Лісты ў рэдакцыю

 

Лёс прыстойных людзей

Ці даводзілася вам калі-небудзь апынуцца ў сытуацыі, калі вашыя сябры знаходзяцца ў турэмнай камэры, расплачваючыся за тое, што паступілі адпаведна свайму сумленьню? Тады вы зразумееце, што цяпер адчуваем мы. У пікеце ў падтрымку Міколы Маркевіча й Паўла Мажэйкі, які адбыўся сёлета 5 красавіка ў Горадні, стаялі нашыя сябры і калегі. Яны цяпер за кратамі расплачваюцца за тое, што ня страцілі сваёй годнасьці, не змаглі цярпець несправядлівасьці й хамства. А мы адчуваем разгубленасьць ад абсурднасьці сытуацыі, ад немагчымасьці прыняць здаровым розумам тое, што адбылося.

Беларусь – краіна, дзе за выказваньне сваіх думак ты лёгка можаш атрымаць пяць год турмы. Гэта краіна са слаўным мінулым і няпэўнай будучыняй. Ты ня ведаеш, што з табой зробяць у наступны момант, незалежна ад таго, стаіш ты ў мірным пікеце, удзельнічаеш у мітынгу або проста праходзіш побач. Ці пішаш артыкул, у якім крытыкуеш уладу. Нашы журналісты патрабавалі свабоды слова. Мы не разумеем, зь якой гэта нагоды хтосьці палічыў сябе правамоцным адбіраць права, дадзенае нам самім жыцьцём.

Людміла Якшук, Вольга Камягіна, Вольга Арцёменка, Рэгіна Станкутэ, Горадня

Забаўка — частка культуры

Ёсьць у Брытаніі адна даўняя традыцыя: штовясны навучэнцы Кембрыдзкага і Оксфардзкага ўнівэрсытэтаў спаборнічаюць паміж сабой у акадэмічным веславаньні. Штогадовае веславаньне студэнтаў ператварылася ў сапраўдны культ і стала неад’емнай часткай брытанскай культуры.

Гісторыя гэтых спаборніцтваў бярэ свой пачатак у 1829 г., калі рэктар Кембрыджу кінуў выклік Оксфарду пазмагацца ня толькі ў разумовых здольнасьцях, але й у фізычных. Выклік быў прыняты. З той пары кожную вясну найлепшыя весьляры сваіх унівэрсытэтаў выяўляюць, хто мацнейшы.

У каманду ўваходзяць 8 чалавек, а агульная даўжыня трасы складае прыкладна 7 км. Калі праходзяць гэтыя спаборніцтвы, ангельцы забываюцца на сваю футбольную Прэм’ер-лігу, на крыкет, палітыку ды іншае, на што ў звычайныя дні забыцца нельга. Усе з хваляваньнем сочаць за гонкай.

Сёлета перамаглі навучэнцы Оксфарду, але ў агульным, амаль што 200-гадовым заліку па-ранейшаму перавага за Кембрыджам. Пераможцы гэтых спаборніцтваў маюць на туманным Альбіёне большую папулярнасьць, чым алімпійскія чэмпіёны.

У ангельцаў дзьве недатыкальныя спартовыя традыцыі – гэта Ўімбледонскі тэнісны тунір і гонка весьляроў. Але калі ў першым бяруць удзел майстры вялікай ракеткі з усяго сьвету, дык другая – чыста ангельская зьява, за што яна й мае такую шалёную папулярнасьць.

Уімбледон і спаборніцтвы весьляроў – гэта ня проста спорт, а адна з складовых частак традыцыйнай ангельскай культуры, безь якой ужо не ўявіць Англіі, як і безь піцьця гарбаты падвячоркам.

Ня толькі літаратура, мастацтва, музыка складаюць культуру. Спорт – таксама яе неад’емная частка. У амэрыканскай, напрыклад, – Супэрбол, НХЛ, HБA. А ў Беларусі?

Адна зь нядаўніх праграм Сяргея Дубаўца на радыё “Свабода” з цыклу “Вострая Брама” была прысьвечаная тэме спорту і неспартовасьці беларускай ідэі. Дубавец казаў у ёй, што “спорт – гэта якраз тая сфэра беларускага жыцьця, зь якой найлягчэй пачаць беларусізацыю гораду”. Толькі, на жаль, многія гэтага не разумеюць.

Той жа Ўімбледон працуе на падняцьце рэйтынгу Ангельшчыны ўва ўсім сьвеце, хоць, пэўна, ёй гэта і не патрэбна. Гэта трэба нам, нясталай яшчэ нацыі, каб займець свой уласны твар у сьвеце. Чаму б і ня твар спартоўца?..

Зьмітрок Панкавец, Кастрыца (Барысаўшчына)

Naš pravapis

Maju namier vykazać svoj pohlad na sučasnaje stanovišča biełaruskaj movy i, u pryvatnaści, na ūžyvańnie ū joj łacinki.

Na majo razumieńnie (choć ja j nia maju admysłovaj padrychtoūki ū hetym pytańni), łacinka najlepš prydatnaja dla adlustravańnia na papiery biełaruskich hukaū. U adroźnieńnie ad jaje, taraškievica pieranasyčanaja miakkimi znakami – litarami, jakija nia majuć svajho huku, a sustrakajucca ledź nia ū kožnym słovie, a to j pa dva razy. U narkamaūcy ūžyvańnie miakkaha znaku abmiežavanaje, i mova nabyła niejki źlahčany vyhlad. Stała padobnaja na sapsavanuju rasiejskuju ci “trasianku” naadvarot — heta kali čałaviek, nia mieūšy vychavańnia ū biełaruskamoūnym asiarodździ, navat z samaj piśmienna składzienaj papierki pačynaje vyčytvać biełaruskija słovy z rasiejskim vymaūlieńniem (vybuchnoje -g- i h.d.). Słuchać nia vielmi pryjemna, asabliva ad svajoj “vertykalnaj šlachty”. Takoje nazirajecca amal paūsiudna, dzie čynavienstva ź niejkaj nahody sprabuje pramaūlać pa-biełarusku. Zasmučaje jašče toje, što suprać movy paūstajuć nie adukavanyja ludzi, a vajaūničyja nośbity tak zvanaj “trasianki”, jakija lanujucca dźvie-try litary spałučyć u słova, a dva-try słovy — u skaz. Im heta — začem?

Prapanuju “Našaj Nivie” bolš materyjałaū davać łacinkaj. I, moža być, advieści pad jaje storonku-dźvie ū kožnym numary. Kožny z nas pavinien imknucca avałodvać lepšymi ūzorami rodnaj movy i spakvala, ale niaūchilna, prapahandavać jaje.

Vicień Pliska, Žodzina

газэта пісала…

Нядоўга забавіўшыся, паведамляем, што наноў створаная рэдакцыйная калегія часопісу “Крыніца”, абмеркаваўшы стылістычна вышкаленую рэпліку вядомага гісторыка і літаратара сп.Арлова У. у №13 Вашай газэты ад 5 красавіка, пагадзіўшыся зь яго довадамі і дапушчанымі рэдакцыяй памылкамі, пастанавіла наступнае:

– звольніць з рэдакцыі сп.Станкевіча Ю. за нядбайнасьць пры падрыхтоўцы згаданых матэрыялаў да друку;

– папярэдзіць пра падобныя наступствы сп.Галубовіча Л., дзяжурнага па 73-м нумары часопісу.

Апроч таго:

– з усіх супрацоўнікаў з галоўным рэдактарам уключна спагнаць ня выплачаны заробак за 4 месяцы на карысьць дзяржавы, пачынаючы са сьнежня 2001 г., на працягу якіх згаданы матэрыял рыхтаваўся да друку;

– аматара крытычнай думкі сп.Серабракова Дз. пазбавіць аўтарскіх правоў на ўсе ягоныя тэксты, якія хоць калі друкаваліся ці будуць друкавацца ў часопісе “Крыніца”.

Надалей абавязаць:

– усіх сяброў рэдкалегіі і супрацоўнікаў часопісу “Крыніца” біць чалом сп.Арлову У. тры разы пры ўсякім ягоным зьяўленьні ў рэдакцыі і роўна столькі ж пры кожным ягоным сыходзе.

Пра што, адначасна з глыбокімі прабачэньнямі, даводзім шаноўнай газэце і паважанаму сп.Арлову У.

Менск, вул.Кісялёва, 11, рэдакцыя часопісу “Крыніца”, 7 красавіка 2002 г. (нядзеля).

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0