Страхоўка ад беспрацоўя

Налета ў Беларусі можа быць уведзенае абавязковае страхаваньне ад страты працоўнага месца. Гэткімі страхоўкамі зьбіраюцца забіць двух зайцоў — падвысіць дапамогу тым, хто ня мае работы, і легалізаваць “схаванае” беспрацоўе.

Статыстыка сьведчыць, што цяпер у Беларусі працы ня маюць 115 тыс. чалавек. З пачатку году беспрацоўных паболела амаль на 13 тысячаў. Зрабілася цяжэй знайсьці працу: калі год таму на адну ўмоўную вакансію ў службах занятасьці прэтэндавалі 3 беспрацоўныя, дык цяпер — ужо 4. Нават у досыць стабільным Менску цяжка адшукаць месца па спэцыяльнасьці шаўцам, краўцам, архітэктарам, супрацоўнікам банкаў, выхавацелькам, сакратаркам, інжынэрам-мэханікам, інжынэрам-тэхнолягам ды інжынэрам-будаўнікам.

У рэгіёнах уладкавацца па спэцыяльнасьці амаль немагчыма, там празь біржы працы шукаюць толькі дворнікаў, вартаўнікоў і гардэробніц. Паўтараецца сытуацыя пачатку 90-х, калі ў шэрагу раёнаў прапанаваньне працоўнай сілы ў некалькі разоў перавышала попыт на яе. Праўда, тады прычыны былі крыху іншыя. Імклівы рост беспрацоўя тлумачыўся або вывадам расейскіх вайсковых часьцей (прыкладам, у Калінкавічах, Паставах ці Ганцавічах тэхніку вывезьлі, а людзі засталіся), або масавымі звальненьнямі ў сувязі са скарачэньнем вытворчасьці (як тое было з нафтаздабычай у Рэчыцы, энэргетыкай у Новалукомлі ці рачным портам у Мікашэвічах). Сёлета не было закрыцьця прадпрыемстваў і лякаўтаў працаўнікоў, затое працягвалася павольнае скарачэньне штатаў у бюджэтных арганізацыях. Гэткія скарачэньні і “адгукнуліся” цяпер.

У дэпартамэнце па занятасьці прагназуюць рост паказьнікаў беспрацоўя цягам гэтага і двух наступных гадоў. Цяпер школы сканчае генэрацыя “бэбі-буму” сярэдзіны 80-х, на ўсіх выпускнікоў папросту ня хопіць месцаў у ВНУ, тэхнікумах, каледжах, прафтэхвучэльнях. Ці не палова іх можа застацца бяз пэўнай прафэсіі. А значыць, і бяз шанцаў уладкавацца, бо пад дзьве траціны беспрацоўных ня маюць ніякай кваліфікацыі, інакш кажучы, зьяўляюцца цалкам неканкурэнтаздольнымі працаўнікамі.

Але галоўнай праблемай падаецца нават не “беспрытульная моладзь”, а надта ўжо вялікая колькасьць “неактыўнага насельніцтва”. З-за таго што дапамога па беспрацоўі ў сярэднім складае ўсяго 7 даляраў, у краіне “згубілася” больш як 700 тыс. чалавек працаздольнага веку, якія афіцыйна нідзе не працуюць, ня вучацца, не атрымліваюць пэнсіяў, але й ня маюць статусу беспрацоўнага. Дэпартамэнт па занятасьці даводзіць, што, пакуль у “шэрым” сэктары зарабляе кожны сёмы працаздольны, у бюджэце будзе пуста. Таму, каб легалізаваць гэтых людзей у службах занятасьці, тут прапануюць падвышаць дапамогі па беспрацоўі праз пэрсанальнае страхаваньне кожнага працаўніка. Вылічваць на страхоўку зьбіраюцца прымусова 1—2% ад заробку.

Сяргей Іваноўскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0