Партыя ФСБ
выйграла ў камуністаў Смаленшчыну
19 траўня ў Смаленскай вобласьці адбыліся губэрнатарскія выбары. Перадвыбарная барацьба больш нагадвала бандыцкія разборкі з крадзяжамі, падпаламі ды замахамі. Начальнік смаленскага ФСБ Віктар Маслаў набраў 40,65% галасоў супраць 34,54% у кандыдата-камуніста, дзейнага губэрнатара Аляксандра Прохарава.
Паводле смаленскіх законаў, для перамогі на выбарах кандыдату ў губэрнатары дастаткова набраць простую большасьць галасоў у адным туры.
Генэрал-маёра Маслава, які карыстаўся падтрымкай Пуціна і найбуйнейшых прадпрыемстваў вобласьці, параўноўваюць з новым губэрнатарам Варонежу, былым кіраўніком УФСБ Віктарам Кулаковым, і новым прэзыдэнтам Інгушэтыі, генэралам ФСБ Зязікавым.
Нягледзячы на “чырвоныя” палітычныя густы, Прохараў заўсёды дэманстраваў выключную ляяльнасьць да Пуціна. Тым ня менш, на выбары супраць яго вылучылі цалкам свайго Маслава. Барацьба кандыдатаў апынулася па-за рамкамі якіх бы там ні было правілаў — кампанія надзвычай насычаная крымінальнымі разборкамі, замахамі, падпаламі. Адзін з апошніх замахаў быў зьдзейсьнены 16 траўня: віцэ-губэрнатара Анатоля Макаранку невядомыя падпільнавалі на выезьдзе з дачнага пасёлку. Абстраляўшы службовую “Волгу” з аўтаматаў, кілеры зьехалі на матацыклах. Загінуў вадзіцель Макаранкі, сам ён абышоўся драпінай на пальцы.
Ніякіх сумневаў наконт “замоўцаў” у Макаранкі не зьявілася. Ледзьве дабраўшыся да адміністрацыі, віцэ-губэрнатар абвінаваціў у тым, што здарылася, Віктара Маслава. Паводле Макаранкавых слоў, Маславу, як галоўнаму суперніку Прохарава, выгадна стварыць уражаньне, што ў кіраўніцтве вобласьці адбываюцца крымінальныя разборкі, зь якімі пара скончыць. Улічваючы бізнэс-мінулае Макаранкі (ён узначальваў Ярцаўскі лікёра-гарэлачны завод) і ягоную сёньняшнюю ступень удзелу ў абласных фінансах, сьледзтва так і не змагло спыніцца на якой-небудзь адной вэрсіі замаху.
Замах на Макаранку — апошняе здарэньне. Дагэтуль зламысьнікі спалілі лецішчы двух кіраўнікоў перадвыбарнага штабу губэрнатара і абрабавалі аднаго зь ягоных супрацоўнікаў. 27 красавіка ў адным з жылых дамоў, дзе месьціўся штаб Прохарава, прагрымеў выбух. На прэс-канфэрэнцыі кіраўнік штабу віцэ-губэрнатар Уладзімер Горкаў назваў здарэньне “тэрарыстычным актам” і адкінуў усялякія меркаваньні аб тым, што выбух быў зладжаны ў рэклямных мэтах. На гэтым фоне легальныя спосабы перадвыбарнай барацьбы адышлі ў цень, а менавіта яны маглі паўплываць на зыход кампаніі.
Асаблівую пікантнасьць выбарам надаў удзел губэрнатара-камуніста ў працэсе па справе аб нямэтавым выкарыстаньні 247 млн. рублёў, выдаткаваных на будаўніцтва Старасмаленскай аўтадарогі. Прохараў праходзіў па справе ў якасьці сьведкі, аднак судзьдзя не выключаў, што ў найбліжэйшым часе яго маглі абвінаваціць па артыкулах “Нядбайнасьць” і “Перавышэньне службовых паўнамоцтваў”.
Адзін з кандыдатаў у губэрнатары, тэлеапэратар тэлекампаніі “Смаленск” Дзьмітры Паўлаў, вылучаны мясцовым аддзяленьнем Саюзу правых сілаў, падаў пазоў у суд супраць Прохарава, абвінаваціўшы яго ў выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу. Паўлаў заявіў, што рэклямныя ролікі ў падтрымку Прохарава ішлі як інфармацыйныя сюжэты на абласной тэлестудыі. Разгляд справы доўжыўся трое сутак, і ў ноч зь пятніцы на суботу суд, не знайшоўшы дастатковых падставаў для зьняцьця губэрнатара з дыстанцыі, іск адхіліў.
Паўлаў, ня маючы шанцаў апярэдзіць двух асноўных кандыдатаў, выступаў у ролі героя-выкрывальніка. Так, ён даставіў у аблвыбаркам 500 незапоўненых бюлетэняў, якія, паводле ягоных словаў, паступілі да яго ад мясцовых жыхароў. “...Прашу выбарчую камісію Смаленскай вобласьці неадкладна разгледзець гэтую сытуацыю на сваім пасяджэньні і зьвярнуцца ў праваахоўныя органы з патрабаваньнем прыняць прэвэнтыўныя меры па спыненьні фальсыфікацыяў”, — гаварылася ў ягонай заяве.
Нягледзячы на гэтыя крокі, кандыдат-лібэрал змог сабраць толькі 1,12% галасоў. Вялікую гульню ў чырвоным поясе Расеі вядуць толькі камуністы і ФСБ. Ня ўсім жыхарам былых усходнебеларускіх земляў гэта падабаецца. Свой пратэст яны выказалі ня толькі бюлетэнямі, але й нагамі: у выбарах узялі ўдзел толькі 40,23% выбарцаў, а 9,06% прагаласавалі супраць усіх кандыдатаў.
Мікола Бугай
200 млн. даляраў у год складае таваразварот Смаленшчыны зь Беларусяй. 4-е месца па аб’ёме экспарту, 5-е — па аб’ёме імпарту займае Смаленшчына сярод 78 рэгіёнаў Расеі, што гандлююць зь Беларусяй.