Вучаніца і настаўнікі

Цяпер гэты здымак можа ўбачыць кожны: дастаткова ўзяць другі том Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі ды разгарнуць на 279-й старонцы. Вось яны, першыя выпускнікі Віленскае беларускае гімназіі, са сваімі настаўнікамі — Францішкам Аляхновічам, Максімам Гарэцкім, Антонам Луцкевічам, кс.Адамам Станкевічам ды першым дырэктарам ВБГ Міхалам Кахановічам.

 

Сярод выпускнікоў — Адольф Клімовіч. Гімназію ён скончыў, маючы 21 год. А 18-гадовым хлопцам браў удзел у Беларускай канфэрэнцыі 1918 г., на якой была створана Віленская беларуская рада. Ён трапіць на вучобу ў Чэхію, стане выдатным дзеячам беларускае хрысьціянскае дэмакратыі (“Добры каталік”, — пісаў пра яго Ўладзімер Жылка), а за пяць дзён да сьмерці Сталіна яго асудзяць на страту, і толькі сьмерць вярхоўнага ката ўратуе яго ад сьмерці...

І ўсё ж не Адольф Клімовіч найбольш праславіўся сярод выпускнікоў. Найслаўнейшаю была Натальля Арсеньнева. Праз колькі месяцаў пасьля выпуску Гарэцкі, настаўнік беларускае мовы й літаратуры ў ВБГ, напіша акадэміку Карскаму: “Маем толькі адну прыемнасьць, тую, што на страніцах газэт, якія тут выходзілі, азначылася новая, пэўная і спадзейная талань маладой паэтэсы Натальлі Арсеньневай”.

Газэты, “якія тут выходзілі”, — гэта “Наша Ніва” (у ёй вучаніца дэбютавала) і “Наша думка” (яе рэдагаваў сам настаўнік).

Рэдактар “Нашай Нівы” Антон Луцкевіч таксама выкладаў у гімназіі. На выпускным здымку ён сядзіць побач з Гарэцкім, а за ягонай сьпінаю стаіць Арсеньнева...

Яна й падумаць ня можа, што празь сем месяцаў яе настаўніка Гарэцкага кінуць у адзіночку на Лукішках, прад’явяць дзікія абвінавачаньні (належаў да кампартыі, ствараў таемныя баявыя дружыны), будуць пагражаць стратай, у найлепшым разе — катаргай, а яшчэ праз два тыдні выштурхнуць у Літву. Праўда, Гарэцкі вернецца ў Вільню, але ўрэшце яму давядзецца выехаць у Саўдэпію. А тым часам ягоная вучаніца, нядоўга павучыўшыся ў Віленскім унівэрсытэце імя Сьцяпана Батуры, выйдзе замуж за старэйшага на восем гадоў капітана Францішка Кушаля — фаната вайсковае службы й беларускага патрыёта (за гэты патрыятызм яго, афіцэра Войска польскага, 18 гадоў не падвышалі ў чыне).

Ведама, жонка — як нітка ў іголцы: куды муж, туды і яна. Разам з мужам у 1923 г. паэтка апынулася ў павятовым Слоніме. Там яе й знайшоў ліст Антона Луцкевіча, які ў 1923 г. надумаўся выдаваць альманах “Заходняя Беларусь”. Знайшоў грошы для першага выпуску ды зьбіраў аўтараў. У фондах Цэнтральнае бібліятэкі АН Літвы захаваўся адказ Арсеньневай.

 

Слонім 31/VIII

Глыбокапаважаны паночку!

Толькі ўчора атрымала ў Слоніме Ваша пісьмо. Яно блізка месяц падарожнічала, пакуль знайшло нас. Сьпяшаюся паслаць Вам, што магу даць за такі кароткі срок. Я ж амаль цэлы год нічога, нічога не пісала і толькі цяпер ізноў прынімаюся патроху за працу. Трудна цяпер саздаць, стварыць настрой для працы паэтычнай, часу мала, не, ня часу, але жыцьцё перашкаджае, дробныя жыцьцёвыя (неразб.) не даюць углыбіцца, памарыць, а бяз гэтага нічога ня пішацца. Пасылаю тут другую частку “Dziadów” Міцкевіча і некалькі вершыкаў. Можа што й выбераце. Выбачайце, што так доўга не адказвала і што нічога добрага паслаць не магу.

Паважаючая Вас

Н.А.

 

Не зусім упэўненая, што ліст дайшоў да адрасата, паэтка напісала Луцкевічу цыдулку на палове аркушу ў лінейку.

 

6/ІХ—1923

Вельміпаважаны пане Луцкевіч,

яшчэ на прошлым тыдні выслала па Вашаму адрасу некалькі вершаў поштаю, але ня ведаю, ці атрымалі. Здараецца ў Вільню адзін знаёмы, якога я й прашу даведацца, ці дайшоў мой ліст. Калі яшчэ ня позна й калі нічога з прысланых раней рэчаў не падходзіць, пастараюся даць што-небудзь яшчэ. Выбачайце яшчэ раз, што спазьнілася з прысылкаю. Калі “Альманах” выйшаў ужо, была б надта, надта ўдзячная, атрымаўшы адзін экзэмпляр.

Шчыра паважаючая Вас

Н.Кушаль

 

Сам Луцкевіч не асьмеліўся назваць “Заходнюю Беларусь” альманахам, бо ня меў пэўнасьці, што здолее зьбіраць належную колькасьць тэкстаў ды грошай штогод. Таму выданьне атрымала падзагаловак “Зборнік грамадзкае мысьлі, навукі, літаратуры, мастацтва Зах. Беларусі”. На вокладцы пазначана, што зборнік быў надрукаваны ў 1924 г., але насамрэч ён выйшаў перад Калядамі 1923 г. Значнае месца ў ім займаюць “нарысы крытычнага аптымізму” Сулімы (Уладзімера Самойлы) пад назваю “Гэтым пераможаш!” Вершаў у часопісе няшмат — усяго дванаццаць на 156 старонак тэксту: па адным творы Дуніна-Марцінкевіча (укамэнтаваная Луцкевічам публікацыя), Леапольда Родзевіча, Ігната Канчэўскага (пасьмяротна), Гальляша Леўчыка і Ўладзімера Жылкі, тры вершы Казімера Сваяка і чатыры — Натальлі Арсеньневай. Яшчэ ў “Заходняй Беларусі” Луцкевіч надрукаваў свой артыкул “Вязьніца Адама Міцкевіча”. Гэта быў дакумэнтальны адказ польскім шавіністам, якія ў 1920 г. паспрабавалі зачыніць беларускую гімназію ў Базыльянскіх мурох. Славуты беларусафоб Вацлаў Студніцкі публічна заявіў, што беларусы зьневажаюць вязьніцу Адама Міцкевіча, маючы яе за клязэт. Абвінавачаньне падхапілі гісторык літаратуры Станіслаў Пігань (Pigoń) і Таварыства прыяцеляў Вільні (старшыня — Фэрдынанд Рушчыц). У 1920-м беларусы дамагліся ад уладаў Сярэдняе Літвы стварэньня супольнай беларуска-польскай камісіі, каб спраўдзіць сьцьверджаньні Студніцкага ды Піганя. Высьветлілася, што палякі казалі й пісалі няпраўду, але рэдакцыя “Tygodnika Ilustrowanego”, дзе Пігань надрукаваў быў абразьлівы для беларусаў матэрыял, адмовілася ўзяць Луцкевічава абвяржэньне. Той, счакаўшы чатыры месяцы, апублікаваў яго ў “Заходняй Беларусі”, а таксама выдаў асобнымі брашурамі па-беларуску (“Вязьніца Адама Міцкевіча”) і па-польску (“Prawda o celi Konrada: W setną rocznicę procesu filomatów”). Было даведзена, што вязьніца Вешчуна і ягоных таварышаў знаходзілася ў разбураным пазьней будынку, які прылягаў непасрэдна да царквы Сьв.Тройцы ў Базыльянскіх мурох. Тое ж памяшканьне, дзе месьціліся клязэты, было прыбудаванае да кляштарных муроў праз колькі дзясяткаў гадоў пасьля арышту філяматаў.

Натальля Арсеньнева атрымала зборнік “Заходняя Беларусь” на пачатку 1924 г. На той час яна жыла ў Хэлмне, паблізу Торуню: Францішка Кушаля перавялі туды служыць у школу кулямётчыкаў.

 

Шаноўны паночку!

Надта дзякую Вам за ўсё, што зрабілі, каб атрымоўваць газэту (пра якую газэту гаворка, няма ведама. — А.С.). Спадзяюся, што будзе даходзіць. Толькі ў адрасе малая памылка: вуліца наша не Млынарская, але Млынская, хоць мне здаецца, што гэта вагі ня мае. Пасылаю пакуль што тое, што маю гатовае, бо часу саўсім няма. За якія месяцы паўтары, калі троха падрасьце наш малодшы хлапец, можна будзе, нарэшце, паважна ўзяцца за працу. Пасылаю адну рэч большую: “Лебядзінае возера”, якая, распачатая надта даўно, яшчэ ў Вільні, толькі нядаўна дачакалася канца. Напісана яна быццам у народным духу, ня ведаю толькі, насколькі мне гэта ўдалося. Апроч “Лебядзінага возера” гатовых большых рэчаў ня маю, шмат, праўда, пачатых, няскончаных, неадшліфаваных, на іх калейка потым. Дробных вершыкаў пасылаю некалькі, тое, што ўдалося перапісаць на разе. Далейшае тлумачэньне “Дзядоў” — сьпіць. З ІІІ часткі ператлумачыла пралёг, першую сцэну (імправізацыя), пачала 3-юю сцэну і затрымалася. Чакаю на натхненьне, бо без ахвоты нічога не тлумачыцца. Ня ведаю нават, ці варта далей перакладаць (Акты ІІ, ІІІ і т.д.), бо гэта ўсё надта далёка ад жыцьця беларускага. Што датычыць зборнікаў “Зах. Беларусі”, то яшчэ зімою, у лютым, здаецца, атрымала 1-ую кніжку. Болей нічога ня мела. Ня ведаю, ці гэта ўсё, ці можа яшчэ выйшла што? Зьмест надта добры, але мне здаецца, што для шырокага агулу троха зацяжкі, асабліва стацьці характару філязафічнага. Кніжка гэта толькі для інтэлігента, селяніну яна мала прагаварывае да душы, але й гэтыя кнігі нам патрэбны, бо якая ж літаратура абмяжоўваецца літаратураю для народу? Троха часу — і на іх знойдуцца чытэльнікі. Як вядзе сваю працу гімназія? Я нічога, нічога ня ведаю вось ужо скора год. Улетку спадзяюся прыехаць у Вільню, толькі што надта далёка закінуў нас лёс наш беларускі... Яшчэ раз дзякую за ўсё, за ўсё. Муж шле Вам шчыры прывет. Цяпер надта сумна, бо муж на стралецкіх курсах у Торуні і толькі часам прыязжае на адзін дзень. А дзень гэты так хутка зьлятае.

Са шчыраю пашанаю

Н.Кушаль

У Луцкевіча нярэдка ўзнікала праблема: дзе друкаваць твор? “Вершы аб Вільні” Ўладзімера Жылкі, атрыманыя ў 1925 г., каб “не кампрамэтаваць” аўтара ў вачох левых (сам факт выступленьня аўтара ў часопісе ці газэце, рэдактар якое меў рэпутацыю правага, выклікаў бы асуджэньне ці гнеў таварышаў), давялося ўставіць у артыкул “Вільня ў беларускай літаратуры” ды так і публікаваць у “Студэнцкай думцы” (у “чорнаянкастанкевічаўскай” “Студэнцкай думцы” — хочацца дадаць словамі самога паэта, які вельмі ж не любіў сталага супрацоўніка часопісу Янку Станкевіча). Натальлю Арсеньневу яе рэпутацыя сярод левых не хвалявала. Яна пасылала вершы Луцкевічу, ведаючы, што для яго важныя эстэтычныя якасьці твораў і важна, каб добрыя творы дайшлі да чытача, а дзе яны апублікаваныя — неістотна. Ведаючы, што паэма “Лебядзінае возера” была пасланая Луцкевічу, а потым надрукаваная ў “Студэнцкай думцы”, можна смела зрабіць выснову, што ў часопіс яна трапіла ад яго.

Ня можа быць, каб Арсеньнева не перапісвалася з Луцкевічам у 1925 г. Пра перапіску як найлепей сьведчыць самы пачатак апошняга з апублікаваных тут лістоў паэткі.

Яна не трывожыцца за “Лебядзінае возера”, бо ведае: твор неўзабаве зьявіцца ў друку. Натальля мае іншы клопат: хоча выдаць кніжку. Яна памятае, што ў 1924 г. Луцкевіч дапамог выдаць зборнік вершаў Уладзімеру Жылку. Паэт паслаў яму рукапіс зборніка з упэўненасьцю: “...Калі і не надрукуецца, то не прападзе”. З такою ж упэўненасьцю пасылае свае вершы для зборніка й Арсеньнева.

 

18.І.1926. Хэлмна

Вельміпаважаны пане Луцкевіч.

Пасылаю першую частку “Дзядоў” і імправізацыю Конрада з ІІІ часткі, аб якой мы гаварылі яшчэ летам, калі я была ў Вільні. Цяпер перакладаю IV частку “Дзядоў”, т. што скора ўся кніжка, так званыя “Віленскія Дзяды” (частка І, ІІ і IV), будзе пераложана. Першая частка ўся састаўлена з адрыўкаў, надта слаба паміж сабою зьвязаных, — перакладала згодна з арыгіналам, толькі ў адным месцы, у вершы “Рамантычнасьць” дапушчана некалькі строчкаў вольнага перакладу: замест міцкевічаўскіх нарцыза і лілеі, ці рожы, устаўлены вершык аб дубку і каліне, які не выглядае так сэнтымэнтальна. Апроч “Дзядоў” пасылаю Вам яшчэ свае вершы, сабраныя за мінулыя чатыры гады. Няхай ляжаць у Вас, калі будзе магчымасьць — надрукуюцца. Толькі прасіла б аб адной рэчы: калі ня будзе магчымасьці выдаць цэлай кніжкі (усе вершы разам), дак лепей пачакаць, каб не разьбіваць цэласьці зборніка. Многа вершаў там яшчэ нідзе не друкаваных, якія можна будзе таксама выкарыстаць у выданьнях пэрыядычных. Можа б Вы перагледзілі увесь зборнік і вершы слабыя па Вашым погляду выкінулі, за кожную раду буду надта ўдзячна, а месцы няўдалыя пастараюся перарабіць. А пакуль што я і муж шлём Вам шчыры прывет.

Астаюся з глыбокай пашанай

Наталя Кушаль

 

Спатрэбілася паўтара году, каб “прыгожая сваей скромнасьцяй кніжачка” (А.Луцкевіч) убачыла сьвет. Рэдагаваць яе даручыў доктару Ігнату Дварчаніну. Сам Луцкевіч з 1926 г. быў вельмі заняты працаю ў рэдакцыйным камітэце Беларускае сялянска-работніцкае грамады; пасьля арышту ў студзені 1927 г. грамадоўскіх паслоў на Сойм — Браніслава Тарашкевіча, Сымона Рака-Міхайлоўскага ды інш. — ягоная занятасьць у левых віленскіх беларускіх выданьнях узрасла. Дварчанін, які прыехаў у Вільню ў 1926 г., быццам ведаў, што яго вельмі чакаюць у сталіцы Заходняе Беларусі. Луцкевіч жа памятаў, як дактаранта з Прагі характарызаваў Жылка (“вельмі дадатны чалавек, зь якога пры спрыяючых варунках можа выпрацавацца паважная навуковая сіла”). Таму, калі Дварчанін прыехаў у Гедымінаву сталіцу, Луцкевіч ужо вызначыў для яго абсяг працы: зрабіў адказным сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства. Гэта ня шкодзіла намеру доктара скласьці хрэстаматыю беларускае літаратуры ад 1905 г. (і хрэстаматыя выйшла ў 1927 г.). Калі б малады вучоны не ўцягнуўся ў дзейнасьць БСРГ, не пайшоў у яе Цэнтральны Сакратарыят, а заставаўся толькі сакратаром БВТ ды настаўнікам беларускае гімназіі, мажліва, не засталася б няскончанаю і ягоная праца пра Скарыну... Але першы зборнік Арсеньневай Дварчанін адрэдагаваў і нават напісаў на апошняй старонцы “ўвагі друку”.

Кніжка (выйшла ў выдавецтве Клецкіна) “йшчэ пахнець фарбай”, калі Луцкевіч сядае пісаць артыкул-рэцэнзію (датаваны 24 ліпеня), і 3 жніўня чытачы газэты “Наша праўда” маглі прачытаць словы пра тое, што “мы маем дзела з запраўднай мастачкай слова”. Артыкул Луцкевіча — з тых, якія нельга ігнараваць пры вывучэньні творчасьці таго ці іншага паэта. Такою працаю была, прыкладам, і ягоная рэцэнзія на Багдановічаў “Вянок”.

А Максім Гарэцкі, які вучыў Арсеньневу беларускай літаратуры, тым часам жыў у БССР, у Горках. Як трапіў да яго зборнік былой вучаніцы, можна толькі гадаць. Ён строгі, першы настаўнік. “Форма вершаў Арсеньневай, у галіне тэхнікі вершаскладаньня, не вызначаецца якой-небудзь асаблівай бліскучасьцю”, — піша Гарэцкі ў артыкуле “Беларуская літаратура пасьля “Нашай Нівы”. Мала таго, “у параўнаньні зь беларускаю паэзіяй у БССР” яе вершы “маюць на сабе пячатку пэўнага паэтычнага прымітывізму”.

У гэтым артыкуле і Гаруноў “Матчын дар” праходзіў пад рубрыкай “нічога асабліва выдатнага ў мастацкай літаратуры” (зьвярніце ўвагу на словаспалучэньне “асабліва выдатнага”: у ім уся хітрасьць), і Купалава “Спадчына” не давала “нічога новага”. Але адначасна з-пад пяра крытыка выходзяць словы пра тое, што “ў беларусаў пад Польшчаю зьявілася шмат маладых паэтаў”, што з “выдатных іменьняў (значыць, выдатныя імёны меліся, і не адно. — А.С.), можна тым часам назваць хіба толькі адно…” — Арсеньневай. Жывучы ў Саўдэпіі, Гарэцкі ня мог хваліць паэтку за матывы ейнай паэзіі, мог толькі іх называць: “праявы каханьня, …глыбокае адчуваньне хараства прыроды і зьвязваньне з таемным жыцьцём прыроды сваіх індывідуальных перажываньняў, нарэшце — любоў да роднага краю…”. Кажучы пра адсталасьць тэхнікі вершаскладаньня, ён мог уставіць словы пра шчырасьць пачуцьця. Пішучы пра далікатнасьць тону, пяшчотнасьць вобразаў і слоў у творах паэткі, сьледам за гэтым ён мусіў рабіць заўвагу пра паэтычны прымітывізм…

Зразумеем Максіма Гарэцкага і паспачуваем яму, скаванаму ідэалягічнымі прадпісаньнямі. Для нас больш важна, што ён не прамаўчаў, вылучыў творчасьць сваёй “непралетарскай” вучаніцы (у тым самым годзе напісаў для маскоўскага часопісу “Октябрь”: “У Заходняй Беларусі першае месца ў беларускай паэзіі займае цяпер Натальля Арсеньнева”). Мы разумеем, у якім цяжкім становішчы знаходзіўся чалавек, надзелены высокім эстэтычным густам, таму й надаём ягоным выказваньням асаблівую вагу. І радуемся за настаўніка: ён не памыліўся, рэкамэндуючы Натальлю Арсеньневу акадэміку Карскаму.

Анатоль Сідарэвіч

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0