ліст у рэдакцыю

Рукі прэч ад Сафіі!

У шэрагу нацыянальных сымбаляў поруч стаяць крыж Эўфрасіньні Полацкай і полацкі Сафійскі сабор. Усе яны кожны па-свойму сымбалізуюць Беларусь. І зразумела, ворагі беларушчыны і незычліўцы Беларусі заўсёды імкнуліся зьнішчыць, забараніць ці апаганіць іх або завалодаць, каб прыстасаваць да сваіх патрэбаў. Нядаўна Камітэт па справах рэлігіі і нацыянальных меншасьцяў загадаў полацкім гарадзкім уладам падрыхтаваць перадачу храму Расейскай праваслаўнай царкве. Мы лічым такі крок камітэту неабдуманым. Дзяржаўны орган ня мусіць ісьці на павадку ў сілаў, якія хочуць дэстабілізаваць сытуацыю, распаліць у нашым грамадзтве міжрэлігійную варожасьць. У 70—80-х гадах помнікі дойлідзтва, а значыць і бажніцы, ратавалі ад зьнішчэньня беларускія патрыёты. На жаль, тады сярод абаронцаў Божых храмаў не было відаць аніводнага праваслаўнага сьвятара. Пад націскам інтэлігенцыі ў 80-х пачалася рэстаўрацыя полацкай Сафіі. Рэстаўрацыя праведзеная на высокім узроўні, у храме ўсталяваныя ўнікальныя арганы – гонар гораду і краіны. Было прынятае на той час адзіна правільнае рашэньне: сьвятыня павінна служыць ня вузкаму колу парафіянаў адной канфэсіі, яна павінна належаць усяму народу. У саборы быў створаны музэй сьвятыні і канцэртная заля. І храм стаў духоўным здабыткам усяе нацыі.

Усё павінна адбывацца мірна, з думкай пра Беларусь і бязь зьменаў статусу сабору сьв.Сафіі. Права ажыцьцяўляць свае набажэнствы ў Храме павінны мець усе хрысьціянскія суполкі, якія адраджаюць беларускую духоўнасьць і карыстаюцца ў набажэнствах беларускай мовай, што цалкам адпавядае беларускай талеранцкай традыцыі.

Леанід Акаловіч, выкладчык і сьвятар; Рыгор Бакіевіч, рэжысэр; Сьвятлана Бельская, біёляг; Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі; Янка Брыль, народны пісьменьнік Беларусі; Радзім Гарэцкі, акадэмік НАНБ; Эдвард Зайкоўскі, кандыдат гістарычных навук; Аляксей Кароль, гісторык; Мікалай Крыжаноўскі, дэпутат ВС ХІІ скліканьня; Мікола Крукоўскі, прафэсар; Уладзімер Кулажанка, прафэсар; Мікола Купава, мастак; Аляксей Марачкін, мастак; Уладзімер Пузыня, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі; Уладзімер Содаль, літаратар; Вячаслаў Чамярыцкі, кандыдат філялягічных навук; Міхась Чарняўскі, гісторык; Юры Хадыка, прафэсар

(Ад рэд.: зварот пададзены скарочана.)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0