Хто спаліў Алеся Поклада?

Вялікага армейскага намёту абаронцаў, які выстаяў у Курапатах цэлую зіму, больш няма. Уначы на 19 красавіка ён згарэў. Ірына Вяткіна, Алесь Поклад і Васіль Парфянкоў, якія заставаліся ў ім у тую ноч, ледзь не згарэлі разам зь ім.

 

10 красавіка на імя лідэра незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды Сяргея Высоцкага прыйшоў ліст ад невядомай дагэтуль арганізацыі “Сумленьне Курапатаў”. Аўтары ліста вінавацілі абаронцаў мэмарыялу ў п’янстве, брыдкаслоўі, сэксуальных оргіях і патрабавалі выгнаць іх з урочышча. Пасьля гэтага некалькі начэй валанцёры пільнаваліся, вартавалі ўначы па чарзе. Але ў чалавечай трываласьці ёсьць мяжа. Таму ў ноч на 19 красавіка яны спалі ў намёце, ня выставіўшы варты: стаміліся за папярэднія дзяжурствы, кажа Васіль Парфянкоў.

Уначы Васіль прачнуўся ад таго, што намёт завалакло дымам: гарэла брызэнтавая сьценка. Як кажа Васіль Парфянкоў, пры гэтым не адчувалася паху бэнзыну ці нейкага іншага паліва. Васіль і Ірына выскачылі з задымленага намёту, адразу не знайшоўшы ў ім Алеся Поклада. Калі той закрычаў, уваход у палатку быў ужо ахоплены агнём. Хлопца ўдалося выцягнуць праз акно толькі з трэцяй спробы, і ён пасьпеў моцна абгарэць. Цяпер Алесь у рэанімацыі: яму робяць пераліваньні крыві, апэрацыі на абгарэлых участках скуры (на нагах і твары). Прагноз спрыяльны, хоць апёкі склалі 15% паверхні цела.

Па словах Ірыны, калі яна выклікала з найбліжэйшага тэлефона-аўтамата “хуткую” і міліцыю, тыя, як толькі чулі слова “Курапаты”, адразу кідалі слухаўку. Відаць, думалі, што зь імі жартуюць. Выклік удалося зрабіць толькі з тэлефона тае кватэры, дзе абаронцы зазвычай бралі ваду. Міліцыя прыехала праз 10 хвілінаў, “хуткая” з Бараўлянаў — праз паўгадзіны. Апошнімі зьявіліся пажарнікі — ім засталося толькі заліць вадой прысак… Месца, дзе стаяў намёт, цяпер нагадвае яшчэ адзін мэмарыял: абнесенае вяроўкамі пажарышча, у якім відаць спружыны ад матрацаў, комін ад “буржуйкі”. Пакуль абаронцы начуюць у двух турыстычных намётах.

…Колькасьць тых, хто загінуў у Курапатах, ледзь не павялічылася яшчэ на трох чалавек. Гэтая трагедыя прымусіла кіраўнікоў маладзёвых арганізацыяў з большай увагай ставіцца да курапацкае вахты: штоночы тут на зьмену дзяжураць маладафронтаўцы Павал Севярынец, Яўген Скочка ды кіраўнік БПС Сяргей Высоцкі.

Відаць, такая пільнасьць ня лішняя. Ураньні (недзе а чацьвертай) 23 красавіка двое невядомых зноў хадзілі вакол лягеру. Курапацкі валанцёр Сяржук М. кажа, што абодва яны былі ў камуфляжнай вопратцы ды імкнуліся не паказвацца на вочы абаронцам. Пасьля таго як Сяржук узьвёў затвор пнэўматычнага пісталету і папярэдзіў, што будзе страляць, незнаёмцы кінуліся бегчы.

Каму карціць бадзяцца ўначы вакол курапацкага лягеру? Хто спаліў намёт абаронцаў? Каму быў патрэбны гэты пажар? Ці ў ім вінаватыя самі абаронцы, якія не пільнаваліся й выпадкова пусьцілі дымам сваё жытло?

Вогнішча ўначы яны не палілі, дый ягонае пастаяннае месца далёка ад намёту. “Буржуйка” ў намёце стаяла не каля пярэдняй сьценкі і тамбуру, якія нібыта загарэліся першымі. Зрэшты, сьведкаў няма. Няма і адказу, чаму Алесь спаў так моцна, што не пачуў крыку “Гарым!”, і так далёка, што сябры не змаглі намацаць яго ў цемры, выбягаючы.

Калі ж, як кажуць валанцёры, намёт ня мог заняцца ад выпадковай іскры, дык хто мог падпаліць яго? Клясычнае пытаньне: “Каму гэта выгадна? У каго былі матывы й падставы?”

Самая “безвыніковая” па плённасьці вэрсія пры пошуку вінаватых — што падпал зрабілі хуліганы. Пры той колькасьці людзей, якім назалялі курапацкія абаронцы, ненавідзець іх маглі многія. Яўген Скочка кажа, што дагэтуль у Курапаты многія ходзяць у грыбы, ягады, а то й “на шашлыкі”. Ходзяць жыхары блізкага мікрараёну, дый здалёк прыяжджаюць на машынах. Зусім маладыя і людзі ў веку… “Шашлыкі”, вядома, не абыходзяцца бяз выпіўкі. З “шашлыкістамі” ў валанцёраў была не адна сутычка; часам даходзіла амаль да нажоў, а аднаго разу валанцёраў выратавала толькі наяўнасьць лесьніка мясцовага лясгасу з бэнзапілой, якой той адпудзіў п’яных аматараў “адпачынку на прыродзе”. Найчасьцей, кажа Сяржук М., такія сутычкі былі ў Алеся Поклада… Можна меркаваць, што нехта з “шашлыкістаў”, каго найбольш “дасталі” няпрошаныя “чытальнікі натацыяў”, падпаліў намёт уначы. Аднак — шыбаваць за горад, у лес, а палове на чацьвертую ды яшчэ не адразу пасьля сваркі, а празь нейкі час… На такое наважацца нямногія.

“Сумленьне Курапатаў”? Самі абаронцы Курапатаў адмаўляюць такую вэрсію. “Мы ведаем людзей, якія пісалі той ліст, — кажа Сяржук М. — Яны самі доўгі час былі тут з намі. Але мы іх выставілі зь лягеру за непрыстойныя паводзіны (а сяго-таго і проста за фашыстоўскія песьні). Яны самі рабілі ўсё тое, пра што пісалі ў лісьце. Але на падпал гэтыя людзі няздольныя”.

Зрэшты, людзей, якія на Курапатах хочуць зрабіць сабе “біяграфію”, не бракуе.

Будаўнікі, якім абаронцы Курапатаў назалялі сваёй дзейнасьцю? Мая Кляшторная ўпэўненая, што на будаўнікоў думаць ня варта: “Калі адбылося тое выкраданьне людзей уначы, галоўны інжынэр будаўніцтва дарогі дапамагаў мне ў пошуках. Ён вельмі па-людзку паставіўся... Гэты падпал мог быць выгадны тым, хто імкнецца абвастрыць адносіны паміж будаўнікамі і абаронцамі Курапатаў. А ўвогуле, мне не хацелася б думаць, што людзі могуць быць здатнымі на такое”.

Скінхеды? Між тых, з кім у абаронцаў былі “непажаданыя кантакты”, называліся і менскія скіны. Аднак з чаго ім разьбірацца з курапацкімі валанцёрамі менавіта цяпер?

У спробах разабрацца, па чыёй віне загарэўся намёт, прагучала і думка, што да гэтага можа мець дачыненьне… “Хартыя’97”. Свае падазрэньні пра гэта выказаў ейны даўні непрыяцель Сяргей Высоцкі. Падпал адбыўся ў ноч на 19-га. “Хартыя” ў гэты дзень мела правесьці акцыю “Так жыць нельга”. Падпал, што здарыўся ў той самы дзень, моцна прыцягнуў увагу да вечаровае акцыі. Аднак акцыя прайшла, бальшыня “хартыстаў” за кратамі — а вакол лягеру гуляюць невядомыя ў камуфляжнай форме…

Альтэрнатыўная БПС? Гэтая арганізацыя актыўна працуе сярод фанатаў менскага “Дынама”, выдае часопіс “Нацыя”, мае свае рахункі з Высоцкім. Апанэнты гэтай арганізацыі кажуць, што яна мае кантакты і пратэкцыю ў спэцслужбах.

Самы час зірнуць у іншы бок — у бок спэцслужбаў. Апрача “неафіцыйных” структураў, абаронцы Курапатаў, вядома ж, заміналі ўладам. Самы “роўны” па веку канкурэнт — афіцыйная маладзёвая структура, БПСМ. Ці маглі бэпээсэмаўцы пайсьці на падпал? Гэта падаецца сумнеўным. БПСМ перажывае сёньня ня лепшыя часы і ўвязвацца ў нейкія крымінальныя афэры наўрад ці будзе. Гэта ж не налепкі “Я за бацьку” расклейваць.

Дзейнасьць “спэцслужбаў” — самая папулярная вэрсія паміж саміх абаронцаў Курапатаў. На карысьць вэрсіі пра спэцслужбы — нечаканы налёт супрацоўнікаў у цывільным на лягер на мінулым тыдні. Як зазначыў Сяргей Высоцкі, пра “руку” спэцслужбаў у гэтым выпадку можна казаць адназначна. “А тое, кім канкрэтна яны скарысталіся, каб падпаліць намёт, — ня так і важна. Галоўнае — не канкрэтныя людзі, якія рабілі падпал, а тыя, хто стаіць за іх сьпінамі”. У Беларусі ёсьць розныя спэцслужбы. На стыль КДБ гэта не падобна. Сілавыя мэтады “разьвязаньня праблемаў” КДБ не ўласьцівыя.

Паўлючэнкаў СОБР? Больш верагодным кандыдатам на ролю “сілавога аргумэнту” падаецца сумнавядомы па леташніх перадвыбарных скандалах Зводны аддзел хуткага рэагаваньня, які падазраюць у спрычыненасьці да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў.

Дзеяньні спэцслужбаў (калі ўявіць, што ў падпале насамрэч вінаватыя менавіта яны) мусілі мець найвышэйшую санкцыю на “сілавое разьвязаньне”. Яўген Скочка на пытаньне “Чыя віна?” наўпрост зазначыў, што ён можа толькі паўтарыць словы Вячаслава Сіўчыка: “Гэта віна асабіста Аляксандра Лукашэнкі”. Той у сваім пасланьні да нацыянальнага сходу, з тэкстам якога ўжо пару тыдняў знаёмае вышэйшае кіраўніцтва краіны, прысьвяціў Курапатам спэцыяльны абзац і фактычна загадаў спыніць “танцы на касьцях”. У спэцслужбах добра разумеюць гэтую мову намёкаў.

Вэрсія ўдзелу спэцслужбаў здаецца самай “нераскрывальнай” з усіх мажлівых. Але намесьнік старшыні КХП БНФ Юры Беленькі кажа: “Трэба падаваць заяву, каб узбудзіць крымінальную справу. Тады многае можа праясьніцца. У іншым выпадку мы можам толькі сядзець і гадаць. Магчыма, калі-нікалі і патрапім у кропку, аднак карысьці з гэтага ня будзе. Адзіны рэальны шлях — зьвяртацца ў пракуратуру, каб улады былі вымушаныя правесьці расьсьледаваньне. А грамадзтва, у сваю чаргу, павінна падтрымаць пацярпелых: і маральна, і дапамагчы пры патрэбе зь лячэньнем таго абгарэлага хлопца”.

Намесьнік начальніка Бараўлянскага аддзелу міліцыі Аляксандар Пендзік яшчэ ў сераду 24 красавіка ня быў гатовы адказаць што-небудзь пэўнае наконт адкрыцьця крымінальнае справы па курапацкім пажары. “Я чакаю высноваў экспэртызы пажарнікаў. Па выніках экспэртызы й будзем вырашаць”, — зазначыў ён. Вынікі экспэртызы пажарных будуць гатовыя цягам дзесяці дзён. Пакуль жа, заўважыў Пендзік, можна сказаць, што прычынай пажару магла стаць, напрыклад, пакінутая сьвечка ці “буржуйка”, за якой абаронцы Курапатаў недагледзелі.

Пачакаем, што скажуць пажарныя.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0