Апошні бой “Хартыі”

Ідэя брэнду “Зубр” прыйшла ў галаву пісьменьніку Адаму Глёбусу. Гады тры таму ў гутарцы з Халезіным і Бандарэнкам ён выказаў меркаваньне, што “Зубром” мусіць называцца афіцыйная партыя Лукашэнкі: “Як у расейцаў — “Мядзьведзь”, у беларусаў мусіў быць “Зубр”, партыя ўлады”. Дзейнасьцю рэальнага, антыўладавага “Зубра” Глёбус не задаволены: “Яны зрабілі з гэтага фарсавы спэктакль. Замест зуброў атрымаліся нейкія цяляткі, падшыванцы. Сутнасьць гэтай арганізацыі цалкам не адпавядае ейнай назьве”.

 

19 красавіка “Зубр” і “Хартыя’97” праводзяць у Менску марш пратэсту “Так жыць нельга!”. Яе ініцыятары мяркуюць, што акцыя мае вялікае значэньне. Па словах актывіста “Зубра” Цімоха Дранчука, асноўная мэта акцыі — “прымусіць Лукашэнку выканаць перадвыбарныя абяцаньні: кампэнсаваць уклады насельніцтва ў банках, падняць узровень пэнсіяў і заробкаў” і “рэзка падвысіць дабрабыт народу”. На думку Дранчука, акцыя гэтаму якраз дапаможа.

“Хартыя’97” была заснаваная ў лістападзе 1997 г. Яна задумвалася як “каардынацыйны цэнтар беларускай апазыцыі”. Асноўнай мэтай ейнай дзейнасьці абвяшчалася аднаўленьне ў краіне законнасьці на аснове Канстытуцыі 1994 г. Пад зваротам да беларускага народу, ініцыяванага “Хартыяй’97”, паставілі свае подпісы Васіль Быкаў, Павал Шарамет, Станіслаў Шушкевіч, Юры Хадыка, Рыгор Барадулін… Арганізатары заклікалі ўсіх беларускіх грамадзянаў паставіць свае подпісы пад зваротам “Хартыі’97”, незалежныя газэты друкавалі лічыльнік з колькасьцю падпісантаў.

Аўтар звароту “Хартыі’97” палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што “сапраўдная” “Хартыя” праіснавала толькі тры месяцы. Пасьля ж ён пабачыў, што Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка “хочуць сфармаваць арганізацыйную структуру”, а не ўзгадняць дзеяньні “розных палітычных суб’ектаў”. Таму Мацкевіч упэўнены, што грамадзянскай ініцыятывы ў тым выглядзе, у якім яна задумвалася, даўно няма.

“Хартыстаў” узначальвалі Мікалай Халезін, Зьміцер Бандарэнка, Алег Бябенін, Андрэй Саньнікаў, Людміла Гразнова. Сапраўды, “Хартыя’97” ня стала масавым рухам, як плянавалася. Ня стала яна і адпаведнікам чэхаславацкай “Хартыі’77”, якая ў часы савецкай акупацыі ачоліла праваабарончы рух.

На думку Валера Булгакава, асноўнай праблемай “Хартыі” было тое, што, апынуўшыся на першых ролях сярод апазыцыйных палітычных сілаў, яна выразна арыентавалася на расейскамоўную сярэднюю клясу, расейскамоўную інтэлігенцыю. Тым самым “Хартыя” расколвала адзінства апазыцыі, якая спавядала большую прыхільнасьць да нацыянальных каштоўнасьцяў.

“Хартыя” асноўную ўвагу надавала разьвіцьцю міжнародных сувязяў (за гэты напрамак адказваў Андрэй Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі), разбудове інтэрнэт-рэсурсу (Алег Бябенін). Час ад часу “Хартыя” ладзіла пікеты, выпускала ўлёткі, распрацоўвала дызайн апазыцыйных імпрэзаў. Чаго бракавала “Хартыі” — дык гэта ўласнай разгалінаванай структуры. Таму ўвосень 2000 г. у яе ўзьнікла ідэя стварэньня моладзевай арганізацыі, неафіцыйна падпарадкаванай “Хартыі” ды залежнай ад яе фінансава. Перад “хартыстамі” быў сьвежы прыклад Сэрбіі, дзе моладзевы рух “Адпор” стаў галоўнай сілай рэвалюцыі. Заходнія палітычныя тэхналёгіі было вырашана выпрабаваць на беларускай глебе.

І ў студзені 2001 г. быў заснаваны “Зубр”. Аўтарам назвы арганізацыі найчасьцей называюць журналіста Мікалая Халезіна. Між тым, яшчэ тры гады таму гэтая ідэя прыйшла ў галаву пісьменьніку Адаму Глёбусу. У гутарцы з Халезіным і Бандарэнкам ён выказаў меркаваньне, што “Зубром” мусіць называцца афіцыйная партыя Лукашэнкі: “Як у расейцаў — “Мядзьведзь”, у беларусаў мусіў быць “Зубр”, партыя ўлады”. Дзейнасьцю рэальнага, антыўладавага “Зубра” Глёбус цалкам незадаволены: “Яны зрабілі з гэтага фарсавы спэктакль. Замест зуброў атрымаліся нейкія цяляткі, падшыванцы. Сутнасьць гэтай арганізацыі цалкам не адпавядае ейнай назьве”.

Едучы ў студзені 2001 г. у Белавескую пушчу на двухдзённы ўстаноўчы сход арганізацыі, Халезін, Бандарэнка і Бябенін ужо вырашылі пытаньне з назвай арганізацыі — “Зубр”. У Белавескую пушчу былі запрошаныя прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый з многіх рэгіёнаў Беларусі — каля 40 чалавек. Першая акцыя мусіла адбыцца празь месяц пасьля стварэньня “Зубра”. За гэты час трэ было падрыхтаваць каляровыя налепкі, масава расьпісаць сьцены й платы надпісамі “Зубр”, стварыць рэгіянальныя аддзелы.

Праблемы пачаліся ад самага пачатку. Частка людзей з тых 40 амаль адразу адышла ад арганізацыі. Некаторыя спалохаліся актыўнай дзейнасьці “Зубра”, іншыя і так добра пачуваліся ў сваіх арганізацыях ды не хацелі ўскладняць адносінаў з уладамі, нехта з-за свайго характару проста ня ўліўся ў калектыў. Невялікі адток людзей працягваўся й надалей. Але ён на фоне энтузіязму й вялікай колькасьці навабранцаў вясны-лета 2002-га быў незаўважны.

Да “Зубра” далучылася частка актывістаў БПС. Дэлегаваў у “Зубр” частку сваіх людзей і “Край”. З “Маладога фронту” ў “Зубр” не перайшоў амаль ніхто.

“Хартыя” бачыла сябе кіроўным органам апазыцыі, а “Зубру” адводзілася роля галоўнай ударнай і мабілізацыйнай сілы. Мусіла спрацаваць сэрбская схема.

9—10 верасьня некалькі соцень “зуброў” на чале са сваімі камандзірамі стаялі да канца. Раніцай 10 верасьня яны пабачылі, што засталіся ў адзіноце. “Сэрбскага варыянту ” не атрымалася, рэвалюцыя не адбылася. У выніку “байцы” мусілі пакінуць нікому не патрэбны Палац прафсаюзаў…

“Зубр” быў створаны “пад выбары”. Пра ягоную будучыню ў выпадку паразы ніхто ня думаў, як і пра саму паразу. Таму пасьля 10 верасьня быў пэрыяд разгубленасьці і нявызначанасьці. Частка камандзіраў “Зубра” адправіліся ў адпачынак на Чорнае мора. “Хартыя” чакала рэакцыі ўладаў: не выключаўся, у выпадку хвалі рэпрэсіяў, варыянт эміграцыі (але не спыненьня палітычнай дзейнасьці). Лёс “Зубра” вырашыўся дзесьці ў кастрычніку 2001-га, калі было прынятае рашэньне яго захаваць. Аднак арганізацыя раставала: параза на выбарах, расчараваньне й апатыя моладзі, адсутнасьць грошай у касе… Ня дзіва, што да студзеня 2002-га “Зубр” зьменшыўся практычна да тых самых 40 чалавек, што былі напачатку…

Трэ было нешта рабіць. І кіраўнікі “Зубра” вырашылі распачаць сацыяльную кампанію. У сакавіку Зьміцер Бандарэнка, Мікалай Халезін, Валеры Шчукін, Юры Хашчавацкі, Цімох Дранчук абвясьцілі пра акцыю “Так жыць нельга!”, прымеркаваную да 19 красавіка. Многія загаварылі пра тое, што яна расьцярушыць апазыцыйныя сілы й зьменшыць колькасьць удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху”. Аднак “Хартыя” палічыла, што трэба самастойнай акцыяй паказаць свой мабілізацыйны патэнцыял. І стаўку ў гэтай “дэманстрацыі сілы” яна зрабіла на “Зубр”. Акцыяй 19-га “Хартыя” хоча даказаць, што яна ня толькі жывая, але і мае ранейшы творчы і арганізацыйны патэнцыял. Вось толькі каму даказаць?

“Хартыя” перастае быць сыстэмным элемэнтам дэмакратычнай апазыцыі і спрабуе намацаць сабе новую нішу. А інтарэс пэўных палітычных элітаў да гэтай зьявы беларускай палітыкі ёсьць. Гэты інтарэс — зарука яе існаваньня. Новы імпульс для дзейнасьці яна атрымае з самага непрадказальнага боку. Сам факт, што рэкляма акцыі 19 красавіка выключна расейскамоўная, шмат пра што кажа.

Мікола Бугай

 

Каардынатар “Хартыі’97” Зьміцер Бандарэнка адказаў на пытаньні “НН” напярэдадні акцыі “Так жыць нельга!”.

“НН”: Чаму “так жыць нельга”, калі ў краіне ў першым квартале ВУП вырас на 3,2%?

З.Б.: Ня ведаю, наколькі можна давяраць гэтым афіцыйным лічбам. У савецкія часы таксама ўсё было добра. Мы ж бачым, што рэзка зьнізілася рэнтабэльнасьць, напаўненьне бюджэту складае толькі 50% ад заплянаванага. Выплата пэнсіяў і заробкаў затрымліваецца нават у Менску. Адным словам, абяцанкі-цацанкі.

“НН”: Чаму ўся рэкляма акцыі “Так жыць нельга!” расейскамоўная?

З.Б.: Я не адказваю за рэкляму, але ведаю, што ёсьць налепкі і беларускамоўныя, нават відэафільм.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0