Гумар

 

спэцыяльны праект
аналитика

Мы прыбіраем кропкі над “і”

Вы чытаеце новы спэцыяльны праект “Аналитика”. Падзеі ў краіне і сьвеце асьвятляюць урач-футуроляг Мікалай Фядупа, дыягностык Аляксандар Патуляк і фрэноляг Міхаіл Патута. Паколькі наш праект прызначаны ня толькі для беларусаў, але і для туркаў, ягоны загаловак будзе пісацца з турэцкімі “и”. Гэта дазволіць нам лепш аналізаваць самыя вострыя тэндэнцыі палітычнага жыцьця. Магчыма, з часам у ягоным загалоўку адно зь “і” стане беларускім.

 

А.П.: Безумоўна, галоўнай падзеяй мінулага тыдня на беларускай палітычнай сцэне стаўся пралёт над гэтай сцэнай прэзыдэнта ЗША Буша ў кірунку Расеі й назад. Прэзыдэнт Пуцін, апроч цар-звону, цар-пушкі і цар-балалайкі, паказаў амэрыканскаму калегу і нашу суседнюю паўночную сталіцу зь ейным унівэрсытэтам, акцэнтаваўшы тым самым увагу на неабходнасьці вырашаць блізкаўсходнія праблемы мірным шляхам. Аб чым прэзыдэнты гаварылі за зачыненымі дзьвярыма — цяжка сказаць, але бачна было, што, нягледзячы на дасягнутую дамоўленасьць, яны хаваюць сваю незадаволенасьць двухбаковасьцю перамоваў. Цікава, што беларускі прэзыдэнт ня быў запрошаны на сустрэчу і яму прыйшлося зрабіць выгляд, быццам ён сам ня змог узяць удзел у сустрэчы, бо ў гэты час быў заняты разгрузкай эшалёну з раялямі, закупленымі ім для Беларускай акадэміі музыкі. Група ўплывовых маскоўскіх аналітыкаў сыходзіцца на думцы, што запрашэньне Буша — тактычны ход Пуціна, які такім чынам пускае пыл у вочы празаходнім нацыянал-дэмакратам, усе свае сілы тым часам кладучы на мацаваньне Дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

М.Ф.: Мушу з вамі не пагадзіцца, калега. Іншая ўплывовая група маскоўскіх аналітыкаў даводзіць, што Буш прыяжджаў з мэтай уцягнуць Пуціна ў жыдамасонскую змову супраць апошняга аплоту праваслаўя і саборнасьці — маленькай Рэспублікі Беларусі. Як мне стала вядома з інфармаваных крыніц у адной зь беларускіх спэцслужбаў, нашыя спадарожнікавыя сыстэмы зьнешняга сачэньня за лятальнымі апаратамі зафіксавалі аддзяленьне ад Бушавага самалёта цёмнага прадмета і ягонае падзеньне на тэрыторыі Талачынскага раёну. Я мяркую, што гэта мех з аддрукаванай у Амэрыцы гатоўкай беларускага рубля, што мусіць стварыць у рэспубліцы крытычную грашовую масу і выклікаць дэвальвацыю беларускага рубля.

М.П.: Так, якраз з мэтай прадухіленьня непажаданых для славянскай ідэі і для сябе асабіста рашэньняў Пуціна беларускі прэзыдэнт ладзіць сёлета вучэньні “Бярэзіна”. Характэрна, што ў параўнаньні зь леташнім “Нёманам” дыямэтральна зьмяніўся кірунак абарончых дзеяньняў нашых войскаў. Трыма танкавымі дывізіямі сілы тактычнага праціўніка будуць узятыя ў клешчы пад Смаленскам і разьдзеленыя. Частку адціснуць на Пскоўшчыну і зьнішчаць, а рэшту будуць гнаць да самай Клязьмы. У ходзе вучэньняў плянуюцца нават вучэбныя стрэльбы зь ядравай зброі халастымі. Адпаведныя боегалоўкі ўжо дастаўленыя ў Воршу.

А.П.: Тым ня менш, дэкляраваная мэта вучэньняў — адпрацоўка барацьбы з тэрарызмам, незаконнай міграцыяй, наркамафіяй, німфаманіяй і жыдамасонскай змовай. Сёлетняе зьмяшчэньне зь Нёмана на Бярэзіну — гэта, паводле афіцыйнае вэрсіі, адпрацоўка тактычнага адступленьня саюзных сілаў з мэтай завабіць войскі сусьветнага сіянізму ў начынены выбухоўкай Менск і зьнішчыць, не пусьціўшы далей па маскоўскай шашы. Што ж да бясхознага эшалёну з боегалоўкамі, дык ён стаіць у Воршы з 1514 году.

М.П.: Наўрад ці, калега, мы ў хуткім часе пабачым жыдамасонаў на нашым заходнім рубяжы. Паводле інфармацыі, атрыманай з кампэтэнтных органаў колам экспэртаў, блізкім да атачэньня аднаго з маскоўскіх аналітычных цэнтраў, сьвет стаіць на парозе глябальнага крызысу. І той цёмны прадмет, скінуты ў талачынскія лясы, быў зусім не зь беларускай гатоўкай, а з амэрыканскімі далярамі. Гэткім чынам Буш пазбаўляецца ад сваёй крытычнай масы, перадухіляючы дэвальвацыю...

М.Ф.: Дзякуй за плённую дыскусію, калегі. Па выніках яе стала зразумела, што сытуацыя Ўрала Латыпава робіцца ўсё больш хісткай з кожным днём, між тым, стаўленікі Ўладзімера Замяталіна зноў высоўваюцца на ключавыя пасады ў дзяржаўным апараце.

Аддзел аналитики


Ад Сабако

У сувязі са шматлікімі публікацыямі ў “НН”, у якіх і так, і сяк, і гэтак палошчацца маё добрае імя, мушу заявіць наступнае: і пры кульце, і пры валюнтарызьме, і ў часы застою, і ў эпоху ўскарэньня і перастройкі, і ў пару разгулу дэмакратыі, і сёньня ў працэсе інтэграцыі я ўсімі чатырма лапамі ішоў і іду ў нагу з часам і з маім народам, дзелячы яго радасьці і нягоды. Сёньня я ніякі вам не Сабака, а гражданін Рэспублікі Беларусі, і па новым пашпарце, і па ўбяждзеніях, – САБАКО! Як, прыкладам, ня Дынька, а Дынько, ня Скурка, а Скурко! Зарубіце гэта сабе на вашым глюгастым жыдамасонскім носе! І ўжо калі засьвярбіць вам зноў на які-небудзь набрэх ці непрыстойны закід у мой адрас, дык саблюдайце прылічыя так званай незаКасьцянелай прэсы (хто як у чым, а наш брат ў касьцях разьбіраецца і смак ведае, на касьцях вырасьлі!), інакш і да вас прыйдзе бондар і наб’е вам абручы.

І, на добры канец, каб задаць крыху мажору і прасьвятліць Вам мае уманастраенія, працытую апублікаваны ў газэце “Звязда” (14.09.1999) самабытны верш нашага Бацькі і Важджа, які і для мяне – меніфэст і ў тысячу разоў лепшы за ўсю шматхвалёную паэзію паліцічаскі адсталага Быкава, на якой, на жаль, і я колісь выхоўваўся, хоць уплыў апошняй, таксама на жаль, моцна адчуваецца:

“В этот день мы с тобой подружились,

Солнце светило тогда.

Я никогда не забуду

Этого ясного дня”.

Неліцапрыятны вам Сабако

P.S.: Гарачы прывет усім борушчымся з вамі народам і асабіста тав. Граждану.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0