ПАДАРАЖЭЛА ГАРЭЛКА. Агулам з пачатку году яе кошт узрос ужо на 10%.

ЧАТЫРОХПАЛОСНАЙ зробіцца ўся траса Берасьце—Менск—мяжа Расеі. На рэканструкцыю спатрэбіцца болей за 22 млн. даляраў. Працу разьлічваюць скончыць да 2005 г.

40 МЛН. ДАЛЯРАЎ склала ў пачатку красавіка запазычанасьць па заробках. Найбольш завінаваціліся сваім працаўнікам калгасы (16 млн. даляраў), прамысловыя прадпрыемствы (11,5 млн.) і саўгасы (5,1 млн.).

ЛЕКІ ПА ЛЬГОТНЫХ ЦЭНАХ на Магілёўшчыне прадаюць толькі ў экстранных выпадках, бо бюджэт вобласьці завінаваціўся тутэйшым фармацэўтам 650 тыс. даляраў. Агулам права на льготныя мэдыкамэнты мае траціна жыхароў рэгіёну.

РЭГІЯНАЛЬНЫ ПАДАТАК на ўтрыманьне інфраструктуры на Віцебшчыне павялічыўся з 2 да 3%. Грошы зьбіраюць на “Дажынкі”, што сёлета адбудуцца ў Полацку.

СКАСАВАНЫЯ ЛІЦЭНЗІІ інвэстыцыйных фондаў “Дайнова-Інвэст” і “Майскі”. Фонды меліся зьбіраць у насельніцтва прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць” і мяняць іх на акцыі прадпрыемстваў. Аднак апошнім часам гэты бізнэс сышоў на нішто: дзяржава дазваляла прыватызаваць толькі непэрспэктыўныя прадпрыемствы, у сярэднім на адну акцыю прыпадала каля 15—20 рублёў дывідэндаў, таму большасьць людзей сваіх “ваўчараў” ў фонды ня несьлі.

Сяржук Іваноўскі

Ахвяры пасяўной

Ад пачатку пасяўной ужо загінулі 6 вяскоўцаў

У Маларыцкім і Добрускім раёнах трактарыстаў зацягнула неабгароджаным карданным валам, на Ганцавіччыне адзін небарака заводзіў рухавік з “пускача” пры ўключанай перадачы, а ў Пінскім раёне мэханізатар вываліўся з кабіны трактара і трапіў пад культыватар. У Рэчыцкім раёне і на Магілеўшчыне калгасьнікі патрапілі пад колы тэхнікі па неасьцярожнасьці. Вынік жа ва ўсіх выпадках адзін: загінулі людзі.

У дэпартамэнце па ахове працы падлічылі, што кожны мільён тонаў збожжа “каштуе” 7—8 жыцьцяў вяскоўцаў. Прычыны вядомыя: калгасы і саўгасы ня маюць грошай, каб давесьці тэхніку да ладу, і часьцяком выпускаюць у поле трактары, грузавікі і камбайны без агароджаньняў, блякіровак ды яшчэ і з сапсаванымі тармазамі. “Эканомяць” таксама на спэцвопратцы, навучаньні тэхніцы бясьпекі, на штодзённых мэдычных аглядах. Дый потым, ці не ў паловы “калгасных” ахвяраў дактары канстатуюць стан моцнага атручаньня алькаголем.

С.І.

футбол

Дванаццаты — дванаццатага

У пятнiцу 12 красавiка распачынаецца 12-ы чэмпiянат краiны

БТ зьбiраецца цалкам трансьляваць матч першага туру “Дынама” (Менск) — “Гомель” (пачатак у 18.55). Некаторыя скажуць, што наш чэмпiянат малацiкавы: куды яму да Лiгi чэмпiёнаў. Аднак маем тое, што маем, i наш футбольны чэмпiянат — адна з праяваў нашага жыцьця. Ён ня можа быть нашмат лепшым або нашмат горшым, чым iншыя праявы. Каму не падабаецца — няма праблемаў, ёсьць iншыя тэлевiзiйныя каналы (як, уласна, i iншыя краiны).

Мы ўвайшлi ў другое дзесяцiгодзьдзе незалежнай беларускай футбольнай гiсторыi. За першыя дзесяць гадоў адбылося 11 чэмпiянатаў, бо два чэмпiянаты, ў 92-м i ў 95-м, былi ўсечаныя — дзеля таго каб спачатку перайсьцi на сыстэму восень-вясна, а потым вярнуцца зноў да звыклай сыстэмы.

Гэтым разам будуць гуляць 14 камандаў, як і летась. Аднак “на вылет” заплянаваная толькi адна каманда.

Намецiлi аднавiць першапачатковую колькасьць (16). Замнога ўвагi надаецца ў нас пошукам аптымальнай колькасьцi камандаў. Калi гэта сапраўды навуковы пошук i калi перайшлi былi на 14, дык трэ было спынiцца, “набраць статыстыку” за некалькi сэзонаў, каб потым прааналiзаваць стан справаў. А так выглядае на звычайную барацьбу iнтарэсаў. Тым больш што леташні чэмпiянат, — можа, праўда, тут простае супадзеньне, — выйшаў самым непрадказальным сярод усіх папярэднiх.

Шмат гаварылася пра нейкую ненатуральнасьць мiнулагодняга чэмпiёнства “Белшыны”. А дарэмна. Нармальны ў нас чэмпiён. Шкада толькi, што па iншых камандах разбрылася палова яго чэмпiёнскага складу. Цi будзе каму гуляць у Эўропе?

Найлепшыя шанцы ў сёлетнім чэмпiянаце маюць менскае “Дынама” (трэнэр Малафееў) ды барысаўскае БАТЭ (каманда набыла колькі добрых футбалicтаў). Зрэшты, у БАТЭ трэнэр таксама выдатны.

A.U.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0