Расея Пуціна — якая яна
Гутарка з губэрнатарам Наўгародзкай вобласьці Міхаілам Прусаком
— Нядаўна Ўладзімер Пуцін з дочкамі катаўся на лыжах пад Байкалам. Да яго дабраўся спартовы дзеяч з разьмешчанага за 3 тыс. км гораду Арцёму, што ў Прыморскім краі. Ён паскардзіўся, што ў іх дрэнна працуе канатная дарога. Пуцін паабяцаў разабрацца. Маскоўскія СМІ былі ў захапленьні ад рэакцыі прэзыдэнта. Нікога не дзівіла, што кіраўніку дзяржавы дураць галаву такімі рэчамі. Ці нармальна гэта?
— Мы па-ранейшаму хворыя на ўтрыманства. Людзі прызвычаіліся, што ўсё вырашаюць за іх, што ўсё неабходнае для іх зробіць партсакратар, выканкам, палітбюро… І цяпер кажуць, што прэзыдэнт адказвае за ўсё. За батарэі ў маім пакоі, за канатную дарогу ў Арцёме. Мы паступова ачуньваем ад гэтай хваробы і… губляемся. Ізноўку хочам дыктатуры. Цара хочам!
— Гэта небясьпечна?
— Вельмі. Я добра ведаю Пуціна. Яшчэ з тых часоў, калі ён быў віцэ-мэрам у Санкт-Пецярбургу. Гэта ж недалёка ад Ноўгараду. Ягоная бяда ў тым, што ён саступае націску і спрабуе браць на сябе адказнасьць за ўсё, што адбываецца ў краіне. Пазбаўляе ўсіх навокал іхных паўнамоцтваў і аўтарытэту. Ніхто нічога ня робіць, усе сталі на “зважай” і рапартуюць: “Будзе як скажаце, пане прэзыдэнт!” Калі ніхто не супраціўляецца, няма на каго абаперціся. І прэзыдэнт вымушаны ўсё рабіць адзін. І праводзіць у Расеі судовую рэформу, і разьвіваць навуку ды спорт, і сачыць за тым, каб батарэі ў кожнай кватэры былі цёплыя. А калі яны раптам будуць халодныя, дык мясцовыя ўлады, губэрнатары скажуць, што яны не вінаватыя, бо гэта прэзыдэнт, Масква забралі ў іх паўнамоцтвы, сродкі, зьвязалі ім рукі… І яны будуць мець рацыю. Бо хто захоча хоць бы паварушыць пальцам, калі за ўсё адказвае нехта іншы!
— Вы лічыце, што Расея зноў ідзе па шляху савецкай цэнтралізацыі?
— Але. Такая сытуацыя ў нас ужо была пры СССР, калі палітбюро і генсек вырашалі ўсе пытаньні. Народ абураўся, людзі спрачаліся на кухнях камунальных кватэраў. А ў выніку ўсё развалілася: выявілася, што цэнтральная ўлада абсалютна бясьсільная. Абурэньне вылілася на вуліцу шырокай хваляй, якая змыла цэлую дзяржаву. Гарбачову не дапамагла ні колішняя вера людзей у тое, што ён іх ашчасьлівіць, ні колішняя надзвычайная папулярнасьць — такая, якой сёньня можа пахваліцца Пуцін.
— Адзін з галоўных лёзунгаў палітыкі Пуціна — “узмацненьне вэртыкалі ўлады”, якое пачалося адразу пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта. Як цяпер, праз два гады, можна ацаніць эфэкт гэтых мерапрыемстваў?
— Ніякай “вэртыкалі ўлады” ня трэба ўзмацняць, калі мы ня хочам пабудаваць дыктатуру. А эфэкт такі, што сёньня 80% даходаў усіх расейскіх бюджэтаў — цэнтральнага, рэгіянальных і мясцовых — трапляе ў Маскву і тая імі распараджаецца. Нам кажуць: вы ўмееце зарабляць, але ня ўмееце траціць. Мы ў цэнтры будзем траціць вашыя грошы. Рэгіёнам, мясцовым органам улады застаецца ўсяго 20% збораў. А ўлады — яшчэ менш. Цяпер камунальная гаспадарка Ноўгараду падпарадкоўваецца ня мне і не маім людзям з абласной адміністрацыі. Пра ўсё мае клапаціцца Герман Грэф і ягонае Міністэрства гандлю і эканамічнага разьвіцьця. Шмат для каго там практычныя веды пра камунальную гаспадарку абмяжоўваюцца тым, што яны мацалі батарэі ў сваіх маскоўскіх кабінэтах.
Альбо тое, што падзялілі краіну на сем фэдэральных акругаў на чале з генэраламі ФСБ ці арміі. Захад гэта вітае: яму даспадобы, што ў Расеі моцная ўлада, — быццам ёсьць парадак. А я кажу: гэта шлях да развалу Расеі. Як можна аб’яднаць у адно цэлае, напрыклад, Рэспубліку Комі, Карэлію, Санкт-Пецярбург і Калінінград? Гэтыя рэгіёны такія розныя! Там жывуць розныя народы. У нас у Расеі звыш ста нацыянальнасьцяў, многія зь якіх маюць тысячагадовую гісторыю. Гэта нельга зьмяніць адміністрацыйным загадам. Вялікія акругі насамрэч зьявіліся для таго, каб цэнтар змог узяць пад кантроль паклады карысных выкапняў. Дзякуючы акругам можна не лічыцца з губэрнатарамі й без абмежаваньняў вывозіць газ, нафту.
— У нядаўнім інтэрвію “Комсомольской правде” вы папярэджвалі, што Расеі пагражае катастрофа…
— Краіна разваліцца, калі ўжо сёлета не зьмяніць Канстытуцыі. Прыкладам, Дума дазваляе ўвозіць з-за мяжы радыеактыўныя адкіды. Амаль 100% грамадзян супраць, а іхныя прадстаўнікі ў парлямэнце чхаць хацелі на грамадзкую думку і гатовыя ператварыць краіну ў радыяцыйны сьметнік. Наш народ атрымаў права выбіраць дэпутатаў парлямэнту, прэзыдэнта, але пакуль ня мае магчымасьці ўплываць на іхныя рашэньні. Калі людзям ня даць права кантраляваць уладу, ціснуць на яе, краіна разваліцца.
— Трэба ствараць грамадзянскую супольнасьць?
— Менавіта! Шмат у нас спрачаюцца, у чым мусіць быць сутнасьць расейскай нацыянальнай ідэі. А ўсё ж проста. Не ў будаўніцтве нейкай там “Расеі для расейцаў”, ці капіяваньні Захаду, ці імпэрскім славянафільстве. Нашай нацыянальнай ідэяй можа быць толькі стварэньне грамадзянскай супольнасьці. У Расеі шмат разумных людзей. І яны дасягнуць шмат чаго, калі самі будуць адказваць за сябе і за краіну.
— Пуцін увесь час паўтарае тое самае. Хоць бы ў штогадовых пасланьнях да парлямэнту…
— Ня толькі. Калі я зь ім размаўляў, таксама гэта чуў. Гэта дасьведчаны, адукаваны чалавек. Разважае ён слушна. Увогуле, ён ніштаваты мужык. Але ў нас будуецца сыстэма ўлады, разьлічаная на аднаго чалавека. Такі ўсходні дэспатызм, паводле якога людзі нараджаюцца на сьвет толькі для таго, каб плаціць падаткі, а жывуць дзеля таго, каб цешыць свайго ўладара. Кіраўнік дзяржавы непадуладны народу, ён увесь час знаходзіцца пад ціскам тых пяці-шасьці алігархаў, якія яго раскруцілі, прафінансавалі выбарчую кампанію, зрабілі спадчыньнікам Барыса Ельцына.
— Але ж Пуцін не адзін, зь ім прыйшлі новыя людзі з ФСБ.
— Ён павінен ад іх пазбавіцца. Які ў іх досьвед? Мала хто зь іх лавіў шпіёнаў, пераважная большасьць пісала прыгожыя рапарты, каб давесьці, што не дарма атрымлівае вялікі заробак. Дый хіба чалавек з псыхалёгіяй кадэбіста можа будаваць дзяржаву? Калі паставіць яго кіраваць камунальнай гаспадаркай, ён ня будзе цікавіцца, дзе саржавелі трубы, якія кацельні патрабуюць рамонту. Ён будзе адно шукаць шпегаў, дывэрсантаў, карупцыянэраў. А калі дазнаецца, дзе даюць хабар, сам працягне лапу. Гэтыя людзі хочуць толькі кантраляваць. Колькасьць кантралёраў у апошнія гады расьце, а парадку ня большае.
Надта жывучы ў нас сталінскі прынцып, што ў Расеі кіруюць не законы, а людзі. А мусіць быць наадварот.
— Каб ажыцьцявіць такія зьмены, трэба быць вельмі моцным палітыкам. Пуцін моцны?
— Ня ведаю. Пабачым, што ён зробіць сёлета. Калі пазбудзецца сёньняшняга атачэньня, значыць моцны. Зь ім павінны быць тыя, хто мае сьмеласьць казаць праўду, а ня толькі адбіваць паклоны і клясьціся ў вечнай адданасьці.
Цяпер у Расеі важны, магчыма, вырашальны момант. Неўзабаве прэзыдэнт выступіць са штогадовым зваротам да парлямэнту. Паглядзім, на што ён паставіць. Калі на людзей, на рэгіёны, на грамадзкую ініцыятыву, дык добра. А калі будзе казаць пра тое, што трэба ўзмацніць кантроль над грамадзтвам, — гэта будзе сьведчаньне катастрофы.
— У сталіцы ходзяць упартыя чуткі, што, калі зьменяць урад, Вы зробіцеся новым прэм’ер-міністрам…
— Без камэнтароў.
— А Вы пераехалі б у Маскву дапамагаць прэзыдэнту?
— Так, пры ўмове, што ў ягоным атачэньні ня будзе гэтай сабачай зграі, якая там цяпер грызецца, гэтага фальшу, крывадушнасьці і падхалімства… Я ўсё яшчэ ўскладаю на Пуціна вялікія надзеі.
— Хоць Вы часта гаворыце непрыемныя рэчы, у Маскве Вас цэняць за вашы наўгародзкія дасягненьні. Адкуль такі посьпех?
— Мы клапоцімся пра замежныя інвэстыцыйныя праекты як пра свае. Кожны, хто да нас прыходзіць, ня сплачвае абласных і раённых падаткаў, пакуль не акупіць сваіх інвэстыцыйных затрат. Калі хто хоча ўзяць якую-небудзь занядбаную фабрыку, мы аддаём яе дарма. Зямлю прадаём па мінімальнай цане.
— Як гэта? Закон жа пакуль не дазваляе прадаваць зямлю іншаземцам.
— На жаль, не дазваляе. І гэта вельмі дрэнна. Але мы знайшлі выйсьце. Замежны інвэстар бярэ сабе ў партнэры грамадзяніна Расеі. Мы прадаём зямлю гэтаму чалавеку, бо гэта не забаронена. Ён стварае зь іншаземцам сумеснае прадпрыемства, уносячы зямлю ў якасьці сваёй долі. Іншаземец валодае, скажам, 90% прадпрыемства, цалкам яго кантралюе, а прадпрыемства зьяўляецца паўнапраўным уладальнікам зямлі. Трохі заблытана, але калі іначай нельга… Урэшце, маіх чыноўнікаў ніхто ніколі не вінаваціў у хабарніцтве.
— Вы адолелі расейскую карупцыю? Няўжо?
— Карупцыя ёсьць усюды. Але расейская адрозьніваецца тым, што выходзіць за рамкі прыстойнасьці. У сьвеце чыноўнікі бяруць ад інвэстараў недзе 10—15% ад вартасьці праекту. А ў нас хочуць аж восемдзесят.
У Ноўгарадзе мы супрацоўнічаем з кансалтынгавай фірмай Артура Андэрсэна — той самай, якая цяпер мае праблемы ў ЗША, але нас яна ніколі не падводзіла. Па даручэньні замежных інвэстараў яна зьбірае тут інфармацыю. Нашы чыноўнікі атрымалі права на супрацоўніцтва зь ёй. Словам, на легальныя заробкі ў кансалтынгавай фірме. Потым, калі інвэстар да нас прыходзіць, нехта з адміністрацыі апякуецца ягонай фірмай, бароніць яе ад кантралёраў…
— Што значыць “бароніць”?
— У яго абавязкі ўваходзіць абараняць прадпрымальніка ад санітарна-эпідэміялягічнай службы, падатковай паліцыі, пажарнай і прыродаахоўнай інспэкцыі. Налічваецца 46 кантралюючых службаў, і кожная мае права ліквідаваць фірму. Мы аберагаем інвэстара…
— Дапамагаеце яму парушаць закон?
— Ні ў якім разе. Сочым, каб ён плаціў толькі тое, што павінен плаціць паводле закону. А баронім ад вымаганьняў з боку кантралёраў.
— А яны ня езьдзяць са скаргамі ў Маскву?
— Езьдзяць, вядома. Але мяне гэта не хвалюе. Мне ўсе кантралёры зь іхнай сьляпой хцівасьцю не патрэбныя. Няхай здыхаюць. Мне патрэбныя інвэстары. Сёньня ўжо 67% ад усёй прадукцыі нашай вобласьці вырабляюць замежныя фірмы. Нідзе ў Расеі няма нічога падобнага. З намі працуюць эстонцы, літоўцы, латышы, немцы, скандынавы, італьянцы, амэрыканцы, японцы, карэйцы.
— Ці можна ўсю Расею зрабіць такой адкрытай сьвету, як гэта ўдалося ў Ноўгарадзе?
— Безумоўна. Калі захацець, усё можна зрабіць. А хацець варта.
Гутарыў Вацлаў Радзівіновіч, “Gazeta Wyborcza”