“Карабельныя навіны” ў Менску

Яны дораць надзею

Зь мінулага тыдня ў менскіх кінатэатрах ідзе фільм Л.Галстрэма “Карабельныя навіны”. Ён амаль не рэклямуецца і таму наўрад ці зьбярэ такую касу, як “Уладар пярсьцёнкаў”, які ў Менску паглядзелі 150 тысяч чалавек. Але, верагодна, перасягне самы касавы беларускі фільм апошніх гадоў — “Зорку Вэнэру” (17 тысячаў гледачоў).

 

“Карабельныя навіны” прыкметныя зваротам да ўлюбёнага сюжэту беларускай літаратуры 1960—70-х: расчараваны гарадзкой мітусьнёю герой у сталым веку зьяжджае ў вёску. Або, як у дадзеным выпадку, да мора (зусім як Лявон Касачэўскі з апавяданьня Караткевіча “Лятучы Галяндзец”).

Галоўны герой фільму Куойл закатаваны бязглузьдзіцай жыцьця і жонкай-распусьніцай. Яго грае ляўрэат двух “Оскараў” Кевін Спэйсы. Пра такіх актораў кажуць, што ён можа пераўвасобіцца ня толькі ў караля, але і ў каралеўскі трон. Спэйсы даводзілася граць і крутых зладзеяў (“Звычайныя падазроныя”), і крутых копаў (“Сакрэты Лос-Анджэласа”), і простых абывацеляў (“Прыгажосьць па-амэрыканску”). А ў “Карабельных навінах” у яго такая плястыка, што адразу бачна — вось ідзе хранічны аўтсайдэр!

Да гонару стваральнікаў фільму трэба аднесьці тое, што яны не засяроджваюць увагі на працэсах ператварэньня Куойла з падлетка ў дарослага неўздалеку. Эпізоды, у якіх бацька-садыст вучыць яго плаваць, а жонка-німфаманка (Кейт Бланшэт — нізавошта не пазнаеце ў гэтай фурыі ангельскую каралеву з пазалеташняй “оскарнай” “Лізаветы”) псуе жыцьцё, займаюць лічаныя хвіліны. Затое ператварэньне зь няўдаліцы ў чалавека, якога любяць і паважаюць, займае гадзіны паўтары.

У кожнага чалавека здараюцца моманты, калі падаецца, што жыцьцё ня склалася. “Карабельныя навіны” могуць падарыць надзею, яны запэўніваюць: пакуль жыцьцё ня скончылася, можна выкараскацца.

Як і ў “вясковых” творах беларускай літаратуры, галоўнаму герою дапамагае старая кабета — бацькава сястра (Джудзі Дэнч, выканаўца роляў каралевы Лізаветы Першай у “Закаханым Шэксьпіры”). Менавіта яна вырывае Куойла з нью-ёрскага асяродку і нават спускае ў прыбіральню прах ягонага бацькі, які, як пасьля высьвятляецца, згвалтаваў яе ў 12 гадоў.

“Карабельныя навіны” напэўна будуць прэтэндаваць на “Оскар” ня толькі за тое, што вытрыманыя ў жанры “сельскай ідыліі” (досыць папулярным і прыбытковым у ЗША), але і за сьцьвярджэньне сямейных каштоўнасьцяў. Амаль усе, хто грэбаваў імі, пакараныя сьмерцю — жонка-распусьніца топіцца ў аўтамабілі з каханкам, уладальнік яхты, які зь непавагай ставіўся да жонкі, пазбаўлены галавы.

Пераважная большасьць галівудзкіх фільмаў грунтуецца на прынцыпах “сацрэалізму”. Не выключэньне і “Карабельныя навіны”. Асабістае жыцьцё Куойла наладжваецца з матуляй-адзіночкай (Дэмі Мур грае гэтую ролю вельмі пасрэдна), працу ён знаходзіць у рэдакцыі тамтэйшай газэты, кшталту беларускай раёнкі. Нашым журналістам з пэрыфэрыі прыемна будзе даведацца, што і амэрыканскія газэты годныя на тое, каб рыбу ў іх завінаць! А студэнтам журфаку будуць карысныя павучаньні старога журналіста, які даходліва тлумачыць, як ствараць сэнсацыі з паветра. Пасьля тых урокаў, якія варта было б аформіць у якасьці навукова-практычнага дапаможніка для ВНУ, Куойл робіцца пасьпяховым журналістам, вядучым рубрыкі “Карабельныя навіны”.

Вытворчы канфлікт у рэдакцыі й непаразуменьне Куойла з каханай, безумоўна, не зашкодзяць ягонаму шчасьцю. Гэтае адчуваньне падмацоўвае эпізод, у якім нябожчык, рэдактар газэты, прачынаецца ад летаргічнага сну падчас хаўтураў.

А пры канцы фільму герой стаіць на рэштках разбуранага ўраганам старога дому — сымбалю благой мінуўшчыны роду Куойлаў.

“Карабельныя навіны” варта паглядзець ужо дзеля таго, каб мець нагоду лішні раз згадаць: якім бы безнадзейным ні падавалася жыцьцё, у ім яшчэ можа здарыцца цуд, ажыве мярцьвяк і расправіць плечы зламаны няўдачнік.

Ягор Конеў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0