Імя Эўропе — права

Я люблю прыгожыя рэчы. Сёньня самае-самае — гэта заклікі “Беларусь — у Эўропу!”. Тут добра ўсё: i намер, і патаемная надзея некалі быць як усе, і цалкам загадкавае, невытлумачальнае, як ісьці ў тую Эўропу, што гэта ды з чым.

 

І згадваецца булгакаўскі прафэсар (“Сабачае сэрца”), вось толькі цытаваць ня буду, бо абачлівы рэдактар “НН” абавязкова выража, шкадуючы сваю цнатлівую аўдыторыю. А казаў прафэсар, перафразуючы, што ўсё складаецца з дробязяў.

Колькі часу таму “НН” выдрукавала дзікі ліст П.Севярынца, за які ў эўрапейскіх краінах прыцягнулі б да адказнасьці за абразу. Адказаў ці не адзін Данчык, з Прагі — Нью-Ёрку, з Луцкевічаў. Больш ніхто не наважыўся пакрытыкаваць маладога палітычнага дзеяча — нашую з вамі будучыню — за гэтае камісарскае валоданьне ісьцінай, за цемрашальства. Шкадуем, што аўтар сьведамы, а не з лукашыстаў. Мо й хацеў хто, ды забаяўся: пачнеш адстойваць правы сэкс-меншасьцяў, то й цябе за такога палічаць?!

Але тое экстрэмальны прыклад. Ёсьць спакайнейшыя, якія таксама тычацца правоў, толькі не чалавечых, як у папярэднім варыянце, а аўтарскіх.

Цікавасьць да паэзіі Янкі Юхнаўца зьявілася ў мяне ў 1994 г. з атрыманьнем кнігі “Сны на чужыне”. Радаваўся і сам аўтар, трымаючы ў руках сваю сапраўдную кнігу — сапраўдную ў параўнаньні з уласнымі друкамі, адбітымі на друкарцы ды растыражаванымі накладамі ў 10—15 асобнікаў. Але чым больш я чытаў той зборнік ды параўноўваў з арыгіналамі, тым больш схіляўся да злачыннае думкі: лепш бы не было тае кнігі. Бо менскі зборнік, зрэдагаваны ды выпраўлены ўкладальнікам, прапанаваў чытачу не ягоны цень, а падробку, падчыстку. Найбольшае неразуменьне й крытыку выклікаў той факт, што ўкладальнікам — змагаром зь незразумеласьцю — быў адзін зь лідэраў-ідэолягаў “Тутэйшых”! (Пазьней, падчас працы дырэктарам Музэю Максіма Багдановіча, ён не надрукуе дзёньніка свайго падшэфнага клясыка).

Мо й ня трэба было вяртацца да тых падзей, каб у Менску не рыхтавалася да друку новая Юхнаўцова кніга. І няхай сам аўтар, па словах Адама Міцкевіча, “ужо ня тут, але яшчэ ня там”, усё ж застаецца ягоная жонка, сын, у якіх не зашкодзіла б папытацца аб аўтарскай волі на зьмены лексычныя ды правапісныя, аб аўтарскім праве на сам друк і скароты. Бо тэкст — такая самая маёмасьць уладальніка, як хата, машына, грошы. Браць без дазволу — звычайнае злачынства.

Між іншага, пра грошы. У беларускім кнігавыдавецтве цяпер не залаты век, але дзеля прыстойнасьці варта было б таксама папытацца замежных беларускіх аўтараў пра ганарар. Яны, хутчэй за ўсё, адмовяцца, аддадуць тое небагацьце менскім рэдактарам, але папытацца — варта. Трэба павучыцца выгаворваць некаторыя словы, у Эўропе гэта прынята.

Зрэшты, і ў Амэрыцы тая Эўропа не паўсюдна. На добры лад, выдаўцу “Беларускага дайджэсту” М.Прускаму прыгожа было б калі не плаціць аўтарам менскіх газэтаў, дык прынамсі пытацца дазволу на перадрук. Бо газэта, на якую эмігранты даюць ахвяраваньні, складаецца менавіта зь іхнай працы, зь іхнай маёмасьці інтэлектуальнай.

Натуральна, пакуль гэтак нядобра ў беларускім каралеўстве з усім беларускім, ніхто за зробленае беларусам, па-беларуску, для Беларусі судзіць ня будзе. Няхай тое застаецца на іхным сумленьні (відаць, панятак таксама эўрапейскі).

Перакладчык Лявон Баршчэўскі ў інтэрвію для радыё “Свабода” сказаў, што будзе пісаць у стол, бо друкавацца няма дзе — ня несьці ж да новапрызначаных рэдактараў. Але перакладзенае (як і створанае), ды нявыдрукаванае — не існуе. Для нас з вамі, таго самага люду паспалітага. Затое, выдрукаванае ў лепшыя часы (выраз сп.Баршчэўскага), яно забясьпечыць яму захаваньне аўтарскіх правоў.

Перакладчык Васіль Сёмуха свае творы ў шуфлядзе не трымае — зьмяшчае на інтэрнэтаўскіх бачынах, бясконцых і танных. Ганарару за іх, праўда, не пабачыць. Затое аўтар жыве ў лепшым часе ўжо сёньня.

То, спадары пісьменьнікі, не пакутуйце ў чаканьні лепшых часоў праз адсутнасьць часапісапрасторы! Дасылайце свае творы на “Беларускую палічку”! У Эўропу.

Лявон Юрэвіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0