Багушэвіч нарадзіўся тут

6 красавіка аўтобусік зь віленскімі беларусамі і гасьцямі зь Менску ад’ехаў ад чыгуначнай станцыі і рушыў па старой менскай дарозе ў кірунку Меднікаў. Неўзабаве ён спыніўся ля сядзібы на ўскрайку Сьвіранаў, якія цяпер у Літве завуцца Svironų Kaimas. Людзі выйшлі з аўтобусу, але ў хату не сьпяшаліся — засталіся на панадворку, хоць было па-зімоваму сьцюдзёна і нават церушыў сьнег. Распакавалі прывезенае начыньне, застукалі малаткамі.

Гэтак пад Вільняй, на радзіме Францішка Багушэвіча, зьявілася яшчэ адна мэмарыяльная шыльда ў гонар паэта. Белая мармуровая дошка з барэльефам і надпісам беларускай лацінкай упрыгожыла хату, што стаіць на месцы фальварку Багушэвічаў.

Старыя гаспадары тае хаты Філіповічы ведаюць і памятаюць пра Багушэвіча. Цяпер жывы толькі стары гаспадар, але ён ужо зусім нямоглы, і яго даглядае дачка Марыя, якая адмыслова дзеля бацькі перабралася сюды зь Вільні. Марыя Філіповіч-Ранцавене ветліва сустрэла гасьцей, запрасіла прыяжджаць яшчэ ды сказала, што пасьля, як пацяплее, сама высадзіць кветкі і зробіць дарожку.

Побач, у вёсцы Савічуны, на будынку вясковай бібліятэкі ўжо ёсьць мэмарыяльная дошка ў гонар паэта на трох мовах — літоўскай, беларускай і польскай. Сама вуліца, дзе стаіць будынак бібліятэкі, названая імем Багушэвіча.

Тацяна Каротчанкава,
Вільня

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0