Зося Баброўнiк

Шэсьць цудаў Лунінца

Сябры мае ўсьмiхаюцца: ты, Зосечка, заўсёды так пра Лунiнец распавядаеш, нiбы там пуп зямлi. А хiба ж ня так?! Тут ён, гэты пуп, недзе пад навакольнымi балотамi. Здаўна людзi марылi адшукаць яго i, як толькi на сьвеце зьявiлiся магутныя машыны, адразу ўзяліся за справу. Панакапалi канаваў, каб тыя балоты асушыць ды зямлю за пупок памацаць, але, дзякаваць богу, пакуль ня здолелi. Але i без таго пупа ёсьць многа цiкавага ў Лунiнцы i ягоным навакольлi, а я заўсёды радая пра гэта распавесьці.

Астраномiя і ружы

А зоркi ў Лунiнцы вялiзныя-вялiзныя. Зь яблык кожная, i зьзяюць вельмi. Пад iмi добра закаханым гуляць.

— Любая, калi зорачка падаць будзе, ты якое жаданьне загадаеш?

— Загадаю, каб iх як болей падала!

I месяцу добра мiж зорак кацiцца. Ён — як вялiкi лiхтар над горадам: асьвятляе вулачкi i завулкi, размалёўвае срэбрам лiсьце на дрэвах, камянi старога бруку i траву ў дварах. Кожны яблык у траве — як маленькi срэбны месячык. А кроплі расы на ружах на плошчы — як маленькiя зорачкi.

Гэтыя ружы — адзін з шасьцi цудаў Лунiнца. Яны квiтнеюць тут кожнае лета, i іх хапае на ўсіх лунінецкіх дзяўчат. Калiсьцi ля кветак нават ставiлi варту. Але ёсьць тая варта цi няма — усё адно атрымлiваюць лунiнчанкi цудоўныя букеты.

I я, вядома, атрымала ружу з кроплямi-зоркамi. I тое, чаго я не разумела ў студэнцкай аўдыторыi, зрабілася вельмi зразумелым тут. Добра сузiраць Млечны шлях з кубкам малака ў руцэ, разглядаць сузор’е Ганчакоў пад брэх калматага рудога сабакi.

А самыя вялiкiя астраномы — гэта каты. Яны ўзлазяць як мага вышэй — хто на плот, хто на дах, iншыя сядаюць на галiны, — i пачынаецца ў iх зорная “катфэрэнцыя”.

Фэадосiя

Паклалiся аднойчы Мiхась зь дзецьмi спаць пасьля абеду, а мы з матуляй засталiся посуд мыць. Аж тут госьць прыйшоў нечакана. Бачу я: матуля адным вокам вельмi ўзрадавалася, а другiм — так сабе. Бо частаваць госьця не было чым: мы ўсё пад’елi. Вось яна мне й кажа цiхенька:

— Ты, Зосечка, зь iм пасядзi, пагавары з паўгадзiнкі, а я на гароды ды ў краму схаджу.

Нiколi я гэтага чалавека ня бачыла, а матуля не пасьпела расказаць, хто такі й пра што зь ім гаварыць. Селi мы на канапу i разглядаем адно аднаго вельмi прыхiльна.

— Жонка мая ў Фэадосiю паехала, — кажа раптам госьць. — Я сёньня званiў у Фэадосiю! Па мiжгорадзе! Не дазванiўся... Пайшла кудысьцi... А Вы Насьцiна дачка будзеце? ...Ага, нявестка...

Патроху высьветлiлася, што ён, як i мой Мiхась, працуе ў тутэйшым лiцэi. Вось i ламаю я галаву, што б такое ў яго пра лiцэй спытацца, каб ён сам надоўга разгаварыўся. Трэба ж ведаць, пра што пытаць.

Сама я толькi некаторыя словы ведаю. Напрыклад, “вучэбны плян”. Цi “нагрузка”. Яшчэ “прэмiяльныя надбаўкi”, “акадэмiчная гадзiна”...

Склаўшы ўсё гэта разам, я пачала пытацца:

1) А якi ў вас вучэбны плян?

Адказаў.

2) А якая асабiста ў Вас нагрузка?

Адказаў.

3) А цi ёсьць у лiцэi прэмiяльныя надбаўкi?

Адказаў.

4) А колькi хвiлiн у Вас акадэмiчная гадзiна?

Адказаў. I зноў маўчыць. Я зьбянтэжылася. А госьць:

— Я званiў сёньня ў Фэадосiю. Па мiжгорадзе. Жонка мая туды да дачкi паехала. Не дазванiўся. З дачкой пайшлi кудысьцi...

Тады я падышла да размовы крыху зь iншага боку. Цяпер мае пытаньнi гучалi так:

1) Хто ў вас складае вучэбны плян?

2) Цi задавальняе Вас нагрузка?

3) Ад чаго залежаць прэмiяльныя надбаўкi?

4) Якiя перапынкi памiж акадэмiчнымi гадзiнамi?

Госьць радасна адказаў. А потым дадаў:

— Вы, я бачу, трошкi разумная жанчына. Ва ўсiм разьбiраецеся.

Я нiколi такiх дзiўных словаў ня чула. Мяне заўсёды лiчылі, у залежнасьцi ад абставiнаў, альбо поўнай дурніцай, альбо надзвычай разумнай бабай. А госьць сказаў:

— А вось мая жонка — у Фэадосii...

Ну, далей вы ведаеце.

Тут матуля прыйшла. Ежу прынесла. Я — да яе, кажу, давайце я прыгатую, а Вы з госьцем пабудзеце, а то я ўжо ня ведаю, аб чым зь iм гаварыць. А мацi:

— А я ж чула праз акно, як ішла, дык надта вы добра зь ім гутарыце, вiдаць, яму вельмi падабаецца. Давай гэтак яшчэ хвiлiнаў пятнаццаць, а я пакуль зьбяру на стол.

Наступны варыянт пытаньняў гучаў так:

1) Якiя дадатковыя спэцкурсы ўваходзяць у вучэбны плян?

2) Цi не зьяўляецца такая нагрузка цяжкой для вучняў?

3) Колькi гадзiнаў у тыдзень займаюцца лiцэiсты?

Пра прэмiяльныя надбаўкi я больш пытаць ня стала, бо заўважыла, што для госьця гэта наагул складанае пытаньне. А тут i матуля пачала на стол несьцi. Госьць вельмi ўзрадаваўся. Ён — для матулi — распавёў ізноў пра Фэадосiю i мiжгорад, а матуля растлумачыла, якi наш госьць цудоўны чалавек:

— Ён жа ж даў нам каня бульбу пасадзiць, а што б мы безь яго рабiлi?!

Выпiлi за госьця. Паслухалi пра Фэадосiю. Выпiлi за госьця.

За дзьве гадзiны я пасьпела трохi адпачыць ад ролi ветлiвай гаспадынi й цікавай суразмоўніцы. Госьць аж зiхацеў. Ён добра падгуляў i быў ня супраць паўтарыць размову пра нагрузку i вучэбны плян. На шчасьце, са спальняў палезьлi дзецi, i я хуценька падсадзiла iх да госьця з двух бакоў, а сама цiхенька зьбегла, ня маючы больш моцы слухаць пра Фэадосiю. Матуля працягвала несьцi на стол, але я ўжо была ёй не памочніца.

Зазірнуўшы гадзiны празь дзьве ў залю, убачыла поўную iдылiю. Госьць, у якасьцi баявога каня, поўзаў вакол стала з малым на карку i весела ржаў, а малая цягнула яго за цуглi, зробленыя з паяска i прывязаныя чамусьцi за вушы.

...Вячэралi разам. Слухалi пра мiжгорад i Фэадосію. Калi госьць зазьбiраўся дахаты, мацi, добрая душа, сказала:

— Пайду падвяду яго, каб нiдзе не збадзяўся...

Ня бачыла я нiколi той Фэадосii i наўрад калi ўбачу. Але ўспамiны аб гэтым горадзе ў мяне ўжо ёсьць!

Кiнабiзнэс

Прывезьлі ў Лунінец “Шляхцiца Завальню”. Убачыўшы на дзьвярах кiнатэатру афішу, я падгаварыла Міхася й дзяцей пайсьцi ў кіно ўсім разам. Я хацела забiць адразу двух зайцоў — разгледзець зь сярэдзіны тое, што дагэтуль бачыла толькi звонку, — кiнатэатар, а таксама пабачыць экранiзацыю ўлюбёнага твору.

Увечары мы прыбраліся і пайшлi ў кіно. На пляцоўцы ля кiнатэатру гуляла басаногае дзiцянё i спаборнiчалi ў сьпевах два каты. Непадалёк на лаўцы сядзелi дзьве кабеткi. Дзьверы былi зачыненыя.

— Мы першыя, — сказала я. — I, заўваж, апошнiя.

— Пачакай, пачакай, яшчэ прыйдуць, — няўпэўнена супакойваў Мiхась.

Кабеткi спыталi нас: “Вы на фiльм? А вось калi пяць-шэсьць гледачоў набярэцца — тады адчынiм!” — i радасна зарагаталi. Да iх далучылася яшчэ таварка, якая прынесла iм батон. Мы зразумелi, што гэта касiрка, кiнамэханiк i, вiдавочна, адмiнiстратарка.

Прайшло хвiлiн дзесяць — iншыя гледачы не зьяўлялiся. Кабеткi далi нам параду — пайсьцi лепей на плошчу Ленiна, там якраз пачынаецца гарадзкое сьвята i падвезьлi прадукты. “Туды заўсёды пасьпеем!” — адказалi мы. Жанчынам вельмi хацелася на плошчу, але i нас нельга было пакiнуць ля неадчыненых дзьвярэй (“Яшчэ скардзiцца пойдуць...”).

I вось — дзiва!

Як яны iшлi! Не iшлi — павольна ляцелi да нас, як два анёлы, — гэтыя хлопец зь дзеўчынай. І з кожным iхным крокам усё больш выцягвалiся твары касiркi, кiнамэханiка i, вiдавочна, адмiнiстратаркі. Нас было ўжо чацьвёра! Нам нельга было не адчынiць!

— Якi аншляг! — аптымiстычна заўважыла дзяўчына, i мы зрабiлi ля касы чаргу, далучыўшы да яе нашых дзяцей.

— Нас ажно шэсьць — давайце квiткi!

Але дасьведчаная касiрка сказала, што рэшты ня мае. А калі мужчыны пайшлi ў краму разьменьваць грошы, увогуле ўзьнялася:

— Ня буду чатыром квiткi прадаваць (дзецi ня ў лiк). Трэба пяць гледачоў, iнакш невыгодна — сьвятла больш напалiм.

А мы параiлiся і кажам:

— Давайце пяць квiткоў — вось!

Як нас у кiназалю праводзiлi! І дзьверы ў вэстыбюль урачыста адчынiлi, i эскорт таксама быў: касiрка, кiнамэханiк i, вiдавочна, адмiнiстратарка.

Добра адпачылі... I фiльм прыгожы, i дзецям было дзе пабегаць-пагуляць. I паветра ў залі вельмi шмат. Пасьля сэансу мы вырашылi, што кiнабiзнэс у Лунiнцы — найлепшы ў сьвеце. Толькi да яго трэба падыход мець.

Порна

Гэтае задавальненьне атрымаць зусiм лёгка. Дастаткова сесьцi на правым беразе Прыпяцi ў сонечны дзень, узброіўшыся тэатральным, а яшчэ лепей — вайсковым бiноклем. А глядзець трэба на левы бераг, што блiжэй да Лунiнца. Пiльнаму назiральнiку пэўна пашанцуе, бо ахвотныя скокнуць у ваду галяком заўжды знойдуцца. Мясцовыя такім не займаюцца: усе ж адзiн аднаго ведаюць, потым усё Палесьсе пальцамі паказваць будзе! Гэта прыежджыя параспранаюцца — i зь вiскам у ваду. Якая ж тут эротыка? Порна сапраўднае!

Шанхай

Мы сядзiм ля вогнiшча на левым беразе Прыпяцi i з задавальненьнем пазіраем на шэрыя пасмы туману, што цягнуцца ад вады ў наш бок, — камароў уначы ня будзе. Нягледзячы на суботу, у Шанхаi вельмі цiха, толькi недзе ледзь чутна брынкае гiтара. Шанхаем, патлумачу, тут ласкава называюць лецiшчы, густа насыпаныя ля вады. Ня ведаю, чаму яны яшчэ не сплылi ў паводку.

Наш вагончык на колах стаiць далей ад вады, на лузе ля хутару. Адсюль мы бачым усё навокал. Вунь статак каровак, пераблытаны з туманам, павольна цягнецца да нас, вунь конi ў загоне вырашылi адзначыць каханьнем зьяўленьне першай зорачкi, вунь заяц, перапалоханы грукатам матацыклу, уцякае ў высокую траву. Рыпiць калодзеж-журавель пад спрытнымi рукамi гаспадынi. Тут на хутары толькi i жыхароў дзед ды баба, гаспадарка ў iх добрая, ёсьць ўсё, што трэба: хата, хлявы пад стрэхамi з чароту, калодзеж i вялiзны дуб, на якім начуюць гаспадарскiя iндыкi.

Хвiлiнаў сорак мы назiраем, як птушкi ўзьбiраюцца на дрэва. Спачатку самы вялiкі iндык ўзьлятае на нiжнюю галiну дуба. Крыху адпачыўшы, перабiраецца на наступную, а на нiжнюю ўжо цяжка плюхаецца ніжэйшы рангам родзiч — iндык нумар два. Астатнiя птушкi чакаюць сваёй чаргi, i, ледзьве iндык нумар адзін пералятае вышэй, а iндык нумар два займае ягонае месца, трэцi нумар апынаецца на нiжняй галiне. Усё iшло вельмi арганiзавана i гладка, пакуль нумар першы ня зрынуўся раптоўна зь нейкай галiнкi, пазьбiваўшы па дарозе ўсiх, хто ўжо ўзьлез на дрэва. І ўсё пачалося спачатку... Ужо амаль зусiм сьцямнела, калi вялiзныя птушкі канчаткова застылi памiж лiсьця й галiнаў.

Дабранач, Шанхай.

Кароб’е

Маршрут Шанхай—Кароб’е кожны пераадольвае згодна з асабістым густам i магчымасьцямі. Маеш човен — трапiш у вёску сухi. Маеш сiлу — плывi цераз Прыпяць. Маеш час — вяртайся на Лунiнецкi вакзал i чакай цягнiка, а потым — празь лес, залiўныя лугi, чыгуначны мост, залiўныя лугi… І лiтаральна хвiлiн за пятнаццаць трапiш на станцыю Прыпяць. Адсюль шпацыруй назад да ракi.

Вёска завецца Кароб’е, бо раней хаты ў ёй плялi з галiнаў, нiбы карабы, а потым абмазвалi глiнай. Цяпер дамы ў вёсцы драўляныя, а iхныя дахi даюць прытулак буслам. У вялiкую паводку жыхары, як i сто гадоў таму, езьдзяць адзiн да аднаго на сяло ў чаўнах.

…Мы сядзiм ля вогнiшча на правым беразе Прыпяцi i дыхаем водарам траваў, якi зрабіўся асаблiва моцны пасьля навальнiцы. З гадзiну Пярун грукатаў, кiдаючы на спалоханую зямлю маланкi, ільючы дождж. Аж раптам ён зьнiк — i запахлi цудоўна травы, i зьявiлася ў небе вясёлка, ды якая! Пад ёю былi дзьве ейныя сястры, такiя ж яскравыя, такiя ж прыгожыя.

Неўзабаве да нас далучылiся буслы з дваімі ўжо даволi вялiкiмi бусьлянятамi. Яны паглядзелi ў наш бок, а потым пачалi танчыць: сталi ў кола, узьнялi крылы i то сыходзiлiся разам, то разыходзiлiся, прыгожа перабiраючы тонкiмi чырвонымi нагамi...

Зьявiлiся на небе першыя зорачкi, падалiся буслы на свой родны дах, трэба й нам пасоўвацца дахаты, кармiць дзетак ды прыблуднага вожыка, якi вельмi ласы на малако.

Лунінец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0