З усёй краіны

 

Схавалі трактар

У калгасе “Перамога”, што на Піншчыне, рэвізія знайшла трактар Т-25А, які прастаяў без работы аж 10 гадоў. Трактар трапіў у гаспадарку ў 1992 г., і на яго адразу паквапіўся нехта з начальства. Машыну схавалі ў гараж пад замок. Да апошняга часу на “жалезнага каня” налічвалася амартызацыя, сьпісваліся гаруча-змазачныя матэрыялы й запасныя часткі. На час візыту рэвізіі рэшткавы кошт закансэрваванага “канягі” складаў усяго 300 тысячаў рублёў. Яшчэ трохі, і трактар можна было б сьпісаць і выкупіць у калгасу за капейкі. А трактар напрацаваў усяго адну мота-гадзіну і нават не прайшоў абкаткі.

Радыё Берасьця на УКХ

З 20 траўня Берасьцейскае абласное радыё пачало выходзіць на ультракароткіх хвалях ужывую. Структура традыцыйная: навіны, крымінальшчына, надвор’е, рэкляма, віншаваньні, аўтарскія міні-праграмы.

І.Хведаровіч, Берасьце

Новы заказьнік

У хуткім часе будзе створаны новы рэспубліканскі заказьнік “Ліпічанская пушча”. Ён зойме 12 тыс. гектараў у Дзятлаўскім, Мастоўскім і Шчучынскім раёнах. На тэрыторыі новага заказьніку ёсьць каля 100 месцаў, дзе сустракаюцца расьліны з “Чырвонай кнігі”. Цікавасьць уяўляюць і дзюны ў поймах Нёману ды Шчары, а таксама комплексы лугоў і старарэччаў.

Міхась Васілевіч, “Нёман-Інфарм”

Канцэрт у Косаве

50 маладзёнаў прыехалі на некалькі дзён у Косава (Івацэвіччына), каб добраўпарадкаваць тэрыторыю ля тамтэйшага палацу, больш даведацца пра гісторыю Косава ды ягонай славутасьці ў мясцовых жыхароў і, натуральна, адпачыць. Так, 10 траўня пад сьценамі палацу адбыўся імправізаваны акустычны канцэрт, у якім узялі ўдзел гурты “Аналіз”, “Усплёск”, “Олаф”, “Дэн Лі і Дука”, “Гульні дылетантаў”, “Хілф і Фронсэн”. Прадэманстравалі сваё майстэрства й рыцары з “Блудэнскай харугвы”.

Сяргей Будкін

Відэапірат

Баранавіцкая міліцыя затрымала відэапірата. На офісе прадпрымальніка выяўлена і канфіскавана 25 відэамагнітафонаў, абсталяваньне для запакоўкі, 1811 запісаных і 150 чыстых касэтаў.

Тысяча за чысьціню

Баранавіцкі гарвыканкам рыхтуе пастанову, згодна зь якой жыхарам шматпавярховікаў давядзецца аплачваць прыбіраньне лесьвічных пляцовак. Паслуга гэтая абавязковая й будзе каштаваць каля 1000 рублёў.

Угодкі Галубка

15 траўня ў Баранавіцкай бібліятэцы імя Таўлая адбылася імпрэза, прысьвечаная 120-м угодкам з дня нараджэньня Ўладзіслава Галубка, якую ладзіла мясцовая філія ТБМ. Прысутныя пачулі лекцыю пра дзейнасьць Галубка, пабачылі фрагмэнт ягонай драмы “Бязродны” ў выкананьні мясцовай тэатральнай трупы, узялі ўдзел у бліц-віктарыне, прысьвечанай гісторыі беларускага тэатру. Пасьля адбыўся канцэрт беларускай песьні. Прысутнічала больш за 100 чалавек — у залі не хапала месца.

Руслан Равяка, Баранавічы

Не дажыў да фінішу

9 траўня ў Бабруйску ладзілася традыцыйная эстафэта, у якой бралі ўдзел бегуны розных узростаў. На жаль, 64-гадовы жыхар Асіповічаў скончыць дыстанцыю ня змог — яму раптам зрабілася блага. Чалавека завезьлі ў больніцу, дзе ён у той самы дзень памёр. Сэрца ня вытрымала.

Вечерний Могилёв

Гарэлка дае прыбытак

Па выніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Клімавіцкага раёну ў першым квартале 2002 г. усе прамысловыя прадпрыемствы, акрамя Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага заводу, працавалі са стратамі.

“Родная ніва”

Рыгоравіч і заробкі

У Рэчыцы (Гомельшчына) са студзеня затрымліваюць выплату заробкаў настаўнікам. У апошніх днях красавіка, калі ў Азершчыну (прыгарад Рэчыцы) меўся прыехаць Лукашэнка, за тыдзень знайшлі грошы, каб заплаціць за люты і сакавік усім настаўнікам і выхавацелькам садкоў. Але Рыгоравіч не прыехаў, і заробкі зноў пачалі затрымліваць. За красавік яшчэ не далі, і невядома, калі дадуць.

Сьвятлана Палонская, Рэчыца

КВК для Лукашэнкі

Сп.Лукашэнка зьбіраецца наведаць «Хімвалакно» ў Сьветлагорску 30 траўня. Ён прыедзе з нагоды атрыманьня аб’яднаньнем крэдыту 19 мільёнаў даляраў ад Кувэйту. Крэдыт мяркуецца выкарыстаць дзеля мадэрнізацыі заводу поліэтэрных тэкстыльных нітак, які працуе 17 год. Сцэнар сустрэчы рыхтуецца вельмі дакладны. Для наданьня ёй большай мастацкасьці да падрыхтоўкі спрабуюць прыцягнуць здольных гульцоў заводзкай каманды Клюбу вясёлых і кемлівых. Тыя, ня надта вялікія прыхільнікі пануючага рэжыму, пакуль што ўпіраюцца, але, як кажуць на заводзе, дзецца ім няма куды, працаваць жа трэба.

Вадзім Болбас, Сьветлагорск

Ірына Віяленці перамагла

Пазоў Ірыны Віяленці, пра якую пісала “НН” ад 29 кастрычніка 2001 г., незаконна звольненай дырэктарам Кугачом зь Менскай фабрыкі гародніны, нарэшце разгледжаны ў судзе і збольшага задаволены. Суд пастанавіў выплаціць спн.Ірыне кампэнсацыю — 300 тысячаў рублёў, аднавіць яе на працы й выплаціць сярэднямесячны заробак за ўвесь час вымушанага адпачынку.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0