Там, на Памежжы
Выправіцца на польска-літоўска-беларускае памежжа, каб пасьпяхова трапіць у мястэчка Сэйны, якое дагэтуль выклікала ў тваёй сьвядомасьці толькі тры асацыяцыі — Кшыштаф Чыжэўскі, часопіс “Krasnogruda” й міжнародны культурны форум “Na Pograniczu”. Кшыштаф Чыжэўскі — прафэсійны вандроўнік па Сярэдняй Эўропе, добра вядомы ў Беларусі сваімі публікацыямі. “Краснагруда” — тоўсты, але вытанчаны культурны пэрыёдык, адзін з апошніх нумароў якога прадставіў польскаму чытачу тваю краіну. Трэцяя асацыяцыя тычыцца імпрэзы, на якую цябе ласкава запрасілі. Выправіцца ў падарожжа ў таварыстве паэта, філёзафа і таксама прафэсійнага вандроўніка Ігара Бабкова, каб зразумець, наколькі няпоўнымі й павярхоўнымі былі твае папярэднія ўяўленьні пра Сэйны. Вось жа, узбагачаны найноўшым досьведам, ты сьмела можаш сьцьвердзіць, што Сэйны — гэта:
Месца адкрыцьцяў і прыемных неспадзяванак. Так, праграмка абяцала вялікі культурны форум з назваю “Перад абліччам будучыні”, тады як ужо ў часе адкрыцьця арганізатар абмовіўся, назваўшы яго “Перад абліччам канца”, чым пацешыў усіх аматараў Фройда.
Месца, дзе пачынаеш цаніць вартасьць прамоўленага слова й раскошу чалавечых зносін. Паселены ў кляштар, былыя жыхары якога мусілі выконваць зарок маўчаньня, ты разумееш, што гэтыя будынкі й памяшканьні проста створаныя для маналёгаў, дыялёгаў і палілёгаў. (Зрэшты, знаёмы філёляг даводзіў табе, што палілёгам старажытныя грэкі называлі зусім не размову трох і болей асобаў, а проста надзвычай гаваркую істоту, вялікага аматара пазюзюкаць.)
Месца, дзе тэмаю майстар-клясаў можа стацца “гульня шкляных пэрлаў”, так што тыя, каму раней даводзілася адно плесьці фенечкі ды сыпаць пэрліны перад сьвіньнямі, атрымліваюць кароткачасовую візу ў Касталію.
Месца, дзе ў кавярні можна патрапіць за адзін столік з варшаўскім рабінам у шабас, самому ўзяць удзел ва ўсіх сьвяточных урачыстасьцях, прадугледжаных грунтоўнымі юдэямі. А пасьля — дзеля сусьветнай раўнавагі — на мяжы з блюзьнерствам танчыць у Белай Сынагозе пад выдатны джаз-бэнд з Коўна.
Месца, дзе славутыя эўрапейскія пісьменьнікі, раней вядомыя табе адно з публікацыяў, набываюць чалавечы твар і выяўляюцца някепскімі таварышамі ў попіўках.
Месца, дзе сам ты выяўляешся падазрона знакамітым і ўжо ня ведаеш, калі больш дзівіцца — ці то сустрэўшы амаль незнаёмых польскіх красунь, што чытаюць на памяць твае вершы па-беларуску, ці то заўважыўшы, што дэмакратычныя наведнікі мясцовай забягалаўкі ўжо пазнаюць вас з Бабковым у твар і кожны сьвята ўпэўнены: вы абодва — літоўскія шпіёны.
Месца, дзе асабліва востра адчуваеш рамантычнае двухсьвецьце — і належыш дзьвюм рэальнасьцям адначасна, растаючы ў краявідзе й беручы ўдзел у інтэлектуальнай спрэчцы. Слухаеш дыскусію фундатараў і кнігавыдаўцоў, што сабраліся на памежжы, каб абгаварыць справы дыстрыбуцыі замежнай літаратуры ў сваіх краінах. Згадваеш кантрабандыста-габрэя, які 170 год таму, на патрэбу менскім і наваградзкім маладзёнам, нелегальна ўвозіў у Літву кніжкі Адама Міцкевіча, забароненага царызмам. Думаеш пра сваіх нікім не забароненых беларускіх калегаў, якіх не чытаюць ні ў Наваградку, ні нават у Менску.
Месца, дзе насуперак грыгарыянскаму й юліянскаму календарам круглы год трывае шыкоўна-будысцкае лета, што так нагадвае вобраз з вашага супольнага ўлюбёнца Восіпа Мандэльштама. Месца, дзе можна ўсмак аблаяць беларускія пераклады ягоных вершаў, а таксама перакладаць самім: рэшту польскай валюты — з кішэні ў кішэнь, адказнасьць — з хворай галавы на здаровую, крыштальнай чысьціні цьвярозыя думкі — на мову, зразумелую адно птушкам і п’яным сярэднеэўрапейцам.
Месца, дзе можна ўявіць сябе матыльком зь верша беларускага перакладчыка Мандэльштама; матыльком, якому сьняцца два вандроўныя дэрвішы ў сярэдзіне свайго хаджэньня-хаджу. Узяць нататнік, каб сфармуляваць пару думак для непазьбежнай дыскусіі, ды раптам злавіць сябе на складаньні верша.
Андрэй Хадановіч
Ігар Бабкоў
Сэйны. Кароткатэрміновая нірвана двух дэрвішаў
па дарозе на гару Ву-Данг
Поўдзень. Халодны сьнег. Будысцкае лета.
Два дэрвішы імкнуцца ўзнавіць раўнавагу
ў Паўночнай Сарматыі, на мяжы яе
канчатковага зьнікненьня
w obliczu przyszłości.
Звоняць у званочкі.
Сьпяваюць Харэ-Крышна.
Ратуюць птушак.
Пасьпяхова ўдаюць ліцьвінаў
у бары “Жывец”.
Мараць аб новай уніі
Каралеўства Дрэваў
і Вялікага Княства Аблокаў.
Блытаюць межы.
П’юць піва.
Зьнікаюць сярод пагоркаў...
Плывуць на Захад аблокі. Дрэвы
застаюцца дрэвамі.
Сны – снамі.
Андрэй Хадановіч
* * *
Марш-кідок на памежныя Сэйны.
Старажытны захоплены кляштар.
Разьліваюцца піва басэйны.
Надзімае паэзія лаштыр.
Два шляхі да нірваны ўявіце
й выбірайце, вагаючы шалі:
раставаць пакрысе ў краявідзе
ці высоўвацца, каб заўважалі.
За вячэраю зь першае спробы
элегантна ўпісацца ў тусоўку,
каб вандроўныя цешыць вантробы
й вінавата смаркацца ў насоўку.
Шырыня талерантных паглядаў.
Этыкет.
Палітэс.
Эківокі.
Сьвет тваіх зачакаўся балядаў –
не саромся, давай, сінявокі!
Аргумэнты на нітку налыгвай,
гумкай жуй перавераны гумар,
слупяней саляною камлыгай:
кожны лот атрымае свой нумар…
Ад пачатку чаканьне працягу
й ратавальнае кавы,
у пярэрве ж
нехта скажа, што ты
тут ня брудны бадзяга,
а самотны здарожаны дэрвіш.