з усёй краіны

 

На Аршаншчыне — нафта

ВА “Белгеалёгія” разглядае магчымасьць эксплюатацыі радовішчаў бурага вугалю ў Дубровенскім раёне, запасы якога складаюць 26 млн. тонаў. Таксама разглядаецца мэтазгоднасьць здабычы нафты на тэрыторыі Аршанскай упадзіны. Дзеля гэтага “Белгеалёгія” плянуе сёлета правесьці там сэйсьмічныя дасьледаваньні ды зрабіць адну парамэтрычную сьвідравіну.

Перасяляюць у вёскі

Наваполацкі цэнтар занятасьці вырашае праблему беспрацоўя, расьсяляючы ахвотных па вёсках Дубровенскага, Браслаўскага, Дзісенскага ды Глыбоцкага раёнаў. Перасяленцам выплачваецца дапамога ў памеры пяці “бюджэтаў пражытачнага мінімуму”. Летась у вёскі пераехала 20 сем’яў.

Новы асфальтабэтон

Віцебскі дарожны трэст №1 першым у краіне паклаў у палатно маскоўскай трасы, якая праходзіць празь Беларусь, 400 тонаў вырабленага ім новага асфальтабэтону падвышанай трываласьці. Траса М1/Е30 бярэ на сябе найбольшую частку транзытных перавозак на Маскву, і яе палатно не вытрымлівае інтэнсіўнага руху цяжкіх “фураў”. Дык дарожнікі прыдумалі падмешваць у асфальт для моцы цэлюлёзу з друзавай мастыкай.

Уніяты ў Воршы

Штонядзелю а 15-й у Аршанскім касьцёле Сьв.Язэпа адбываецца ўніяцкая імша. Служыць яе айцец Зьміцер Грышан зь Віцебску. Аршанская грэка-каталіцкая грамада — трэцяя на Віцебшчыне (яшчэ ўніяты ёсьць у самім Віцебску і ў Полацку). Скантактавацца з аршанскімі грэка-каталікамі можна па т. 22-4-41.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

Зачыняюць выцьвярэзьнікі

Менскі гарвыканкам вырашыў пакінуць у сталіцы толькі адзін мэдвыцьвярэзьнік — у Маскоўскім раёне. Астатнія будуць зачыненыя. Тлумачаць такія зьмены эканамічнай немэтазгоднасьцю ўтрымліваць столькі выцьвярэзьнікаў і… зьмяншэньнем колькасьці п’яных. Але спэцыялісты-нарколягі лічаць гэтае рашэньне пасьпешлівым.

Балацізацыя

Лельчыцкі райвыканкам вырашыў ператварыць больш за 1000 гектараў ворыва ў балоты. Гэтыя землі даўно ўжо амаль не давалі ўраджаю. Да 2005 г. яшчэ 4 тыс. гектараў ворыва выведуць з ужытку. Частку зямлі засадзяць лесам.

Шанцаў асуджаны за валюту

Старшыню магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімеру Шанцаву далі 500 тыс. рублёў штрафу за продаж валюты прыватнай асобе. У Шанцава канфіскавалі 1500 даляраў. Ён сваёй віны не прызнае і кажа, што проста гутарыў з валютчыкам — сваім колішнім калегам.

Злавіў кабету

Участковы міліцыянт з Гомелю злавіў 40-гадовую кабету, якая скочыла зь сёмага паверху. Кабета вырашыла забіцца, нацярпеўшыся ад мужа-алькаголіка. Міліцыянт стаяў на бальконе паверхам ніжэй і спрабаваў адгаварыць яе. Калі жанчына скочыла, участковы схапіў яе за сьцёгны і ўсьцягнуў на балькон. Самагубца не пераважыла міліцыянта, бо таго трымала за ногі мажная суседка.

Па выходных — даражэй

За адну паездку ў выходныя і сьвяточныя дні на ўсіх глыбоцкіх аўтобусных маршрутах давядзецца плаціць не 120, а ўжо 240 рублёў. На такія непапулярныя меры пайшоў мясцовы аўтапарк, калі апынуўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Мінулы год прынёс транспартнікам 32,9 млн. рублёў страт.

Паводле “Вольнага Глыбокага”

Паляць траву — гараць кнігі

У вёсцы Макровічы (Бялыніччына) згарэла бібліятэка. Занялася яна ад сухой травы, якую хтось паблізу падпаліў. Сапсаваныя практычна ўсе 5 тысячаў бібліятэчных кніжак: што згарэла, што заліта вадой. Цяпер кніжны фонд давядзецца камплектаваць наноў.

Забілі ў краме

У тыя выходныя ў Крычаве хавалі тутэйшага жыхара, забітага ў Санкт-Пецярбурзе: зайшоў у звычайную харчовую краму ды трапіў пад бандыцкую перастрэлку. У Пецярбург ён паехаў быў на заробкі: працаваў на будоўлі, меў нядрэнныя грошы.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Абраімаўскі волат

Дрыбінскі райвыканкам абвясьціў сасну “Абраімаўскі волат” батанічным помнікам мясцовага значэньня. Цяпер вакол дрэва забароненая любая дзейнасьць, якая можа яму нашкодзіць. Вышыня хвоі складае больш за 25 мэтраў, дыямэтар ствала — 1,8 м, а верхавіна раскінулася на плошчу 30 кв.м.

“Савецкая вёска”, Дрыбін

Музыка пры сьвечках

Настаўнікі Красьненскай музычнай школы (Маладачаншчына) прызначаюць вучням з навакольных вёсак заняткі ў “сьветлыя гадзіны”, бо за нядоімкі ў школе час ад часу адлучаюць электрычнасьць.

Алег Раявец, Раёўка

 

Раней абаронцаў Курапатаў крытыкавалі за тое, што яны ставяць ва ўрочышчы крыжы, зробленыя зь нячэсанага й негабляванага дрэва, з сухастоінаў. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ крытыку ўлічыла. Крыжы, якія ейныя сябры ўсталёўваюць штосуботы ў часе курапацкіх талокаў, не паваліш, плечуком піхнуўшы. Дыхтоўныя, у два з паловай мэтры вышынёй, зробленыя з габляваных сасновых брусоў, амаль на мэтар укапаныя ды ўмацаваныя камянямі, яны мусяць доўга стаяць. Каб крыж ня гніў, тую частку, што ў зямлі, шмаруюць смалой ці алівай. Дрэва сябры КХП БНФ купляюць на партыйныя складкі й ахвяраваньні. Крыжы ўкопваюць не бессыстэмна: яны мусяць утвараць Алею смутку абапал курапацкае дарогі ды стаяць над кожнай ямай ва ўрочышчы. У талоках бяруць удзел ня толькі сябры КХП. Далучаюцца “беспартыйныя” менчукі, часам моладзь, якая дзяжурыць у Курапатах. Хоць у цэлым фронтаўцы скептычна ацэньваюць дзеяньні моладзі: ім непрыемна, напрыклад, што шмат сьмецьця валяецца вакол намёту... Аднак просяць не называць сябе. Пасьля таго, што здарылася ў аўторак, рабіць гэта не выпадае: 8 міліцыянтаў у цывільным сарвалі бел-чырвона-белы сьцяг ды арыштавалі трох хлопцаў і дзяўчыну, якія ў той вечар былі ва ўрочышчы. Аўторкавая “Советская Белоруссия”, нібы загадзя пра напад ведаючы, зьмясьціла на першай паласе словы міністра транспарту Баравога: “Усе заўвагі Інстытуту археалёгіі і прапановы грамадзкіх арганізацый улічаныя. Між будаўнікамі і прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый устанавілася поўнае ўзаемаразуменьне”. Рамонт кальцавой дарогі блізіцца да канца, і кожны цяпер імкнецца паставіць кропку ў гісторыі вакол Курапатаў: улады — сваю, абаронцы — сваю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0