цілівізар

Саша і Сірожа

Сашу і Сірожу можна пабачыць у мэтро. Калі прыгледзецца, заўважыш сярод “народных цаліцеляў” ды “сэзонных распродажаў” мінімалісцкія рэклямныя коміксы музычнай крамы “Падземка”, пэрсанажы якіх сваёй брутальнасьцю й дыялёгамі без асаблівых вышукаў нагадваюць амэрыканскіх коміксных бандзюкоў Бівіса й Батхэда, перасаджаных на беларускую глебу.

 

Перасаджаных таленавіта й акуратна, з усімі належнымі мясцовымі атрыбутамі — трасянкай, саколкай “BOSS”, тэматыкай размоваў, сьветаадчуваньнем. (Разглядаючы з жалем сапсаваную кружэлку, Сірожа кажа: “Можна ў трактарэ павесіць…”) Такіх сашаў і сірожаў мы бачым у транспарце, на вуліцах, нават у люстэрку. Але коміксы тыя пакідаюць станоўчае ўражаньне, бо відаць, што Аляксандар Хацкевіч — мастак, які Сашу і Сірожу прыдумаў, — ня зьдзекуецца, не глядзіць на іх-нас як на “тутэйшае быдла” ці аскалепкі “небальшога калхозу” і пэрсанажаў сваіх відавочна любіць.

Зрэшты, што з таго коміксу зразумееш — тры малюнкі, чатыры словы. Магчымасьць “расьпісаць” вобразы Сашы і Сірожы зьявілася тады, калі яны атрымалі этэрны час на першым музычным канале. Штодня ў 23.30 там ідзе “Калыханка ад Сашы і Сірожы”. У ёй сам “Саша” Хацкевіч і “Сірожа” Міхалок з гурту “Ляпіс-Трубяцкой”, прыляпіўшы вялізныя насы, распавядаюць “на сон” розныя рэальныя і ня дужа гісторыі. Іхныя дзікія экспромтныя “казкі жыцьця” пра “мэталіста, каторы хаваўся ад арміі”, або пра “вадзяніка”, які “падарыў добраму брату карту нефцяных скважынаў”, напоўненыя мясцовымі геаграфічнымі рэаліямі, міталягічнымі ўяўленьнямі ды нашымі надзённымі праблемамі. Сьмех выклікаюць не дурноты вядучых, а тая простасьць, зь якой яны падаюць сур’ёзныя рэчы, кшталту:

Есьлі ўстаў з утра на ролік –

Значыць, ты не алькаголік.

Тэлевэрсія засьведчыла, што Саша і Сірожа інтэлектуальна на галаву вышэйшыя за сваіх амэрыканскіх калегаў, якія апроч “факаў” ды “шытаў” рэдка нешта зь сябе выціскаюць. Складана ўсё-такі дурнем прыкідвацца. Нават у “Сірожы” Міхалка, які мае багаты досьвед у гэтай справе, не заўсёды атрымліваецца: распавядае ён пра які-небудзь “сьціральны парашок, каторы сьцірае памяць”, а пасьля возьме ды ўверне цытату з Вальтэра. Псыхалягічна пэрсанажы Хацкевіча й Міхалка не падобныя да “нармальных пацаноў” — менскіх гопнікаў, выхаваных на расейскай блатной традыцыі, бо няма ў паводзінах Сашы і Сірожы пазёрства й бязглуздых табу. Таму й перадача атрымліваецца цёплая, свая.

Характэрная і скіраванасьць праграмы — гэта не “Навіны ад Сашы і Сірожы”, не якое-небудзь “Як стаць міліянэрам ад Сашы і Сірожы”, а менавіта “Калыханка” — аднолькава блізкая ўсім нам, незалежна ад веравызнаньня й палітычных перакананьняў. Былі ў беларускай “Калыханцы” гадоў 20 таму такія пэрсанажы — Мякіш і Сухар. Дык у мяне Саша і Сірожа асацыююцца найперш зь імі.

Зьяўленьне Сашы і Сірожы сьведчыць пра тое, што наша культура пазбываецца “элітнасьці” ў горшым сэнсе гэтага слова — пазбываецца замкнёнасьці й боязі пашыраць далягляды. Немагчыма прымусіць цэлую нацыю слухаць “Уліс” ды чытаць Бабкова. Трэба, каб у нас было ўсё: і бульварнае чытво, і эротыка, і праграмы для хатніх гаспадыняў. Трэба больш папсы! Тады наша жыцьцё стане паўнакроўным.

Сірожа Мікулевіч

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0