скандалы ў каталіцкім касьцёле

Распуста штурхае да новай рэформы

 

Увесь каталіцкі сьвет узрушаны скандалам, зьвязаным з амэрыканскімі біскупамі. Як высьветлілася, тыя доўгі час пакрывалі ксяндзоў-пэдафілаў. Хваля выкрыцьцяў пракацілася па ўсіх Злучаных Штатах. Газэты запоўніліся расповедамі пра ксяндзоў, якія схілялі да сэксуальнага жыцьця непаўналетніх хлапцоў і дзяўчатак. У Лос-Анджэлесе, Маямі, Бостане, Х’юстане, Нью-Ёрку і іншых гарадох Амэрыкі пракуратура расьсьледуе такія выпадкі.

 

У скандале аказаўся замяшаны нават кардынал Бэрнард Лоў, адзін зь верагодных кандыдатаў на папскую тыяру. Як высьветлілася, ён шмат гадоў трымаў у сваёй парафіі ксяндза-пэдафіла.

Падобны скандал узьнікае не ўпершыню. Паводле неправераных зьвестак, за апошнія 20 гадоў каталіцкі касьцёл у ЗША цішком заплаціў ахвярам гвалту і перасьледу з боку ксяндзоў больш за 400 млн. даляраў “кампэнсацыі” — каб маўчалі. У 1990-х царква ў Атлянце заплаціла 500 тыс. даляраў васьмі асобам, каб пазьбегнуць судовых працэсаў па выпадках пэдафіліі.

Таму ў сёньняшніх скандалах вінаватыя толькі касьцельныя ўлады, якія гэтулькі гадоў хавалі грэшных ксяндзоў ад пракуратуры й вернікаў. Замоўчваньне й беспакаранасьць множылі ганебныя учынкі. Так, у Брыджпорце (штат Канэктыкут) біскуп Эдвард Іган (цяпер — кардынал і кіраўнік касьцёлу ў Нью-Ёрку), пераводзіў ксяндза-пэдафіла з парафіі ў парафію цягам 20 гадоў. Вернікам не паведамлялі пра мінулае сьвятара, а той на кожным новым месцы ствараў “клюбы” для падлеткаў…

Якое ж выйсьце з гэтай сытуацыі бачыць каталіцкая царква? Экспэрт кананічнага права пры нунцыятуры Ватыкану ў ЗША Томас Дойль лічыць, што ксяндзоў, якія падазраюцца ў пэдафіліі, трэба адлучаць ад сьвятарскае працы, а засьпетых на гэтым злачынстве — выдаваць сьвецкім уладам. Але амэрыканскія біскупы й кардыналы з апошнім не пагадзіліся: маўляў, выпадкі пэдафіліі — гэта выняткі й увогуле ўнутрырэлігійная справа, і паведамляць пра іх пракуратуры ня варта. “Каталіцкі касьцёл заўсёды быў закрытай інстытуцыяй, дзе рашэньні прымаліся патаемна і без тлумачэньня, — зазначае часопіс “Time”. — Нездарма кардыналы падчас цырымоніі атрыманьня тытулу прысягаюць папу, што ніколі ня зробяць вядомым анічога, што магло б зашкодзіць Касьцёлу”.

А палепшыць папсаваную рэпутацыю каталікам будзе цяжка. Паводле вынікаў апытаньняў, 60% з 63 млн. амэрыканскіх вернікаў лічаць, што касьцельныя ўлады ўвогуле ня здолеюць даць гэтаму рады. Спадзяваньні ўскладаліся хіба на папу, які тыдзень таму сустракаўся з амэрыканскімі кардыналамі. Разам яны мусілі знайсьці выйсьце з скандальнай сытуацыі.

Пра ксяндзоў-пэдафілаў Ян Павал ІІ выказаўся катэгарычна: “Гэтым людзям ня месца ў Касьцёле”. Аднак рашэньне пасьля нарады з кардыналамі ён прыняў палавіністае: пазбаўляць сану будуць толькі неаднаразова злоўленых на пэдафіліі айцоў. Бо іначай біскупы могуць скарыстоўваць гэтае абвінавачаньне, каб пазбаўляцца ад “нязручных” сьвятароў. Засьпетых на сэксуальных дамаганьнях упершыню будуць накіроўваць у касьцельную псыхіятрычную лякарню на абсьледаваньне і лекаваньне. Хоць некаторыя кардыналы настойваюць на больш жорсткіх мерах, ня бачачы розьніцы паміж “сэрыйнымі” й “несэрыйнымі” пэдафіламі.

Тыя, хто іх хаваў, таксама мусяць атрымаць сваё, лічаць каталіцкія сьвятары. Таму частка кардыналаў будзе вымушаная, відаць, падаць у адстаўку. Канчатковае рашэньне па ўсіх гэтых пытаньнях будзе прынятае на сустрэчы біскупаў сёлета ў чэрвені ў ЗША.

Прывід расколу

Скандалы падмылі аўтарытэт амэрыканскага Касьцёлу настолькі, што перад ім паўстала рэальная пагроза расколу. Біскупы лічаць, што ў найбліжэйшы час ад яго могуць аддзяліцца некалькі сотняў парафіяў. Расколы здараліся й раней. Асобныя парафіі адлучаліся ад Касьцёлу, не пагаджаючыся з дактрынамі Ватыкану — у прыватнасьці, зь ягоным непрыманьнем гомасэксуалізму. Так, арцыбіскуп Джордж Столінгз, які доўгі час змагаўся за тое, каб гомасэксуалісты былі прызнаныя паўнавартаснымі прыхаджанамі ягонай парафіі, зразумеў марнасьць сваіх намаганьняў і 13 гадоў таму, адышоўшы ад Рымскага касьцёлу, заснаваў уласны. Іншыя біскупы патрабуюць яшчэ больш радыкальных зьменаў — аж да адмены цэлібату і забароны жанчынам быць сьвятарамі. На думку “радыкалаў”, касьцельная ўлада абавязаная ня толькі дазваляць, але і заахвочваць дэбаты на гэтыя тэмы паміж вернікамі.

Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў багата ксяндзоў былі пазбаўленыя сану за шлюбаваньне гомасэксуалістаў, уласнае жанімства альбо за тое, што дазвалялі жанчынам служыць імшу. А ў штаце Канэктыкут у знак салідарнасьці з ксяндзом ад Касьцёлу самахоць адышлі й вернікі. Некалькі тыдняў таму выданьне бостанскай арцыдыяцэзіі, найстарэйшае ў ЗША, заклікала вернікаў узяць удзел у дэбатах пра цэлібат. Рэдактары (пераважна манахі й ксяндзы) тлумачылі, што скасаваньне цэлібату — адзіны спосаб пазьбегнуць расколу ў каталіцтве.

Сьвятаркі

Важным для многіх амэрыканскіх каталікоў падаецца і пытаньне раўнапраўя жанчынаў з мужчынамі ў Касьцёле. Вернік з Х’юстану напісаў у мясцовую газэту: “Я амэрыканец і трымаюся прынцыпу раўнапраўя жанчынаў і мужчынаў, а таксама роўнасьці ўсіх перад законам. Чаму каталіцкі Касьцёл мусіць быць выняткам з правілаў?”

Існуе й супрацьлеглая думка. Алан Кеес, былы ультракансэрватыўны кандыдат у прэзыдэнты, лічыць, што “шлюб ксяндза і наяўнасьць жанчыны-сьвятара супярэчаць касьцельным догматам”. А жанчыне, якая была лесьбіянкай і глыбока перакананай каталічкай, Кеес параіў пашукаць якую іншую веру, сказаўшы, што “ня ўсе мусяць быць каталікамі”.

Шмат якія амэрыканскія біскупы не падтрымліваюць ідэі наданьня жанчынам сьвятарскага стану, але лічаць такі крок непазьбежным, бо вернікаў штогод прыбывае на некалькі працэнтаў, а сьвятароў з той самай хуткасьцю меншае. Пяць тысячаў касьцёлаў у ЗША цяпер ня маюць пробашчаў. Дыяцэзіі пагаджаюцца, каб будынкамі апекаваліся кабеты, не дазваляючы ім, аднак, служыць імшу ці спавядаць. У такія касьцёлы раз на месяц прыяжджае пробашч зь іншай парафіі.

Неабходнасьць рэформаў насьпела. Наўрад ці папа і біскупы захочуць зьмяняць штосьці радыкальна. Зрэшты, нават мінімальныя зьмены ў любым з закранутых пытаньняў стануцца рэвалюцыйнымі для Касьцёлу.

Аркадзь Шанскі


апытаньне “НН”

Новая Рэфармацыя пачнецца не зь Беларусі

Як ставяцца беларускія сьвятары да скандалаў ва ўлоньні Касьцёлу? Ці ня думаюць яны, што найбуйнейшыя хрысьціянскія канфэсіі патрабуюць новай Рэфармацыі?

Айцец Уладзіслаў Завальнюк (Чырвоны касьцёл, Менск): Тое, што прывяло да скандалаў, — гэта ўсё ад слабасьці чалавечае. А на касьцельны парадак гэты скандал аніяк не паўплывае: падобныя выпадкі былі ўжо, напрыклад, у Галяндыі. Я ня маю паўнамоцтваў казаць пра патрэбнасьць ці непатрэбнасьць нейкіх зьменаў у Касьцёле, але ня думаю, што яны патрэбныя.

А.Яраслаў Хыбза (касьцёл Сьвятога Язэпа, Ворша): Прычыны такіх паводзінаў у тым, што за гэтымі людзьмі не дагледзелі яшчэ ў сэмінарыі. Гэта ж не ў сьвятарскім стане зьявілася, такія схільнасьці былі ў іх і раней, пэўна ж. А ў сэмінарыі не дагледзелі! А можа, і за грошы нехта вучыўся. Амэрыка — там жа бізнэс, грошы шмат значаць. Ведаеце, сам Касьцёл, вядома, сьвяты, але людзі грэшныя... Галоўнае, што папа асудзіў такіх людзей і заклікаў адлучыць іх ад Касьцёлу.

Магчыма, некаторыя зьмены ў Касьцёле і патрэбныя — у тым, што тычыцца цэлібату. Але гэта павінна закранаць толькі сьвятароў-неманахаў.

А.Міхал Гермашкевіч (катэдральны сабор, Віцебск): Прычыны скандалу ў тым, што людзі маюць няправільнае ўяўленьне пра сьвятарства: мяркуюць пра яго па-зямному, у меру сваёй сапсаванасьці. Сьвятары — гэта людзі бачныя, як зоркі эстрады. Таму на іхныя ўчынкі зьвяртаюць увагу болей, чым на ўчынкі звычайных людзей. А сьвятары ж таксама людзі з слабасьцямі...

Ня думаю, што ў касьцельным парадку трэба ўводзіць нейкія зьмены. Прычыны трэба шукаць не ў касьцельным парадку, а ў грэшнасьці чалавека. Чалавек, як вядома, можа загубіць сваё пакліканьне. Кожны выпадак трэба разглядаць асобна.

А.Аляксандар Шымбалёў (Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату): Прычына скандалу ў тым, што каталіцкае сьвятарства ня можа жаніцца. У нашай царкве сьвятары жанатыя, таму няма такіх выпадкаў, каб чапіліся да дзяцей.

Ня думаю, што гэта прывядзе да нейкай рэфармацыі ці расколу ў Касьцёле. Касьцёл — строга арганізаваная структура, таму, хутчэй за ўсё, абмяжуюцца дысцыплінарнымі мерамі.

А.Леанід Акаловіч (незарэгістраваная Беларуская народная аўтакефальная праваслаўная царква): Нас гэта мала хвалюе. Гэта ня нашая праблема. Для нас больш важна, што нам не даюць служыць па-беларуску.

А.Ш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0