З усёй краіны

 

Зьдзяцінелі

У Берасьці два маладыя чалавекі, кожнаму пад 30 год, забаўляліся, кідаючы з балькону на мінакоў напампаваныя вадой прэзэрватывы. Пара іхных ахвяраў дачакала, калі адзін з “хлопчыкаў” выйшаў па піва, і зацягнула яго ў пастарунак. Юрыдычна кіданьне прэзэрватываў з вадой па мірным насельніцтве кваліфікуецца як дробнае хуліганства (арт. 156 КоАП РБ).

Кобрынская інфапрастора

Кобрынская кабэльная тэлевізія “ТВ САТ” трансьлюе 16 каналаў, а неўзабаве дададуцца яшчэ некалькі. Усяго абанэнтаў “кабэлькі” ў горадзе каля 4 тысяч, а гледачоў нашмат болей. Кобрынскае “ТВ САТ” плянуе стварыць адзіную інфармацыйную прастору з магчымасьцю тэлефаніі, інтэрнэт-паслугаў ды іншага сэрвісу.

Гелікоптэр бяз рацыі

Невядомыя ўначы разукамплектавалі шрубалёт, які належыць “БелЛесАвія” ды “прыпісаны” да Пінскага аэрапорту. Зламысьнікі разьбілі шкло ў кабіне і скралі адтуль радыёстанцыю.

Махінатар бязь межаў

У Берасьці зьявіўся падазроны малады чалавек, які ходзіць па кватэрах і называецца супрацоўнікам “Асацыяцыі дактароў сьвету бязь межаў у Беларусі”. Кажа, што ладзіць анкетаваньне. Пасьля просьбы жыхароў паказаць пасьведчаньне невядомы хутка зьнікае. У Мінюсьце такая “асацыяцыя лекараў” не зарэгістраваная. Пратачыцца ў кватэры, бадай, хоча нейкі афэрыст.

І.Хведаровіч, Берасьце

Засыпала жывым

На тым тыдні ў пасёлку Жамчужны ля Баранавіч абвалілася зямля ў кар’еры. На бяду тамака якраз гуляў сямігадовы хлопчык. Адкапалі яго за якіх 15 хвілінаў. Але дзіцё было ўжо мёртвае.

Выпусьцілі беларусаў

25 траўня апошні званок прагучаў у Баранавіцкай СШ №20 для адзінай тамака беларускай клясы. Старшыня Баранавіцкага ТБМ Віктар Сырыца падарыў выпускнікам кнігі Арлова, а старшыня гарадзкога БНФ Алесь Грыцавец прасьпяваў пад гітару некалькі песьняў.

Разумныя ліхтары

Баранавіцкі гарвыканкам выдаткуе грошы для набыцьця сыстэмы аўтаматычнага кіраваньня сьвятлом. Хутка ліхтары на вуліцах гораду вечарам будуць рэагаваць на рух мінакоў — самі ўключацца пры падыходзе й выключацца па адыходзе ад іх. Улады гораду мяркуюць такім чынам зэканоміць грошы.

Бясплатная мэдыцына даражэе

Баранавіцкія мэдыкі мусяць самі зарабіць сёлета 30% ад грошай, закладзеных у гарадзкі бюджэт на ахову здароўя. Гэта прыкладна 4 млрд. рублёў. Летась замест заплянаваных 3% мэдыцына здолела зарабіць толькі 2,1% (200 млн.). Большасьць мэдыкаў ня верыць, што сёлета змогуць зарабіць гэткія сродкі: абсталяваньне зношанае амаль на 80%.

Цяперака калі вы самі, без накіраваньня ад доктара, пажадаеце праверыць здароўе, давядзецца плаціць. Найтаньней здаць аналіз мачы — 121 рубель, даражэй за ўсё каштуе калёнаскапія — 19262 руб., укол у вену абыдзецца ў 538 рублёў, у цягліцу — 376 рублёў. Праверка шчытападобнай залозы — 2150, рэхакардыяграма — 8811 рублёў.

Пасаладзіў жыцьцё

Малады чалавек падышоў на баранавіцкім рынку да гандляркі цукрам і пажадаў набыць два мяхі. Адно прасіў прайсьці да найбліжэйшай крамы й праверыць вагу. Каля “чорнага ўваходу” пакінуў прадавачку, а сам пайшоў усярэдзіну. Там сказаў, што можа танна прадаць два мяхі цукру. Забраў грошы й уцёк. А работнікі крамы пайшлі на двор забіраць “свой” цукар.

Руслан Равяка, Баранавічы

Вялікі клопат

Акцыя “Малым рэкам — вялікі клопат” пачынаецца ў Смургонях. Плянуецца вычысьціць малыя рэкі Оксну ды Гервятку, што цякуць праз горад. Пачнецца акцыя 1 чэрвеня а 10-й каля вёскі Асінаўка. Добраахвотнікам абяцаюць гумавыя пальчаткі й боты. Ладзіць акцыю Смургонская інспэкцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

“Новая газета Смаргоні”

Воля — толькі калгасьнікам

Жыхар вёскі Дуброва (Сьветлагоршчына) Леанід Бусел ня быў пагрозаю для грамадзкага парадку. Зьбіраў грыбы й ягады або наймаўся на працу да мясцовых жыхароў. З таго і жыў. Але нечым не спадабаўся ён тутэйшаму міліцыянту і трапіў у Сьветлагорскі лячэбна-працоўны прафілякторый. У хуткім часе начальнік ЛПП сказаў Леаніду, што той за добрыя паводзіны ды акуратную працу можа быць вызвалены датэрмінова. Трэба толькі падаць адпаведнае хадайніцтва. Калі ж маці-пэнсіянэрка пайшла да старшыні Палескага сельсавету засьведчыць хадайніцтва, той ёй адмовіў. Маўляў, каб Леанід працаваў у калгасе, сельсавет хадайнічаў бы, а так — не. Вось і бядуе маці, як вызваліць з-за кратаў сына.

Мікола Бусел, Дуброва


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0