Рашэньне пра дэвальвацыю прынятае
Разам з рублём можа зваліцца прэм’ер Навіцкі
Ва ўрадзе цыркулююць упартыя чуткі, што рашэньне аб дэвальвацыі беларускага рубля прэзыдэнцкай адміністрацыяй прынятае. Цяпер, паводле нашых зьвестак, ідзе толькі пралік таго, на колькі сьлед абясцэніць рубель.
Зьмяншэньне вартасьці рубля адносна іншых валютаў абернецца зьніжэньнем заробкаў і пэнсій у даляравым эквіваленце. Паменшае нагрузка на бюджэты дзяржавы і прадпрыемстваў ды зьнізіцца доля заробкаў у сабекошце прадукцыі. Гэта патрэбна ня столькі нават дзяржаўнаму бюджэту, колькі прадпрыемствам, арыентаваным на экспарт. Іхнае эканамічнае становішча за апошні год рэзка пагоршылася. Асабліва ў тых, што працуюць на расейскі рынак. Запавольваньне тэмпаў росту экспарту (да 2,2% у студзені-красавіку) стала заўважацца нават у зьвестках Мінстату, якія ўмеюць дзівосным чынам захоўваць імунітэт да ваганьняў гаспадарчага становішча.
Завышаны курс рубля — вынік перадвыбарнага падвышэньня заробкаў да 100 даляраў летась. Яно было дасягнута як мэтадам простага павелічэньня, так і ў выніку значнага адставаньня росту курсу рубля адносна даляра ад тэмпу росту інфляцыі.
Прадпрыемствы, што працуюць на ўнутраны рынак, ад завышанага курсу рубля выйгравалі, бо ён стымуляваў пакупніцкую здольнасьць беларусаў. А вось прадпрыемствы, арыентаваныя на экспарт, мадзеюць. У цэлым, 47% прадпрыемстваў цяпер стратныя. Агульная рэнтабэльнасьць суб’ектаў гаспадараньня набліжаецца да нуля. Нягледзячы на захаваньне леташняга ўзроўню інфляцыі (яна спрыяе росту вытворчасьці), тэмпы павелічэньня валавога ўнутранага прадукту за першыя чатыры месяцы сёлета склалі 4,1%. Ізноў жа — паводле афіцыйнай статыстыкі, у якую да канца ня вераць нават самыя зацятыя рынкавыя сацыялісты.
У красавіку валютныя накапленьні Нацбанку вырасьлі на 35 млн. даляраў. Ёсьць свая рацыя ў тым, каб апярэдзіць падзеі і пайсьці на непазьбежную — гэтак мяркуюць прамыслоўцы — дэвальвацыю да таго, як да яе стануць змушаць дэвальвацыйныя чаканьні. Сёньня ж дэвальвацыя пралічваецца як папераджальная, а ня вымушаная мера.
І выглядае на тое, што эканамісты з прэзыдэнцкае адміністрацыі сапраўды прыслухоўваюцца да прамыслоўцаў і схіляюцца да свайго праверанага ноў-хаў ажыўленьня застойнае эканомікі — абясцэньваньня рубля. За 2001 г. наш рубель страціў сваю вартасьць у дачыненьні да даляра на 33,56%. За той самы час расейскі рубель патаньнеў на 9,26%, малдаўскі лей — на 7,35%, казахскі тэнге — на 5,94%, а ўкраінская грыўня і кіргіскі сом нават умацаваліся ў дачыненьні да даляра ЗША — на 3,47 і 1,28% адпаведна. Сёлетні наш паказчык, мяркуючы па ўсім, перавысіць і леташні, і заплянаваны на гэты год.
Перад дэвальвацыяй можна чакаць ажыятажнага попыту на замежную валюту і адплыву рублёвых ашчаджэньняў з банкаўскіх рахункаў. Таму інфармацыя пра магчымую дэвальвацыю трымаецца ў таямніцы.
У Нацбанку чуткі пра рэзкую дэвальвацыю нацыянальнай валюты абвяргаюць: “Дэвальвацыя рубля ўжо адбываецца, але гэта плянавы працэс. Штомесяц рубель дэвальвуецца на 2%: пры канцы году курс у дачыненьні да даляра павінен скласьці 1860—1920 рублёў, як і плянавалася”.
Не дапускаюць верагоднасьці хуткай дэвальвацыі і некаторыя незалежныя эканамісты. Павал Данэйка: “Я не магу паверыць гэтаму, бо Нацбанк прыняў праграму дзеяньняў, арыентаваную на цьвёрды курс рубля. Цяпер крызысу яшчэ няма... У пэрспэктыве, недзе пры канцы году рубель можа абрынуцца, але не цяпер”.
Калі дэвальвацыя ўсё ж адбудзецца, значыць, цяперашняя адміністрацыя краіны застаецца арыентаванаю на інтарэсы прамысловага лобі і перш за ўсё — на патрэбы прадпрыемстваў, што працуюць на расейскі рынак.
Мікола Бугай