Папулізм другога гатунку

Лукашэнка адрабляе правалы ў эканамічнай палітыцы рукапрыкладзтвам

У панядзелак на паседжаньні Рады Міністраў А.Лукашэнка правёў новы сэанс “народнага гневу”. Проста падчас нарады Лукашэнка звольніў міністра аховы здароўя Ўладзіслава Астапенку, кіраўнікоў канцэрнаў “Беллеспаперапрам” Мікалая Крутога, “Беллегпрам” — Уладзімера Дзямідава, “Белдзяржхарчпрам” — Віктара Казеку і “Белбіяпрам” — Міхаіла Шкутніка. Прэзыдэнт канцэрну “Белэнэрга” Яўген Мішук падаў у адстаўку па ўласным жаданьні (быццам у сувязі зь невыканальнай ідэяй закупкі Ігналінскай АЭС). Старшыня ўраду Генадзь Навіцкі атрымаў “строгую вымову з апошнім папярэджаньнем”. Прэзыдэнт канцэрну “Белнафтапрам” І.Бамбіза якраз перад нарадай падрыхтаваў канцэпцыю рэфармаваньня сваёй галіны, але, ня здолеўшы забясьпечыць “паказчыкі”, апынуўся перад пагрозай звальненьня.

Нагода для адставак — стагнацыя эканомікі. З 9,8 да мізэрных 5,9% зьнізілася рэнтабэльнасьць вытворчасьці (у прамысловасьці — 7,4%, у сельскай гаспадарцы — 2,1%), 47% прадпрыемстваў стратныя. Інфляцыя ўдвая перавысіла заплянаваную. Экспарт абваліўся на 6,2% з-за неадпаведнасьці 100-даляравых заробкаў прадукцыйнасьці працы. З-за затрымак з выплатамі заробкаў пачаліся нядоімкі ў пэнсійныя фонды. Яны вылічаюцца мільярдамі, затрымкі выплаты пэнсій дасягнулі 7—12 дзён. Трэці месяц запар працягваецца рост беспрацоўя. Зарэгістраваных беспрацоўных цяпер 112 тысяч супраць 103 у студзені. На кожнае працоўнае месца прэтэндуюць 4 чалавекі. Такой безнадзейнай эканамічная сытуацыя не выглядала з часу расейскага крызысу 1998 г. А прычынай чарговага папулісцкага дэмаршу — абвал папулярнасьці ўраду і самога Лукашэнкі. Паводле красавіцкага нацыянальнага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, рэйтынг Лукашэнкі з часу прэзыдэнцкіх выбараў зьнізіўся з 45 да 30,9%, а ўзровень даверу да яго — з 43,8 да 32,4%. Лукашэнку цяпер не давяраюць больш беларусаў, чым нават кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ. Галоўнай прычынай людзі называюць пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне і “адсутнасьць надзей”.

Такім нізкім рэйтынг Лукашэнкі ня быў з восені 1994 г. Ён апынуўся перад той самай дылемай, што і праз паўгоду пасьля першых выбараў: або праводзіць непапулярныя рэформы і згубіць частку электарату, або займацца папулізмам, выменьваючы па кавалку сувэрэнітэт на расейскія грошы. У 1994 г. ён, напалоханы абвалам у апытаньнях, кінуўся на другі варыянт. Далей былі разбуральныя рэфэрэндумы, культурная катастрофа, эўрапейская ізаляцыя і экстэнсіўны эканамічны ўздым, які скончыўся цяперашнім раздарожжам.

Сытуацыя паўтараецца. І Лукашэнка паўтарае свае трукі. Ізноў прылюдны мардабой, тыканьне пальцам і выганяньне за дзьверы. Некалі гэта быў міністар прамысловасьці Куранкоў, бо людзей найбольш хвалявалі “запушчаныя” заводы, пасьля — міністар гандлю Казлоў, калі не ставала “чалавечаскіх яек”. Цяпер, калі жыцьцё трохі наладзілася і галоўным клопатам сталася здароўе, на яго і скіраваліся крытычныя стрэлы.

Уладзіслаў Астапенка спрабаваў рэфармаваць сыстэму аховы здароўя. Рэформа прадугледжвала жорсткую эканомію бюджэтных сродкаў і паступовы пераход ад бясплатнай да платнай мэдыцыны. Афіцыйнай падставай для адстаўкі сталася невыкананьне загаду прыбраць з мэдычных установаў прыватныя структуры (стаматалягічныя кабінэты, аптэкі і г.д.). “Прыватнікі” плацяць вялікія падаткі і нялішнюю для дзяржаўных мэдустановаў арэндную плату. Іх сыход з памяшканьняў — калі ён у прынцыпе магчымы — выкліча павышэньне цэнаў на іх паслугі. У выніку гэтага кавалак пірага змогуць адхапіць дзяржаўныя ўстановы, што прапануюць тыя самыя паслугі.

На нарадзе Лукашэнка запытаўся: “Колькі прыватных структураў выселена з больніц і паліклінік?” Астапенка прамаўчаў, і ад яго перад тэлекамэрамі запатрабавалі “пакінуць залю паседжаньняў”. Найвышэйшая мера пакараньня — выгнаць перад усёй краінай. Наш дыктатар мякчэйшы за Сталіна, што й казаць.

Папулізм чыстай вады. Тым ня менш, папулізм дубль два — ня поўная копія ранейшай палітыкі. У адрозьненьне ад 1994—95 г., Лукашэнка адначасова рыхтуецца адваяваць у расейскіх СМІ наша інфармацыйнае поле. “Советская Белоруссия” зьбіраецца перайсьці на 16-старонкавы фармат і нават зьменіць назву на “Беларусь сегодня”. Да канца траўня на частотах ОРТ пачне вяшчаньне АНТ. СТВ плянуецца пашырыць на ўсю Менскую вобласьць, а з часам зрабіць Трэцім нацыянальным каналам. “Звязда” рыхтуецца да пераводу ўсяго свайго тыражу на каляровы друк (цяпер у колеры друкуецца толькі частка для продажу ў Менску).

А гэтыя наганяі… На пачатку 90-х сярод дэпутатаў ад БНФ быў модны выраз “уводзіць у зман”. Лукашэнка, памятаецца, і сам ужываў яго пару разоў у зьневажальным, як ён гэта заўжды робіць з роднай мовай, сэнсе. Шоў раззлаванага бацькі “ўводзіць у зман” наіўных выбарцаў. Толькі адваротны бок кожнага такога шоў — чыйсьці зламаны лёс. А калі ўлічыць, што лукашэнкі рангамі ніжэй пераймаюць галоўнага па вэртыкалі, — ламаюцца лёсы тысяч людзей.

Мікола Бугай


 

Зелянкевіч унікнуў арышту

У пачатку году Камітэт дзяржкантролю распачаў маштабныя праверкі сыстэмы аховы здароўя і выявіў “шматлікія выпадкі злоўжываньняў”. Аднак чуткі пра арышт былога міністра Ігара Зелянкевіча (зьлева) ня спраўдзіліся. Нядаўна ён узначаліў беларускую філію Міжнароднага фонду здароўя.

Астапенку заменяць на маці Пастаялку?

Сярод супрацоўнікаў Міністэрства аховы здароўя пашырана думка, што адстаўка Астапенкі — звычайная гульня Лукашэнкі на публіку. Значна павялічыўся аб’ём платных мэдычных паслугаў, што выклікала незадавальненьне выбарцаў Лукашэнкі — людзей старэйшага веку. А Лукашэнка хоча быць ні пры чым. Даўно ішлі размовы, што міністар будзе зьняты. Астапенка так і не пасьпеў стаць у міністэрстве галоўным. І да ягонай адстаўкі многія пытаньні ў канчатковай інстанцыі вырашала ягоная першая намесьніца, маці асабістае доктаркі Лукашэнкі Ірыны Абельскай Людміла Пастаялка. Гэтая кандыдатка на пасаду міністра прыбыла на працу ў Менск зь Берасьця, дзе ўзначальвала дзіцячую паліклініку.

 

Міністры аховы здароўя Беларусі:

Васіль Казакоў

1990 — 1994

Інэса Драбышэўская

1994 — 1997

Ігар Зелянкевіч

1997 — 2001

Уладзіслаў Астапенка

2001 — 2002


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0