IN MEMORIAM

 

Першы, каго перажылі мы ўсе

Давялося пахаваць старога-старога сябра, Ігара Герменчука. Некалі мы разам паступілі ва ўнівэрсытэт, разам даходзілі да сьвядомага жыцьця і ўсё, што ні рабілі, выглядала, робім разам. Сварыліся шмат менавіта таму, што кожны адчуваў адказнасьць за працу кожнага. У кожнага была свая газэта, але я заўсёды пачуваўся рэдактарам ягонай, а ён — маёй. Гэта натуральна, бо ўсьведамленьне і прафэсійны кшталт абодвух былі нібы з аднаго яйка.

Газэта “Свабода” задумлялася як пілёт надзвычай адказнага ў маім разуменьні праекту — адроджанае “Нашай Нівы”. Калі ўсё было падрыхтавана для “НН” — на базе “Свабоды” — аказалася, што і “Свабода” ўжо знайшла сваё месца ў беларускай мэдыйнай панараме. Гермянчук узяў гэтую абалонку і ператварыў яе ў найбуйнейшую і самую папулярную беларускую газэту ўсіх часоў.

Стоячы над труной сябра, я думаў пра тое, што ён пакінуў нас дачасна, але зьдзейсьніўся. А многім з нас, прысутных, такога ня дадзена, і справа тут зусім не ў гадах.

Няшмат хто ведае, што пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў Ігар сур’ёзна разважаў пра ўласныя прэзыдэнцкія амбіцыі. Ён ужо меў досьвед палітыка, быў вядомы на ўсю краіну рэдактар.

А яшчэ ён не цярпеў паразаў і пакладаўся заўсёды толькі на свае ўласныя сілы. У мяне няма сумневу, што ён годна змагаўся б за прэзыдэнцтва і ў нармальных умовах таго заканадаўства меў сур’ёзныя шанцы. Але Лукашэнка паламаў усё. Паламаў заканадаўства і правілы сумленнай барацьбы, самым брутальным чынам “накінуў” сабе два гады, увёў паліцэйшчыну... Словам, для Герменчука, які рыхтаваўся да сумленнай барацьбы, гэта быў удар абухом. І гэта першае, што яго падкасіла.

Другое — закрыцьцё ўладамі “Свабоды” і разборкі вакол газэт-наступніц — “Навінаў” і “Нашай Свабоды”. У сваіх інтэрвію ён ніколі не сказаў пра тое, які гэта быў удар. Ён проста ня мог цярпець паразу, а тым больш — абразу свайго прафэсійнага кшталту. Ён сышоў. “Пераможцы” засталіся з тым, з чым засталіся. Дастаткова сказаць, што на сайце “Нашай Свабоды”, якая не выходзіць да 17 траўня, не зьявілася ані радка памяці пра чалавека, які стварыў гэтаму выданьню Імя. Нават пра сьмерць ягоную не паведамілі.

Але цяпер Бог ім судзьдзя. Няўрымсьлівы, завадны і заўсёды адкрыты да іншых, Ігар жыў апошнім часам сваім новым, камэрным праектам — часопісам “Кур’ер”. Можна сабе толькі ўявіць, якое полымя жарсьці і нязьдзейсьненых плянаў выпальвала яго знутры. І выпаліла.

Можа быць, для таго, каб усе мы — сябры, калегі, зайздросьнікі і непрыяцелі — адчулі раптам маштаб гэтага мёртвага чалавека побач з маштабікамі нас жывых — бясконца здрабнелых за гэтыя гады дзеячоў маргінальных тусовак.

На пахаваньне Ігара прыйшлі бадай што ўсе чальцы той кагорты, зь якой і пачыналася цяперашняя гісторыя Беларусі — яшчэ задоўга да незалежнасьці, да нашых газэт і партыяў, яшчэ да “Талакі” і да “Майстроўні”. Прыйшлі, каб пераканацца, што ня стала першага зь іх, якога перажылі яны ўсе.

Сяргей Дубавец

Пахаваньне Герменчука

Разьвіталіся з Герменчуком у сераду на Ўсходніх могілках. Труна была ўкрытая бел-чырвона-белым сьцягам, а кветак на магілу леглі сотні.Апошняй прыкрасьцю яму было, што ў пахавальных абвестках была пазначана каляніяльная назва могілак – “Маскоўскія”.

 

Міхаіл Пташук

26 красавіка загінуў у аўтакатастрофе рэжысэр Міхаіл Пташук. Ён экранізаваў “Знак бяды”, “Чорны замак Альшанскі”, “Вазьму твой боль”. Ён адчуваў актора й аўдыторыю і рабіў “высокае сярэдняе кіно”. Ён стаў першым беларускім рэжысэрам, якога запрасілі ў Галівуд. “Памяць Ружы”ы ніколі ня будзе зьнятая. Сьмерць спыніла яго на ўзьлёце; імя застанецца ў гісторыі.

Андрэй Расінскі

 

Памерла Бона

25 красавіка памерла акторка Купалаўскага тэатру Лілія Давыдовіч. Апошнім часам яе ня дужа займалі ў бягучым рэпэртуары. Роля каралевы Боны ў “Чорнай паньне Нясьвіжу” ды пані Банавэнтуры ў “Сялянцы” — вось ейныя здабыткі за апошнія дзесяць гадоў. Аднак кожнае ейнае зьяўленьне на сцэне па-ранейшаму было сьвятам для публікі. Багата каму запомнілася ейная Ганна Чарнушка ў тэлеспэктаклі “Людзі на балоце”, за які яна ў 1966 г. атрымала дзяржаўную прэмію, а ў 1975-м — званьне народнай артысткі БССР.

Здымалася Лілія Давідовіч і ў кіно. Яны сыграла адну з галоўных роляў у фільме Сяргея Коласава “Памятай імя сваё”. Аднак большасьць памятае яе па фільмах Віктара Турава “Людзі на балоце” (1981) і “Подых навальніцы” (1983), дзе яна грала Глушачыху. А таксама як Фэдру ў аднайменным тэлеспэктаклі Віктара Гутковіча, зьнятым у пачатку 80-х. Давідовіч была выдатнай трагічнай актрысай, нашыя рэжысэры не заўважалі гэтага... Яшчэ 9 лютага яна сьпявала і танчыла ў юбілейнай “Сялянцы”. Публіка шалела з захапленьня! А як яна чытала беларускія казкі! Ейны талент напраўдзе ня меў межаў.

Юлія Андрэева

 

Хатаба атруцілі поштай

На мінулым тыдні расейская ФСБ абвясьціла, што “ў выніку спэцапэрацыі” быў ліквідаваны адзін зь лідэраў узброенага супраціву ў Чачэніі эмір Хатаб. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў галоўны штаб чачэнскіх маджахедаў, а таксама сям’я Хатаба, якая знаходзіцца ў Саудаўскай Арабіі. 19 сакавіка Хатаб атрымаў праз пасыльнага ліст ад нейкага палявога камандзіра, прапітаны атрутаю. Сьмерць надышла імгненна, як толькі ён ускрыў канвэрт. Відэакасэта са здымкамі мёртвага Хатаба трапіла ў ФСБ 23 красавіка падчас “зачысткі” вёскі Гехі, калі быў забіты найбліжэйшы памочнік і целаахоўнік Хатаба амір Элсі.

Амір Хатаб (поўнае імя — Самер Бін Салех ас-Сувейлем) — ураджэнец Саудаўскай Арабіі. Ён паходзіў са старажытнага арабскага роду. У 1980-я Хатаб добраахвотнікам ваяваў супраць савецкіх войскаў у Аўганістане, быў паранены. У пачатку 90-х ён дапамагаў таджыцкім і ўзбэцкім ісламістам. Вясной 1995 г. Хатаб і тры яго памочнікі прыбылі ў Чачэнію і далучыліся да чачэнскае партызанкі. З таго часу ён ужо не пакідаў Чачэніі, ладзіў засады, дывэрсіі, якія наносілі істотныя страты расейскім войскам. ФСБ сьцьвярджала, што ён датычны да выбухаў дамоў у расейскіх гарадах. Пасьля яго засталася жонка-даргінка, ураджэнка дагэстанскай вёскі Карамахі, і два сыны.

Алег Тачоны

 

Апошні палёт Лебедзя

19 кастрычніка 1996 г. на мітынгу беларускай апазыцыі каля Опэрнага тэатру ў Менску публіцыст Анатоль Майсеня сказаў: “Cкінулі Лебедзя, скінем і Луку!” Беларускія апазыцыянэры тады радаваліся адстаўцы Лебедзя з пасады сакратара Рады бясьпекі Расеі, бо лічылі яго ворагам нашае незалежнасьці. Так сталася, што Лукашэнка па-ранейшаму кіруе Беларусяй, а Майсені ўжо няма — загінуў у аўтамабільнай катастрофе неўзабаве пасьля таго выступу.

На расейскіх прэзыдэнцкіх выбарах 1996 г. Лебедзь быў трэцім, пасьля Ельцына і Зюганава. Ён самаўпэўнена палічыў, што здолее зрабіцца прэзыдэнтам, але насамрэч быў скарыстаны расейскімі алігархамі дзеля барацьбы з камуністычным кандыдатам. За адкрытую падтрымку Ельцына Лебедзь атрымаў пасаду сакратара Рады бясьпекі. Тады ён пабываў і ў Беларусі, ладзіў з Лукашэнкам перамовы. Пра што гаварылі — бог іх ведае. У той час журналісты і аналітыкі бачылі ў Лебедзю, як і ў Лукашэнку, верагоднага пераемніка нямоглага Барыса Ельцына. У Лебедзя і Лукашэнкі было шмат супольнага: абодва — папулісты, здольныя гаварыць з народам на ягонай мове, трымаліся асобна і ад левых, і ад правых, абяцалі выкрываць карупцыю, імкнуліся да ўлады ў Крамлі. Дзеля апошняга яны нават гатовыя былі калісьці аб’яднаць свае высілкі. Але ў сёньняшняй Расеі спаборнічаць з Пуціным небясьпечна. Згасла яшчэ адна зорка ельцынскай эпохі. А Лукашэнкава яшчэ гарыць.

А.Т.

 

Памерла Лінда Лавэлас

53-гадовая Лінда Лавэлас, былая зорка порна, якая зьнялася ў пераломным для гэтага жанру фільме “Глыбокая глотка”, у мінулы панядзелак памерла ад ран, атрыманых у аўтакатастрофе 3 красавіка. Лінду Барэман (такое яе сапраўднае імя), ураджэнку Нью-Ёрку, змусіў да здымкаў у парнафільме яе муж-рэжысэр, зь якім яна разьвялася ў 1973-м. За “Глыбокую глотку” яна не атрымала ні цэнту, хоць фільм сабраў больш за 600 млн. даляраў. Парваўшы з парнаграфіяй, яна пачала актыўна змагацца зь ёй. “Я не саромлюся мінулага і не шкадую, што яно было такім, — сказала Лінда ў 1997 г. — Тое, што людзі могуць падумаць пра мяне, ня мае нічога супольнага з рэальнасьцю. Калі я гляджуся ў люстэрка, я ведаю, праз што прайшла”.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0