Водгукі

 

лісты да Севярынца

Грахамер

Паважаны Павал!

Я назіраю, як ад палітычнай дзейнасьці Вы ўсё больш і больш пераходзіце да дзейнасьці пастырскай. У апошніх выступах Вы фактычна падзялілі людзей на чыстых і нячыстых — Вы вырашылі пазначыць грэшнікаў, што зьяўляецца прэрагатывай Царквы, а дакладней — Бога. Я лічу такое прысабечаньне функцый небясьпечным.

Пазначаюцца і першыя грэшнікі – геі. Але ў Сьвятым Пісьме гаворыцца: “...Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёю, і ўсім разуменьнем тваім... палюбі блізкага твайго, як самога сябе; на гэтых дзьвюх прыказаньнях грунтуецца ўвесь закон і прарокі”. Некаторыя тлумачаць гэтыя словы па-свойму, але гэта ўжо праблема тлумачэньня.

Вы кажаце пра “бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста”, пра місію Беларусі. Выдатная паэтычная мэтафара, але як рэлігійнае сьцьверджаньне – гэта зьдзек і блюзьнерства, бо “няма ні эліна, ні юдэя”, бо ня можа быць сьвятасьці й выратаваньня толькі за далучанасьць да бел-чырвона-белага сьцяга. Бо няма й ня можа быць калектыўнай сьвятасьці і калектыўнай грахоўнасьці, кожны адказвае за сваё жыцьцё сам.

Нельга не ўхваляць апоры на хрысьціянскія каштоўнасьці, але калі палітычнае блытаць з рэлігійным, гэта вядзе да прыўласьненьня сьвятасьці, да прыпісваньня сабе ролі Судзьдзі і Збаўцы. Іншыя пры гэтым трапляюць у грэшнікі. Па-другое, нараджаецца палітычная нямогласьць, бо палітыка ажыцьцяўляецца на зямлі і зь людзьмі зямнымі. Вынік – замест палітычнага прагматызму палітычная анатэма і пошук ерасяў.

Параўнаньне аднаполых сувязяў з крадзяжом, пэдафіліяй, забойствамі і г.д. цалкам некарэктнае і небясьпечнае. Мяжа тут даволі жорсткая. Апошнія яўна шкодзяць чалавеку й грамадзтву. А якая шкода ад добраахвотнай сувязі двух дарослых людзей? Падрыў дэмаграфічнай бясьпекі? Аднак у дзяржавах, дзе спакойна ставіліся да гэтага, – Старажытнай Грэцыі або ісламскіх краінах – нараджальнасьць была высокай.

Таксама пішаце Вы пра “прыкрае пачуцьцё жалю”, якое ахоплівае “пры выглядзе аднаногіх, сьляпых або шызафрэнікаў”. Вы калі-небудзь з інвалідамі размаўлялі? Ім не шкадаваньне патрэбна, а прызнаньне чалавечай годнасьці, прызнаньне такімі ж людзьмі. Што да шызафрэнікаў – некаторыя ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі робяцца. І я ня думаю, што яны набліжаны да Бога менш за астатніх.

А можа, нам усім трэба заплюшчыць вочы і маліцца – тады вызваленьне Беларусі зваліцца зь неба? Няўжо “Малады Фронт” чакае, што зваліцца? Палітычная дзейнасьць ягоная зьведзеная амаль да нуля. У 98-м пераважная большасьць моладзі выступала за бел-чырвона-белы сьцяг, а сёньня – на ўсходзе Беларусі – усяго 50%. Нават “Шоў Беларушчыны” ціха ператварыліся ў сэмінар пра хрысьціянскае каханьне...

Вы ня можаце не разумець, што нацкоўваеце адных людзей на другіх. Спачатку адныя, пасьля, мабыць, іншыя, чыё “існаваньне... ёсьць вынікам сапсаванасьці й грэшнасьці сьвету”: анархісты, бо ўсіх разбэшчваюць; атэісты, бо ня вераць у Бога; чыноўнікі, бо не далучаныя да калектыўна-сьвятога беларускага цела; гандляры, пэнсіянэры, алькаголікі…

Няўжо ў выніку застанецца адна сьвятая арганізацыя – “Малады Фронт” – і яе кіраўнік з грахамерам?

Андрэй Расінскі, Менск

Апошні з магіканаў

Пры канцы сакавіка “НН” надрукавала ліст героя курапацкай эпапеі сп.Севярынца аб “вычварэньні” Эдварда Тарлецкага. Хоць размова ішла выключна аб сп.Тарлецкім, агульны гамафобны дыскурс гетэрасэксуальнага нацыяналіста палохае сваім прымітывізмам і таталітарызмам.

Трэба быць удзячным рэдакцыі “НН”, якая друкуе ўсе мажлівыя думкі, што цыркулююць у грамадзтве. Гэта дапамагае быць у курсе навінаў, а таксама бачыць усе бакі нашых інтэлектуалаў.

Многія выказваньні нашага выбітнага гетэрасэксуальнага змагара за беларускую праўду непасьлядоўныя і памылковыя. Адразу кідаецца ў вочы слова “пэдэрастыя”, ужытае Севярынцам. Гэта вельмі распаўсюджаная блытаніна паняткаў. Тэрмін “пэдэрастыя” мае канкрэтную культурна-гістарычную нішу. Так зваліся адносіны між сталымі й маладымі мужчынамі ў Старажытнай Грэцыі. Ідэя адукацыі, значная розьніца ў веку паміж партнэрамі і ўзаемнасьць – абавязковыя ўмовы пэдэрастыі. Ужываць гэты тэрмін у адносінах да сучаснасьці мы ня маем права, бо з заняпадам Грэцыі традыцыя пэдэрастыі зьнікла. Але нават сёньня, як бачым зь ліста Севярынца, шмат хто блытае яе з гомасэксуальнасьцю – сукупнасьцю сацыяльных (сэксуальных і эмацыйных) адносінаў паміж асобамі аднаго полу.

Павал перабольшвае, калі кажа, што геі ці лесьбіянкі дыскрэдытуюць беларускі нацыяналістычны рух. Яны, відаць, абражаюць толькі ягоны гетэрасэксуальны гонар, а ніяк ня гонар усіх беларускіх патрыётаў. Я пэўны, сярод апошніх ёсьць геі й лесьбіянкі, а таксама асобы сэксуальна адкрытыя, зь лібэральнымі поглядамі.

Імкнучыся зруйнаваць савецкі мэнталітэт, Павал забыўся, што ягонае стаўленьне да гомасэксуалістаў супадае з поглядамі савецкіх ідэолягаў – Сталіна, напрыклад. Севярынец імкнецца ў Эўропу, але сваімі гамафобнымі экскурсамі ён рызыкуе заблякаваць сабе туды шлях. У краінах ЭЗ, Канадзе й ЗША вялікая частка грамадзтва не ўспрымае гомасэксуальнасьць як праблему.

Нарэшце, спасылка сп.Севярынца на Біблію досыць дзіўная. У сьвецкай дзяржаве, дзе бальшыня насельніцтва застаецца рэлігійна абыякавай ці нэўтральнай, гэта выглядае сьмешна. Ці Павал таксама сумняваецца ў існаваньні душы ў жанчынаў, як гэта было ў Сярэднявеччы? Тады інтэлектуалы рабілі гэткія высновы са спасылкай на сьвятую кнігу.

Адзінае, што палохае, – малады век сп.Севярынца. Хочацца спадзвацца, што ён – апошні з магіканаў кансэрватыўнай і гамафобнай думкі ў Беларусі.

Уладзь Гарбацкі, Страсбург


Мяжа здаровага сэксу

Няма нічога надзвычайнага ў тым, што мэрамі Парыжу ды Бэрліну абраныя гомікі. І нічога дрэннага таксама. Галоўнае, каб яны далі рады сваім абавязкам. Сярод маіх знаёмых ёсьць геі. Такія самыя людзі. Адно што мяне ў іх зьдзіўляе, дык гэта здольнасьць імкліва адчуваць непараўнанае “каханьне” да мноства асобаў. Я ўсё думаю, якія такія свае правы яны хочуць абараняць? Навошта выстаўляць усё напаказ, далучацца са сваімі сьцягамі да нацыянальных маніфэстацыяў? Любая свабода мае мяжу здаровага сэнсу. Слушна Севярынец даў дыхту Тарлецкаму. Тут Севярынец падобны да сябе ранейшага, упэўненага, без звышспагады да ўсіх, без памяркоўнасьці ды адстароненых разважаньняў.

Віталь Стахіевіч, Менск

 

Гомасэксуалізм і дэмакратыя

За апошнія тыдні дзякуючы “НН”, Тарлецкаму і Данчыку я шмат даведаўся пра дэмакратыю і гомасэксуалізм.

Дэмакратыя – гэта не “хачу – плюю на галаву суседа, хачу – не!”, а па-першае самадысцыпліна, захаваньне правоў асобы шляхам выкананьня закону і прынцыпаў маралі. Замах асобы на правы іншых завецца правапарушэньнем, а не дэмакратыяй.

Клясычны выпадак такога парушэньня: разбэшчаныя сэкс-меншасьці публічна абражаюць грамадзтва і грамадзянаў.

Некаторыя лічаць, што быць гомасэксуалістам ці лесьбіянкай – гэта нармалёва. Але чаму тады ненармалёва быць нэкрафілам, пэдафілам, скаталожнікам? Давайце дазволім гэта і адкрыем клюбы па інтарэсах. Захацеў, напрыклад, сьвежага чалавечага дзярма паесьці (ёсьць і такія) – калі ласка...

Сям’я. Хочацца спытаць бацькоў: калі ваш сын прывядзе за ручку хлопчыка і скажа: “Мама, мы ажэнімся!” – хто з вас застанецца стаяць на нагах?

Закон. Каму дадзена права дамагацца інтымных дачыненьняў, ды яшчэ праз прэсу? Тарлецкі публічна абразіў Севярынца. Дзеяньні Эдварда падпадаюць пад арт.189 ч.2 Крымінальнага кодэксу (да 2-х гадоў пазбаўленьня волі).

Рэлігія. У Бібліі сказана, што пэдэрастыя – сьмяротны грэх. Не шукайце іншага сэнсу. Бог кажа адзін раз і вельмі дакладна.

І нарэшце: калі вычварэнцам быць нармалёва, чаму ж вы, спадары вычварэнцы, хаваецеся? Севярынец піша, што ён – гетэрасэксуал. А вы пішаце: прафэсар, сьпявак, бакаляўр журналістыкі і г.д. Не рабіце выгляд, што гэта нармалёвыя людзі абараняюць вычварэньні. Кажыце прыблізна так:

Яўген Скочка, дэмакрат, гетэрасэксуал, намесьнік старшыні “Маладога Фронту”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0