новы альбом Вольскага

Крамбамбуля

 

“Крамбамбуля” найбольш нагадвае “Народны альбом”. Новы праект Вольскага не такі патасны, як “Я нарадзіўся тут”, і не такі бясьцелы, як “Калядны альбом”. Проці “Народнага альбому” сыграная “Крамбамбуля” лепей, а запісаная — папросту бездакорна. Нават звыклы для спажыўца айчыннае музычнае прадукцыі лёгкі шоргат між песьнямі выяўляецца стылізаваным парыпваньнем грамафоннае іголкі аб старую кружэлку. “Крамбамбуля” арыентаваная на шырэйшае кола слухачоў, чым “Народны альбом”. Яна ня ўціснутая ў “мястэчка Ракаў пры панскай Польшчы”, пекнату якога так цяжка зразумець людзям на ўсход ад Радашкавіч. Праўда, песьні ў “Крамбамбулі” зьнітаваныя ня так шчыльна, як у “Народным альбоме” — зь іх п’есы не складзеш. Але навошта? Альбом застольны, для сьпеву на бяседзе. Кожная песьня ў ім створаная ў нейкай адметнай музычнай традыцыі, абавязкова пазнавальнай і запамінальнай. Ёсьць танга, як у “Народным альбоме”, ёсьць грузінская песьня, ёсьць нават опэрная арыя. Асобныя творы пасуюць ня толькі да розных музычных густаў, але й да розных стадыяў ап’яненьня. Самай лёгкай адпавядае, як ні дзіўна, песьня “Абсэнт” — Джо Дасэн, Шарль Азнавур і Лявон Вольскі ў адным фляконе. Прыгожая музыка нібы спэцыяльна прызначаная для “танцавальнага перапынку” ў часе вечарыны. Ёсьць песьня і для дарэшты накрамбамбуленых — людаедзкая “Кутата-мутата”, якая пераносіць нас у атмасфэру народнага сьвята на выспах Акіяніі. Тэксту — мінімум, але ўсё, што трэба, сказана.

Музычныя традыцыі розных народаў, часоў і культураў, сабраныя ў альбоме, працэджаныя празь беларускі сьветагляд, як тая крамбамбуля праз чатыры столкі марлі. Песьні не капіююць на 100% кантры, баляды, цыганскага рамансу і г.д. — яны створаныя ў адпаведнасьці з нашымі ўяўленьнямі пра гэтыя жанры, а таксама пра народы, якія іх стваралі.

Пачынаецца альбом з сыртакі (“Прадай каня, купі віна”). Чаму нашыя веды пра Грэцыю зазвычай абмяжоўваюцца антычнасьцю? “Багі сьмяюцца, і ты ня плач” — радок, які задае тон усяму праекту. Або вось “Куфаль піва, келіх віскі” — кантры з усімі атрыбутамі Дзікага Захаду, як мы яго сабе ўяўляем: каўбоі, салун, стрэлы, шэрыф і г.д. Песьню пісаў наш чалавек і для нас. Ёсьць цыганскі раманс “Нам гарэлкі будзе мала” — такога надрыўна-трагічнага Вольскага вы яшчэ ня чулі. Манерай выкананьня ён крыху нагадвае правадырку бандытаў з гіповага мультфільму “Брэмэнскія музыкі”. Або “Кумыс” — даўжэзная (за 5 хвілінаў) песьня акына з уласьцівым яму “што бачу, тое пяю”. Рытм-сэкцыя тым часам аддае належнае Бобу Марлі, хоць ён крамбамбулі ня піў. А верх сьцёбу — “Савецкае шампанскае”. Такая сабе антынастальгічная песьня па машэраўска-брэжнеўскіх 70-х: “Скажы, караваншчык, калі рэстаран”. Песьня адмыслова для нашаніўскага Граждана. Астатнія — слухайце самі.

Адзінае “але”: песьні ў альбоме даўгаватыя (агульная працягласьць 57 хвілінаў). Як для сяброўскае бяседы — нармальна, але на радыё, дзе карацейшыя песьні ставяць з большай ахвотай, могуць узьнікнуць праблемы.

Ігар Няхведараў


 

Гадзіна добрага настрою

Крамбамбуляй зваўся слабаалькагольны напой, які нашыя шчасьлівыя продкі, што ня ведалі яшчэ джын-тоніку ды кока-колы, ужывалі ў неабмежаваных колькасьцях за часамі Рэчы Паспалітай.

200 апошніх гадоў ягоны рэцэпт пыліўся ў рарытэтных кулінарных кнігах, а сама крамбамбуля ціха плёскалася ў страўніках нешматлікіх аматараў. І вось сёлета набыла новае жыцьцё, значна пашырыўшы абсяг узьдзеяньня на беларускі арганізм. Цяпер яна можа дабратворна ўплываць ня толькі на печані, але й на вушы.

“Крамбамбуляй” завецца новы праект Лявона Вольскага — 14 бяседных песень, што склалі новы альбом. Кожная песьня прысьвячаецца якому-небудзь алькагольнаму напою: “Пане Каханку” — крамбамбулі, “Нам гарэлкі будзе мала” — ясна чаму, “Маленькі жаўнерык” — піву і г.д. На першай прэзэнтацыі, што адбылася 25 красавіка ў менскім грыль-бары “Печкі-лавачкі”, Вольскі ня раіў слухаць “Крамбамбулю” асобам, маладзейшым за 18 гадоў, а ўсім старэйшым, наадварот, рэкамэндаваў. Журналісты, якія сабраліся ў “Печкі-лавачкі”, так шчыравалі, што цяпер гэты напой увойдзе, відаць, у пастаяннае мэню грыль-бару.

У альбоме гучаць кантры, вальс, танга... Вокладка кампакт-дыску таксама сьведчыць пра ягоны застольны характар — “рэмбрантаўскія” цёпла-карычневыя тоны, што выклікаюць асацыяцыі зь цёмным півам. Зь пяці варыянтаў вокладкі, зробленых Аленай Дашкевіч, Вольскі выбраў менавіта гэты, з прымітыўна-стылізаванымі выявамі “бяседнікаў”.

З восені “крамбамбульшчыкі” пачнуць канцэртаваць. Пакуль набыць альбом можна ў краме “Містэрыя гуку”, што на Нямізе, а таксама ў інтэрнэт-краме bmk.by.ru.

Адмыслова для “НН” Лявон паведаміў, што сам ён у кампаніі зь сябрамі любіць выпіць крамбамбулі нават больш, чым тэкілы. Праўда, у меру, з галавой.

Адам Воршыч

 

Рэцэпт крамбамбулі алькагольнае:

з паўлітра гарэлкі альбо сьпірту адліць паўшклянкі. Тое, што засталося — разьвесьці напалову з вадой. Сьцерці туды чвэрць мускатнага арэху, дадаць адну-дзьве сталовыя лыжкі мёду, чайную лыжку карыцы, чатыры лыжкі тоўчанага гвазьдзіку, чатыры-пяць лыжак чырвонага перцу. Усё гэта кіпяціць дзесяць хвілінаў, асьцярожна даліць астатнюю гарэлку і даць пастаяць у накрытай каструлі хвілінаў пяць, потым працадзіць праз чатыры столкі марлі ў пляшку, загадзя кінуўшы туды дзьве-тры гарошыны чорнага перцу. Даць настояцца. Піць халодным.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0