У Беларускім ліцэі імя Якуба Коласа прайшоў новы набор. Сёлета на першы курс (адпаведнік 8 клясы па 11‑гадовай навучальнай сыстэме) набралі дзьве групы, а таксама сфармавалі яшчэ адну дадатковую групу на трэці курс. Конкурс у падпольны ліцэй быў 1,5—2 чалавекі на месца. «Гэта й зразумела ў такіх умовах», — кажа намесьніца дырэктара па навучальнай працы Ірына Сідарэнка.

Паводле яе словаў, будучых ліцэістаў прываблівае найперш мова навучаньня: «Так і кажуць — хочам вучыцца на роднай мове».

Падсумоўваючы вынікі гэтага навучальнага году, спн.Сідарэнка адзначыла, што выпускнікі ліцэю паказалі выдатныя вынікі: сярэдні бал склаў каля 9 балаў. Ліцэісты, што здавалі іспыты пасьля дзявятай клясы, таксама не расчаравалі — сярэдні бал склаў 8—8,5 балаў.

Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа ўзьнік у 1990 г. як нядзельны ліцэй пры Таварыстве беларускай мовы. У 1991 г. быў створаны стацыянарны Беларускі гуманітарны ліцэй. Яго заснавальнікі ставілі мэтай стварыць беларускую па духу навучальную ўстанову эўрапейскага ўзору, якая б давала грунтоўныя гуманітарныя веды. У 2003 г. Міністэрства адукацыі ліквідавала Ліцэй, матывуючы гэта неабходнасьцю «аптымізацыі навучальнага працэсу», і пазбавіла яго будынку на вул.Кірава. З таго часу Ліцэй працуе ў падпольлі. Нягледзячы на вучобу на кансьпіратыўных кватэрах, пераезды і маральны ціск, Ліцэю ўдаецца захоўваць выдатны выкладчыцкі калектыў, а яго выпускнікам — пасьпяхова здаваць уступныя тэсты ў беларускія і замежныя ВНУ.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?