тыдзень нашага жыцьця

Гледзячы
зь Берасьця

Што вас найбольш усхвалявала за апошні тыдзень? Адказвае намесьнік старшыні Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ “Адраджэньне” Зьміцер Шыманскі.

Па выніках леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у берасьцейскіх дэмакратычных арганізацыях назіраліся апатыя й расчараваньне. Але сёлета сытуацыя зьмянілася. Асабліва паспрыялі гэтаму апошнія “дасягненьні” ўраду (маю на ўвазе затрымку пэнсіяў ды заробкаў). Людзі кажуць: каб такая сытуацыя была год таму, дык яны б не галасавалі за Лукашэнку. Расьце колькасьць незадаволеных уладамі. У 2003-м мы атрымаем вялікую падтрымку на выбарах у мясцовыя саветы, дзякуючы пратэставаму электарату.

Самая значная падзея мінулага тыдня ў Берасьці — пікет, прысьвечаны 3-й гадавіне зьнікненьня Юр’я Захаранкі, што зладзілі 8 траўня на цэнтральнай вуліцы гораду актывісты АГП ды іншых грамадзкіх арганізацыяў. Пікет, які працягваўся гадзіну і выклікаў вялікую цікавасьць мінакоў (адна дзяўчына напісала памадай на асфальце “дзякуй”, выказваючы сваю салідарнасьць зь пікетоўцамі), ня быў разагнаны міліцыяй. Не было затрыманьняў і пасьля акцыі. Магчыма, такім чынам міліцыянты таксама выказалі сваю салідарнасьць зь людзьмі, якія жадаюць даведацца пра лёс былога кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0