Дэніэл Пайпс

Ваяўнічы іслам — дзіця дабрабыту?

Думка, што эканамічная галеча зьяўляецца прычынай зьяўленьня ваяўнічага ісламу, мае шмат уплывовых прыхільнікаў. Нават самі ісламісты так кажуць. Прыкладам, Махмуд аз-Захар, кіраўнік “Хамасу” ў сэктары Газа: “Дастаткова пабачыць зьбяднелыя кварталы Альжыру ці лягеры ўцекачоў у Газе, каб зразумець, што мацуе ісламскі рух супраціву”. Таму ісламісцкія арганізацыі, каб прыцягнуць прыхільнікаў, ладзяць разгалінаваную сыстэму сацыяльнай апекі і прапагандуюць “ісламскую эканоміку” як “самую міласэрную сыстэму грамадзкай салідарнасьці”.

Многія “памяркоўныя” мусульмане, кшталту колішняга турэцкага прэм’ер-міністра Дэмірэля, таксама даводзяць, што менавіта беднасьць нараджае ваяўнічы іслам. Сацыёляг Хушанг Амірахмадзі, навуковец іранскага паходжаньня, сьцьвярджае, што “карані ісламскага радыкалізму трэба шукаць па-за рэлігіяй — у культурнай роспачы, эканамічным заняпадзе, палітычным прыгнёце й духоўным бунце, празь якія праходзіць большасьць сучасных мусульманаў”.

Сярод заходніх палітыкаў гэткая аргумэнтацыя таксама знаходзіць водгук. “У ісламісты людзей штурхаюць расчараваньне, нэндза й роспач”, — казаў былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. А ізраільскі міністар замежных справаў Шымон Пэрэс коратка і ясна абвесьціў: “Фундамэнталізм зьяўляецца формай пратэсту супраць галечы, карупцыі, невуцтва і дыскрымінацыі”.

Але факты амаль не пацьвярджаюць узаемазалежнасьці эканамічнага заняпаду і росквіту ваяўнічага ісламу. У 1980 г. сацыёляг Саад Эдзін Ібрагім апытаў ісламістаў у эгіпэцкіх вязьніцах і склаў тыповы сацыяльна-псыхалягічны партрэт тэрарыста: “малады (крыху старэйшы за 20), паходзіць зь вёскі ці маленькага гораду, належыць да сярэдняе клясы ці ейнай ніжэйшай праслойкі, добра адукаваны, з нармальнай сям’і, энэргічны, дзейнічае сьвядома”. Гэтыя маладыя людзі відавочна ўзвышаліся над сярэднестатыстычным узроўнем свайго пакаленьня. У далейшых дасьледаваньнях Ібрагім выявіў, што 21 з 34 чальцоў ваенізаванай групы “Ат-Такфір ў’аль-Хіджра” былі дзецьмі дзяржаўных чыноўнікаў сярэдняга зьвяна. Паводле інфармацыі канадзкіх спэцслужбаў, большасьць кіраўнікоў ісламісцкай групоўкі “Аль-Джыгад” маюць вышэйшую адукацыю і паходзяць зь сярэдняй клясы. Ні ў якім разе яны не зьяўляюцца дзецьмі галечы і роспачы.

Тое самае выявіла і амэрыканская журналістка Джэральдына Брукс. Яна была моцна ўражаная, калі ейная каірская сяброўка стала ісламісткай: “Я меркавала, што зварот да ісламу зьяўляецца актам адчаю беднякоў, якія шукаюць суцяшэньня ў небе. Але Сахар ня ведала ні роспачы, ні галечы. Ейнае месца было недзе ў стратасфэры жорстка гіерархіяванага эгіпэцкага грамадзтва”.

Паказальная ацэнка журналіста Хамзы Хэндаві: у Эгіпце “новы гатунак прапаведнікаў у шыкоўных строях з мабільнымі тэлефонамі адбівае ахвоту да заходняга стылю жыцьця ва ўсё большай колькасьці багатыроў і чыноўнікаў, спакушае іх рэлігійным кансэрватызмам. Гэтыя сучасныя імамы ладзяць свае сэмінары ў самых шыкоўных дамох Каіру і на эгіпэцкіх курортах, дзе можна задаволіць усе патрэбы такіх багатыроў”.

Становішча ў іншых ісламскіх краінах падобнае да эгіпэцкага. Як у свой час фашызм ці марксізм-ленінізм, ваяўнічы іслам прыцягвае кампэтэнтных славалюбівых сьвядомых асобаў. Спалучэньне фінансавай забясьпечанасьці й добрай адукацыі характэрнае нават для тых ісламістаў, якія прыносяць у ахвяру ідэі жыцьцё.

Многія тэрарысты і камікадзэ маюць вышэйшую адукацыю і працуюць па інжынэрных спэцыяльнасьцях альбо ў навуцы.

Марцін Крамэр, выдавец “Middle East Quarterly”, піша, што ваяўнічы іслам — гэта “інструмэнт антыэлітаў, якія, з пункту гледжаньня адукацыі і/альбо даходаў, зьяўляюцца патэнцыйнымі чальцамі эліты, але зь нейкай прычыны застаюцца па-за ёй. Магчыма, іхная прафэсія непрэстыжная, магчыма, іхнае багацьце — цёмнага паходжаньня. …Ісламізм для такіх людзей мае асаблівую вартасьць: ён дазваляе набраць сабе прыхільнікаў з асяродку беднякоў”. Так званыя анаталійскія тыгры — прадпрымальнікі, якія падтрымліваюць турэцкія ісламісцкія партыі, — зьяўляюцца для Марціна Крамэра найлепшым прыкладам гэткіх антыэлітаў.

Калі б галеча сапраўды была прычынай зьяўленьня ваяўнічага ісламізму, гэтую праблему вырашыў бы маштабны эканамічны рост. Аднак дабрабыт і стварэньне новых працоўных месцаў часта не дапамагаюць. Так, ізраільцяне, дабіваючыся ад палестынцаў паўнацэннага прызнаньня сваёй дзяржавы, узяліся падвышаць іхны жыцьцёвы ўзровень. Эканамічная дапамога мусіла павялічыць цікавасьць арабаў да мірнага працэсу і зьменшыць прывабнасьць “Хамасу” ды “Ісламскага джыгаду”. Заходнія краіны й Ізраіль уклалі ў палестынцаў мільярды даляраў. Але дабрабыт не згасіў нянавісьці. Для палестынцаў ён быў чымсьці другасным, нашмат менш істотным за нацыянальную сьвядомасьць і ўладу.

Ваяўнічы іслам зьяўляецца хутчэй дзіцём дабрабыту, чым галечы. Бо нацыі распачынаюць актыўную ідэалягічную і палітычную дзейнасьць, дасягнуўшы пэўнага жыцьцёвага стандарту. Рэвалюцыі адбываюцца толькі тады, калі зьяўляецца сапраўдная сярэдняя кляса. Да гэтага далучаецца спэцыфічна ісламскі фэномэн — гістарычная сувязь рэлігіі і дабрабыту.

Ад часоў прарока Мухамада да стварэньня Асманскай імпэрыі мусульмане валодалі большым багацьцем і ўладай, чым іншыя народы. Яны былі больш адукаванымі і здаравейшымі. Іслам зьяўляўся сынонімам сьвецкага дабрабыту. Часам падаецца, што гэтае сьцьверджаньне слушнае й сёньня. Так, выгаду ад нафтавага буму 70-х мелі перадусім мусульмане. І гэта ня проста супадзеньне, што сучасны ісламізм пачаўся ў тыя гады. Ісламісты лічылі сябе піянэрамі руху, які прапаноўваў альтэрнатыву заходняй цывілізацыі, і мелі патрэбу ў моцным эканамічным фундамэнце. На працягу вякоў рэлігія траціла ўплыў менавіта тады, калі варункі жыцьця горшалі. Словам, многае сьведчыць, што ваяўнічы іслам паўстае хутчэй з посьпеху, чым з паразы.

Ісламісты пытаньня дабрабыту у сваіх прамовах амаль не закранаюць. Аяталла Хамэйні сказаў: “Мы рабілі рэвалюцыю не для таго, каб зьнізіць цэны на дыні”. Дабрабыт ім патрэбны, каб лепш узброіцца для вайны з Захадам. Грошы ісламістаў ідуць на зброю, а не на большую хату ці навейшы аўтамабіль. Багацьце для іх ня мэта, а сродак — сродак здабыцьця ўлады. Алі Акбар Махташэмі, лідэр іранскіх кансэрватараў, прадказаў, што “іслам урэшце стане пануючай сілай”. А эгіпэцкі ісламіст Мустафа Машгур паабяцаў, што кліч “Аллаг акбар” будзе гучаць, “пакуль не пашырыцца па ўсім сьвеце”.

Толькі калі перастаць пераацэньваць эканамічныя прычыны тэрарызму і больш зважаць на ягоныя рэлігійныя, культурныя і палітычныя карані, можна па-сапраўднаму зразумець прычыны ваяўнічасьці ісламу.

Пераклад зь нямецкай паводле “Die Zeit”

 

Ісламізм — не “дзіця галечы”, бо:

Багацьце не засьцерагае ад радыкальнага ісламізму. Кувэйтцы маюць даходы заходняга ўзроўню, але на парлямэнцкіх выбарах ісламісты там пастаянна атрымліваюць значную колькасьць мандатаў (на сёньня яны займаюць 20 з 50 дэпутацкіх месцаў). Радыкальны ісламізм разьвіваецца і ў Эўразьвязе ды Паўночнай Амэрыцы. У ЗША ўзровень жыцьця мусульманаў вышэйшы за сярэдні. А сярод гэтых мусульманаў ісламісты вызначаюцца яшчэ большымі даходамі.

Росквіт гаспадаркі не засьцерагае ад радыкальнага ісламізму. Сёньняшнія ваяўнічыя ісламісцкія рухі пачыналіся ў 70-х — акурат тады, калі краіны-экспартэры нафты дасягнулі высокіх эканамічных паказьнікаў. Менавіта тады лібіец Муамар аль-Кадафі стварыў сваю эксцэнтрычную вэрсію раньняга ўзброенага ісламізму, групоўка фанатыкаў у Саудаўскай Арабіі гвалтам захапіла Вялікую мячэць у Мэццы, Хамэйні прыйшоў да ўлады ў Іране. У 80-я ў многіх краінах з асабліва пасьпяховымі паказьнікамі эканамічнага разьвіцьця адбыўся сапраўдны бум ваенізаванага ісламу. Эканоміка Ярданіі, Тунісу і Марока ў 90-х разьвіваліся вельмі добра, але гэтаксама добра разьвіваліся і тамтэйшыя экстрэмісцкія ісламскія рухі. Туркі за часоў прэм’ерства Тургута Ёзала цешыліся відавочным уздымам эканомікі, разам зь якой, аднак, уздымаліся й ісламісцкія партыі.

Ня беднасьць стварае ваяўнічы ісламізм. Банглядэш, Емэн і Нігер — вельмі бедныя ісламскія краіны, але яны не зрабіліся асяродкамі ісламізму. Эканамічная безнадзейнасьць, якую часта выстаўляюць грунтам палітычнага ісламу, для Блізкага Ўсходу ўжо даўно звыклы й нармалёвы стан. Калі ваяўнічы ісламізм зьвязаны з галечай, дык чаму ж раней, калі рэгіён быў яшчэ бяднейшы, ісламісты не былі там значнай сілай?

Занядбаная гаспадарка не спрыяе ўзьнікненьню ваяўнічага ісламізму. Эканамічны крах у Інданэзіі і Маляйзіі ня выклікаў хвалі ісламізму. Даходы жыхароў Ірану з часоў абвяшчэньня ісламскай рэспублікі ў 1979 г. зьменшыліся напалову – але людзі ня схільныя яднацца вакол радыкальнай ідэалёгіі рэжыму. Наадварот, зьбядненьне адштурхоўвае іх ад ісламу. Іракцам яшчэ горай. Даход на душу насельніцтва з 1980 г. там зьнізіўся на 90% і тым самым дасягнуў узроўню 40-х. Але ў Іраку ня выбухнула ісламісцкае паўстаньне, а апазыцыя не зьвярнулася да ісламісцкай ідэалёгіі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0