Мільярд дзеля народнага дабра

Улады Казахстану прызналі, што на замежных рахунках,
якія кантралюе Назарбаеў, ляжыць мільярд даляраў

Гэткую заяву на парлямэнцкім пасяджэньні зрабіў прэм’ер-міністар краіны Імангалі Тасмагамбэтаў. Пры гэтым ён запэўніў, што ні сам Назарбаеў, ні ягоныя сваякі гэтымі грашыма не карыстаюцца, а рахункі створаныя выключна дзеля дзяржаўнага дабра.

Як сказаў прэм’ер, у 1996 г. прэзыдэнт падпісаў указ аб стварэньні сакрэтнага валютнага фонду, на падставе якога і былі адчыненыя рахункі ў адным замежным банку. Паводле словаў кіраўніка ўраду, дзякуючы гэтым грошам Казахстан ужо двойчы пераадольваў фінансавыя крызы: у 1997 г. імі выплацілі запазычанасьці па пэнсіях, што складалі 480 млн. даляраў, а ў 1998 г. ліквідавалі бюджэтны дэфіцыт, выкліканы наступствамі расейскага фінансавага абвалу. Якім чынам такія сумы незаўважна для ўсіх трапілі ў эканоміку краіны і нават у бюджэт, прэм’ер не патлумачыў.

Няма і дастаковага тлумачэньня, чаму яны захоўваюцца не ў дзяржаўным валютным рэзэрве, а на сакрэтных рахунках. Тасмагамбэтаў кажа, што да кіраваньня замежнымі рахункамі былі прыцягнутыя чыноўнікі Нацыянальнага банку і Міністэрства фінансаў. Чаму парлямэнту нічога не сказалі? “У той сытуацыі парлямэнту было б складана прыняць закон аб рэзэрвовым фондзе”, — патлумачыў першы міністар. У 2001 г. дэпутаты “сасьпелі” і прынялі закон “Аб фондзе наступных пакаленьняў”, у які мусяць трапіць і рэшткі сродкаў з рахункаў Назарбаева. Мусяць, але пакуль ня трапілі. Яшчэ адна “прычына” стварэньня сакрэтных фондаў такая: “Калі б гэтыя грошы не былі схаваныя ў замежным банку, у краіне пачалася б інфляцыя”.

На думку Тасмагамбэтава, непатрэбны вэрхал вакол шматмільярдных назарбаеўскіх рахункаў стварае — выключна ў сваіх інтарэсах — колішні казахскі прэм’ер Акежан Кажагельдзін, які цяпер хаваецца за мяжой, бо завочна асуджаны на 10 гадоў турмы за раскраданьне дзяржаўных сродкаў. Кажагельдзін сьцьвярджае, што Назарбаеў прысвоіў 20 млрд. даляраў дзяржаўных грошай і працягвае красьці: “З тых 4—5 мільярдаў даляраў, якія краіна павінна [штогод] атрымліваць за выпампаваную нафту, у бюджэт трапляе ня больш за 300 млн., рэшта раскрадаецца”.

Сёньняшнюю казахскую ўладу абвінавачвае не адзін Кажагельдзін. Паўднёвакарэйскі прадпрымальнік Чой Сун прызнаўся нядаўна ў судзе, што ў 1996 г. загадаў свайму памочніку даць прэзыдэнту Назарбаеву 10 млн. даляраў хабару. Карэец хацеў наладзіць у Казахстане свой алмазны бізнэс. Адміністрацыя казахскага кіраўніка абвергла словы бізнэсоўца. А мо проста забыліся, і зараз высьветліцца, што хабар пайшоў у “стабілізацыйны фонд прэзыдэнта”, каб служыць на карысьць казахскага народу?

С.Р.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0