Водгукі

 

Хросным бацькам ня быў

У мінулым нумары “НН” Сяргей Дубавец выступіў з эсэ “Беларусы – нацыя паэтаў”. Аўтар называе Саюз пісьменьнікаў Беларусі “сям’ёй”, а яго старшыняў – “хроснымі бацькамі сям’і”. Ён дэталёва падаў вобраз першага “хроснага бацькі” Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Міхася Клімковіча, затым, прапусьціўшы Міхася Лынькова, гэтаксама ярка абмаляваў Петруся Броўку і Максіма Танка, а потым, на маё вялікае зьдзіўленьне, сказаў, што пасьля Максіма Танка “хросным бацькам сям’і” стаў Ніл Гілевіч. Ну, і абмаляваў таксама – у меру сваёй дасьведчанасьці, свайго разуменьня.

Дык мушу заявіць: ніколі, ніводнага дня Ніл Гілевіч ня быў старшынём Праўленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. У апараце СП (1980–89 г.) працаваў, але толькі на другіх ролях, пад камандзёрствам Максіма Танка.

Старшынямі Саюзу пісьменьнікаў Беларусі былі: першыя 6 гадоў (1932–1938) – Міхась Клімковіч, затым 10 гадоў (1938–1948) – Міхась Лынькоў, затым 18 гадоў (1948–1966) – Пятрусь Броўка, пасьля аж 24 гады (1966–1990) – Максім Танк, пасьля яго 8 гадоў (1990–1998) – Васіль Зуёнак, затым 3 гады (1998–2001) – Уладзімер Някляеў, з 2001-га году (ужо як “хросная маці”) – Вольга Іпатава.

Так што – дзякую Сяргею Дубаўцу за высокі аказаны мне гонар, але я яго не заслужыў. У ЦК КПБ і ў галаву не магло прыйсьці прызначыць Ніла Гілевіча “хросным бацькам” сям’і беларускіх пісьменьнікаў. Там занадта добра ведалі, хто зь пісьменьнікаў чым жыве і чым дыхае.

Ніл Гілевіч

 

Ад рэдакцыі. Ніл Гілевіч з 1980 да 1989 году быў першым сакратаром праўленьня СП БССР.

 

Дзьве памылкі

У “НН” ад 3 траўня ў нэкралёгу Ліліі Давідовіч Юлія Андрэева піша аб выкананых актрысай ролях і ў ліку іх нагадвае вобраз Фэдры “ў аднайменным тэлеспэктаклі Віктара Гутковіча”.

Прачытаўшы гэтыя словы, я пашкадаваў нябожчыка Гутковіча, якога ў дзяцінстве клікаў “дзядзя Саша”. Андрэева ня ведае, што рэжысэрам гэтага спэктаклю быў Віктар Карпілаў. Абодва рэжысэры ўжо памерлі, але ёсьць яшчэ родныя, якім наўрад ці спадабаецца гэтая “памылка”.

На жаль, у гэтым жа нумары, у праграме тэлеперадач, яшчэ адна памылка балюча кранула мяне. У панядзелак 6 траўня ў 14.20 адбылася перадача, прысьвечаная “памяці рэжысэра В.Карпіловіча”.

Рыгор Карпілаў

 

Вазьмеце падручнік

Ах, бедныя беларускiя лiтаратары! Лупцуюць iх з усiх бакоў — i дзяржаўныя чыноўнiкi, ад якiх залежыць далейшы лёс лiтаратурных часопiсаў, i далёкiя ад лiтаратурнага жыцьця маргiналы. Прафэсiйныя крытыкi, пэўна, павымiралi, бы тыя маманты. Не чуваць iхнага сапраўднага голасу. Вось i даводзiцца чытачу ласавацца “крытыкай” кшталту артыкулу Данiлы Жукоўскага “Iдэалёгiя i свабода” (“НН”, №14).

Не зьбiраюся дыскутаваць са сп.Жукоўскiм ды сур’ёзна ўспрымаць ягоныя мэнтарскiя парады. Але робiцца прыкра, калi тыя, хто вучыць пiсьменьнiкаў, як i пра што трэба пiсаць, самi блытаюць боб з гарохам: задачы мастацкай лiтаратуры i гiсторыi, iдэю твору ды iдэалёгiю, лiтаратурныя жанры, ролi аўтара i чытача.

Сучасны пiсьменьнiк нiкому нiчога не “павiнен” i нiчога ня “мусiць”. Ёсьць натхненьне – пiша, ёсьць жаданьне цi патрэба – друкуе. Павiнны толькi тыя, хто стварае камэрцыйную лiтаратуру, бо iх зьвязваюць з выдаўцамi кантрактныя абавязкi. Гэта раней, у савецкiя часы, беларускiя пiсьменьнiкi былi павiнны пiсаць тое, што патрабавала камунiстычная ўлада. Нават адпаведная разнарадка тэмаў i вобразаў iснавала. Тут ужо варта гаварыць пра дамiнаваньне iдэалёгii. Пiсьменьнiкi яе не стваралi, былi адно ейнымi рэтрансьлятарамi – праваднiкамi ў жыцьцё. Iдэалёгiя навязвалася зьверху. Дзеля гэтага прыдумалi адмысловы творчы мэтад – сацрэалiзм. У пэрыяд сацрэалiзму якраз i квiтнеў эпiчны жанр. Было напiсана безьлiч раманаў i аповесьцяў пра Ленiна i рэвалюцыю, калектывiзацыю, iндустрыялiзацыю, вайну i г.д. Сёньня, паводле словаў Данiлы Жукоўскага, эпiка ў Беларусi заняпала. Іначай i быць ня можа! Традыцыйны раман сябе вычарпаў i перажывае крызу ня толькi ў Беларусi, але i ва ўсiм сьвеце. I нiякая iдэалёгiя, нават нацыянальная, яго не рэанiмуе.

Развагi аўтара пра ролю пiсьменьнiка i чытача наiўныя. Неразумна ў мастацкiм творы “шукаць факты, каб на iх падставе рабiць высновы”, а пасьля “выкарыстоўваць здабытую… iнфармацыю ў практычнай дзейнасьцi”. Мастацкi твор – не парады для хатнiх гаспадыняў цi рыбаловаў. Для яго якраз характэрныя абагульненьне i тыпiзацыя. Ну, а фразу “...якая нам карысьць ад апiсаньня пасьлядоўнасьцi невядома чым народжаных эмоцыяў?” кажа не аматар прыгожага пiсьменства, а хутчэй iнжынэр-будаўнiк цi гандляр. Людзi чытаюць мастацкую лiтаратуру не дзеля задавальненьня ўтылiтарных патрэбаў, а найперш дзеля атрыманьня эстэтычнае асалоды. I баранi бог, каб грамадзтва ўсе iдэi пiсьменьнікаў (сярод iх нямала вар’яцкiх) рэалiзавала на практыцы.

Няма чаго нам таксама iдэалiзаваць “трываласьць i магутнасьць, высокi ўзровень дабрабыту” амэрыканцаў i нахвальваць тамтэйшую фантастыку. У ЗША лiтаратура даўно ператварылася ў бiзнэс. Там няма мiнiстэрства культуры, якое разьмяркоўвае сродкi “творчым калектывам” i лiтаратурным часопiсам. Росквiт фантастыкi адбыўся не дзякуючы нейкай трываласьцi й гiстарычнаму аптымiзму амэрыканцаў. Фастастыка добра прадаецца. Паволе фантастычных твораў ствараюцца фiльмы, а аўтары, рэжысэры i акторы атрымліваюць шалёныя ганарары.

Сп.Жукоўскi ў сваім артыкуле наракае: “Многiя творы беларускай лiтаратуры апошняга часу iнтэлектуальна нiшчымныя i прымiтыўныя...” Гучыць вельмi агульна i бяздоказна. Дый далей крытык не называе гэтых твораў, аўтараў, месцаў публiкацыi. Затое пачынае разважаць пра спэцыфiку напiсаньня мастацкага твору. Хоць навошта тут адкрываць Амэрыку? Усё распрацавана шчэ з часоў Арыстоталя i Гарацыя. Варта ўзяць сур’ёзны падручнiк па тэорыi лiтаратуры, каб разабрацца з тымi “высокiмi” i “нiзкiмi” жанрамi, з эпiкай i лiрыкай, тэмай i iдэяй мастацкага твору. А ўжо пасьля рабiць нейкiя высновы i даваць парады.

Юры Гумянюк, Горадня

Пра Грынкевіча без памылак

У нумары ад 22 сакавіка прачытала артыкул Эдварда Людовіча “Наш першы псыхааналітык” пра Станіслава Грынкевіча. Зрабілася крыўдна з-за шматлікіх біяграфічных памылак, якія зрабіў аўтар. Бо калі нехта хоць раз напіша з памылкамі – пасьля выпраўляць іх вельмі цяжка. А не хацелася б крыўдзіць такога вялікага чалавека, як псыхіятар Станіслаў Грынкевіч. Калі хто хоча, можа ствараць міты. Але дзеля гістарычнай праўды пра Станіслава Грынкевіча вырашыла адгукнуцца на публікацыю ў “НН”, каб давесьці да ведама чытачоў сапраўдныя факты з жыцьця доктара. Раней пра яго пісала я ў беластоцкай “Ніве” (“Вяртаньне да сваіх Станіслава Грынкевіча” – №19 (7 траўня 2000 г.), 20 (14 траўня), 21 (21 траўня) і ў “Czasopisie” (“Wybitny lekarz i Białorusin” – 2002, №2). Мае артыкулы паўсталі на аснове архіўных пошукаў і размоваў зь дзецьмі Станіслава Грынкевіча Вітаўтам і Ганнай, а таксама зь іхнай сваячкай Рэгінай Окруй.

Калі рэдакцыя дасьць веры маім папраўкам, мо перастануць зьяўляцца ў публікацыях пра Станіслава Грынкевіча недарэчнасьці. Па-першае, сапраўды на ягонае ўзгадаваньне вялікі ўплыў меў ксёндз Францішак Грынкевіч, ягоны на 18 гадоў старэйшы брат, а ня дзядзька, як піша Э.Людовіч. Ці хацеў быць Станіслаў ксяндзом? Вядома, што ён паступіў на мэдычны факультэт адноўленага Віленскага ўнівэрсытэту, скарыстаўшыся “вэтэранскімі” льготамі, як удзельнік польска-савецкай вайны 1920 г. Вывучаючы мэдыцыну, Грынкевіч зразумеў, што яму больш адпавядае тэалягічны факультэт. Аднак з мэдычнага нельга было адразу туды перайсьці. Таму сьпярша ён перавёўся на гуманітарны факультэт, а пасьля ўжо на тэалягічны. Аднак ня вытрымаў палянізацыі, якая там панавала, і вярнуўся да мэдыцыны.

Пасьля ён, разам з аднакурсьніцай Янінай з Сувалкаў, выехаў у Познань. Там яны й пажаніліся, магчыма, у 1927 г. Мэдычны факультэт Познанскага ўнівэрсытэту Грынкевіч скончыў 15 сакавіка 1929 г., атрымаўшы дыплём доктара “ўсіх лекарскіх навук”, а не псыхіятрыі і нэўралёгіі, як піша Э.Людовіч. Праўда, яшчэ студэнтам (ад 16 траўня 1927 г.) Грынкевіч пачаў працаваць у нэўралягічна-псыхіятрычнай клініцы Познанскага ўнівэрсытэту. Сьпярша быў асыстэнтам, пасьля – старшым асыстэнтам. У 1933 г. чатыры месяцы быў на стажыроўцы ў Мюнхене, дзе практыкаваўся ў галіне гістапаталёгіі. Пасьля вяртаньня заснаваў у клініцы гістапаталягічную лябараторыю. У 1934 г. Грынкевічы пераехалі ў Харошчу, што пад Беластокам. Станіслаў узначаліў лябараторыю і шпітальны аддзел у тамтэйшай псыхіятрычнай больніцы. У тыя гады ён напісаў шмат навуковых артыкулаў, якія публікаваліся ў мэдычных часопісах, польскіх і замежных. Актыўна ўдзельнічаў у зьездах псыхіятраў. У 1937 г. быў прызнаны найлепшым маладым псыхіятрам у Польшчы. Тады ж ён купіў пад Вільняй у Еразалімцы 17 гектараў зямлі зь вясковым домам і да 1939 г. разбудаваў там гаспадарку. Але жыў і надалей у Харошчы, прыяжджаючы зь сям’ёй у Еразалімку толькі на вакацыі. А гаспадарцы давалі рады сваякі з Новага Двара –сям’я Яна Точкі і Ян Замана. З апошніх вакацыяў у 1939 г. Грынкевічы ў Харошчу ўжо не вярнуліся... Як склаўся іхны лёс у 1939–1941 г., раю пачытаць у згаданых вышэй артыкулах. Станіслаў працаваў у літоўскай клініцы ў Вільні, выкладаў гігіену ў Віленскай беларускай гімназіі і псыхіятрыю ў Мэдычным інстытуце ў Новай Вялейцы. У Віленскай беларускай гімназіі вучыліся і ягоныя дзеці.

Наколькі мне вядома, Станіслаў Грынкевіч не ўваходзіў тады ў Беларускі нацыянальны камітэт, хоць яго туды запрашалі. Ён узначальваў Беларускае навуковае таварыства.

І, нарэшце, наконт сьмерці Грынкевіча. Мо яго і расстралялі, але сьведка, які вярнуўся ў Польшчу пасьля лягераў і адшукаў сям’ю Грынкевічаў, казаў, што іхны бацька памёр на этапе, захварэўшы на дызэнтэрыю. Дакумэнты з архіваў КГБ маглі б праясьніць гэтую справу. Паводле інфармацыі Чырвонага крыжа, Грынкевіч памёр 25 ліпеня 1945 г. у лягеры на тэрыторыі СССР. Так што ў 1957 г. сям’я Грынкевічаў ужо ведала, што Станіслава няма сярод жывых.

Творчасьць Станіслава Грынкевіча можна падзяліць на прафэсійную мэдычную ды навукова-папулярную, публіцыстычную і літаратурную. Ён пісаў па-беларуску ў “Крыніцу”, “Калосьсе”, “Хрысьціянскую думку”, “Заранку” і іншыя часопісы. У дасьледаваньнях літаратуры Заходняй Беларусі прозьвішча Грынкевіча ня згадваецца. Між тым, кніжкі “Carkwa. Pomsta. Wiaźnica” (1928) ды “Arlanio” (1927), а таксама публікаваныя ў часопісах апавяданьні сьведчаць, што з-пад ягонага пяра выходзіла арыгінальная беларуская проза. А ягоная брашура “Асьвета” – гэта кніга не пра “ўціск беларускіх школаў на крэсах у 20–30-я”, як піша Э.Людовіч, а пра пазашкольныя формы беларускай асьветнай працы (народны ўнівэрсытэт, курсы для дарослых, бібліятэкі, народны тэатар, хор і г.д.).

Алена Глагоўская

 

Адказ Алене Глагоўскай

Дасьледчыца Гелена Глагоўская, якая жыве ў Гданьску, мае заўсёды сьвежы погляд, ня сьціснуты ідэалягічнымі рамкамі. Такога погляду бракуе ў постсавецкай беларускай гістарыяграфіі. Але ейныя заўвагі да артыкулу пра Станіслава Грынкевіча чамусьці нагадалі мне савецкі час. Так крытыкавалі ў 60—70-я “фальсыфікатараў” беларускай савецкай гісторыі.

Няўжо можна назваць “стварэньнем мітаў” Грынкевічаў дыплём доктара псыхіятрыі, згаданы ў маім артыкуле, якога той насамрэч ня меў? Ён жа быў псыхіятрам. Або тое, што Грынкевіч ня быў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Вільні падчас нямецкай акупацыі? Якое гэта ўвогуле мае значэньне?

Міты — гэта калі гісторыя фальсыфікуецца, скажаецца сэнс падзеяў. Асоба ж Грынкевіча ад майго артыкулу ніколькі не паменшала. Тут, хутчэй, прыкрыя памылкі, а ня “міты”.

Дзіўна, як беларусы любяць тапіць адно аднаго. Кожны мае права на памылкі.

Па вялікім рахунку, кнігі, што выпускаюцца ў Беластоку, таксама даўно варта добра пакрытыкаваць за недасканалую карэктуру, далёкую ад ідэалу рэдактуру і г.д. Але рэцэнзіі на іх прыхільныя, бо “тыя кнігі на карысьць Беларушчыны”. Навошта тапіць адно аднаго ў неістотным?

Эдвард Людовіч


удакладненьне

У “НН” №17 на старонцы 7 замест “Памяць Ружы” ніколі ня будзе зьнятая” трэба чытаць “Песьня Ружы” сталася апошнім ягоным фільмам”.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0