Бібліятэка

 

Вяртаньне Тумаша

Вітаўт Тумаш. Выбраныя працы. — Менск, 2002. — 246 с. (Бібліятэка часопіса “Беларускі Гістарычны Агляд”).

Выйшла дзявятая кніга сэрыі БГА. Гэта выбраныя творы скарыназнаўца Вітаўта Тумаша. Ён ня быў прафэсійным гісторыкам. Тумаш — лекар, скончыў мэдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Гэта ён быў за немцамі, у 1941 г., першым бурмістрам Менску, паспрабаваў адрадзіць тут людзкае жыцьцё і спыніць прынесеныя вайной эпідэміі. У канцы 1941 г. зьехаў у Бэрлін, займаўся грамадзкай працай. З 1955 па 1982 г. Тумаш узначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ). Найбольш трапна ахарактарызавала калегу і настаўніка Раіса Жук-Грышкевіч: “З прафэсіі ён быў лекарам і адначасна з натуры — гуманістам. Пачынаючы ад віленскіх студэнцкіх часоў, вывучаў жыцьцё й літаратурную спадчыну доктара Францішка Скарыны. …І што мы ў Канадзе ведаем пра Скарыну, і шмат разоў тут адзначалі ўгодкі беларускага друку й іншых падзеяў, зьвязаных з Францішкам Скарынам, — гэта заслуга доктара Вітаўта Тумаша. Ён з натуры быў падобны да Скарыны. І Скарына быў з прафэсіі лекарам і гуманістам”. Друкаваных працаў у Тумаша было аж 104, але ў кнігу ўвайшлі толькі самыя важныя.

Э.Л.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0