Апытаньне “НН”

Зыц-старшыня палаты прадстаўнікоў

 

У савецкія часы ў Вярхоўным Савеце БССР існавалі пасады Старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, фактычнага кіраўніка, і проста Старшыні ВС, які вёў паседжаньні. Звычайна на гэтую пачэсную пасаду выбіралі аўтарытэтных беларускамоўных людзей. Апошнімі старшынямі пабылі два пісьменьнікі, два Іваны — Шамякін і Навуменка. “Калі б сёньня ў палаце прадстаўнікоў існавала такая пасада, то якую кандыдатуру вы прапанавалі б на гэтае месца?” — з такім пытаньнем мы зьвярнуліся да дэпутатаў палаты і вось што пачулі.

Анатоль Красуцкі:
“Шамякін, а не — то Гілевіч”

Каб здолеў працаваць, то можна і Івана Шамякіна вярнуць на старую пасаду. Магчыма, Ніл Гілевіч. На жаль, сёньня ў парлямэнце ніхто не размаўляе на матчынай мове. Адна з прычын — законапраекты ўносяцца на разгляд на расейскай мове, таму па-расейску і разглядаюцца. Калісьці ж праекты ўносіліся на розных мовах. На якой мове законапраекты падаваліся, на такой мове іх і разглядалі.

Вольга Абрамава: “Нядрэнны варыянт фасаднай дэмакратыі”

Многія дэпутаты дастаткова валодаюць беларускай мовай і маглі б нядрэнна прадстаўляць палату прадстаўнікоў. А прыведзены прыклад з савецкага мінулага — гэта прыклад “фасаднай дэмакратыі”. Гэта не галоўнае. Больш істотныя дзелавыя якасьці кіраўніка. Хаця, зразумела, адно другога не выключае. І гэта быў бы нядрэнны варыянт для прадстаўленьня дзяржавы, у тым ліку і за мяжой.

Іван Пашкевіч:
“Палітык з пачуцьцём кампрамісу”

На сёньня ў нашай дзяржаве дзейнічае закон пра нацыянальную мову. У адпаведнасьці зь ім і вышэйшае, і ніжэйшае кіраўніцтва павінны ведаць беларускую мову. Дзіўна, што ён не працуе. Год таму я зьвяртаўся зь лістом у палату прадстаўнікоў, у якім пісаў, што трэба, каб законы прымаліся на дзьвюх мовах, каб паседжаньні вяліся і на беларускай мове. Да гэтага часу я не атрымаў адказу, але неафіцыйна мне паведамілі, што “тэхнічна і з улікам фінансавых сродкаў гэта зрабіць на сёньняшні момант немагчыма”. У мяне ёсьць падазрэньне, што старшыня палаты ня ведае беларускай мовы. Толькі аднойчы я пачуў зь ягоных вуснаў беларускую мову, калі ён зачытваў адзін дакумэнт. А на такой пасадзе чалавек павінен ведаць дзьве дзяржаўныя мовы! У савецкія часы старшыня Вярхоўнага Савету быў дэкаратыўным прадстаўніком улады, бо тады Вярхоўны Савет нічога не вырашаў. Сёньня ж парлямэнт — гэта адна з галін улады ў дзяржаве. Таму й патрабаваньні да чалавека зусім іншыя. У першую чаргу ён павінен быць палітыкам. А палітык разумны павінен валодаць пачуцьцём кампрамісу, павінен быць “сваім” у любым асяродзьдзі, нават сярод нацыяналістаў.

Уладзімер Навасяд:
“Ня маем знакамітых імёнаў”

На сёньня мы ня маем такіх знакамітых імёнаў. Я нават ня ведаю ў палаце людзей, якія добра валодалі б беларускай мовай. Усе ў нас гавораць па-расейску, і дакумэнты ўсе на расейскай мове... Калі б была неабходнасьць, на гэтую пасаду трэба абіраць пэрсону, якая мела б аўтарытэт у парлямэнце. Крытэр — галасаваньне па кандыдатурах у раду палаты па давыбарах.

Хачу зазначыць, што пры разглядзе законапраекту аб адукацыі большасьць дэпутатаў настойвалі, каб беларуская мова мела роўныя правы з расейскай у гэтым законе.

Станіслаў Здановіч: “Паўсюдна гаспадарыць расейская”

Цяжка сказаць. Ёсьць у нас і навукоўцы, і людзі, якія добра валодаюць беларускай мовай, якія ведаюць рэглямэнт. Ёсьць кандыдатуры, і не адна, але я не хацеў бы канкрэтызаваць. На вялікі жаль, беларускай мовы не чуваць ня толькі ў палаце прадстаўнікоў, але і ў ВНУ, грамадзкім транспарце. Паўсюдна гаспадарыць расейская мова. Я сам вучыўся ў вясковай школе на беларускай мове, а калі трапіў у войска і вышэйшую навучальную ўстанову, там ужо ўсё было па-расейску... Нямала часу яшчэ пройдзе, пакуль штосьці зьменіцца да лепшага. Пэўныя захады ўжо рабіліся, каб вывучаць і прапагандаваць беларускую мову ўжо зь дзіцячых садкоў і школ, але на сёньня не паўсюдна гэта робіцца.

Генадзь Дылеўскі: “Сваю кандыдатуру няёмка прапаноўваць”

Я сам заканчваў беларускую школу і ведаю беларускую мову. Але сёньня, калі першая асоба дзяржавы гаворыць па-расейску, то і мы прывыклі так гаварыць. Мэнталітэт такі ў нашага народу, што ў горадзе гавораць па-расейску, а ў вёсцы або па-беларуску, або на зьмяшанай мове. Гэта, вядома, няправільна. Я за тое, каб наш парлямэнт гаварыў на беларускай мове. Нацыянальны парлямэнт абавязаны гэта рабіць. Хоць у краіне цяпер дзьве дзяржаўныя мовы, я лічу, што перавагу трэба аддаваць беларускай. Многія дэпутаты, якія маглі б заняць месца згаданага вамі старшыні, не валодаюць нармальна беларускай мовай. Мне здаецца, акрамя дэпутаткі Натальлі Аўдзеевай, ніхто і не выступаў на роднай мове... Я добра гавару па-беларуску, але сваю кандыдатуру мне неяк няёмка прапаноўваць.

Натальля Аўдзеева:
“Не адна я люблю мову”

Мяне задавольвае той старшыня, які ёсьць. Вадзіму Папову беларуская мова даецца цяжэй, чым расейская. Але ён выдатна разумее па-беларуску і імкнецца авалодаць нашай мовай. Калі б у краіне была адна дзяржаўная мова, то ўсе, хто жыве ў рэспубліцы, маглі б гаварыць па-беларуску. І ў гэтым не павінна быць праблемы. Беларуская мова не цяжкая для вывучэньня, былі б толькі жаданьне й стымул. І цяпер, ва ўмовах дзьвюхмоўя, трэба імкнуцца да стварэньня нармальных умоваў для фармаваньня ў грамадзтве павагі і любові да роднай мовы. Беларуская мова нікуды з тэрыторыі Беларусі ня зьнікне! Мы гэтага не дазволім. Я люблю нашу беларускую мову, і я не адна такая, у тым ліку і ў нашым парлямэнце.

Іван Шамякін: “Цяпер іншыя штаты”

Я быў старшынём Вярхоўнага Савету БССР з 1971 да 1985 г., была такая пасада на грамадзкіх пачатках. Пасьля мяне старшынём быў Іван Навуменка. Цяпер жа іншая структура, штаты, ёсьць ужо дзьве палаты, і ў кожнай — свой старшыня, які працуе на пастаяннай аснове. І я думаю, што гэта больш правільна. Што датычыць ужываньня беларускай мовы, то ў Вярхоўным Савеце я вёў паседжаньні па-беларуску. І дэпутаты некаторыя таксама выступалі па-беларуску. Чаму цяпер дэпутаты не гавораць на роднай мове, я ня ведаю. Здаецца, ім ніхто не перашкаджае. Думаю, што гэта залежыць і ад усіх нас, ад нашага стаўленьня да беларускай мовы.

Запісаў Алег Тачоны

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0