Чарнобыль — не сьмяротны ўдар

 

У дакладзе Навуковага камітэту па ўзьдзеяньні атамнай радыяцыі пры ААН (UNSCEAR), апублікаваным у 2000 г., пішацца, што ацэнкі наступстваў Чарнобылю доўгі час перабольшваліся. На падставе высноваў, зробленых экспэртамі UNSCEAR, падрыхтавала свой даклад і спэцыяльная місія ААН, якая ў ліпені-жніўні 2001 г. наведала пацярпелыя ад радыяцыі раёны Беларусі, Украіны й Расеі. Наколькі высновы міжнародных экспэртаў супадаюць з думкамі беларускіх навукоўцаў? Адказвае Міхась Малько, спэцыяліст па пытаньнях уплыву радыяцыі на чалавека.

М.М.: Асноўная задача UNSCEAR — збор і ацэнка навуковых матэрыялаў аб узьдзеяньні іянізуючай радыяцыі на арганізм. Даклад, пра які йдзе гаворка, быў апублікаваны ў 2000 г. У ім ёсьць вялікі разьдзел, прысьвечаны Чарнобыльскай катастрофе (з 26 схемамі й малюнкамі ды 69 табліцамі). Называецца ён “Апрамяненьні й эфэкты Чарнобыльскай аварыі”. Гэта цэлая кніга, у якой гаворыцца пра прычыны аварыі на ЧАЭС, пра саму аварыю, апісваецца выхад радыенуклідаў з пашкоджанага рэактару й іх выпадзеньне ў розных краінах сьвету, даецца інфармацыя пра дозы апрамяненьня насельніцтва Беларусі, Расеі й Украіны, а таксама пра мэдычныя наступствы ў розных катэгорыяў пацярпелага насельніцтва гэтых краінаў. Амаль уся інфармацыя падаецца на высокім навуковым узроўні і не выклікае сур’ёзных заўвагаў.

Іншая справа — з матэрыяламі пра мэдычныя наступствы аварыі на ЧАЭС. Экспэрты UNSCEAR робяць зусім неабгрунтаваную выснову, што адзінымі мэдычнымі эфэктамі гэтай аварыі ёсьць рак шчытавіцы ў дзяцей і псыхічныя адхіленьні ў выглядзе неабгрунтаванай боязі таго, што ўсе хваробы выкліканыя ўплывам радыяцыі або перасяленьнем з забруджанай зоны — маўляў, парушыліся звыклыя ўмовы пражываньня і г.д. Робіцца выснова, што аварыя на ЧАЭС не нашкодзіла сур’ёзна здароўю людзей. Аднак гэта не адпавядае рэальнасьці.

“НН”: У чым канкрэтна эксперты UNSCEAR памыляюцца?

М.М.: Прыкладам, яны кажуць: у ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС не ўзьнікаюць радыяцыйныя лейкозы (рак крыві), а значыць, небясьпека ад Чарнобылю перабольшаная. І робяць выснову, што наагул ня трэба чакаць аніякіх мэдычных эфэктаў ні ў ліквідатараў, ні ў іншых катэгорыяў насельніцтва, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Справа ў тым, што лейкемія — своеасаблівы індыкатар цяжкасьці радыяцыйнага паражэньня людзей. Спэцыялісты лічаць, што калі няма радыяцыйнай лейкеміі, то няма і іншых мэдычных эфэктаў радыяцыі. Вядома, што лейкозы — наагул рэдкая хвароба. І таму, каб атрымаць надзейныя сьведчаньні аб зьяўленьні радыяцыйных лейкозаў, трэба дасьледаваць вялікія групы людзей — групы, якія ўтрымліваюць дзясяткі тысяч асоб. Сёньня ўжо маюцца надзейныя навуковыя факты, атрыманыя для такіх вялікіх групаў ліквідатараў зь Беларусі, Расеі, Украіны, якія адназначна паказваюць на зьяўленьне радыяцыйных лейкозаў у ліквідатараў. Экспэрты UNSCEAR адхіляюць гэтыя дадзеныя, сьцвярджаючы безь ніякага навуковага абгрунтаваньня, што зьяўленьне дадатковых лейкозаў у ліквідатараў выклікана толькі паляпшэньнем дыягностыкі. У той самы час яны абапіраюцца на вынікі, атрыманыя пры разглядзе групаў па некалькі тысяч чалавек. Аднак любы спэцыяліст па радыяцыйнай эпідэміялёгіі ясна ўяўляе, што пры тых дозах, якія атрымалі ліквідатары, паводле патрабаваньняў матэматычнай статыстыкі адсутнічае нават і тэарэтычная магчымасьць вызначэньня прычын тых або іншых ракавых захворваньняў.

“НН”: Экспэрты ААН, грунтуючыся на гэтым дакладзе, раяць выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы землі з узроўнем забруджаньня па цэзіі 1—5 кюры на кв.км. Ці маюць яны рацыю?

М.М.: Так, у гэтым выпадку экспэрты ААН маюць рацыю. Але сельскагаспадарчая дзейнасьць на такіх землях павінна абавязкова суправаджацца радыялягічным кантролем умоваў працы і якасьці атрыманай прадукцыі. Бо і на адносна чыстай тэрыторыі могуць атрымацца вельмі забруджаныя прадукты харчаваньня.

“НН”: Чаму?

М.М.: Гэта залежыць ад уласьцівасьцяў глебы. Менавіта яны вызначаюць узровень радыенуклідаў, якія пераходзяць у расьліны, а значыць, і іншыя прадукты харчаваньня. Напрыклад, у забалочаных мясьцінах Палесься ён нашмат большы, чым на Магілёўшчыне. Таму патрэбна кантраляваць узровень накапленьня радыенуклідаў, а гэта можна зрабіць з дапамогай радыёмэтраў, якіх цяпер вельмі шмат у Беларусі.

Я б зьвярнуў увагу на іншую праблему. Карыстацца прадукцыяй, якую даюць “чарнобыльскія” раёны, вядома, можна. Але ў якіх умовах вырабляюцца тыя тавары? Напрыклад, гомельская мэбля. Вялікая колькасьць радыенуклідаў знаходзіцца ў кары. Калі на першай ступені апрацоўкі драўніны бярвеньне абчэсваюць, утвараецца многа пылу. І тыя, хто гэта робіць, могуць удыхаць гэты радыеактыўны пыл. Вось там абавязкова патрэбны вельмі жорсткі радыяцыйны кантроль. Ці, напрыклад, пры рабоце на полі ад трактароў, машын уздымаюцца воблакі пылу, які ўдыхаюць людзі. У выніку ў лёгкія могуць паступаць радыенукліды.

Мы бачым, што прадукты, якія атрымліваюць у забруджанай зоне, могуць адпавядаць дапушчальнаму ўзроўню па ўтрыманьні радыенуклідаў. Але важна іншае: у якіх умовах людзі там працуюць.

“НН”: Якая найбольшая небясьпека для тых, хто жыве ў “чарнобыльскіх” раёнах?

М.М.: Асабліва небясьпечная праца на тарфяніках, якія ўлетку рассыпаюцца ў пыл. Яшчэ небясьпечна спажываць грыбы, лясныя й балотныя ягады, рыбу з забруджаных рэгіёнаў.

“НН”: Якія хваробы, апрача раку шчытавіцы, мэдыкі зьвязваюць з Чарнобылем?

М.М.: Аналіз мэдычнай статыстыкі сьведчыць, што аварыя на ЧАЭС выклікала ў насельніцтва разнастайныя захворваньні. У першую чаргу, гэта зьяўленьне дадатковых ракаў скуры, страўніка, лёгкіх, малочнай залозы ды іншых. Затым — відавочны прырост колькасьці т.зв. агульна-саматычных хваробаў. Гэта захворваньні эндакрыннай сыстэмы, сыстэмы органаў крывятварэньня, сыстэмы кровазвароту, нэрвовай сыстэмы, органаў страваваньня і інш. Заходнія экспэрты (у тым ліку з UNSCEAR) казалі, што гэта няпраўда, што росту неанкалягічных захворваньняў быць ня можа, бо яго не было ў Хірасіме й Нагасакі. Доўгі час мы папросту ня мелі зьвестак, што жыхары Хірасімы й Нагасакі, якія ацалелі пасьля выбуху, мелі дадатковыя агульна-саматычныя захворваньні. Такія зьвесткі апублікаваў у 1999 г. Цэнтар па вывучэньні ўзьдзеяньня радыяцыі ў Хірасіме.

Гэтыя ж мэдычныя эфэкты выяўленыя ў асобаў, найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС — у жыхароў вёсак 30-кілямэтровае зоны, у ліквідатараў і насельніцтва з рэгіёнаў, забруджаных цэзіем вышэй за 15 кюры на кв.км. Усяго — у 250 тыс. чалавек, або каля 2,5% насельніцтва Беларусі. Гэта дазваляе мне сьцьвярджаць, што аварыя на ЧАЭС ні ў якім разе не пагражае існаваньню беларускага народу. Яна ня ёсьць катастрофай для беларускага народу. Гэта ўдар па Беларусі — аднак не сьмяротны. Ён дастаткова моцны, але навукоўцы могуць вызначыць ягоныя памеры.

“НН”: Дык дарма нас палохаюць, што за 20 гадоў усе вымрам ад наступстваў Чарнобылю?

М.М.: Для беларускай нацыі гэта самы меншы ўдар за апошні час. Нашмат больш сур’ёзная праблема для нас — пагаршэньне сацыяльна-эканамічных умоваў жыцьця й алькагалізацыя насельніцтва. У Беларусі, паводле маіх падлікаў, за 70 гадоў пасьля аварыі некалькі сотняў тысячаў чалавек загіне ад гарэлкі (зь іх 450 тыс. — ад хранічнага ўжываньня).

“НН”: Якія дозы апрамяненьня атрымліваюць беларусы цяпер?

М.М.: Невялікія. У 2001 г. доза апрамяненьня склала толькі 1% ад той, якую мы атрымалі з моманту аварыі й да 2001 году. Найбольшую шкоду здароўю нанесьлі два першыя гады — 86-ы ды 87-ы. А ўрад СССР тады заяўляў, што пацярпелі толькі паўночныя раёны Ўкраіны. Пра Беларусь ніхто нічога не казаў, і ніякіх мераў радыяцыйнай абароны не прымалася.

За першыя чатыры месяцы пасьля аварыі вывезьлі 24700 чалавек: маўляў, яны атрымалі самыя вялікія дозы радыяцыі. А вывозіць трэба было адразу ж, 26 красавіка, не расьцягваць на 4 месяцы…

“НН”: Хто прыцягнуў увагу дзяржавы да радыяцыйнага забруджаньня Беларусі?

М.М.: Беларуская Акадэмія навук. Акадэмікі Ўладзімер Платонаў, Аляксандар Сьцепаненка, Яўген Канапля, Станіслаў Астапчык, Уладзімер Салдатаў, Іван Ліштван, Андрэй Ганчарэнка. Усе яны (апроч акадэміка Канаплі) уваходзілі ў склад кіраўніцтва Акадэміі ў 1989—92 г., калі вялася барацьба за пацярпелае ад чарнобыльскай катастрофы насельніцтва Беларусі. Толькі дзякуючы ім, а таксама масавым маніфэстацыям, арганізаваным Зянонам Пазьняком і яго паплечнікамі, пачалася дапамога людзям, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі.

“НН”: А што ж тагачаснае беларускае кіраўніцтва?

М.М.: Нешта зрабілі і яны. І ўрад, і ЦК КПБ былі незадаволеныя тым, як паводзіць сябе Масква ў адносінах да Беларусі. Так, пасьля “Чарнобыльскага шляху” 1989 г. я спытаў у першага намесьніка старшыні Саўміну Беларусі Ўладзімера Еўтуха: “Пэўна, нагарыць вам за тое, што дапусьцілі “Чарнобыльскі шлях”?” А ён кажа: “Добра зрабілі, што зладзілі яго. Бо мы ваюем з Масквой, каб нешта зрабіць для насельніцтва забруджаных раёнаў, і часам мы ня маем важкіх аргумэнтаў. А тут усе ўбачылі, што народ выйшаў на вуліцы, і нам лягчэй будзе змагацца за людзей…”. У нас проста ня ведаюць пра пазыцыю таго кіраўніцтва Беларусі. Вось лаюць зазвычай Яфрэма Сакалова, а я скажу добрае слова і пра яго. 20 сакавіка 1989 г. усе беларускія афіцыйныя газэты выйшлі з картамі забруджаньня Беларусі. Зрабілася бачна, што нашая краіна пацярпела ад радыяцыі больш, чым Украіна ці Расея. Няўжо вы думаеце, што тады гэта можна было надрукаваць проста так? Я думаю, што гэта было рашэньне ЦК, Сакалова. А на адным са зьездаў народных дэпутатаў ён выступіў ад імя кампартыі Беларусі й заявіў: калі чалавек ня можа нармальна жыць і атрымліваць нармальныя прадукты харчаваньня на забруджаных тэрыторыях, ён мусіць адтуль зьехаць.

“НН”: А кажуць, нібы ЦК КПБ й беларускі ўрад тады замоўчвалі сапраўдныя падзеі вакол Чарнобылю.

М.М.: Гэта памылка. Калі б яны тады замоўчвалі, мы б да сёньня ня ведалі праўды…

“НН”: А якія найбольшыя дасягненьні і найбольшыя хібы дзяржаўнай палітыкі па ліквідацыі вынікаў Чарнобылю за апошнія 5—10 гадоў?

М.М.: Беларуская дзяржава зрабіла, што было ў ейных сілах: перасяліла людзей (каля 105 тыс. чалавек) з самых забруджаных рэгіёнаў Беларусі, пабудавала для іх на новым месцы кватэры, дамы, школы, дзіцячыя садкі, крамы. У гэтым пляне ў Беларусі зроблена больш, чым у Расеі ці ва Ўкраіне. Я пазытыўна ацэньваю дзяржаўную палітыку ў гэтым пытаньні. Больш, чым ёсьць, з нашымі грашыма зрабіць было немагчыма. Каб мы былі такія багатыя, як Нямеччына, маглі б пакінуць усе землі з забруджаньнем вышэй за 1 кюры.

Аварыя на ЧАЭС прынесла Беларусі вялікія эканамічныя страты. Навукоўцы падлічылі, што ў грашовым вылічэньні з 1986-га да 2025-га яны складуць 235 млрд. даляраў. І ўся праграма па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі стымулюе дадатковую інфляцыю ў нашай эканоміцы. Гэта чыстыя страты.

“НН”: Якія “чарнобыльскія праекты” (мэдычныя, навуковыя, дабрачынныя і г.д.) апраўдалі сябе, а якія не?

М.М.: Усе навуковыя, мэдычныя й дабрачынныя праекты цалкам сябе апраўдалі. У рамках гуманітарных праектаў толькі за 1990—95 г. Беларусь атрымала дапамогу агульным коштам на мільярд даляраў. Сёньня дапамога значна зьменшылася, бо Беларусь вядзе вельмі агрэсіўную прапаганду супроць Захаду. Паглядзіце нацыянальную тэлевізію: вядуцца агрэсіўныя нападкі на ЗША і на вольны дэмакратычны сьвет. А фінансаваньне ААН на чвэрць складаецца з амэрыканскіх грошай. І калі ты ваюеш супраць Амэрыкі, чаму думаеш, што яна мусіць табе дапамагаць? І яшчэ мяне заўсёды зьдзіўляла, чаму Расея нам аніяк не дапамагае? Нашы ж улады бесьперапынна сьцьвярджаюць, што яна — наш самы лепшы сябар у сьвеце.

А вось прыклад, які характарызуе посьпехі навуковых праектаў. Беларускія навукоўцы атрымалі шэраг фундамэнтальных зьвестак пра ўплыў радыяцыі на арганізм. Прафэсар Яўген Дзямідчык давёў, што схаваны пэрыяд разьвіцьця радыяцыйнага раку шчытавіцы складае ўсяго 2—3 гады. Раней лічылася, што ракі органаў узьнікаюць прыкладна праз 10 гадоў пасьля апрамяненьня. Прафэсар Яўген Канапля паказаў зьмену ў суадносінах паміж рознымі тыпамі клетак імуннае сыстэмы пад узьдзеяньнем радыяцыі. Ад гэтага імунная сыстэма аслабляецца. Доктар біялягічных навук Ружа Ганчарова й кандыдат біялягічных навук Надзея Рабаконь давялі, што адаптавацца да радыяцыі немагчыма.

“НН”: Ва ўлётцы да чарговага “Чарнобыльскага шляху” гаворыцца, што ад наступстваў аварыі ў Беларусі ўжо памерла 200 тысяч чалавек. Гэта сапраўды так?

М.М.: Цьверджаньне супярэчыць навуковым фактам. Я з 1986 г. займаюся ацэнкай магчымых наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і магу ўпэўнена казаць, што максымальна магчымая сьмяротнасьць насельніцтва Беларусі ў 1987—2000 г., выкліканая аварыяй на ЧАЭС, не перавышае 20 тыс. выпадкаў. Гэта 1% ад агульнай колькасьці памерлых за гэты пэрыяд. Я шчэ раз падкрэсьліваю, што кажу пра верхнюю мяжу магчымай сьмяротнасьці насельніцтва Беларусі, выкліканай аварыяй на ЧАЭС.

А тыя, хто распаўсюджвае лжывыя зьвесткі пра 200 тысячаў памерлых ад Чарнобылю, наносяць вялікую шкоду Беларусі. Яны палохаюць людзей, спараджаюць адчуваньне безвыходнасьці й апатыі.

“НН”: Як Вы адносіцеся да правядзеньня “Чарнобыльскага шляху”?

М.М.: У канцы 80-х — пачатку 90-х я хадзіў на “Чарнобыльскія шляхі”, бо тады гэта былі пратэсты супраць палітыкі Масквы. Тады гэтага хацелі жыхары забруджаных раёнаў Беларусі, яны самі прыяжджалі на маніфэстацыі ў Менск. Цяпер зусім іншая справа: людзі, якія жывуць у пацярпелых раёнах, гарой стаяць за прэзыдэнта. Яны ставяцца да дэманстрацыяў, арганізаваных дэмакратычнымі сіламі Беларусі, вельмі варожа. Дык нашто я пайду на вуліцу? Каб мяне паказалі па тэлевізары ў “Навінах” і сказалі: “Гэта здраднік беларускага народу”?

Я лічу, што арганізатарам “Чарнобыльскага шляху” трэба зрабіць акцэнт на іншым. Беларускі ўрад зрабіў усё, што было ў ягоных сілах. За што яго крытыкаваць? Трэба казаць, што сапраўдная ліквідацыя вынікаў аварыі на ЧАЭС пачалася толькі ў часы незалежнасьці Беларусі (бо да таго часу Масква моцна супраціўлялася). Што калі Беларусь будзе правінцыяй, калёніяй, дык зрабіць нешта для людзей на забруджаных тэрыторыях будзе немагчыма. У “Паўночна-заходнім краі” ніхто ня будзе дапамагаць спраўляцца з чарнобыльскай бядой. Бо ў самой Расеі ўсе чарнобыльскія праграмы спыненыя.

Гутарыў Аркадзь Шанскі


дакумэнт

Гуманітарныя наступствы аварыі

на Чарнобыльскай АЭС. Стратэгія рэабілітацыі

 

Вытрымкі з справаздачы, падрыхтаванай у 2001 г. па даручэньні Праграмы ААН па разьвіцьці і Дзіцячага фонду ААН пры падтрымцы Ўпраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарнай дзейнасьці (УКГД) і Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

/.../ У забруджаных радыяцыяй раёнах быў адзначаны ўсплёск захворваньняў на рак шчытавіцы ў малых дзяцей, але выпадкаў лейкеміі, зьвязаных з наступствамі Чарнобылю, не назіралася.

/.../ У Японіі ўсплёск лейкеміі (раку крыві) быў зарэгістраваны ўжо празь некалькі гадоў пасьля выбуху. На пачатку 1970-х быў адзначаны рост фіброзных ракаў, а яшчэ пазьней было выяўлена, што некаторыя неанкалягічныя захворваньні (напрыклад, сардэчныя) таксама зьвязаныя з атрыманай дозай. /.../ На падставе гэтага СААЗ клясыфікавала іянізуючую радыяцыю як канцэраген.

/.../ Варта разгледзець пытаньне пра гаспадарчае выкарыстаньне тэрыторыяў, раней прызнаных непрыдатнымі з прычыны забруджаньня радыяцыяй. Па меры распаду радыеактыўных ізатопаў заражаныя тэрыторыі зьмяншаюцца. /.../ Вяртаньне гэтых земляў у гаспадарчы зварот можа паспрыяць іх рэабілітацыі ў вачох патэнцыйных інвэстараў і стварыць псыхалягічныя стымулы для насельніцтва.

/.../ Варта з асаблівай увагай ставіцца да жыцьцёвых патрэбаў тых, хто падчас аварыі быў дзіцем ды жыў у раёне выпадзеньня радыеактыўнага ёду. У іх разьвіўся ці можа разьвіцца рак шчытавіцы. Захаваньне здароўя гэтых людзей патрабуе пажыцьцёвага мэдычнага назіраньня.

/.../ У Беларусі, Украіне й Расеі тэрыторыя лічыцца забруджанай, калі ўзровень утрыманьня радыеактыўнага цэзію-137 перавышае 1 Ku/км2. На падставе такога вызначэньня забруджанымі прызнаныя 46500 км2 у Беларусі, 37600 км2 ва Ўкраіне ды 59300 км2 у Расеі. /.../ 1 Ku/км2 — адносна нізкі ўзровень забруджаньня. На значных тэрыторыях Вялікабрытаніі, Францыі й Скандынавіі натуральны радыяцыйны фон, ствараны выхадам газу радону з граніту й іншых скальных пародаў, складае ад 1 да 5 Ku/км2.

/.../ Прадукты харчаваньня, прызнаныя чыстымі, шырока даступныя ў гандлёвай сетцы забруджаных раёнаў, але каштуюць болей за прадукты прыватнай вытворчасьці. Вялікая частка апошніх, асабліва малако, не правяраецца, і таму ўзровень радыяцыі ў іх можа быць вышэйшы за дапушчальны. Вясковае насельніцтва ігнаруе забарону на спажываньне лясных прадуктаў. Таму, нягледзячы на радыеактыўны распад, дозы ў насельніцтва могуць расьці.

Беларусь Расея Украіна

1—5 3,9 4,2 11,7

5—15 18,7 13,0 24,4

Больш за 15 47,0 35,7 82,6

/.../ Насельніцтва пацярпелых тэрыторыяў характарызуецца слабым здароўем і нізкім узроўнем дабрабыту. Так, працягласьць жыцьця мужчын у Беларусі, Расеі й Украіне на дзесяць гадоў меншая, чым у Шры-Ланцэ, адной з дваццаці найбяднейшых краінаў сьвету, якая знаходзіцца ў стане грамадзянскай вайны. Найбольш распаўсюджаныя прычыны сьмяротнасьці беларусаў, украінцаў і расейцаў – сардэчна-сасудзістыя захворваньні й траўмы (атручаньні й няшчасныя выпадкі). За імі ідуць анкалягічныя захворваньні (такая сытуацыя назіраецца ня толькі на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС).

Найбольш распаўсюджаныя прычыны сьмяротнасьці беларусаў, украінцаў і расейцаў – сардэчна-сасудзістыя захворваньні й траўмы (атручаньні й няшчасныя выпадкі). За імі ідуць анкалягічныя захворваньні (такая сытуацыя назіраецца ня толькі на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС).

/.../ Магчымая сувязь радыеактыўнага апрамяненьня і пэўных відаў мэдычных разладаў (напрыклад, прыроджаных захворваньняў у немаўлятаў), якія праявіліся пасьля аварыі ці прасочваюцца ў параўнаньні з дааварыйнымі тэндэнцыямі, грунтуецца не на статыстычных зьвестках, а на асабістых назіраньнях.

/.../ Праблема Чарнобылю выклікала скажэньні ў структуры мэдычных выдаткаў. Сродкі накіроўваліся на стварэньне й абсталяваньне дарагіх цэнтраў, а не на ўмацаваньне прафіляктычнай мэдыцыны й аказаньне мэдычных паслугаў па месцы жыхарства, што, верагодна, дало б лепшыя вынікі па лячэньні й умацаваньні здароўя людзей.

/.../ Прадстаўнікі Місіі размаўлялі з жанчынай 60 гадоў, у якой была лішняя вага й высокі крывяны ціск. Калі ў яе спыталіся, ці імкнецца яна ўжываць меней солі й тлустай ежы, яна адказала: “А навошта? Я ліквідатар і хутка ўсё адно памру”. Такія настроі можна лічыць адной з праяваў адсутнасьці памкненьня да самазабесьпячэньня і залежнасьці ад дапамогі дзяржавы.

/.../ Ва Ўкраіне, Беларусі й Расеі зьмяншаецца колькасьць насельніцтва і сьмяротнасьць значна пераўзыходзіць нараджальнасьць. Але тое самае адбываецца па ўсім былым Савецкім Саюзе. І таму гэтая зьява не абавязкова можа быць вынікам Чарнобылю.

/.../ У 1992 г. прадстаўнікі Эўрапейскага рэгіянальнага аддзяленьня СААЗ наведалі Менск, каб спраўдзіць зьвесткі пра рост захворваньняў на рак шчытавіцы ў дзяцей, пераважна – у дзяцей Гомельшчыны. Сьпярша гэтыя цьверджаньні былі ўспрынятыя скептычна, але пазьней стала ясна, што сапраўды назіраўся значны рост раку шчытавіцы сярод тых, хто быў дзіцем падчас аварыі. У справаздачы UNSCEAR (2000 г.) паведамляецца пра 1800 выпадкаў раку шчытавіцы ў дзяцей, якія пражывалі на пацярпелых тэрыторыях да канца 1998 г., хаця існуе думка, што гэта заніжаныя ацэнкі.

/.../ Вынікі захворваньняў, зьвязаных з уплывам радыяцыі, будуць адзначацца на працягу 50 гадоў пасьля апрамяненьня. Той факт, што 1800 выпадкаў можна зьвязаць з узьдзеяньнем радыяцыі пасьля аварыі, тлумачыцца рэдкасьцю гэтага захворваньня ў дзяцей /.../. У сярэдзіне 90-х у некаторых населеных пунктах Гомельшчыны ўзровень захворваньня на рак шчытавіцы перавышаў фонавы ў 200 разоў.

/.../ У Беларусі лячэньне 30% хворых ажыцьцяўляецца за кошт дапамогі з-за мяжы. Значная колькасьць гэтых хворых лечыцца ад мэтастазаў у лёгкіх, ад якіх, як выявілася, не дапамагае ёд-131.


Пазыцыя UNSCEAR

Даклад рыхтавалі 142 спэцыялісты з 21 краіны. Яны прыйшлі да наступных высноваў: толькі ў 134 супрацоўнікаў станцыі, пажарных і ратаўнікоў, што змагаліся зь нягодай непасрэдна на станцыі, разьвілася прамянёвая хвароба, і 30 зь іх памёрлі. 381 тыс. ліквідатараў атрымалі дозы апрамяненьня ў сярэднім у 10 разоў ніжэйшыя за небясьпечны для жыцьця ўзровень (1000 мілізывэртаў). Няма ніякіх навуковых зьвестак, якія б сьведчылі, што за 14 гадоў пасьля Чарнобылю недзе вырасла колькасьць захворваньняў на рак, сьмяротнасьць або нейкія іншыя захворваньні, зьвязаныя з апрамяненьнем. Адзіны рост захворваньняў, які зафіксаваны ў забруджаных раёнах, – гэта рост псыхасаматычных хваробаў органаў дыханьня, страваваньня і нэрвовай сыстэмы. Экспэрты UNSCEAR зьвязваюць гэта не з радыяцыйным забруджваньнем, а з радыяфобіяй, страхам за сябе і дзяцей, перадусім боязьзю захварэць на рак.

Першымі ахвярамі страху ў 1986—1987 г. сталі ненароджаныя дзеці. Колькасьць спаронаў тады вырасла ў пэўных рэгіёнах Беларусі да 25%: жанчыны баяліся, што народзяць мутантаў. Між тым, ніякага росту генэтычных адхіленьняў у дзяцей зафіксавана не было, сьцьвярджае даклад. Ды ён і немажлівы, мяркуюць дасьледчыкі з ААН, бо і ў ахвяраў Хірасімы й Нагасакі ня выяўлена ніякіх генэтычных парушэньняў. Адзіным сапраўды рэальным наступствам аварыі могуць быць 1800 выпадкаў раку шчытавіцы, зарэгістраваных у дзяцей зь Беларусі, Украіны, Расеі за 14 гадоў пасьля Чарнобылю (з прычыны атрыманьня вялікай дозы радыеактыўнага ёду ў першыя дні па аварыі).


1986 год

Безумоўна, адказалі вучоныя, выхад радыеактыўных рэчываў у атмасфэру садзейнічаў таму, што ўзровень радыяцыі павысіўся. Асноўнае павышэньне адбывалася непасрэдна ў раёне атамнай станцыі. У раёнах СССР, аддаленых ад месца выкіду, а таксама ў мяжуючых зарубежных краінах значнага зьмяненьня ўзроўню радыяцыі, паводле нашых даных, не адбылося. Савецкія спэцыялісты лічаць, што вынас быў кароткачасовым і неістотным у параўнаньні з фонам.

“Звязда”, 6 траўня

Як заўсёды, пасьля ранішняга нараду вывеў свой Т-150 у поле ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу, дэлегат ХІІ Сусьветнага фэстывалю моладзі і студэнтаў у Маскве, мэханізатар саўгасу “Стралічава” Хойніцкага раёну Ўладзімер Кашперка. Уладзімер на некалькі мінут спыніў машыну, расказаў, што палявыя работы ў саўгасе ўжо заканчваюцца, што і сёньня ён перавыканае норму – засее замест плянавых шаснаццаці дваццаць гектараў.

“Звязда”, 8 траўня

У раёнах за межамі 30-кілямэтровай зоны вядуцца сельскагаспадарчыя работы, нармальна функцыянуюць прамысловыя прадпрыемствы, ажыцьцяўляюцца звычайныя турыстычныя маршруты.

Советская Белоруссия”, 14 траўня

1991 год

У сувязі з рэформай раздробных цэнаў і ў мэтах забесьпячэньня сацыяльнай абароненасьці грамадзянаў, якія пражываюць у населеных пунктах, што зазналі радыеактыўнае забруджаньне ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Кабінэт міністраў СССР прыняў рашэньне пра выплату ім з 1 красавіка 1991 г. штомесячнай грашовай дапамогі.

Советская Белоруссия”, 17 красавіка

Мазырская Рада БНФ праводзіць прабег на роварах. Прабег прысьвечаны 5-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

“Свабода”, № 8, красавік

Ня дзіва, што цяпер партыйная прэса як вады ў рот набрала, калі ў пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы раёны Беларусі прыбыла з высакароднай місіяй дапамогі супрацоўніца Беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” Ларыса Урбан (Верас).

“Свабода”, № 8, красавік

Людзей з зоны забруджваньня 40 кюры і вышэй так яшчэ і не перасялілі, там застаецца каля тысячы сем’яў. Ды яшчэ чатыры з палавінай тысячы ў небясьпечным дыяпазоне 15–40 кюры.

“Звязда”, 26 красавіка

6. Патрабаваць ад Дзяржкамітэту БССР па праблемах Чарнобылю вярнуць з Масквы ў Рэспубліку ўсе выдзеленыя сродкі, у тым ліку валютныя, для выкананьня Дзяржаўнай праграмы ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС і ажыцьцяўляць іх выкарыстаньне пад кантролем рэспубліканскіх органаў улады.

“Свабода”, № 9, травень

1996 год

Напрыклад, у Чачэрску і Нароўлі яшчэ нядаўна было да 15 кюры на кв.км, а цяпер яны апынуліся ўжо ў зоне 5–10 кюры. Гэта што, за дзесяць гадоў радыяцыйная абстаноўка ў Беларусі палепшылася амаль у два разы? Каго падманваем?

“Звязда”, 26 красавіка

Незалежныя экспэрты Беларусі лічаць, што кампэнсацыя Расеі (як правапераемніцы СССР) за ўрон, які нанесены рэспубліцы чарнобыльскай катастрофай, мусіць складаць каля 30 мільярдаў даляраў.

“Народная Воля”, №49, красавік

На пэрыяд правядзеньня Дня памяці ахвяраў Чарнобылю адменены ўсе звальненьні салдат унутраных войскаў, створаныя перасоўныя групы “хуткага рэагаваньня”, аб’яўлена гатоўнасьць аб фарміраваньні і прывядзеньні ў гатоўнасьць дзяжурных сьледчых груп. Прынята рашэньне аб удзеле ў калёнах маніфэстантаў пераапранутых у штацкае супрацоўнікаў КДБ і МУС.

“Свабода”, 26 красавіка

На Венскай канфэрэнцыі “10 гадоў пасьля Чарнобылю” аб’яўлена, што непасрэдна з Чарнобыльскай катастрофай зьвязана сьмерць толькі 31 чалавека. Дарадца беларускага ўраду радыебіёляг прафэсар Эдмунд Ленгфэльдэр зь Мюнхену лічыць гэтую лічбу неаб’ектыўнай. У інтэрвію нямецкай газэце “Frankfurter Rundschau ён называе 25 тыс. памерлых (спасылаючыся на дадзеныя міністэрстваў аховы здароўя трох краінаў – Беларусі, Украіны і Расеі).

“Свабода”, 3 траўня


добрая навіна

Рост раку шчытавіцы спыніўся

З 1986 году ў 8602 беларусаў быў выяўлены рак шчытападобнай залозы. Сярод іх — 716 дзяцей, 342 падлеткі і 7544 дарослыя. У 2001 г. рост гэтай хваробы сярод дзяцей спыніўся. Паказьнік захворваньня сярод дарослых (12,5 выпадку на 100 тыс. насельніцтва) у 3—4 разы перавышае заходні ўзровень.


Парады ад Міхася Малька:

Уся прадукцыя дзяржаўных прадпрыемстваў праходзіць радыялягічны кантроль. Таму можна быць абсалютна пэўным, што яна ня “сьвеціцца”, — спакойна ўжываць рагачоўскую згушчонку, піць рэчыцкае піва, есьці вяндліну “Аўстрабелу”, набываць гомельскую мэблю, гомельскія шпалеры. Можна купляць цукеркі фабрыкі “Спартак”, якія робяць у Гомелі, есьці пінскія гуркі.

А вось грыбы са Столінскага раёну ўжываць нельга. Гэтаксама, як і журавіны ці дурніцы з тамтэйшых балотаў. Ягады, якія вырасьлі на кіслых глебах, вельмі многа набіраюць у сябе радыяцыі. Гэта асаблівасьць паласы абапал Прыпяці. Пераход радыенуклідаў у расьліны там у 10—20 разоў большы, чым на землях з той самай ступеньню забруджанасьці на Магілёўшчыне. Гэта фэномэн Палесься.

Найлепш выводзіць радыенукліды вітамінамі. Таму трэба спажываць гуркі, памідоры, яблыкі, моркву… У хлебе й бульбе патрэбных арганізму вітамінаў мізэр або наагул няма. Карысна есьці й завазную садавіну: апэльсыны, бананы, лімоны й г.д.

Існуе пашыранае меркаваньне, што гарэлка дапамагае выводзіць радыенукліды. Гэта няпраўда. Людзям, якія жывуць пад пастаянным узьдзеяньнем радыяцыі, піць вельмі шкодна. Хіба крыху чырвонага віна. Наагул, калі б беларусы перайшлі ад гарэлкі да віна, дык у нас штогод памірала б на 10—12 тысячаў чалавек менш. Таму можна толькі вітаць выпуск яблычных вінаў у калгасах ды саўгасах. Хіміі там небагата: робяць усё ж з натуральных прадуктаў…


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0