РНЕ ў Беларусі больш няма

У расейскай газэце “Версия” ад 13—19 лістапада 2001 г. быў надрукаваны матэрыял Юр’я Нярсесава “Два твары менскіх ультра”. Аўтар сьцьвярджае, што на момант забойства кіраўніка беларускіх РНЕшнікаў Самойлава колькасьць сяброў гэтае арганізацыі ў нашай краіне дасягала 3000 чалавек у 26 гарадох. Нярсесаў піша, што на той момант “РНЕ стала рэальнай палітычнай сілай” і што справа ўжо ледзьве не даходзіла да ўзброеных сутычак зь беларускімі нацыяналістычнымі арганізацыямі. Такая інфармацыя, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасьці.

 

У арганізацыю праз унітаз

Алег і Віктар (імёны зьмененыя) — былыя сябры РНЕ. Алегу цяпер 26 гадоў, Віктару — 23. У арганізацыі яны знаходзіліся каля трох гадоў. Ім падабалася вайсковая дысцыпліна, форма, прыцягвалі заняткі рукапашным боем. Пасьля забойства кіраўніка РНЕ Глеба Самойлава абодва яшчэ нейкі час заставаліся ў арганізацыі, а пасьля, калі яна пачала развальвацца, сышлі. Цяпер яны маюць добрую працу, думаюць жаніцца.

Алег і Віктар кажуць, што ў свае найлепшыя часы РНЕ ў Беларусі магло мабілізаваць ня больш за 80 чалавек. Пры гэтым 70—80% зь іх складалі хлопчыкі 16—17 гадоў.

Прыхільнікі РНЕ жылі збольшага ў Менску. Асобныя людзі былі ў Магілёве, Шклове, Горадні, Віцебску, Воршы, Кобрыні, Баранавічах, Мар’інай Горцы, Барысаве.

У Менску, па словах хлопцаў, РНЕ было падзеленае на “падразьдзяленьні”, якія фармаваліся па тэрытарыяльным прынцыпе: “Паўночны Ўсход” (кіраўнік Са-ін), “Паўднёвы Захад” (кіраўнік Я-як), “Поўдзень” (кіраўнік Ба-ін), “Усход” (кіраўнік Да-іч), “Паўднёвы Ўсход” (кіраўнік См-ук) і г.д. У кожным падразьдзяленьні было ад 4 да 9 чалавек. “Камандзіры” падначальваліся штабу РНЕ. Былі таксама “экзатычныя падразьдзяленьні” — жаночае (кіраўнічка Яна Ру-ец), “падразьдзяленьне пэнсіянэраў” (кіраўнік Ма-іч), “элітнае” падразьдзяленьне “Варагі” (кіраўнік Ка-іх). Смаленская групоўка РНЕ таксама падпарадкоўвалася беларускаму штабу.

Апошні знаходзіўся ў Менску, але сталай “прапіскі” ня меў. Расейскія фашысты змушаныя былі ўвесь час пераяжджаць зь месца на месца: узьнікалі праблемы то зь міліцыяй, то з суседзямі.

У РНЕ існавалі пасады камэнданта штабу, дзяжурнага па штабе, памочніка начальніка штабу, начальніка штабу. Таксама былі й тры ўзроўні сяброўства: “сторонник”, “сподвижник” і “соратник”.

Алег распавядае, што навічкі, якія прыходзілі ў РНЕ, перш-наперш мусілі “адмыць унітаз арганізацыі”. Нязгодных прымушалі сілай. Шмат хто адразу ж і сыходзіў. На патрэбы арганізацыі з усіх сяброў зьбіралі складкі — па даляры ў месяц. Хто ня меў нават такіх сродкаў, цягнуў з хаты “натурпрадукт”: макарону, тушонку і г.д.

Статут арганізацыі прадугледжваў вольны выхад зь яе, але на справе атрымлівалася інакш. У лістападзе 1999 г. РНЕшнікі Кобус і Журык, узброеныя арматурай, прыйшлі ў кватэру да былога сябра РНЕ Халупяка, білі й прыніжалі гаспадара й ягонага сябра Расольку, які таксама выйшаў з арганізацыі. Потым пазабіралі іхныя рэчы й сышлі. За злоснае хуліганства й крадзеж Кобус і Журык атрымалі па 8 і 3 гады адпаведна. Пасьля суду былыя “пабрацімы” забыліся на іх. З часам у РНЕ ад зьбіцьця “таварышаў па партыі” дайшлі да забойстваў.

Сьмерць Самойлава

За чатыры дні да сьмерці Глеб Самойлаў разам з Валер’ем Ігнатовічам езьдзіў у Крупкі да бацькоў апошняга. Там яны начавалі, пілі гарэлку, выбіралі месца для летніка РНЕ. Назаўтра вярнуліся ў Менск ды пасварыліся “на глебе непаразуменьня па тактычнай дзейнасьці арганізацыі”. Ігнатовіч быў прыхільнікам жорсткіх, нават супрацьзаконных дзеяньняў, калі вялося пра ворагаў РНЕ ці пра здабыцьцё грошай. А Самойлаў на ўсіх арганізацыйных мерапрыемствах ды летніках падкрэсьліваў, што РНЕ — законапаслухмяная арганізацыя, якая імкнецца працаваць у межах беларускага заканадаўства. Ён неаднаразова падаваў дакумэнты ў Мінюст, каб зарэгістраваць РНЕ…

5 жніўня 2000 г. Самойлаў быў забіты. За два дні да гэтага арыштавалі Валер’я Ігнатовіча. Віктар і Алег мяркуюць, што забойства “замовіў” ён.

Ігнатовіч, апроч дзейнасьці ў РНЕ ды выкананьня спэцдаручэньняў сілавых структураў рэжыму, займаўся паляпшэньнем свайго асабістага фінансавага становішча. З дапамогай разбойных нападаў. Для гэтых “спэцапэрацыяў” у яго была група, якая складалася з былых байцоў спэцпадразьдзяленьняў ды крымінальнікаў. Пасьля кожнай такой акцыі Ігнатовіч мяняў усе колы на сваім аўтамабілі.

РНЕшнікі згадваюць выпадак, калі Ігнатовіч для сачэньня за кімсьці пераапрануўся ў бабульку. Маскіроўка атрымалася выдатная: пазнаць Ігнатовіча, ня ведаючы, што гэта ён, было амаль немагчыма. Прыгадалі хлопцы, што за тыя некалькі гадоў, што Ігнатовіч быў у РНЕ, яго некалькі разоў затрымлівала міліцыя. Ён у свой час падпісаў бібліятэку ў Крупках на газэты “Русский порядок” і “Новая система”…

“Ліквідацыя” Брэйнара

Увосень 2000-га быў забіты яшчэ адзін чалец РНЕ Брэйнар. Ягоныя сабутэльнікі Дашкевіч і Соляр, зь якімі ён піў гарэлку ў адным з двароў Першамайскага раёну, застрэлілі яго зь пісталета. Забойцы займалі не апошнія пасады ў РНЕ. Дашкевіча ўжо аднойчы вінавацілі ў забойстве, але давесьці гэты факт у судзе ня здолелі, і ён адседзеў толькі невялікі тэрмін за крадзеж. РНЕшнікі казалі, што Дашкевіч і Соляр вырашылі прыбраць Брэйнара як ненадзейнага сьведку іхных супольных цёмных справаў.

Пасьля гэтага забойства кіраўнік кобрынскай філіі РНЕ Леанард К-ар вырашыў, што ў арганізацыі пачаліся чысткі людзей з падазронымі прозьвішчамі, і даў драла.

Ідэі расейскага фашызму прыцягвалі да сябе збольшага крымінальны элемэнт, а таксама звычайную шпану. Шмат каго зь беларускіх РНЕшнікаў шукалі спэцслужбы суседніх краінаў. Так, Кобус за напад на паліцыянта змушаны быў уцячы з Латвіі, Ігара Хаткоўскага шукалі ў Калініградзе, Капылова — таксама ў Латвіі і г.д.

Фядута — настаўнік Саковіча

Пасьля забойства Самойлава кіраўніком РНЕ стаў гарадзенец Саковіч. Зьбіцьцё чальцоў арганізацыі пры ім зрабілася звычайнай справай. Саковіч мог асабіста “разабрацца” з падначаленым за нявыкананае даручэньне, а то й зусім без прычыны. Навічкам Саковіч адразу паведамляў: “Выхад з РНЕ адзін — уперад нагамі!” Цікавы факт: колісь менскі журналіст Аляксандар Фядута, працуючы ў адной з гарадзенскіх школаў, вучыў таго самага Саковіча.

У часе суду над забойцамі Брэйнара ўсплылі зьвесткі, што большая частка грошай, перададзеных з Масквы на помнік Самойлаву, прапала. Бацькі таго былі ў шоку.

Неўзабаве на штаб РНЕ напалі невядомыя. Яны зьбілі дзяжурнага па штабе Я-яка, а ўсе архівы арганізацыі й іншыя рэчы забралі. Пасьля гэтага сярод і так ужо нешматлікіх байцоў РНЕ ўсталявалася атмасфэра падазронасьці. Людзі разьбегліся, спынілася агітацыйная дзейнасьць.

Саковіч вярнуўся ў Горадню да жонкі, дзе й жыве цяпер, зрэдку бываючы ў сталіцы.

Прыхільнікі й сымпатызанты

Алег і Віктар ня ведаюць напэўна, але мяркуюць, што ў розныя часы РНЕ сымпатызавалі такія людзі, як супрацоўнікі Менскага епархіяльнага ўпраўленьня БПЦ Я-к і А-а, кінарэжысэр А-ак, праваслаўныя айцы П. і В., былая рэдактарка газэты “Личность”, былы партызан і гісторык З-кі, нябожчык-генэрал Б-ч, Станіслаў Н-аў з рэспубліканскай пракуратуры ды іншыя.

Калісьці Алег і Віктар чулі ў офісе арганізацыі расповед пра візыт Самойлава да адказнага чыноўніка Адміністрацыі прэзыдэнта П-ва. Той быў у захапленьні, калі РНЕшнікі папрасілі яго дапамагчы ім зарэгістраваць газэту “Русский порядок”, якую забаранілі ў Расеі. “РНЕ? Ведаю! Гэта ж тыя самыя хлопцы, якія баранілі “Белы дом” у 1993-м!” — выгукнуў ён. Па словах былых РНЕшнкаў, пасьведчаньне аб рэгістрацыі газэты, якая павінна была распаўсюджвацца па ўсёй СНД, старшыня Дзяржкамдруку асабіста ўручыў Глебу Самойлаву. Аднак яна чамусьці так і не пачала выходзіць.

Улады скрозь пальцы глядзелі на РНЕшнікаў: зарэгістравалі іхную грамадзкую арганізацыю “Коловрат”, некаторыя дзяржаўныя СМІ актыўна пісалі пра РНЕ, апраўдваючы яго дзейнасьць (напрыклад, газэта “Семь дней”, газэта “Личность” ды інш.). Дый незалежныя СМІ зрабілі з РНЕ пудзіла і больш яго прапагандавалі, чым выкрывалі. А тыя страшныя расейскія фашысты ўжо ніякае пагрозы для Беларусі не ўяўлялі. На сёньняшні дзень РНЕ ў Беларусі фактычна не існуе. Праўда, засталіся былыя яго сябры ў Менску, Горадні, Берасьці, аднак не чуваць, каб яны прапагандавалі расейскі фашызм.

Дый у Расеі значнасьць РНЕ растае проста на вачах: маскоўскае кіраўніцтва арганізацыі ўвесь час трасе ад скандалаў. “Адзінства” ўжо падзялілася на тры самастойныя арганізацыі й шэраг рэгіянальных. А восеньню 2000 г. былыя чальцы РНЕ абвінавацілі “фюрэра” Баркашова ў тым, што той раскрадае арганізацыйныя грошы, п’е і… ажаніўся з габрэйкай.

Паводле www.recha.org

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0