Навіны гаспадарскія

 

ТРАКТАР МТЗ-80 ПАТАНЬНЕЎ з 10,2 да 8,8 тыс. даляраў. Цяпер трактары прадаюць па сабекошце, бо завод хоча “разгрузіць” склады ад 2,8 тыс. машын. Каб мець у такіх варунках грошы на вытворчасьць, МТЗ жорстка эканоміць мэтал і электрычнасьць. Адміністрацыя заводу зьбіраецца звольніць 1,5 тыс. пэнсіянэраў.

“БЕЛТЭЛЕКАМ” мадэрнізуе старыя таксафоны. Цяпер зь іх можна будзе тэлефанаваць па новых унівэрсальных картках, але па-ранейшаму толькі па горадзе. Мадэрнізаваныя таксафоны будуць маркіравацца адмысловай налепкай. З часам усе старыя апараты заменяць на ўнівэрсальныя таксафоны, зь якіх можна тэлефанаваць па ўсім сьвеце.

ВАЛЮТНЫЯ РЭЗЭРВЫ Нацыянальнага банку вырасьлі ў красавіку амаль на 35 млн. даляраў і склалі на 1 траўня 235 млн. даляраў.

БАНКАМАТЫ НА ПОШТАХ дазволіў усталёўваць Нацбанк. Пакуль у краіне працуе ўсяго 200 банкаматаў для плястыкавых картак.

ПАДАРАЖЭЎ БЭНЗЫН на 3%. Цяпер на запраўках “Белнафтахіму” літар бэнзыну А-76 каштуе 480 руб., АІ-92 — 590 руб., А-95 — 675 руб.

ЦЭНЫ НА КАШТОЎНЫЯ МЭТАЛЫ падвысілі скупшчыкі. Цяпер за грам срэбра можна атрымаць 190 руб. (падвышка на 9%), за грам золата — 7800 руб. (на 3%), плаціны — 21600 руб. (на 18%).

12,5 МЛН. КІЛЯВАТ-ГАДЗІНАЎ электраэнэргіі скралі сёлета грамадзяне краіны праз самавольнае падлучэньне да электрасетак і пашкоджаньне лічыльнікаў. Зьнікла таксама 22,4 тоны алюміневага дроту і 3 трансфарматары. З пачатку году страты энэргетыкаў сягаюць пад мільён даляраў.

МЯСА З ПОЛЬШЧЫ забараніла ўвозіць Міністэрства сельскай гаспадаркі, баючыся каровінага шаленства. Гэта моцна не адаб’ецца на працы беларускіх мясакамбінатаў і кілбасных цэхаў, бо польскім мясам яны карысталіся мала. Выклікае трывогу якасьць беларускіх мясных вырабаў. Цяпер перапрацоўчыя камбінаты могуць рабіць кілбасу з тэрмінам захоўваньня ня болей за 3 месяцы, таму часьцяком яе прадаюць ужо сапсаванай. Каб зьмяніць абсталяваньне й павялічыць тэрміны захоўваньня, перапрацоўшчыкам трэба 50 млн. даляраў інвэстыцыяў штогод.

ЦАНА НА ГАРЭЛКУ падвысілася на 2,5%. Пляшка “Крышталю-100” каштуе 2310 руб., “Белай Русі” і “Крышталю-люкс” — па 2390 руб. Агулам сёлета гарэлка падаражэла ўжо на 13,1%.

НАЦЫЯНАЛЬНЫМІ ВАЛЮТАМІ будуць разьлічвацца Беларусь і Ўкраіна. Гэта ўмацуе наш рубель і ўкраінскую грыўню адносна даляра ЗША. Будзе карысьць і для вытворцаў: з-за канвэртацыі нацыянальных валютаў “праз даляр” цэны на прадукцыю падвышаюцца на траціну.

НА 13 МЛН. ДАЛЯРАЎ меней выдаткуе сёлета на аздараўленьне фонд сацыяльнай абароны. Гэтыя грошы вырашылі “перакінуць” на выплату пэнсіяў у траўні-чэрвені.

КРЭДЫТЫ НАЦБАНКУ патаньнелі з 55 да 50% гадавых. Урад тлумачыць новую стаўку зьніжэньнем інфляцыі. За першыя два тыдні траўня цэны павялічыліся на 0,9% — гэта найменшы паказьнік ад леташняга верасьня.

11,2 МЛН. ДАЛЯРАЎ дадуць сёлета на будоўлю і рамонт малых дарог. Найбольш грошай атрымаюць Меншчына (2,8 млн.) і Віцебшчына (2,3 млн.). Большая частка тых 2,3 мільёна пойдзе на дарогі Полаччыны, дзе сёлета будуць “Дажынкі”.

ВАЛЮТНЫЯ ДАЎГІ ЛЬНоЗАВОДАЎ (блізу 140 тыс. даляраў) пакуль што сплаціць урад. Вяртаць гэтыя грошы прадпрыемствы будуць налета.

250 ТЫС. ДАЛЯРАЎ выдаткаваў урад на ліквідацыю наступстваў надзвычайных сытуацыяў. Палова гэтых грошай пойдзе на авіяцыйную хімічную апрацоўку лясоў ад пажараў.

С.І.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0