ПАЛІТЫКА

 

Зьезд партыі індывідуалістаў

VI зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі пакінуў кіраўніка на сваім месцы. Анатоль Лябедзька застаўся старшынём. Ягонымі намесьнікамі сталі Аляксандар Дабравольскі, Васіль Шлындзікаў, Яраслаў Раманчук і Сяргей Альфер. Апошні зьмяніў бізнэсмэна Паўла Данейку, што падаў у адстаўку сам.

 

Данэйку ў кіраўніцтве АГП лічылі занадта актыўным, “некіроўным”. Яго зьмяніў чалавек больш прадказальны. Палітычная дзейнасьць Сяргея Альфера пачыналася ў БНФ. Апошнім часам ён працаваў у Цэнтры канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледаваньняў. Яго ведаюць як вялікага патрыёта Беларусі.

Праблема АГП, як і лібэральных партый у іншых краінах былога сацлягеру, у вузкасьці сацыяльнай базы. Па вялікім рахунку, яна застаецца партыяй-клюбам палітыкаў-індывідуалістаў і эканамістаў-лібэралаў. Сярэдняя кляса ў Беларусі мізэрная. Адстаўных чыноўнікаў у партыі шмат, а прыняць палітыку буйных бізнэсмэнаў кшталту Данейкі АГП не гатовая.

Акрамя Анатоля Лябедзькі, на пасаду кіраўніка партыі самавылучыўся 69-гадовы чэрыкаўскі пэнсіянэр Шарабурка. 26 галасоў, пададзеных за яго (за Лябедзьку — 157), паказалі, што, акрамя індывідуалістаў і лібэралаў, у АГП не бракуе і проста выпадковых людзей, а аўтарытэт лідэра далёка не абсалютны.

Мікола Бугай

 

Канфэрэнцыя патрыётаў

У мінулую нядзелю ў Менску за зачыненымі дзьвярыма прайшла “канфэрэнцыя патрыятычных арганізацыяў”.

 

Ідэя такой канфэрэнцыі належыць беларускай нацыяналістычнай арганізацыі “Край”, якая абвесьціла пра яе падрыхтоўку яшчэ пры канцы мінулага году. Пасьля шэрагу расколаў у беларускім правым лягеры ў зьдзяйсьненьне гэтага праекту верылася мала. Але канфэрэнцыя адбылася. Па яе выніках была прынятая дэклярацыя “беларускіх патрыятычных арганізацыяў”, пад якой падпісаліся Беларуская партыя свабоды (С.Высоцкага) і “Край”. У канфэрэнцыі бралі ўдзел і прадстаўнікі іншых арганізацый ды проста вядомыя ў нацыяналістычным руху асобы, подпісы якіх, магчыма, таксама зьявяцца пад гэтым дакумэнтам.

У дэклярацыі няма новых ідэяў. Зноўку абвяшчаецца, што “ў Беларусі насьпела праблема згуртаваньня ўсіх патрыятычных сілаў”. Аўтары дэклярацыі крытыкуюць “каляніяльную палітыку ў інтарэсах маскоўскага імпэрыялізму”, якую ажыцьцяўляе “марыянэткавы рэжым Лукашэнкі”, канстатуюць, што “эканамічнае і сацыяльнае становішча беларускага насельніцтва зьяўляецца нясьцерпным” і што “беларусаў ахапіла бязьвер’е, апатыя й расчараваньне”…

Якія ж захады па выпраўленьні гэтай сытуацыі прапануюць беларускія патрыёты? Яны заяўляюць, што ў краіне няма дзеяздольных альтэрнатыўных рэжыму грамадзка-палітычных сілаў, таму абвяшчаюць пра стварэньне “новай ідэйна-грамадзкай сілы, аб’яднанай пад сьцягам беларускага нацыяналізму”. Дэкляруецца імкненьне да “стратэгічнага адзінства ўсіх беларускіх патрыятычных арганізацый дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў любымі сродкамі”.

Канфэрэнцыя патрыятычных арганізацыяў утварыла рабочы орган па каардынацыі дзейнасьці. Ці будзе гэта рэальная каардынацыя, пакажа час.

Зьміцер Саўчук

 

Чаму буксуе прыватызацыя

Выступаючы на сэмінары для членаў верхняй палаты нацыянальнага сходу на тэму “Прыватызацыя прадпрыемстваў: мэта ці сродак?”, намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур заявіў, што расейскія інвэстары імкнуцца ў Беларусь, але жадаюць інвэставаць “у цэнавым фактары ніжэй за той кошт, які можа быць прапанаваны”. Пры гэтым яны спрабуюць “прадпрыемства калі не разарыць, дык апусьціць на значную суму, каб кошт гэтага прадпрыемства быў як мага ніжэйшы, і выкупіць яго па вельмі нізкай цане”.

 

Што да сусьветнай практыкі “пошуку эфэктыўнага мэханізму кіраваньня”, дык тут, паводле слоў эканаміста, працэдура прыватызацыі ў першую чаргу зьвязана з тым, каб гэта быў сапраўды пошук рэальнага інвэстара, які ня проста ўкладае сродкі ў прадпрыемства, а зацікаўлены ў тым, каб яно рэальна функцыянавала. “Урад, — заявіў А.Тур, не фарсуе працэсаў рэфармаваньня дзяржуласнасьці, і такі “асьцярожны падыход дазваляе не дапусьціць узрушэньняў у дзяржаве”. Паводле яго словаў, Беларусь ня мае такіх патэнцыйных рэзэрваў, як Расея, якая нэгатыўны ўплыў сваіх памылак у галіне рэфармаваньня ўласнасьці можа зьмяншаць за кошт продажу прыродных рэсурсаў. “Памылкі пры прыватызацыі ў нашай краіне, дзе няма вялікіх запасаў кампэнсацыйнага парадку, могуць прывесьці да падрыву пэўных гаспадарчых комплексаў, што для нас недапушчальна як для дзяржавы малой, індустрыяльнай і ня вельмі багатай на прыродныя рэсурсы”, — сказаў ён. Намесьнік міністра эканомікі прызнаў, што “колькасьць рэфармаваных прадпрыемстваў для паўнакроўнага разьвіцьця рыначных адносін у рэспубліцы сапраўды пакуль недастатковая”. Але з другога боку, паводле яго слоў, “прыватызацыя — не самамэта”, а толькі адзін зь вельмі сур’ёзных і найважнейшых сродкаў дасягненьня ўстойлівага эканамічнага разьвіцьця. Узважанасьць практычных крокаў ураду па прыватызацыі дзяржуласнасьці не азначае бязьдзеяньня, адзначыў А.Тур. У 2002 г. намечана пераўтварыць 310 прадпрыемстваў, у тым ліку 130 рэспубліканскай і 180 — камунальнай уласнасьці. На іх базе плянуецца стварыць 260 акцыянэрных таварыстваў, а астатнія — прадаць па конкурсе ці на аўкцыёнах. У 2003 і наступных гадах намечана рэфармаваць штогод па 260—300 прадпрыемстваў.

Варта адзначыць, што Андрэй Тур разглядаецца аналітыкамі як адзін зь верагодных прэтэндэнтаў на пасаду прэм’ер-міністра ў будучыні.

С.П. паводле БелаПАН

тыдзень нашага жыцьця

Гледзячы з Горадні

Самая значная падзея мінулага тыдня — падзеі вакол “Пагоні”, салідарнасьць, зь якою гарадзенцы ўзьняліся на яе абарону: ад акцыі анархістаў (6 чалавек выйшлі фактычна пад арышты) да акцыі журналістаў (14 чалавек таксама выйшлі пад арышты).

Сядзелі мы ўшасьцёх у звычайнай камэры 3х3 м: без акенца, безь сьвятла, памыцца таксама няма дзе. Першым часам ахоўнікі вадзілі да нас экскурсіі з сваіх знаёмых: “Паліцічаскія сідзят”. А міліцыянты ўсё падкрэсьлівалі, што яны асабіста супраць нас нічога ня маюць: служба такая.

Акцыі ў падтрымку “Пагоні” паказалі, што ў грамадзкім руху існуе салідарнасьць. І таму на нашым баку — маральная перавага. Гэта паказаў і той “цырк”, які адбыўся вакол суду над журналістамі, калі раптам “захварэў” судзьдзя. Салідарнасьць нараджае аптымізм.

Вітаўт Руднік, Горадня

Аддаць — ня штука

Незразумела, чаму ў Беларусі ніхто ня выкажацца супраць прыватызацыі нафтаперапрацоўчых заводаў. Чаму яе лічаць непазьбежнай? Навошта ўсе гэтыя канвэерныя сустрэчы з расейскімі прэтэндэнтамі на нашы заводы? Хіба “Нафтан” і “Азот” — тыя прадпрыемствы, якімі дзяржава ня можа эфэктыўна кіраваць сама, для якіх абавязкова патрэбны прыватны гаспадар? Мо эканамічная сытуацыя ў краіне катастрафічная? Мо гэтыя заводы стратныя, не даюць у бюджэт прыбытку?

Інвэстар зможа ажыцьцявіць мадэрнізацыю, і заводы будуць выпускаць прадукцыю лепшай якасьці, адказвае мне мой апанэнт. Напрыклад, “Нафтан”, збудаваны, каб вырабляць салярку для савецкіх войскаў ва Ўсходняй Эўропе, зможа выпускаць высокаактанавы бэнзын і г.д. А чаму б дзяржаве ня ўзяць крэдыт на рэканструкцыю ў Сусьветнага банку ці ў Нямеччыны, абышоўшыся бяз продажу часткі акцый прадпрыемстваў? Ніхто ня дасьць, бо інвэстыцыйны клімат ня той, кажа апанэнт. А чаму б не пачакаць, пакуль клімат памяняецца? Некалі ж ён памяняецца! Калі б з “Сургутнафтагазам” супернічала ня толькі “Ітэра”, але і амэрыканскі “Ўільямс”, Беларусь змагла б прадаць “састарэлыя” заводы ўдвая даражэй. Хоць бы й той самай “Ітэры”, але ў дубль. Цікава было б, дарэчы, пайменна назваць тых, хто асабліва дабіваецца як мага хутчэйшай прыватызацыі.

Аддаць прадпрыемствы ня штука. Не прадамо цяпер, прадамо празь пяць гадоў. Прадаць — не забраць.

Дзіўна, што супраць прыватызацыі не пратэстуюць камуністы, сацыяліст Статкевіч. І што “Наша Ніва” называе сытуацыю “нацыянальным кансэнсусам у справе нафтахіміі”.

Не стратэгічныя заводы прыватызаваць бы цяпер, пакуль эканамічная сытуацыя ў краіне стабільная. Хай бы аддалі любому інвэстару крычаўскі завод гумовых вырабаў. А таксама тыя 269 калгасаў, якія мусілі рэструктурызавацца да 1 сакавіка. Колькі зь іх, дарэчы, рэструктурызавана?

Ва Ўкраіне, дзе рэформы ажыцьцяўляюцца ў больш складаных эканамічных умовах, перайшлі да другога этапу аграрнай рэформы. У 1999 г. у краіне яшчэ дзейнічала калгасная сыстэма. Аграрная галіна працавала са стратамі, сытуацыя здавалася безнадзейнай. У 2000 г. калгасы падзялілі на сялянскія паі — і адразу ж атрымалі 9% прыросту вытворчасьці і 250 млн. даляраў прыбытку ў галіне. За два гады зьмяніліся і суадносіны формаў уласнасьці на вёсцы. Калі раней 11 тысяч калгасаў мелі фармальнымі заснавальнікамі 6,5 мільёна сялян, дык заснавальнікамі цяперашніх аграгаспадарак засталіся 100—150 тысяч чалавек. Уласнасьць сканцэнтравалася ў руках эфэктыўных гаспадароў — фактычна ў руках колішніх старшынь калгасаў (75% кіраўнікоў аграгаспадарак — былыя старшыні). Аднак яны працуюць ужо не як найманыя работнікі, не “на дзядзьку”, а як уласьнікі, і эканамічны эфэкт — вялізны. Другі этап рэформы скіраваны на канцэнтрацыю ўласнасьці на вёсцы. Дзяржава цяпер спрыяе скупцы заснавальнікамі аграрных прадпрыемстваў маёмасных сэртыфікатаў у былых простых калгасьнікаў. Гэта прывядзе да большага расслаеньня вёскі, але што ж! — дзяржаўны бюджэт ад гэтага толькі папоўніцца, а дзяржава ўзмоцніцца.

Як паказалі апытаньні БелаПАНу, большасьць насельніцтва ня бачыла й ня бачыць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў замежным капіталам нічога добрага. І гэта нягледзячы на “нацыянальны кансэнсус” дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Хто там казаў, што народ — “хворы”?

Барыс Тумар

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0