Калёнка Алеся Бяляцкага

Камунізацыя

 

Усё нашае жыцьцё засьмечанае савецкімі штампамі. Назвы вуліцаў, калгасаў, газэтаў — усё гэта адтуль. Пасьля ўнівэрсытэту настаўнічаў я ў Лельчыцкім раёне, дзе быў калгас зь дзіўнаю назваю “Чырвоны памежнік”. Чаму не “пагранічнік”? Падумаўшы, я зразумеў, што быў ён утвораны каля мяжы з Заходняй Беларусяй яшчэ за часам беларусізацыі. Ужо 63 гады, як мяжа адышла далёка на захад, і слова “памежнік” ажывіла новае пакаленьне нацдэмаў, а той “Чырвоны памежнік”, мабыць, яшчэ паціху канае.

Камунізацыя ў нас заўсёды была зьвязаная з русіфікацыяй. Мала ў Беларусі было сваіх камуністычных памятак, таму шмат якія вобразы цягнулі з усходу. Сядзіць на лавачцы каля Сьвіслачы заснавальнік сацрэалізму Максім Горкі, глядзіць, як з раніцы народ бегае крос, а ўдзень п’е піва. І што з тым помнікам рабіць? Як жартаваў мой сябра, найтаньней было б памяняць яму галаву на галаву Максіма Гарэцкага. Вопратка па часе падыходзіць, адно што трэба было б у прозьвішчы адну літару зьмяніць ды дзьве дадаць.

Ва Ўкраіне, у Львове, паставілі новы конны помнік Уладзімеру Сьвятому. Яшчэ медзь на ім не набрала высакароднай патыны, і князь Уладзімер блішчыць як навюткі талер. Мне распавялі, што раней на медным кані сядзеў савецкі палкаводзец Шчорс, але яго зьнялі, паставілі раскірэкам у закінутым двары, а на каня пасадзілі Уладзімера… У Львове да савецкіх сьвятыняў ставяцца з гумарам. Так, на старой аптэцы, якую колісь наведваў Ленін, савецкую шыльду замянілі на новую, навукова ўдакладніўшы, што правадыр сусьветнага пралетарыяту лячыўся тут ад пранцаў.

Сьветлагорск — горад майго юнацтва. Як тлумачыць Жучкевіч у “Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі”, гэтая “назва сымбалізуе сьветлае жыцьцё новага Палесься”. Пры ўезьдзе ў горад раней вас сустракаў лёзунг “Сьветлагорск — горад сьветлай камуністычнай будучыні”. У Савецкім Саюзе было аж тры Сьветлагорскі: на матэрыковай Расеі, у Калінінградзкім анкляве і ў нас. Беларускі Сьветлагорск зваўся раней Шацілкамі, але гэтая назва здалася нашым “панямонскім” камуністам немілагучнай. Пабудаваць камунізм у асобным горадзе не ўдалося, і цяпер гэты горад — беларуская сталіца наркаманіі і СНІДу, своеасаблівы “помнік” камуністычных дасягненьняў. А чыгуначную станцыю яшчэ гадоў зь дзесяць не пераназывалі. І толькі потым яна стала звацца “Сьветлагорск-на-Бярэзіне”, мабыць, каб можна было адрозьніць ад іншых савецкіх Сьветлагорскаў, а пасьля развалу СССР — проста “Сьветлагорск”.

Чыгуначныя станцыі адчайна бараніліся ад саветызацыі. Таму да нашага часу дайшлі такія назвы, як станцыя “Янаў-Палескі” ў горадзе Іванава на Берасьцейшчыне і знакамітая дзякуючы Адаму Глёбусу і гурту “Бонда” станцыя “Койданава” ў Дзяржынску.

Дзяржынскі, дарэчы, — адзін зь нямногіх камуністаў, які меў дачыненьне да Беларусі. Адзін мой знаёмы нядаўна даводзіў палякам на сэмінары: “І зь Міцкевічам мы яшчэ можам пагадзіцца, што ён — супольны, і з Касьцюшкам, Манюшкам. А вось Дзяржынскага мы вам не аддамо. Гэта наш беларускі Дракула. Прыйдзе час — зробім у Івянецкім музэі экспазыцыю: камэра з цэмэнтавай падлогай, залітая крывёю, і Фэлікс, які з асалодаю страляе сваіх ахвяраў. А яшчэ — кампазыцыю з васковых фігураў пад назваю “Малады Фэлікс забівае са стрэльбы сваю сястру”, і будзем туды замежных турыстаў вазіць, паказваць”…

Алесь Бяляцкі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0