Пан настаўнік

Мужчына ў школе

Даўно ўжо склаўся стэрэатып, што настаўніцтва — занятак жаночы. Сапраўды, у школе жанчыны цяпер у большасьці. Мужчынаў засталося мала. Хтось падаўся ў структуры кіраваньня адукацыяй, хто яшчэ на пачатку 90-х — у бізнэс. Габрэі, як мой клясны кіраўнік Марк Аронавіч, рушылі ў землі запаветныя. Савецкая, а потым і беларуская дзяржава нібы наўмысьля выціскала мужчынаў са школьных сьценаў.

 

Найперш — мізэрнымі настаўніцкімі грашыма, на якія нават пры вялізнай колькасьці гадзінаў (паўтары-дзьве стаўкі) бязь “левых” падпрацовак немагчыма ўтрымліваць сям’ю. Надта ж не адпавядаюць маральна-псыхалягічныя дый фізычныя высілкі на школьную працу куртатым лічбам ў разьліковых цэтліках. Нездарма тыя мужыкі, што засталіся працаваць у школе, намагаюцца напрамілы бог унікнуць кляснага кіраўніцтва. Яно абрынае на галаву масу нуднае папяровае працы, патрабуе лішняга часу, але вельмі рэдка дае лішнія грошы.

Адсутнасьць мужчынаў у школе настолькі прыкметная, што зьяўленьне маладых кадраў нежаночага полу выклікае сэнсацыю. Хто-ніхто бачыць у гэтым пэўную карысьць. “Мужыкам у школе даруецца тое, што і на сотую долю не папусьцілі б жанчыне”, — кажа знаёмая ліцэйская настаўніца. А хтось даводзіць, што мужчына ў школе — лішні кампанэнт.

Раз на закід аднае паненкі пра тое, што мужчына мусіць працаваць дзе заўгодна, але толькі не настаўнічаць, мой калега адказаў: “Цалкам згодны, але да выкладаньня асобных прадметаў жанок нельга й блізка дапускаць”. Тут ён закрануў важную праблему, якая праглядаецца за жаночым панаваньнем у школе. Цэлыя генэрацыі гадуюцца пад уплывам настаўніц. Жаночы погляд на рэчы перадаецца ўсім вучням — і дзяўчынкам, і хлапцам. Адбываецца фэмінізацыя мысьленьня й сьвядомасьці. Вось і чуем нараканьні на нястачу мужнасьці ў хлапцоў. Выраблянства, “пантаватасьці” ў іх хоць адбаўляй, а як справа даходзіць да адказнасьці за свае ўчынкі, пачынаюцца гістэрыкі й непаразуменьні. Цешыць, бывае, думка, што зьяўляешся для шкаляроў носьбітам іншае ісьціны.

Ва ўнівэрсытэце яшчэ на малодшых курсах хлопцы адзін перад адным выхваляліся, што па сканчэньні вучобы настаўнічаць ня пойдуць, і прыкідвалі віртуальныя міліцэйскія пагоны. Але, каб трапіць у міліцыю ці на якую іншую добрааплатную працу, трэба пратэкцыя, ці папросту блат, які перажыў савецкія часы й няблага пачуваецца ў сувэрэннай Беларусі. Мой аднакурсьнік пасьля войска сунуўся быў у міліцыю, але, акрамя халодных адказаў “вакансіяў няма і не прадбачыцца”, нічога ня выхадзіў. Працуе настаўнікам ды клясным кіраўніком у адной з гомельскіх школаў.

Блату хапае і ў самой сыстэме адукацыі. Пасьлявээнушнае разьмеркаваньне, пераразьмеркаваньне, адмацаваньне, працаўладкаваньне трымаюцца на ім. У школу на працу яшчэ можна трапіць без пратэкцыі, асабліва ў пачатку каляндарнага году, калі разьмеркаваныя выпускнікі сыходзяць у войска. А вось з вучэльняй ці тэхнікумам ужо ўзьнікаюць праблемы. Адзін мой знаёмец у аддзеле кадраў спытаўся быў пра тэхнікум, дык на яго глянулі так шматзначна, што ў поглядзе чыталася: “Ты ад кагосьці канкрэтнага прыйшоў?”

Дзяржава, калі хоча ачуняць, павінна вярнуць мужчынаў у школу. Нармалёвыя суадносіны полаў мусяць забясьпечыць здаровую атмасфэру ў школьнай грамадзе. Менавіта гэта павінна стаць адным з галоўных заданьняў новай школьнай рэформы. Мужчына школе на зашкодзіць.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0